Вы тут

Галоўны ўрач БХМД: Лячэнне дастаўленых у Мінск падлеткаў праводзіцца ў поўным аб'ёме


Неабходнае лячэнне дастаўленых у Мінск падлеткаў праводзіцца ў поўным аб’ёме, заявіў журналістам галоўны ўрач Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Андрэй Барысаў, перадае БелТА.


Гаворачы аб 12-гадовым падлетку з Мядзельскага раёна, Андрэй Барысаў адзначыў, што яго стан застаецца цяжкім. Хлопчык на штучнай вентыляцыі лёгкіх. У дадзены момант нетранспартабельны. «Пытанне знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. У поўным аб’ёме праводзіцца неабходнае лячэнне, у тым ліку хірургічнае. Наладжаны кантакт з калегамі з Расіі, штодня праводзяцца кансіліумы, у тым ліку пашыраныя з удзелам расійскіх спецыялістаў», — сказаў ён.

Як адзначылі ў тэлеграм-канале «Пул Первого», Прэзідэнт за станам здароўя Ромы [Кагадоўскага] сочыць асабіста. Прэзідэнт таксама даручыў губернатару разабрацца з сітуацыяй па жыллі.

Разам з тым, заўважыў галоўны ўрач, у параўнанні з тым момантам, калі дзіця было дастаўлена ў Мінск з Мядзельскай ЦРБ, урачы назіраюць станоўчую дынаміку. «Ён стаў больш стабільны. Ёсць станоўчыя моманты ў яго стане, на гэта нацэлена ўся наша праца. Праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне стану пацыента», — дадаў галоўны ўрач.

Што тычыцца 16-гадовага падлетка, які быў дастаўлены з Магілёўскай вобласці тыднем раней, ён таксама ў цяжкім стане. «Пацыент знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Праводзіцца ўсё неабходнае лячэнне ў поўным аб’ёме», — адзначыў Андрэй Барысаў.

Як паведамлялася, 23 красавіка Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання арганізаваў тэрміновую дастаўку верталётам МНС Мі-8 (з медыцынскім модулем на борце) дзiця з Мсціслаўскай ЦРБ. Падлетак 2004 года нараджэння атрымаў электратраўмы. Пры першасным аглядзе ў яго былі дыягнаставаны апёкі рознай ступені цяжкасці — да 70%.

Другі інцыдэнт адбыўся 29 красавіка. 12-гадовы падлетак, знаходзячыся дома без бацькоў, спрабаваў патушыць пажар. Ратуючы малодшага брата, атрымаў сур’ёзныя траўмы. «Адзін з відавочцаў, падбегшы да дома, убачыў, як хлопчык трымаў на руках дзіцяці. На твары і руках падлетка акрамя апёкаў былі парэзы, акно кухні ў жылым доме было разбіта. Відавочца забраў з рук хлопчыка дзіцяці, пасля чаго падлетак страціў прытомнасць», — распавялі ў МНС.

Ён быў дастаўлены ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр БХМД з Мядзельскай ЦРБ.


Гісторыя з 12-гадовым хлопчыкам, які пацярпеў падчас пажару ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна, ускалыхнула інтэрнэт, піша mlyn.by. На сваіх руках Рома Кагадоўскі вынес з агню двухгадовага браціка Ваню і тут жа страціў прытомнасць. На яго твары і руках акрамя апёкаў былі парэзы ад разбітага на кухні шкла, праз якое ён і вынес брата. Трагедыя адбылася ўвечары 28 красавіка. Падлетка даставілі ў мясцовую бальніцу, дзе дыягнаставалі апёкі 50 працэнтаў цела. Ён знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

29 красавіка Рому на верталёце транспартавалі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Мінска. Урачы, улічваючы апёкі і паразу дыхальных шляхоў падлетка, ніякіх прагнозаў не даюць.

Пакуль медыкі аказваюць усю неабходную дапамогу Роме Кагадоўскаму сям’я юнага героя шукае часовае жыллё. Дом Стадольнікаў (у Ромы прозвішча ад першага мужа мацi) выгарэў да тла і для жылля больш не прыдатны. Пакуль сям'я пасялілася ў доме бабулі па лініі мужа.

— Нам дапамагаюць мясцовыя ўлады, але мне нічога цяпер не трэба, паверце... Галоўнае, каб Рома жыў, — не хаваючы слёз, кажа яго мама Марыя. — Калі ўсё адбылося, я была на працы. Я працую кухоннай рабочай. У нас добрая сям'я, мы не чакалі, што такое можа адбыцца.

— Урачы штосьці кажуць пра стан Рамана?

— Не, не гавораць... Я прама зараз еду ў бальніцу. Дзякуй медыкам і МНС, што даставілі на верталёце ў апёкавы цэнтр. Ён у мяне з самага дзяцінства такі, адважны, добры, нікога не пакрыўдзіць. Я спадзяюся на лепшае.

Мядзельскі райвыканкам, прафсаюз і іншыя грамадскія арганізацыі ўзялі сітуацыю пад свой кантроль і ўжо вылучылі частку бытавых прадметаў для сям'і.

— Мы склалі спіс рэчаў, якія неабходныя. Учора ўжо перадалі мікрахвалёўку, пасцельныя і іншыя прыналежнасці. Дапамогу аказвае Мядзельскі выканкам, падключыўся БРСМ, — распавядае старшыня Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі. — Будзем дапамагаць па ўсіх напрамках. Акажам і грашовую дапамогу. Перажываем за лёс гэтага маладога чалавека, сапраўднага героя. На такія ўчынкі здольны не кожны.

Каментуе старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Мусянкова:

— У нас прадугледжана дапамога пагарэльцам. На кожнага чалавека выдаецца па цёплай коўдры, пасцельная бялізна, гігіенічны і харчовы наборы, посуд. Мне павінны даць інфармацыю пра памеры кожнага члена сям'і, ужо зыходзячы з гэтага мы падрыхтуем для іх вопратку, якая ім патрэбна.

Наколькі нам вядома, сёння для гэтай сям'і шукалі памяшканне, дзе яны будуць жыць. І мы чакаем паведамлення Мядзельскага райвыканкама. Як толькі ўсе высветліцца, мне павінна патэлефанаваць намеснік старшыні Іна Іванаўна Барыева, каб паведаміць колькі і куды менавіта трэба будзе даставіць усё тое, што я вышэй пералічыла. Калі будзе неабходная яшчэ дапамога, мы акажам!

Усе наборы ў нас ёсць у запасе, яны знаходзяцца ў Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Ёсць запас і ў Барысаве. Нагадаем, яны прызначаныя для любога чалавека, які апынецца ў такой сітуацыі. Пагарэльцы проста падаюць нам адпаведную даведку ад МНС, на падставе чаго мы выдаем камплекты адзення і наборы. У нас ёсць таксама атрады, якія разлічаны на такія надзвычайныя сітуацыі і могуць у любы момант, на працягу двух гадзін сабрацца і выехаць, каб адвезці усё неабходнае.

Дзіяна ШЫБКОЎСКАЯ, 29.04.2021

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.