Вы тут

Кіеў. Беларускія літаратурныя адрасы: некаторыя згадкі


Украіна, украінскае прыгожае пісьменства — тыя абсягі, якія самым цесным чынам звязаны з Беларуссю, беларускімі творцамі. Спрыяе гэтаму, зразумела, і тое, што дзве краіны-сястрыцы жывуць, развіваюцца поруч, плячо ў плячо. І, пэўна ж, таму так часта беларускія паэты, празаікі імкнуліся ў Кіеў, зазіралі ў іншыя гарады. Таму так часта пісалі пра горад на Дняпры. Заўжды былі рады перакласці нешта з творчасці сяброў з Украіны, Кіева.


Вось, напрыклад, пройдземся па беларускаму літаратурнаму Кіеву… Каб пераканацца ў яго беларускасці, згадаем хаця б некаторыя факты…

Альгерд Абуховіч — паэт, мемуарыст, перакладчык. Гады жыцця — 1840—1898. Нарадзіўся ў Бабруйскім павеце. Памёр у Слуцку. Чытаем у артыкуле Г. В. Кісялёва пра аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры: «Адным з яркіх уражанняў дзяцінства была паездка ў Кіеў у 1852, дзе хлопчыку зрабілі даволі складаную на той час хірургічную аперацыю (ён меў ад нараджэння «заечую губу»)…» У 1878 годзе, як вядома, Альгерд Абуховіч ізноў наведаў Кіеў.

У 1944 годзе закончыў Кіеўскі ўніверсітэт літаратуразнаўца Павел Ахрыменка (у 1950—1972 гг. працаваў у Гомелі). Павел Паўлавіч — аўтар кніг «Т. Г. Шаўчэнка і беларуская літаратура» (Мінск, 1952), «Летапіс братэрства» (Мінск, 1973) і іншых выданняў, прысвечаных беларуска-ўкраінскім літаратурным сувязям. Нейкі час у Кіеве (відаць, на пачатку 1900-х гадоў) жыў крытык, публіцыст і перакладчык Альгерд Бульба — аўтар «Нашай нівы». Менавіта Альгерд Бульба быў сярод тых, хто падтрымаў публіцыста, крытыка Сяргея Палуяна ў барацьбе за прызнанне Максіма Багдановіча як таленавітага паэта. Крытык шмат зрабіў дзеля развіцця беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей.

З Кіевам з 1970 года быў звязаны лёс літаратуразнаўца Васіля Бурана — аўтара манаграфіі «Васіль Быкаў» (Мінск, 1976). У 1954—1960 гг. Васіль Буран некаторы час працаваў у Маладзечанскай абласной бібліятэцы. Была некалі ў Беларусі і такая вобласць.

У баях пад Кіевам удзельнічаў беларускі літаратурны крытык Рыгор Бярозкін (1918—1981) — аўтар «Кнігі пра паэзію», кніг «Свет Купалы», «Паэзія праўды», «Спадарожніца часу», «Пімен Панчанка», «Постаці», «Звенні», «Паэзія — маё жыццё»…

У 1919 годзе Кіеўскі ўніверсітэт скончыў беларускі літаратуразнавец, філосаф, акадэмік АН БССР Сямён Якаўлевіч Вальфсон (1894—1941), аўтар арыгінальнай аповесці пра Генрыха Гейнэ — «В матрацной могиле».

З Кіевам звязаны лёс легендарнай беларускай пісьменніцы Зоські Верас (1892—1991). Будучая журналістка, публіцыстка, перакладчыца ў 1904 годзе ў Кіеве паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч. У вучылішчы на шапірографе выдаваўся літаратурны часопіс «Подснежник», дзе і быў надрукаваны першы твор будучай пісьменніцы — прыродазнаўчы абразок «Каляндар вясны» (1907).

Кіеў — асобная старонка ў лёсе гісторыка, этнографа, фалькларыста і этнографа Мітрафана Доўнара-Запольскага (1867—1934), які нарадзіўся ў Рэчыцы, на Гомельшчыне. У 1889 годзе наш суайчыннік здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці і паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт. Скончыў яго ў 1894 годзе. Да гэтага часу М. Доўнар-Запольскі пачаў ужо выступаць у друку, змясціў першыя карэспандэнцыі ў газетах «Заря», «Еженедельное обозрение» — пад агульнай назвай «Из Мозыря». А ў 1887 годзе Мітрафан надрукаваў у «Минском листке» дарожныя нататкі «Ад Кіева да Рагачова». У 1888 годзе ў Кіеве ўбачыла свет першая кніга М. Доўнар-Запольскага «Белорусская свадьба и свадебные песни: Этнографический этюд». У 1901 годзе наш зямляк абараніў магістарскую дысертацыю і пачаў працаваць на кафедры рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта. Праз некаторы час Мітрафан Віктаравіч поруч з прафесарскай дзейнасцю займаў пасаду дырэктара Кіеўскага камерцыйнага інстытута…

У Кіеве на інжынера-механіка вучыўся беларускі бібліяфіл, бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст і перакладчык Рамуальд Зянкевіч (1881—1943 ці 1944, загінуў у фашысцкім канцлагеры Асвенцым у Польшчы). Пісьменнік, грамадскі дзеяч, удзельнік народнага руху Дзмітрый Лапо (1861—1936), які нарадзіўся ў Гомелі, з 1879 года вучыўся ў Кіеўскай гімназіі. Нават некаторы час з’яўляўся старшынёй аб’яднанага камітэта рэвалюцыйных груп сярэдніх навучальных устаноў Кіева. Затым паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 1885 годзе нашага земляка арыштавалі. Д. Лапо быў сасланы ў Табольскую, затым у Енісейскую губерні. У 1892 годзе пасяліўся ў г. Чыстапалі Казанскай губерні. У 1895 годзе пабачыла свет у Казані першая кніга Д. Лапо «Белорусские рассказы».

У 1939 годзе паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт і будучы беларускі празаік Мікола Лобан (19111984), які нарадзіўся ў вёсцы Чаплічы Слуцкага раёна. У 1929—1932 гг. у Кіеўскім інстытуце народнай адукацыі вучыўся паэт, празаік, драматург Хаін Мальцінскі. Пасля заканчэння вучобы пераехаў у Мінск. У 1917 годзе працавала ў Кіеве ў Саюзе гарадоў беларуская мемуарыстка Паўліна Мядзёлка (1893—1974).

Кіеў — гэта і частка жыцця народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (1882—1942). Упершыню ён наведаў сталіцу Украіны ў 1928 годзе. Пасля пабываў у Кіеве ў сакавіку і маі 1939 года. Янка Купала — аўтар паэмы «Тарасова доля», прысвечанай Вялікаму Кабзару.

Бязмежная тэмай з’яўляецца паяднанне з Кіевам класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (1930—1984), які скончыў гістарычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта.

Вось толькі некаторыя згадкі далучанасці беларускіх пісьменнікаў да Кіева — сталіцы Украіны.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Фота wikiway.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?