Вы тут

Лятучы рэйд з 41-га. Пошукавікі Магілёўскай вобласці адкрываюць самыя таямнічыя старонкі ваеннай гісторыі


Сёння абяцалі дождж. Неба ўвесь час хмурыцца, але ж не плача. Паветра дыхае прахалодай, быццам не ў курсе, што вясна і пара пачынаць цяплець. А ў галаве круціцца адна думка: толькі б прагноз не спраўдзіўся. Тое, што пошукі адбудуцца пры любым надвор'і, можна не сумнявацца, але вельмі хочацца, каб вось гэтым сур'ёзным хлопцам у камуфляжы сёння нічога не перашкаджала працаваць. І зноў пачынаеш пра сябе паўтараць заклінанне: дожджык, калі ласка, пачакай. Дзеля памяці кавалерыстаў.


Лятучыя чырвонаармейцы

Што мы пра іх ведаем? Да крыўднага мала. Асабліва што датычыцца першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Яны нават больш асацыіруюцца з Першай сусветнай, з Георгіеўскімі кавалерамі. Магчыма, нехта нават усміхнецца, маўляў, куды было ў 1941-м на конях супраць танкаў і бронетранспарцёраў. Але менавіта кавалерысты, у той час, калі Чырвоная Армія адступала і цярпела паразы, наводзілі жах на немцаў, адразаючы іх тылы і прымушаючы пакідаць ужо занятыя беларускія населеныя пункты. І хай гэтыя вызваленні былі зусім яшчэ кароткімі, без іх, не выключана, не было б і той самай вялікай доўгачаканай Перамогі.

— Спачатку ішлі нямецкія танкі і было страшна, — згадвае словы відавочцаў кіраўнік пошукавай групы «Праметэй» з Глуска Таццяна Кірдун, якая займаецца гэтай тэмай болей чым 20 гадоў. — І калі людзі страцілі надзею, раптоўна з'явіліся яны, кавалерысты. Многія не памятаюць, раніцай гэта здарылася або вечарам, але ўсе паўтараюць, што была навальніца і шаблі коннікаў паблісквалі ў свеце маланак залатым агнём. Гэта вельмі захапляла. Як і сам выгляд кавалерыстаў. Маладыя, прыгожыя, на высокіх дзіўных конях....

Кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка расказвае:

— У самым пачатку вайны для падтрымкі войск, якія абараняліся на Дняпры, была створана група з 32, 43 і 47 кавалерыйскіх дывізій. 32-я пад камандаваннем палкоўніка Бацкалевіча была кадравай, сфарміраванай з падрыхтаваных камандзіраў і салдат-кавалерыстаў. А 43-я і 47-я — прыпісныя: у іх уваходзілі данскія і кубанскія казакі, якіх сабралі, абмундзіравалі і амаль без падрыхтоўкі накіравалі ў рэйд. Ужо 24 ліпеня 1941 года коннікі выйшлі ў раён Бабруйска і перарэзалі тылавыя камунікацыі танкавай групы Гудэрыяна і другой палявой арміі.

На працягу трохтыднёвага баявога рэйду па нямецкіх тылах група скавала на Заходнім фронце ў раёне Асіповіч баявую дзейнасць часткі злучэнняў групы армій «Цэнтр». Кавалерысты нанеслі вялікі ўрон праціўніку і гэтым сарвалі планамернае наступленне немцаў.

На жаль, гэта ўсё адбылося цаной вялікіх страт. Дывізіі, якія па-геройску дзейнічалі ў тыле праціўніка, адчувалі востры недахоп боепрыпасаў, неаднаразова траплялі ў акружэнне і, стомленыя да знямогі, адчайна прарываліся да сваіх пад бязлітасным агнём нямецкіх гармат і варожай авіяцыі.

Байцы і камандзіры 32-й кавдывізіі. Сімферопаль, 1941 год.

