Вы тут

Затрыманы злачынца, які арганізаваў дзіцячую парнастудыю


Беларускія праваахоўнікі сумесна з калегамі з ЗША выкрылі злачынную групу, якая займалася вырабам і распаўсюджаннем парнаграфічных матэрыялаў з удзелам малалетніх, а папросту арганізавалі дзіцячую парнастудыю. Адметна, што маці дзяўчынак ведалі, як выкарыстоўваюць іх малалетніх дачок, больш за тое, некаторыя жанчыны самі прасілі дзяўчынак распрануцца і разам з імі ўдзельнічалі ў фотасесіях. Маці атрымлівалі ад 200 да 5000 рублёў, галоўны фігурант справы, фатограф, са снежня 2018 да лютага 2021 года атрымаў за продаж порнаматэрыялаў больш за 137 тысяч беларускіх рублёў.


— У лістападзе мінулага года ад праваахоўных органаў ЗША паступіла аператыўная інфармацыя аб неўстаноўленай асобе, якая праз паштовы сэрвіс, серверы якога знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, займаецца абаротам парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетніх і малалетніх, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Аляксандр Грачоў. — Паводле інфармацыі замежных калег, паштовая скрыня стваралася і рэгістравалася на тэрыторыі Беларусі. Нам былі перададзены некаторыя фота- і відэаматэрыялы парнаграфічнага характару з удзелам дзяцей.

Беларускія праваахоўнікі ўстанавілі, што дзяўчынкі з'яўляюцца грамадзянкамі Беларусі і Украіны. Падчас праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, аналізу рознай тэхнічнай інфармацыі была ўстаноўлена і асоба фігуранта. Ім аказаўся 37-гадовы грамадзянін адной з суседніх краін, які меў від на жыхарства ў Беларусі. Ён жанаты і выхоўваў дваіх дзяцей. Акрамя афіцыйнай работы ў адной з арганізацый Мінска, мужчына займаўся прафесійнымі дзіцячымі фотаздымкамі і супрацоўнічаў з шэрагам дзіцячых мадэльных агенцтваў. У выніку аператыўнай работы была выяўлена і раскрыта яго дзейнасць, звязаная з вырабам дзіцячай парнаграфіі, якая прадавалася замежным педафілам.

— Мы ўстанавілі, што ў ценявым сегменце сеткі інтэрнэт ён з'яўляўся актыўным удзельнікам розных закрытых тэматычных груп для педафілаў, дзе камунікаваў з імі і абменьваўся порнаматэрыяламі з выявамі дзяцей, — кажа Аляксандр Грачоў. — Для рэалізацыі сваіх злачынных намераў ён прыцягнуў да супрацоўніцтва жыхарак Магілёўскай вобласці і Мінска, у тым ліку і тых, што мелі даволі высокі сацыяльны статус, звязаны з работай з дзецьмі. Арганізатары гэтага бізнесу ў інтэрнэце пазіцыянавалі сябе як прадзюсарская група маладых і нестандартных праектаў, мэтай якіх з'яўляецца прасоўванне дзяўчынак у мадэльным бізнесе.

Фотаздымкі дзяцей праходзілі ў фотастудыях Мінска і за яго межамі. Трэба адзначыць, што арганізатары валодалі навыкамі псіхалогіі, у тым ліку і дзіцячай, дзякуючы чаму ўваходзілі ў давер да дзяцей, пераконвалі іх у неабходнасці падобных фотасесій з мэтай далейшага продажу за мяжу — быццам бы для выкарыстання заробленых грошай для прасоўвання дзяўчынак у легальным мадэльным бізнесе.

Цана фотасесіі вар'іравалася ў залежнасці ад ступені адкрытасці і складала ад 200 да 1500 долараў ЗША. Сярод пакупнікоў порнакантэнту — грамадзяне ЗША, Аўстраліі, Вялікабрытаніі і Расіі. Арганізатар злачыннай групы папярэдне вывучаў асобу кожнага пакупніка з пункту погляду яго надзейнасці і недапушчэння ўцечкі інфармацыі. Выяўлены і факты вырабу дзіцячай парнаграфіі пад заказ для пэўнага пакупніка з канкрэтнай мадэллю. У некаторых выпадках для дзяўчынкі-мадэлі прыдумваўся адпаведны вобраз, напрыклад, школьніцы ці казачнага персанажа.

