Вы тут

Свята непаслушэнства? Што такое інтуітыўнае харчаванне і чаму яно набірае папулярнасць


Лічыць калорыі рана ці позна надакучвае. Узвальваць на сябе дадатковыя абавязацельствы, звязаныя з такой простай патрэбай, як харчаванне, сучаснаму чалавеку, які і так спрэс жыве сярод абмежаванняў і абавязацельстваў, зразумела, не хочацца. Пры гэтым быць здаровымі, стройнымі і падцягнутымі — цалкам нармальнае жаданне. Відавочна, што новы прынцып харчавання ў процівагу абрыдлым дыетам — адмова ад любых абмежаванняў у выбары страў і пры гэтым адсутнасць лішніх кілаграмаў — здаецца вельмі прывабным. Трэба толькі ўключыць інтуіцыю, кажуць яго аматары. Давайце разбяромся, як гэта працуе.


Уся справа ў інтуіцыі

Упершыню тэрмін «інтуітыўнае харчаванне» прагучаў амаль 30 гадоў таму. У 1995 годзе каліфарнійскія дыетолагі Эвелін Трыбалі і Эліс Рэш прапанавалі сваім пацыентам у парадку эксперыменту самім вырашаць, што, калі і колькі есці. А ў якасці «рэгулюючага фактару» — выкарыстоўваць інтуіцыю. То-бок вучыцца слухаць сігналы ўласнага арганізма аб яго патрэбах, голадзе і сытасці. Тады новая тэорыя не атрымала водгуку — усе працягвалі шукаць ідэальную дыету. У нашы дні, калі тэрмін «усвядомленасць» ўжываецца ў дачыненні да мноства з'яў, а сам гэты трэнд распаўсюдзіўся літаральна на ўсе сферы жыцця, ідэя інтуітыўнага харчавання знайшла мноства прыхільнікаў.

У аснове ідэі ляжыць прынцып развіцця і выкарыстання інтэрацэптыўнай усвядомленасці — умення слухаць свой арганізм і адчуваць, што з ім адбываецца, адзначаюць дыетолагі. Калі гэта ўменне развіць, харчавацца зыходзячы з усвядомленасці значна больш эфектыўна і карысна для здароўя, чым кіруючыся навязанымі правіламі.

Інтуітыўнае харчаванне, адзначаюць спецыялісты, — гэта задавальненне натуральнага адчування голаду. Есці можна ўсё, бо арганізм «лепш ведае», у чым мае патрэбу, і самае галоўнае — не перашкаджаць яму. Але есці трэба толькі тады, калі арганізм рэальна адчувае неабходнасць у атрыманні ежы. А калі мы на самай справе галодныя, нам хочацца не чыпсаў, не глазураваных сыркоў і не фаст-фуду, а камфортнай дамашняй ежы — супу, катлет, гародніны. Інтуітыўнае харчаванне не азначае «есці запар усё, што бачыш» — за кампанію, ад нуды або, напрыклад, калі частуюць калегі. Адкрываць рот для ежы варта, толькі калі ў вас ёсць у ёй рэальная патрэба. Але распазнаваць адчуванне голаду і насычэння сучаснаму чалавеку даводзіцца вучыцца.

«Сутнасць — навучыць сучаснага чалавека зноў атрымліваць задавальненне ад ежы, прывесці ў згоду розум, цела і харчаванне, каб жыць поўным жыццём», піша адна з заснавальніц тэорыі інтуітыўнага харчавання, Эвелін Трыбалі. Гучыць разумна. Але на практыцы «ўключыць інтуіцыю» і асвоіць «інтуітыўнае харчаванне» — вельмі няпростая задача.

Усё карысна, што ў рот палезла?

Ці не пра гэта казала, напэўна, кожнаму з нас у дзяцінстве бабуля, фарміруючы шкодныя з пункту гледжання сучаснай дыеталогіі звычкі даядаць усё, што пакладзена на талерку, і любую страву есці з хлебам. Уласна кажучы, гэтая максіма верная, як і любая народная мудрасць. Але, як любую народную мудрасць, разумець яе варта з папраўкай на кожную канкрэтную сітуацыю. Таму што ў сучасным свеце існуе мноства перашкод на шляху да таго, каб харчавацца «інтуітыўна». І галоўная з іх — славутыя харчовыя залежнасці. Залежны ад пэўнага віду ежы арганізм (а такія залежнасці існуюць у сучасным свеце ў многіх) выдае мозгу няслушныя сігналы, давяраць якім — прамы шлях да лішняй вагі і праблем са здароўем. Харчовую залежнасць выклікаюць фаст-фуд, чыпсы і «хімічныя» прысмакі, крамная «кандытарка» і салодкая газіроўка. Мы жывём у свеце агрэсіўных штучных водараў і празмерна яркіх смакаў. І арганізм, «падсаджваючыся» на гэтыя «падманкі», паступова перастае распазнаваць адчуванні голаду і насычэння, успрымаць свае рэальныя харчовыя патрэбы.