Дзеля памяці

«Не страшно быть в бою убитым, / Крестом лежать в селе сгоревшем — / Страшнее умереть забытым / И молодым. Не поседевшим...». Гэта радкі з верша невядомага франтавога паэта, напісаныя ў 1943 годзе. На жаль, дагэтуль сотні тысяч салдат і камандзіраў застаюцца без вестак прапаўшымі і ляжаць на палях бітвы. І за тое, што невядомых імён хоць на некалькі штогод становіцца меней, нізкі паклон пошукавікам. Яны ахвяруюць сваім асабістым часам, здароўем, не кажучы ўжо пра грошы. На пошукі кожны едзе на сваім транспарце, у багажніку купленыя загадзя банкі кашы з мясам, хатнія нарыхтоўкі. Амуніцыя таксама выключна свая. У тым ліку і дарагія глыбінныя металашукальнікі, без якіх, напэўна, нават не атрымалася б і знайсці кавалерыстаў. Пошукавікам дапамагаюць Магілёўскі аблвыканкам, абласны Цэнтр творчасці, ім ідуць насустрач кіраўнікі калектываў, дзе яны працуюць. Але ёсць праблемы і з транспартам, і з амуніцыяй. Нават у Асіповічы не ўсе, хто жадаў, змаглі прыехаць. Далёка ад Магілёва і дорага. Нехта прыязджаў усяго на адзін дзень, хаця работы вяліся амаль тыдзень.

Пошукі кавалерыстаў — асобная тэма. У савецкі час гэту старонку гісторыі з ідэалагічных меркаванняў не агучвалі. Па сутнасці, яна пачала адкрывацца толькі некалькі гадоў таму, дзякуючы настойлівым даследаванням пошукавікаў і краязнаўцаў. Сярод іх — былая кіраўніца школьнага музея, якая ўжо, на жаль, пайшла з жыцця, з аграгарадка Дараганава і пошукавай групы «Узлёт» Жанна Караленя, кіраўніца групы «Праметэй» Таццяна Кірдун, асіповіцкія і магілёўскія пошукавікі. Летась разведка высветліла, што непахаваныя кавалерысты ляжаць у лесе каля вёскі Прудок, лічы, за кіламетр ад Асіповічаў. І вось першая пошукавая экспедыцыя пачынаецца менавіта з гэтага раёна.

У 1941-м байцы 32-й кавалерыйскай дывізіі спрабавалі ўзяць пад свой кантроль Асіповічы. Яны ўскочылі ў горад, але немцы ўжо чакалі іх і адкрылі агонь. Дарога назад таксама была адрэзаная. Заставалася ісці праз лес, але шматлікай конніцы схавацца там было проста немагчыма. З бакоў па іх стралялі з гармат, зверху нямецкія самалёты палівалі свінцовым дажджом. Кажуць, што немцы потым яшчэ дабівалі раненых у лесе, а коні не падпускалі іх да забітых гаспадароў. За гэта коней таксама прыстрэльвалі. Колькі тут стыхійных пахаванняў, дакладна невядома.

— Толькі адна 32-я кавалерыйская дывізія налічвала прыкладна 5,5 тысячы шабель, — удакладняе Мікалай Барысенка. — Але колькі іх было на самай справе, ніхто не скажа. Дакументаў на ўсе гэтыя тры дывізіі па чэрвені-жніўні 1941 года ў расійскіх архівах няма — толькі з верасня 1941-га. А без апісання баявых дзеянняў цяжка аднавіць працэс. Усе спадзяванні — толькі на мясцовых жыхароў і разведку на мясцовасці.

Ніводныя пошукі байцоў Вялікай Айчыннай вайны не абыходзяцца без прадстаўнікоў 52-га асобнага спецбатальёна Мінабароны. Камандзір першай спецыялізаванай пошукавай роты спецбатальёна старшы лейтэнант Сяргей Мырза расказаў, што сёлета пошукі праводзяцца «ў адпаведнасці з планам на 2021 год, зацверджаным упраўленнем па ўвекавечанні абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў».

Стала традыцыяй запрашаць на работы ваенных археолагаў школьнікаў. І першымі гэтым разам завіталі вучні Лапіцкай школы. Разам з камандзірам асіповіцкай групы «Свіслач» Юрыем Сцяпанавым на ўрачыстае адкрыццё вахты памяці прыехала і яго 12-гадовая ўнучка Іна Кноблах. Дзяўчынка, як і дзед, у камуфляжы, прызнаецца, што ў тэме прыкладна з 10 гадоў. Дапамагала рабіць дыярамы з эпізодамі бою для школьнага музея ў аграгарадку Лапічы.