Адметна, што маці дзяўчынак былі інфармаваны, нават мэтанакіравана перадавалі дзяцей для парназдымак. А ў некаторых выпадках і самі прысутнічалі і атрымлівалі за здымкі грашовае ўзнагароджанне.

— Устаноўлены факты перадачы дзяцей з карыслівай мэтай арганізатару фотаздымак не толькі для фотасесій, але і для непасрэднага ўступлення у палавую сувязь з дзяўчынкамі ва ўзросце 9-10 гадоў, што таксама фіксавалася злачынцам з дапамогай фота- і відэаапаратуры і прадавалася педафілам у інтэрнэце, — удакладняе Аляксандр Грачоў.

У цяперашні час сумесна з супрацоўнікамі Следчага камітэта ўстаноўлена не менш за 15 дзяўчынак, жыхарак Беларусі, ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў і пяць дзяўчынак з суседніх краін, якіх злачынцы выкарыстоўвалі ў здымках парнаграфічнага і эратычнага зместу. Аб'ём фота і відэаматэрыялу — не менш за пяць тэрабайт. Акрамя таго, ад адной з пацярпелых была атрымана інфармацыя пра педафіла, 38-гадовага ўраджэнца Узбекістана, які пражываў у Мінску і працаваў рэжысёрам кіно. Ён не меў адносін да дадзенай злачыннай групы, аднак устаноўлена, што здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах дзяўчынак 10—14 гадоў. Ён таксама затрыманы.

Як расказаў следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандр Кузубскі, злачынная група ўключала пяць жанчын і аднаго мужчыну, пяцёра з іх заключаны пад варту. Усе яны мелі пастаяннае месца працы, поўныя сем'і, у якіх выхоўваліся па 2-3 дзяцей. Трое мелі вышэйшую адукацыю, астатнія — сярэднюю спецыяльную.

— Пры размове з псіхолагамі пацярпелыя расказалі, што іх мамы прасілі іх распрануцца, і за гэта дзяўчынкі атрымлівалі ад фатографа грашовае ўзнагароджанне ад 10 да 60 рублёў, падарункі ў выглядзе мабільных тэлефонаў, адзення ці паходаў у «Макдональдс». Таксама ўстаноўлена, што некаторыя маці самі здымалі дзяцей у аголеным выглядзе ці самі з дзецьмі ўдзельнічалі ў здымках эратычнага і парнаграфічнага характару. У цяперашні час дзяўчынкі перададзены на выхаванне сваякам ці забраны з сем'яў, — расказаў следчы.

Асноўны фігурант, фатограф, віну прызнаў цалкам і растлумачыў, што прыкладна з 2017 года стаў цікавіцца фатаграфіямі дзяцей у аголеным выглядзе і продажам такіх матэрыялаў праз інтэрнэт. Пасля ён знайшоў у Беларусі і на тэрыторыі суседняй краіны жанчын, якія пагадзіліся за грошы далучыць сваіх дачок для здымак. Сумы за фотасесію вар'іраваліся ад 200 да 5000 рублёў. Са снежня 2018 да лютага 2021 года фатограф атрымаў даход ад сваёй злачыннай дзейнасці больш за 137 тысяч рублёў.

Яму пагражае пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 20 гадоў. Летась у краіне выяўлена 691 злачынства ў сферы педафіліі, устаноўлена 471 дзіця, пацярпелае ад злачынных дзеянняў. Ужо ў першым квартале гэтага года выяўлена 244 такія злачынствы, 199 дзяцей пацярпела, 127 падазраваных праходзяць па крымінальных справах.

— Мадэльныя агенцтвы — гэта добра, бо дзіця павінна рознабакова развівацца. Але трэба памятаць, што педафілы імкнуцца быць бліжэй да дзяцей. Многія бацькі заводзяць малым акаўнты ў інтэрнэце. Гэта дазваляе педафілам бескантрольна і бесперашкодна камунікаваць з дзецьмі, прадстаўляючыся кім заўгодна: равеснікамі з суседняй школы ці суседняй краіны. Абменьвацца музыкай, потым фотаздымкамі, інтымнымі фотаздымкамі. І як толькі дзіця трапілася ў сеткі, гэта дазваляе педафілу яго шантажыраваць і пагражаць распаўсюджаннем указаных матэрыялаў сярод аднакласнікаў, блізкіх. Таму тут бацькі павінны праяўляць пільнасць, быць уважлівымі і не страчваць кантакту з дзецьмі, — папярэджвае Аляксандр Грачоў.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Не страчвайце пільнасць!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.