Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«...А дзядуль сваіх — Сцяпана і Аляксея — я ніколі не бачыла»

Пра фашызм вядома ўсяму чалавецтву, і, як мне здаецца, абяліць гэтую чуму не ўдасца нікому, хоць бы таму, што праўда не памірае, яна перадаецца з вуснаў у вусны — ад бацькоў да дзяцей.

...Калі пачалася вайна, маёй бабулі Марыі Гаўрылаўне Кумагер споўнілася 24. Яна была шчаслівая замужам, гадавала маленькага першынца, і ўсё, відаць, было б добра, калі б не вайна. Расказвала, што вестка пра яе нібы абухом ударыла па галаве, аднак само гэтае слова людзі прамаўлялі паўшэптам, каб не палічылі, крый Божа, панікёрамі ды правакатарамі, бо і газеты пісалі, і па радыё казалі, што з Германіяй у нас дружба.

А тады вясковыя мужчыны (і муж бабулі Сцяпан) падаліся на прызыўны пункт у мястэчка Урэчча. Пайшлі і да вечара ўжо вярнуліся, бо прызываць іх не было каму: ваенкамат аказаўся пусты. Што далей рабіць, вяскоўцы не ведалі. Нейкі час хаваліся ад немцаў у лесе, пазней далучыліся да партызанаў: учынялі масавыя дыверсіі на ўчастку чыгункі «Асіповічы — Слуцк», знішчалі аўтатранспарт...

Аднаго разу, выконваючы баявое заданне, група партызанаў трапіла ў акружэнне, затым — у нямецкі палон. Спачатку іх трымалі за калючым дротам у Старых Дарогах, потым цягнік павёз у Германію. Там быў канцлагер з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання (цяжкая праца не ў залік)... Аднак лёс злітаваўся: Сцяпан Паўлавіч застаўся жывы і потым (як безліч іншых палонных) у якасці здрадніка і ворага народа адбываў пакаранне на будоўлях Масквы. Працаваў ён на карболавым заводзе, і яго як добрасумленнага працаўніка нават вызвалілі трохі раней.

Вярнуўшыся дамоў, дзядуля працаваў брыгадзірам у калгасе, у 1948-м парадаваўся нараджэнню дачкі і, вядома ж, гадаваў бы і яе, і старэйшага сына, калі б не падарванае здароўе: праз пяць гадоў дзядулі не стала.

Хапіла ліха ў гады вайны і на долю бабулі. З немаўлём на руках яна жыла ў лесе ў сямейным лагеры. Успамінала, як людзі тады падтрымлівалі адзін аднаго, як спадзяваліся на сябе ды на Бога, як пазней папоўнілі рады народных мсціўцаў... А найбольш — як у лютым 1944-га карнікі адцяснілі іх у любанскія балоты, і як цяжка ім было выходзіць з акружэння — асабліва жанчынам з дзецьмі, бо любы шум (а малыя, вядома ж, і плакалі, і крычалі) мог выдаць месцазнаходжанне партызанаў.

Бабуля расказвала, як несла на руках трохгадовага сына, як пад нагамі ў яе хлюпала сцюдзёная вада, як сцябалі па вачах яловыя лапкі... А думка была адна: толькі б не паваліцца, толькі б не адстаць!.. І вось нарэшце гучыць каманда: «Адбой!», гэта значыць, наступае доўгачаканы перапынак, дзіця можна пакласці на світку і самой хоць трохі адпачыць.

Аднойчы, вось так стаміўшыся, бабуля не заўважыла, як заснула, а калі прачнулася, то ўбачыла, што сынок спрабуе ўстаць і не можа — левая ножка ў яго як мёртвая.

Маці кінулася да людзей, да партызанскага доктара Шубы. Той, агледзеўшы малога, сказаў, што гэта параліч, што калі не лячыць, хлопчык застанецца калекам. Правесці лячэнне доктар Шуба не змог, бо хутка загінуў сам. Лекаў у атрадзе таксама не хапала, тымі, што былі, перш за ўсё лячылі цяжкапараненых.

Бабуля з хворым сынам жыла ў партызанскім лагеры, лічыла дні, калі зможа нарэшце вярнуцца ў родную хату, але...

Мары гэтыя не збыліся: 11 сакавіка 1944 года вёску Рубежы немцы спалілі — пакаралі за тое, што большасць насельнікаў не падпарадкоўвалася акупацыйным уладам, масава сыходзіла да партызанаў.

У той сакавіцкі дзень было расстраляна і 97 мірных жыхароў.

...Тыя, што выжылі, пасля вызвалення Старадарожскага раёна вярнуліся ў вёску, жылі ў зямлянках, галадалі, талакой, па чарзе будавалі хаты і радаваліся мірнаму жыццю.

...У 1987 годзе маёй бабулі Марыі, якая няньчыла мяне і маіх братоў, на жаль, не стала. Сярод жывых няма ўжо і мамы з татам. Я ніколі не бачыла сваіх дзядоў Сцяпана і Аляксея. І калі з першым я «сустракаюся» хоць прыбіраючы яго магілку, то другога хіба памінаю ў царкве, бо ён, мамін тата, загінуў у 1944-м пры вызваленні Літвы.

А пішу я аб гэтым дзеля памяці сваіх продкаў, якім вайна прынесла столькі гора...