З вяртаннем, Мікіта

Гэта неверагодна, фантастычна, ашаламляльна! Тыдзень пошукаў не прайшоў дарэмна. З пяці знойдзеных медальёнаў адзін усё ж такі захаваў для нас імя героя — 26-гадовага старшыны Мікіты Карапецкага, ураджэнца сяла Вольніца Татарская Камянец-Падольскай вобласці. Мінскі эксперт Аляксандр Дударонак дапамог знайсці на Украіне ў Хмяльніцкім яго радную дачку Лідзію Сароку і ўнука, сына дачкі, Сяргея. Па просьбе Лідзіі Мікітаўны астанкі старшыны будуць перададзены на Украіну для перапахавання на радзіме.

Запіска ў медальёне.

— Імя дало нам магчымасць устанавіць, які менавіта кавалерыйскі полк наступаў на Асіповічы, — радуецца Мікалай Барысенка. — І гэта таксама вялікая справа. Бо палкоў было некалькі. Цяпер мы дакладна ведаем, што адбіць горад спрабаваў 153-і.

Знайсці медальён пашчасціла Аляксандру Юрчыну. На жаль, не атрымалася прачытаць медальёны, знойдзеныя Сяргеем Гніліцкім, Яўгенам Грышановічам і Яўгенам Бацаевым.

Дарэчы, баец групы «Свіслач» Яўген Грышановіч прыклаў шмат намаганняў для таго, каб гэта экспедыцыя атрымалася. За актыўную работу па выніках мінулага года ён узнагароджаны граматай Магілёўскага абласнога ваеннага камісарыята.

Што датычыцца далейшых пошукаў кавалерыстаў, то яны яшчэ толькі ў самым пачатку. Наперадзе шмат работы. Прычым вельмі цяжкай і не ў такіх прыгожых і сухіх мясцінах, як была гэта. Большасць кавалерыстаў загінула менавіта ў балотах. Складанасць уяўляе яшчэ і тое, што байцы могуць знаходзіцца сярод коней. А гэта значыць, што пошукі значна ўскладняюцца. Выказваліся меркаванні, што ў лесе, каля вёскі Прудок, пахаваны вершнік на кані. Але гэта версія не пацвердзілася. Далейшыя пошукі будуць весціся на тэрыторыях Мінскай і Гомельскай абласцей. Пошукавікі клуба «Віккру» спадзяюцца прыняць у іх удзел, хаця гэта вельмі вялікія адлегласці, а значыць, і вялікія затраты. Пакуль ідуць адпрацоўкі новых месцаў пахаванняў кавалерыстаў, пошукавікі клуба рыхтуюцца да экспедыцыі ў Шклоўскі раён. А наперадзе — пошукавыя экспедыцыі ў Быхаўскім, Магілёўскім і Чавускім раёнах. Так хочацца, каб зямля аддала як мага болей імён герояў.

P.S.

Магчыма, гэта проста збег абставін, але прагноз з дажджом у першы дзень пошукаў у Асіповіцкім раёне не спраўдзіўся. І гэта, кажуць пошукавікі, вельмі добры знак.

Кампетэнтна

У пошукавай экспедыцыі на месцах баёў 1941 года кавалерыстаў конна-механізаванай групы Гарадавікова-Бацкалевіча (32-я кавдывізія) прыняла ўдзел 45 чалавек з ліку навучэнцаў і пошукавікаў груп «Дняпроўскі рубеж» (Павел Кончыкаў), «За Радзіму» (Ала Казючыц), «Свіслач» (Юрый Сцяпанаў), «Праметэй» (Таццяна Кірдун) клуба «Віккру», а таксама метадысты абласнога цэнтра творчасці: старшыня клуба «Віккру» Мікалай Барысенка і начальнік штаба Святлана Барысенка. У пошукавай экспедыцыі бралі ўдзел 20 вучняў старшых класаў Лапіцкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. Пошукавыя работы былі арганізаваны пры садзейнічанні Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, Асіповіцкага райвыканкама і Магілёўскага аблвыканкама. У ходзе асіповіцкай пошукавай экспедыцыі былі знойдзены і падняты астанкі 26 чырвонаармейцаў і камандзіраў.

Асіповіцкім райвыканкамам падтрымана хадайніцтва пошукавай групы «Свіслач» клуба «Віккру» аб усталяванні мемарыяльнага знака 32-й кавалерыйскай дывізіі на ўскрайку Асіповіч. Гэта даніна памяці тым кубанскім і крымскім казакам, якія ў 1941-м падарылі мясцовым жыхарам веру і надзею на будучую Перамогу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Асіповіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.