Вы тут

Пайшоў з жыцця празаік, паэт, журналіст Іван Стадольнік


Не стала чалавека, які пакінуў асаблівы, прыкметны след у беларускай сатырычнай, гумарыстычнай літаратуры. Яго кнігі, выдадзеныя ў розныя гады, і сёння карыстаюцца чытацкім попытам. Гаворка пра зборнік сатыры і гумару «Як тут не смяяцца», пра кнігі апавяданняў і аповесцяў «Хачу табе шчасця», «Агонь крывёю не заліць», «Небяспечная знаходка», «Лістапад на пачатку лета»... Ведае чытач і яго камедыю-фарс «Залатое вяселле». Творы Івана Канстанцінавіча друкаваліся ў самых розных перыядычных выданнях: у часопісе «Вожык», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Чырвоная змена», «Рэспубліка», «Віцебскі рабочы».


Дарэчы, першая гумарэска Івана Стадольніка была надрукавана ў часопісе «Вожык» у 1967 годзе. А першае апавяданне надрукаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» ў 1971 годзе. У 1980 — 1991 гадах пісьменнік працаваў у часопісе сатыры і гумару рэдактарам аддзела, адказным сакратаром. Увогуле ў прафесійную журналістыку, літаратуру ён прыйшоў, маючы за плячыма пэўны працоўны вопыт. Спярша працаваў у калгасе пасля заканчэння Докшыцкай сярэдняй школы (а нарадзіўся Іван Стадольнік 12 верасня 1940 года ў вёсцы Янкі Докшыцкага раёна, на Віцебшчыне). Затым — качагарам на цаліне, на станцыі Купрыянаўка Рузаеўскага раёна, у Какчатаўскай вобласці. Вярнуўшыся ў Беларусь, ізноў працаваў у калгасе. Пасля — бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. У 1960 годзе паступіў на зубаўрачэбнае аддзяленне Полацкага медвучылішча. Скончыў яго ў 1963 годзе. Працаваў зубным урачом, а пасля выконваў абавязкі галоўнага ўрача Мосарскай сельскай бальніцы Глыбоцкага раёна. Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Трынаццаць гадоў адпрацаваў у полацкай аб'яднанай газеце «Сцяг камунізму».

Жыццёвы вопыт, уражанні ад няпростага вясковага жыцця, дзіцячыя ўспаміны ваеннай, пасляваеннай вёскі, журналісцкі досвед дапамаглі яму, Івану Стадольніку, пакінуць свой уласны след у айчыннай літаратуры. Імя пісьменніка, які часта бываў у асяродку сваіх землякоў — у Докшыцкім краі, на Полаччыне, на Віцебшчыне, застанецца ў людской памяці. І як літаратара, і як дасціпнага, сімпатычнага чалавека.

Мікола Берлеж

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.