Вы тут

Як аграрная прамысловасць уплывае на мясцовую эканоміку


Клецкі раён адносіцца да катэгорыі аграрных — яго аснову складаюць дзесяць сельскагаспадарчых арганізацый. Сярод найбольш значных прамысловых прадпрыемстваў — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Гама смаку», «Клецкі механічны завод», Клецкі філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». У аграпрамысловай вытворчасці працуе прыкладна 2750 чалавек. Раён займае тэрыторыю каля 974 квадратных кіламетраў. Зрэшты, у параўнанні з іншымі аграрнымі раёнамі ён невялікі па памерах. Разам з тым выхад прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі — адзін з самых высокіх у Мінскай вобласці. У прыватнасці, ураджайнасць збожжавых і зернебабовых хтосьці звязвае з высокай бальнасцю зямлі, а нехта — з іншымі фактарамі. Але, як лічыць старшыня райвыканкама Анатоль Ладыга, дасягнутае — гэта вынік намаганняў усіх працаўнікоў, якія прымнажаюць агульны дабрабыт. І не толькі аграрыяў, прамыслоўцаў, але і работнікаў сацыяльнай, культурнай сферы, галіны аховы здароўя.


— Анатоль Міхайлавіч, пачнём з пытання, якое сёння ледзьве не на вуснах кожнага, — пандэмія каранавіруса. Скажыце, калі ласка, як спраўляюцца ў Клецку з гэтай навалай?

— У нашым раёне даволі разгалінаваная сістэма медыцынскіх устано: цэнтральная раённая бальніца, тры ўчастковыя бальніцы, 16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, дзе працуе больш як 600 чалавек. Бясспрэчна, было трывожна, калі пачалася першая хваля пандэміі. Перш за ўсё нас хвалявала, як абараніць людзей. Але мы справіліся. Пра што сведчаць шматлікія падзякі людзей, якія знаходзіліся на лячэнні, за ўвагу да іх з боку медыцынскага персаналу, якаснае і своечасовае аказанне дапамогі. Многія з падзяк надрукаваныя на старонках раённай газеты «Да новых перамог».

Аднымі з першых мы аператыўна зрабілі кіслародную станцыю, якая дазволіла ў кожную палату чатырох аддзяленняў, якія былі адведзеныя для хворых на каранавірус, без праблем падаваць кісларод. Калі раней неабходна было адкручваць балон, то цяпер трэба толькі замяніць касету. Гэта дазволіла аблегчыць работу абслуговага персаналу. Закуплена ўсё неабходнае абсталяванне як для медыкаў, так і для падтрымкі пацыентаў. Асаблівую ўвагу таксама ўдзялялі сацыяльным установам — у нас размешчаны псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

У раёне не было рэзкай успышкі захваральнасці. Бальніца аператыўна зрэагавала на пачатак пандэміі, памяшканні раздзялілі на «чырвоную» і «чыстую» зоны. Больш за тое, медыцынскім работнікам дапамагалі фінансавымі і матэрыяльнымі спонсарскімі сродкамі ўсе службы, прадпрыемствы і сельгасарганізацыі раёна, прыватны бізнес нароўні з дзяржавай. У гэты прамежак часу сярэдняя заработная плата ў галіне аховы здароўя раёна значна павысілася.

Дадам, што раённую цэнтральную бальніцу, якой кіруе Алена Генадзеўна Міскевіч, прапаноўваецца занесці на Рэспубліканскую дошку Гонару.

— Анатоль Міхайлавіч, ці ёсць у Клецкага раёна экспартны патэнцыял?

— Штогод экспарт у нас трымаецца ў дыяпазоне росту. У пераходны перыяд 2019—2020 гадоў на яго паказчыкі дастаткова моцна паўплывала пандэмія каранавіруса, калі памежныя з Беларуссю краіны закрылі граніцы. Так, у адкрытым акцыянерным таварыстве «Гама смаку» прадукцыя дзіцячага харчавання, якая даспадобы спажыўцу, экспарт з пачатку 2020-га знізіўся. Але ўжо ў канцы года, так бы мовіць, «выстраліў» і склаў за снежань 122 % да мінулагодняга ўзроўню. У сувязі са спрашчэннем прапускных умоў на граніцы мы змаглі паставіць тавар на знешнія рынкі.