Самы моцны «харчовы наркотык» у сучасным свеце — цукар, менавіта ён з'яўляецца прычынай найбольш распаўсюджанай харчовай залежнасці, сцвярджаюць дыетолагі. Паступаючы ў кроў, цукар дае чалавеку пачуццё эйфарыі: вы з'елі нешта салодкае, і цэнтральная нервовая сістэма адразу ж перадае імпульсы ва ўчастак галаўнога мозга, які адказвае за задавальненне і прыхільнасць. Невыпадкова ж мы «заядаем шакаладам» няўдачы ў асабістым жыцці! Паступова салодкае становіцца допінгам, сцвярджаюць навукоўцы. Нібы пры наркатычнай залежнасці, яго «доза» расце, а спыніцца вельмі цяжка. Як вынік, узнікае заганны круг: цукровая залежнасць, сардэчна-сасудзістыя захворванні, цукровы дыябет. На шчасце, усё вышэйсказанае медыкі адносяць толькі да рафінаванага цукру і да так званых хуткіх вугляводаў: прамысловая апрацоўка знішчае амаль усю іх пажыўную каштоўнасць, застаецца, па сутнасці, толькі шкоднае. Да прыродных цукроў (мёд, садавіна) і «павольных» вугляводаў (кашы, гародніна, цэльныя злакі) гэта не адносіцца.

«Са мной неяк здарылася сапраўдная «шакаладная дэпрэсія», — піша адна з дзяўчат на форуме, прысвечаным харчовым залежнасцям. «Гэта калі купляеш прысмакі па акцыі на некалькі дзён для ўсёй сям'і, а з'ядаеш гэты запас адна і за адзін вечар: батончыкі, пліткі шакаладу, пячэнне, салодкія сыркі ў шакаладзе... І так кожны дзень. Абедала я выключна ў фаст-фуд-рэстаранах: нічога не магла з сабой зрабіць, проста не ў стане была прайсці міма. У той час я перажывала вельмі цяжкі перыяд. Я разумела: тое, што я раблю — няправільна, і з такім рэжымам харчавання трэба заканчваць. Але цукар быў тады адзінай радасцю для мяне...».

Сіндром выдатніцы

Але ёсць і адваротная праблема на шляху да інтуітыўнага харчавання — звычка сядзець на дыетах, лічыць калорыі і дзяліць ежу на «дрэнную» і «добрую». Дыетолагі сцвярджаюць, што «традыцыя» сучасных жанчын гадамі сядзець на дыетах прыводзіць да фарміравання так званага дыетычнага мыслення, пры якім таксама немагчыма пачуць сігналы свайго цела. «Здаецца, што выконваць дыету лягчэй, — пішуць стваральнікі тэорыі інтуітыўнага харчавання. — Ёсць выразныя правілы і план харчавання. Але паступова становіцца ўсё цяжэй, таму што гэтыя правілы не спалучаюцца з рэальным жыццём». Акрамя таго, арганізм імкнецца кампенсаваць пастаянныя абмежаванні: любая несвабода рана ці позна выкліча эмацыянальнае адкіданне. Гэтым і абумоўлены зрывы, калі мы кідаем дыету і разыходзімся на ўсе застаўкі.

Інтэрацэптыўная усвядомленасць — гэта разуменне сваіх фізічных патрэб, тлумачаць дыетолагі. Безумоўна, дазвол есці ўсё, што хочацца, спачатку можа напалохаць: многім здаецца, што яны пачнуць есці вельмі шмат і выключна «шкоднасці». Зрэшты, практыка паказвае, што калі няма харчовай залежнасці, гэтага не адбываецца.

