Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» дзелімся цікавымі спартыўнымі навінамі.


Гераіні тыдня. Беларускі Алена Фурман і Таццяна Ганчарова заваявалі «серабро» першага этапу Кубка свету па акадэмічным веславанні, які праходзіў у харвацкім Заграбе. Спартсменкі выступалі ў класе двоек парных лёгкай вагі. У фінальным заездзе беларускі экіпаж паказаў вынік 7 хвілін 16,63 секунды. Яны прапусцілі наперад толькі экіпаж з Францыі Лауру Тарантола і Клэр Баве — 7 хвілін 01,80 секунды. Трэцяе месца занялі прадстаўніцы Турцыі.

Таксама ў спаборніцтвах выступаў беларускі экіпаж мужчынскай двойкі распашной Дзмітрый Фурман і Сяргей Валадзько. Мужчыны прабіліся ў фінал А, заняўшы ў вырашальнай гонцы чацвёртае месца — 6 хвілін 36,71 секунды.

Герой тыдня. Тэнісіст Ілья Івашка (107-ы нумар сусветнага рэйтынгу) на турніры ў Германіі сенсацыйна перамог шостую ракетку планеты прадстаўніка Германіі Аляксандра Зверава. Матч працягваўся дзве гадзіны 35 хвілін і скончыўся з вынікам 6:7 (5:7), 7:5, 6:3. Гэтая перамога дазволіла беларусу выйсці ў паўфінал турніру, дзе ён сустрэўся з яшчэ адным нямецкім тэнісістам Янам-Ленардам Штруфам (44-ы нумар рэйтынгу), якому прайграў з вынікам 4:6, 1:6.

Перамогі тыдня. Беларускія батутысты паспяхова выступілі на чэмпіянаце Еўропы ў Сочы. У індывідуальных спаборніцтвах Алег Рабцаў выйграў «золата». «Серабро» заваяваў беларус Уладзіслаў Ганчароў. Іван Літвіновіч, Алег Рабцаў, Уладзіслаў Ганчараў і Аляксей Дудараў падняліся на вышэйшую ступень п'едэстала ў камандным заліку. У аналагічных жаночых спаборніцтвах Кацярына Яршова, Таццяна Пятрэня, Вікторыя Куйдан і Паліна Шадзько заваявалі сярэбраныя медалі. Кацярына Яршова і Вікторыя Куйдан сталі сярэбранымі прызёрамі і ў сінхронных выступленнях. А Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў сталі чэмпіёнамі Еўропы ў сінхронных выступленнях.

Рэкорды тыдня. Вядомыя беларускія атлеты Вячаслаў Харанека і Сяргей Заслаўскі ўстанавілі чарговыя сусветныя рэкорды. Шматразовы чэмпіён і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Вячаслаў Харанека ў адвольным пад'ёме гір у намінацыі «Гіравы спрынт» лежачы, адной рукой падняў гіру вагай 24 кілаграмы 180 разоў за 169 секунд.

Сяргей Заслаўскі седзячы за 30 секунд выжаў дзвюма рукамі дзве гіры па 24 кілаграмы 20 разоў.

Каманда тыдня. Нацыянальная мужчынская зборная Беларусі па гандболе выйшла ў фінальны этап чэмпіянату Еўропы 2022 года. У заключным матчы 6-й кваліфікацыйнай групы беларусы абыгралі каманду Латвіі з вынікам 30:26. Выніковае становішча ў групе: Нарвегія — 10 балаў, Беларусь — 10, Італія — 2, Латвія — 2.

Жараб'ёўка групавога этапу 15-га па ліку мужчынскага чэмпіянату Еўропы адбудзецца ў чацвер, 6 мая.

Турнір тыдня. У ЗША праходзіць чэмпіянат свету па хакеі U-18. У стартавым паядынку хакеісты зборнай Беларусі ўступілі камандзе Швецыі з вынікам 1:5. Затым значна абыгралі швейцарцаў — 7:1, каманду Латвіі — 6:2. Матч з канадскімі равеснікамі беларусы прайгралі з вынікам 2:5. Беларуская каманда выйшла ў чвэрцьфінал турніру з трэцяга месца ў групе. У чвэрцьфінале беларусы памераюцца сіламі з расійскімі сапернікамі. Выніковае становішча каманд у групе А: Канада — 12 балаў (4 матчы), Швецыя — 9 (4), Беларусь — 6 (4), Швейцарыя — 3 (4), Латвія — 0 (4).

Поспех тыдня. У Кемеры (Турцыя) прайшоў маладзёжны чэмпіянат Еўропы па шашках-64. Беларускія спартсмены заваявалі 11 залатых, 14 сярэбраных і 3 бронзавыя медалі і сталі першымі ў неафіцыйным медальным заліку. Залатыя ўзнагароды на рахунку мінчанак Марыі Часнаковай (юніёркі), Яўгеніі Швед (міні-кадэткі), Нэлі Куртавай (надзеі), а таксама Георгія Выдзеркі (кадэты, Гродна), Ільі Астаф'ева (кадэты, Слонім), Дар'і Нарчук (надзеі, Віцебск) і Аляксандра Маркіна (малодшыя надзеі, Гродна).

Ліцэнзіі тыдня. У Брэсце прайшоў першы ў гэтым сезоне паўнавартасны летні турнір па лёгкай атлетыцы. Мемарыял Яўгена Шукевіча сабраў кідальнікаў з усёй краіны. Акрамя рэкордаў, турнір прынёс беларускім спартсменам і тры алімпійскія ліцэнзіі ў Токіа. Аляксей Каткавец кінуў кап'ё на 85,10 метра пры алімпійскім нарматыве 85 метраў. Кідальнік дыска Яўген Багуцкі пераўзышоў алімпійскі нарматыў 66 метраў на тры сантыметры. Пуцёўку на Алімпійскія гульні заваявала і Настасся Маслава. Яна кінула молат на 74,40 метра, што на два метры больш за кваліфікацыйны нарматыў.

Цырымонія тыдня. Асацыяцыя «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь» падвяла вынікі клубнага сезона — 2020/2021. Свае ўзнагароды ў розных намінацыях атрымалі 24 хакеісты. Адзін з самых прэстыжных прызоў — імя Руслана Салея — дастаўся Андрэю Антонаву, хакеісту сталічнага «Юнацтва». У намінацыі «Найлепшы малады ігрок» перамог сярэбраны прызёр Еўрапейскага юнацкага фестывалю (ЕЮОФ) 2019 года ў Сараеве хакеіст жлобінскага «Металурга» Віталь Пінчук.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.