У цэлым жа выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў 2020-м па раёне ў грашовым выражэнні склала 289 тысяч долараў. На экспарт ідзе прыкладна 40 % прадукцыі ад агульнай колькасці, што выпускаецца. І вядома, экспартуем інавацыйныя тавары. У прыватнасці, «Гама смаку» за мінулы год экспартавала такіх каля 4 %, механічны завод — каля 47 %.

— Летась у Клецку да лясгаса далучылі мясцовы філіял камунальнага прадпрыемства «Мінаблпаліва». Чым выклікана такое рашэнне? Наколькі паспяховы ў эканамічным плане аказаўся гэты эксперымент?

— Калі я ўзначаліў раён, пачаў з азнаямлення з прадпрыемствамі. Я разумеў, што Клецкі раён геаграфічна знаходзіцца ў такім месцы, куды вельмі складана прыцягнуць інвестараў. Таму мая прынцыповая пазіцыя — існуючым прадпрыемствам неабходна знаходзіць унутраныя рэзервы. Акрамя таго, гэты крок быў матываваны яшчэ і тым, што на базе «Гарпаліва» ўстаноўлена раней купленая за два мільёны еўра лінія для вытворчасці пелет, якая прыносіла за год толькі 124 тысячы беларускіх рублёў. Па папярэдніх падліках спецыялістаў, пасля далучэння «Гарпаліва» да лясгаса чакаецца, што экспарт прадукцыі складзе прыкладна тры мільёны беларускіх рублёў, або каля мільёна еўра.

Пры мадэрнізацыі і пашырэнні вытворчасці будзе захаваны калектыў «Гарпаліва», а гэта 32 чалавекі, а таксама плануецца стварыць да 15 дадатковых рабочых месцаў, павысіць зарплату. У прыватнасці, у лясгасе сярэдні заробак на ўзроўні 1300 рублёў, а ў далучанай арганізацыі — 695 рублёў.

Акрамя таго, лясгас згодны ўзяць чатыры інвестыцыйныя пляцоўкі плошчай 9,1 гектара на тэрыторыі раёна, якія працяглы час не выкарыстоўваліся. Тут будзе закладзены гадавальнік чарэшчатага дуба, аналагаў якому няма ў Беларусі. Разам з тым лясгас набыў і пляцоўку пры райаграсэрвісе, якая таксама шмат часу прастойвала. Гэта дазволіла накопліваць тут драўняныя шчэпкі і адгружаць еўрапейскім спажыўцам да сямі вагонаў у суткі — чыгунка праходзіць побач. Раней такой магчымасці ў арганізацыі не было.

Пры невялікіх фінансавых укладаннях да 2022 года мы можам значна павялічыць выручку ў лесагаспадарчай галіне, стварыць новыя высокадабаўленыя рабочыя месцы і значна павялічыць заработную плату.

Такога вопыту няма ў краіне. Мы сталі першапраходцамі.

— Ці чакаеце вы прыходу буйных інвестараў у раён? І як бачыце яго далейшае развіццё?

— У такіх невялікіх раёнах, як наш, прамысловасць павінна прырастаць малымі вытворчасцямі, якія трэба далучаць да больш буйных. У прыватнасці, такімі, як лясгас, механічны завод, якія адкрываюць новыя малыя вытворчасці, набіраюць людзей.

У аграрным сектары неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял зямлі, які маем, узводзіць новыя фермы. Бо тое, што пабудавана 10—15 гадоў таму, устарэла. Сёлета пачалі будаўніцтва трох жывёлагадоўчых комплексаў — у сельгасарганізацыях «Морач», «Чырвоная звязда» і «Кухчыцы». Сёння на Клецкім філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» мы рэалізоўваем штодзень 220-230 тон малака для перапрацоўкі. У нас ёсць патэнцыял пастаўляць яшчэ мінімум сто тон у суткі. Выручка ад рэалізацыі малака па ўдзельнай вазе сярод сельскагаспадарчай прадукцыі самая высокая.

Будаўніцтва малочнатаварных комплексаў і абнаўленне трактарнага парка за кошт энерганасычанай тэхнікі дазволіць знізіць нагрузку на людзей. Таму што вёска старэе, многія абіраюць пастаянным месцам жыхарства горад, у выніку колькасць рабочых рук змяншаецца. Таму, лічу, драйверы росту ў нашым раёне — лесагаспадарчая галіна і сельская гаспадарка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Драй­ве­ры рос­ту  — ле­са­гас­па­дар­чая га­лі­на і сель­ская гас­па­дар­ка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.