«Пра інтуітыўнае харчаванне я даведалася, калі стамілася ад сваіх адносін з ежай, — адзін з водгукаў ад тых, хто ўсё ж паспрабаваў. — Мне заўсёды здавалася, што я схільная да паўнаты, і калі буду есці колькі хачу — буду тлустая. Я ўвесь час худзела, пастаянна недаядала, адчуванне голаду суправаджала мяне паўсюль. Потым я зрывалася, пачынала пераядаць, зноў садзілася на жорсткую дыету — і так увесь час. Я хацела быць худой, і таму проста звар'яцела на падставе ежы — думала аб ёй увесь час. Пачуццё, што адносіны з ежай у мяне вельмі нездаровыя, прыйшло да мяне ў 26 гадоў, калі я выйшла замуж і кожны дзень стала гатаваць не толькі для сябе. Тады я і зразумела: гэта падобна на алкагалізм (трымаюся, зрываюся і зноў «у завязцы» да наступнага зрыву) — і з гэтым пара заканчваць».

У інтуітыўным харчаванні рэкамендуецца, выбіраючы любую страву з разраду «здаровага харчавання», задаваць сабе пытанне: «Ці сапраўды я хачу гэта з'есці і чаму? Таму што мне хочацца адварной квяцістай капусты або салаты з сырой гародніны, ці таму што я прачытала, што гэта карысна?».

Прынцыпы інтуітыўнага харчавання

Першы і галоўны прынцып — гэта ўсвядомленасць.

Паспрабуйце прыслухацца да таго, чаго сапраўды хоча ваш арганізм. Гэтае ўменне прыходзіць паступова, з пастаяннай практыкай. Не сварыцеся на сябе і не абмяжоўвайце, проста слухайце — і тады, напрыклад, пераеўшы за абедам, вы адчуеце, што вам не хочацца вячэраць. Галоўнае — адмовіцца ад прыёмаў ежы «паміж справамі» — на вуліцы, за рулём, за маніторам камп'ютара або каля тэлевізара: у гэтым выпадку ні пра якую ўсвядомленасць гаворкі быць не можа.

Другі прынцып — асэнсаванне. Стваральнікі сістэмы раяць «паважаць сваё цела» (гэта значыць прыняць і палюбіць сваю знешнасць), «памірыцца з ежай» ( не варта дзяліць прадукты харчавання на «добрыя» і «дрэнныя» і не трэба думаць пра ежу пастаянна — ні як пра антыдэпрэсант, ні як пра ворага), навучыцца спраўляцца з эмоцыямі без дапамогі ежы і пры гэтым есці з задавальненнем. Важны крок на дадзеным шляху — зразумець, што вам на самай справе падабаецца, што здаецца менавіта вам сапраўды смачным. Дыетолагі адзначаюць, што часта сучасны чалавек проста не ведае, што яму даспадобы — і гэта вам прыйдзецца для сябе выправіць. Слухайце сігналы свайго арганізма, і паступова вы пачняце аддаваць перавагу дамашнім пельмешкам і катлеткам замест фаст-фуду, уласнай выпечцы і дэсертам замест фабрычных ласункаў, свежай садавіне і арэхам замест шакаладных батончыкаў і салодкай газіроўкі. Не забараняйце сабе «шкоднасці», час ад часу яны дапушчальныя (бо тое, што забаронена, заўсёды прыцягальнае для чалавечай псіхікі). Але пытаючыся ў сябе: «Ці смачна мне?» і «Ці сапраўды я хачу гэта з'есці?», неўзабаве вы, хутчэй за ўсё, перастанеце атрымліваць такое ўжо моцнае задавальненне ад марожанага і гамбургераў.

І трэці прынцып інтуітыўнага харчавання: «Падтрымлівайце сваё здароўе, не ўпадаючы ў крайнасці». Інтуіцыя прачынаецца не адразу. Калісьці яна была ў кожнага: педыятры сцвярджаюць, што мінімум да года малыя ідэальна адчуваюць голад і насычэнне, а потым бацькі ламаюць гэтую тонкую сістэму, прымушаючы дзяцей есці «своечасова», а не калі хочацца, і даядаць усё, што пакладзена на талерку. Вярнуць сабе інтуіцыю магчыма, проста трэба праявіць цярпенне. І, вядома ж, вельмі важныя тут фізічныя нагрузкі. Не каб «пахудзець» або «ўмацавацца», а для добрага самаадчування. І тут таксама неабходная ўсвядомленасць: важна не проста хадзіць у найбліжэйшы да дома фітнес-цэнтр, а прыслухацца да сябе і зразумець, на які від фізічнай нагрузкі менавіта ваш арганізм адклікаецца прылівам сіл і добрым настроем.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.