І яшчэ — з надзеяй і верай, што мой сын, мае ўнукі, пляменнікі і іх дзеці будуць жыць пад мірным небам.

Валянціна Заяц

Старадарожскі раён

На здымках — мая гаротніца бабуля Марыя Гаўрылаўна Кумагер і тата Аляксандр Сцяпанавіч.


Каштан бараніў да апошняга

Пра вайну расказваюць многія і многае, бо, дзякуй богу, жывыя яшчэ ветэраны, жывыя нашчадкі тых, хто перажыў нямецкую навалу...

Мой тата ўспамінаў, напрыклад, як у першую восень вайны да іх прыбіўся цёмна-рыжы сабачка, ды такі малы і худы, што яго пашкадавалі (на дварэ была халадэча) — пусцілі ў хату, пакармілі, а затым і пакінулі. Ён хутка рос і з цягам часу вырас у прыгожага дужага сабаку. А ўжо ж разумны быў...

Непадалёк ад нас, як тата расказваў, дзейнічалі партызанскія атрады, іх байцы калі-нікалі прабіраліся ў вёску. Сабака вітаў іх радасным брэхам...

І зусім па-іншаму ён сустракаў немцаў. Брэх тады быў проста шалёны: злосны, працяглы... Пачуўшы яго, моладзь, баючыся згону ў Германію, уцякала на балоты, да горшага рыхтаваліся і ўсе вяскоўцы... Каштан (такая клічка была ў сабакі) папярэджваў і такім чынам бараніў ад бяды — можна сказаць, да апошняга. Пад самы канец вайны сабаку забіў бандэравец, які з нашай хаты хацеў вынесці хромавыя боты і кажух... Каштан кінуўся на яго — укусіў за руку. І паплаціўся.

...Пахавалі сабаку пад вярбой у канцы гарода. Тата часта хадзіў туды. І не зразумець было — да сажалкі ці ўсё ж да Каштана?

Ніна Горгуль

г. Мінск


«Магіла яе невядомая»

Усё далей у мінулае сыходзяць падзеі Другой сусветнай... Аднак імёны тых, хто загінуў, хто аддаў жыццё ў імя Перамогі, сысці не павінны.

Наша зямлячка Марына Фядосьеўна Малаковіч была ў сваёй сям'і трынаццатым дзіцем. З 1924 года яна працавала старшынёй бюро юных піянераў у сваім райкаме камсамола, у Жлобінскім і Бабруйскім, скончыла Акадэмію камуністычнага выхавання, выкладала ў Інстытуце савецкага права пры ЦК КП(б)Б, у Беларускім юрыдычным інстытуце.

З яе студэнтаў і выкладчыкаў была створана падпольная група. Яна распаўсюджвала ўлёткі, здабывала зброю і звесткі аб фашысцкіх войсках.

З часам Марына Малаковіч пад выглядам настаўніцы-бежанкі апынулася ў прысталічных Калодзішчах, узначаліла там мясцовае падполле. Да канца 1942 года арганізацыя налічвала больш за 70 чалавек. Маючы два радыёпрыёмнікі, падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Савінфармбюро і лістоўкі, наладзілі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Разгром», «За Савецкую Беларусь», імя Шчорса і іншымі, перадавалі ім схемы размяшчэння аэрадрома, склада боепрыпасаў у Сляпянцы, бензасховішчаў і ваенных складоў у вёсцы Сухарукія, планы гарнізонаў у Калодзішчах, Уруччы...

У маі 1943 падпольшчыцы М. Ф. Малаковіч, А. С. Старасціна і партызанка Г. Ф. Фінская схілілі нямецкага інжынера сувязі, афіцэра Карла Круга перайсці да партызанаў. У выніку савецкае камандаванне атрымала каштоўную інфармацыю аб ваенна-паветраных сілах групы армій «Цэнтр», размяшчэнні 32 аэрадромаў, колькасці самалётаў, сістэме супрацьпаветранай абароны праціўніка.

Падпольшчыкі пераправілі партызанам вялікую колькасць зброі і боепрыпасаў, медыкаментаў, бланкаў дакументаў і пропускаў, у 1943 годзе перадалі на Вялікую зямлю 10 тысяч рублёў аблігацыямі і грашыма, вывезлі з Мінска да партызанаў вядомых навукоўцаў АН БССР — гісторыка М. М. Нікольскага і прафесара ў галіне будаўнічай механікі А. А. Краўцова. Сумесна з партызанамі падпольшчыкі праводзілі дыверсіі на варожых камунікацыях і ў месцах размяшчэння воінскіх часцей.

У жніўні 1943 года па даносе здрадніка Марына Малаковіч была схоплена гітлераўцамі. Пасля нечалавечых катаванняў у засценках гестапа яе расстралялі.

...З фатаграфіі на нас шчаслівымі вачыма глядзяць Марына Фядосьеўна і яе дзеці. Сын Аляксандр стаў доктарам тэхнічных навук і як навуковец падтрымлівае сувязь з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, дачка Ірына прысвяціла сваё жыццё журналістыцы, выдала кнігу «Партрэт маці».

Імя Марыны Малаковіч носяць школа і праезд у Мінску, вуліца ў пасёлку Калодзішчы.

Магіла яе невядомая.

Валерый Васілеўскі

г. п. Глуск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.