Вы тут

Абарона правоў інвестараў патрабуе дасканаласці


У канцы мінулага тыдня адбылося чарговае пасяджэнне пятай сесіі ніжняй палаты беларускага парламента. На ім у першым чытанні заканадаўцы разгледзелі карэкціроўкі двух законаў: адзін датычыцца інвестыцый, другі — аўтамабільных перавозак. Другое чытанне прайшлі змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці і па пытаннях тэхнічнага рэгулявання  і энергазберажэння. Дэпутаты таксама ратыфікавалі беларуска-афганскае міжурадавае пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і ўхвалілі Дэкрэт кіраўніка дзяржавы наконт кантролю  за абаротам крыптавалюты.


Фота: БелТА

Бізнес: больш яснасці

Праект змяненняў у закон «Аб інвестыцыях» удакладняе паняційны апарат і павышае абарону правоў інвестараў. Падрабязна пра новаўвядзенні дэпутатам расказаў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ.

Важным ён назваў замацаванне нормаў, якія прадугледжваюць выплату інвестару «адэкватнай і эфектыўнай кампенсацыі ў выпадку нацыяналізацыі, рэквізіцыі маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыяй». У такім выпадку ўстанаўліваецца ўмова: своечасовасць і паўната адпаведнай выплаты. Для замежных інвестараў замацоўваецца магчымасць вызначыць валюту, у якой будзе выплачана такая кампенсацыя.

«Яшчэ адной ключавой навелай, якая накіравана на абарону правоў інвестара, з'яўляецца ўвядзенне «стабілізацыйнай агаворкі», — дадаў намеснік міністра. — Яна замацоўвае гарантыю ад неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства для інвестараў. Гарантыя распаўсюджваецца на ўвядзенне новых падаткаў і павышэнне падатковых ставак».

Дэталёва норма будзе прапісана ў скарэктаваным Дэкрэце № 10, над чым цяпер працуе Мінэканомікі.

Яшчэ адна дадатковая мера па абароне правоў інвестараў датычыцца абмежавання ў часе магчымасці выказаць ім патрабаванні з боку дзяржавы ў выпадку, калі дзяржаўныя органы спачатку нешта дазволілі (калі казаць проста), а потым свой дазвол адмянілі. Згодна з законапраектам, у такім выпадку патрабаванні інвестару не могуць быць выказаны пазней за тры гады пасля наступлення «абставін, з якімі звязаныя або з якіх гэтыя патрабаванні вынікаюць».

У якасці прыкладу Дзмітрый Ярашэвіч назваў беларускую кампанію «РэвіТар Інвест», якой Мінгарвыканкам даў зямельныя ўчасткі, дазволіў на іх будаваць, а праз дзесяць гадоў свае рашэнні адмяніў і запатрабаваў пабудаваныя аб'екты знесці.

Крыптавалюта: толькі ПВТ

Парламентарыі ўхвалілі Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2021 года, які забараняе нерэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій ажыццяўляць здзелкі з токенамі.

Дакумент, па словах дырэктара Адміністрацыі ПВТ Усевалада ЯНЧЭЎСКАГА, накіраваны на папярэджанне легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, ён дублюе і канкрэтызуе раней прынятыя парламентам рашэнні. Адміністрацыя ПВТ была надзелена кантрольнымі паўнамоцтвамі ў сферы супрацьдзеяння «адмыванню» фінансавых сродкаў, фінансаванню тэрарызму ўжо з лістапада мінулага года, пасля адпаведных заканадаўчых карэкціровак.

Дазвол на работу з крыптавалютамі цяпер маюць шэсць рэзідэнтаў ПВТ, праінфармаваў Усевалад Янчэўскі. Ён лічыць беларускую мадэль рэгулявання гэтай сферы досыць эфектыўнай.

Таксі: аплата карткай

Старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар КАМАРОЎСКІ падзяліў усе змяненні, якія прапануюцца ў закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», на тры блокі: спрашчэнне вядзення бізнесу; удасканаленне дазвольнай сістэмы ў міжнародных перавозках; удасканаленне кантрольна-нагляднай дзейнасці, якую выконвае рэгулятар (профільнае міністэрства).

На Міністэрства транспарту і камунікацый ускладаецца кантроль за арганізацыяй і выкананнем аўтамабільных перавозак, таксама за выкананнем ліцэнзіятамі адпаведнага заканадаўства.

«Што датычыцца спрашчэння вядзення бізнесу, прапануюцца нормы, якія прадугледжваюць выкарыстанне ў таксі праграмнай касы ў якасці альтэрнатывы касаваму апарату, — расказаў журналістам дэпутат. — Гэта дазволіць кліенту ажыццяўляць безнаяўны разлік, а фіскальным органам — кантраляваць дзейнасць перавозчыка».

Ігар Камароўскі звярнуў увагу, што ўстанаўленне праграмных касавых апаратаў будзе справай добраахвотнай.

Сярод іншых новаўвядзенняў — істотная карэкціроўка артыкула, які датычыцца грамадзянскай прававой адказнасці заказчыкаў грузавых міжнародных перавозак.

«Грузаадпраўшчыкі і грузаатрымальнікі, а таксама экспедытары будуць несці адказнасць перад перавозчыкам за нанесеную шкоду з-за некарэктнага або няпоўнага афармлення транспартных дакументаў, — канкрэтызаваў парламентарый. — Гэта значыць, праектам закона прадугледжваецца перанос адказнасці з перавозчыка на тых, хто сапраўды вінаваты ў парушэнні».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».