Вы тут

Пра што насельнікі інтэрната расказалі высокім гасцям за чаем?


3 мая ў Мінскай вобласці прайшла акцыя «Падары радасць блізкаму». У гэты дзень святары, прадстаўнікі мясцовай улады, валанцёры наведалі сацыяльныя ўстановы і ўручылі іх насельнікам падарункі.


Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, пабывалі ў Лагойскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

— Установа існуе з 1958 года. Адначасова яна можа прыняць 204 чалавекі. Сёння тут пражывае 135 пастаяльцаў з усёй Мінскай вобласці, у тым ліку 50 не ўстаюць са сваіх ложкаў і 26 карыстаюцца інваліднымі каляскамі. У 2019-2020 гадах тут праведзены рамонт: заменены дах, вокны, уцеплены сцены, абсталяваны пандусы, падыходы да ганка, праведзена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, — расказаў дырэктар Алег Няхайчык. — Пастаянна ўдасканальваецца абслугоўванне нашых пацыентаў: уводзяцца дадатковыя сацыяльныя нормы, новыя штатныя пасады — псіхолаг, сацыяльны работнік, інструктары па працатэрапіі, набываецца новае абсталяванне. У стадыі прапрацоўкі пытанне аб адкрыцці аддзялення дзённага пражывання.

Аляксандр Турчын і Уладыка Веніямін наведалі жылыя пакоі, і малельню, дзе ёсць усё неабходнае, каб чалавек мог прыйсці і ў цішыні памаліцца.

Жыхары дома-інтэрната паказалі гасцям і свае таленты. Яўген Баешка пад акампанемент сінтэзатара спеў песню «Есть только миг между прошлым и будущим». Святлана Прыбыльская жыве ў адным пакоі з Інай Няронскай. У Святланы хворыя ногі, у Іны дрэнна са слухам і мовай. Жанчыны дапамагаюць адна адной. У іх пакоі шмат вышываных карцін. Свае творы яны ўручылі Уладыку Веніяміну і Аляксандру Турчыну.

Затым адбылася сустрэча за кубачкам чаю. Пастаяльцы расказвалі пра сваё жыццё, як сюды трапілі, бытавыя ўмовы, якія, дарэчы, іх цалкам задавальняюць. Аляксандр Турчын пацікавіўся, што, на іх думку, варта ўдасканаліць.

У асноўным насельнікі інтэрната атрымліваюць сацыяльную пенсію. Пасля адлічэння за догляд ад яе «на руках» застаецца 29 рублёў — 10 %. Гэтых грошай не заўсёды хапае, каб заплаціць за мабільны тэлефон і інтэрнэт. У інтэрнаце добра кормяць, але ж і нечым хочацца калі-нікалі паласавацца. Раней тут жа, у інтэрнаце, здаравейшым ды маладзейшым можна было ўладкавацца на работу. Напрыклад, вахцёрам, пасудамыйкай. Але цяпер гэта забаронена заканадаўствам.

Аляксандр Турчын прапанаваў кіраўніцтву ўстановы падумаць над альтэрнатыўнымі крыніцамі заробку. Напрыклад, стварыць умовы для рэалізацыі прадукцыі, зробленай рукамі пастаяльцаў.

Начальнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Тамара Красоўская лічыць мэтазгодным арганізаваць да 3 ліпеня — Дня незалежнасці Беларусі — тэматычную выстаўку-кірмаш. А выручаныя сродкі накіраваць на закупку матэрыялаў, падтрымку творцаў.

Хвалюе пастаяльцаў і нездавальняючае безбар'ернае асяроддзе. Напрыклад, дрэнна ўладкаваныя тратуары ад інтэрната да цэнтра горада.

Некаторыя насельнікі маглі б пры жаданні хоць зрэдку гатаваць для сябе ежу, якую любяць. Але ва ўстанове няма кухні. Яны прасілі пасля заканчэння рамонту адвесці пад яе асобнае памяшканне.

Аляксандр Турчын паабяцаў, што ўсе гэтыя пытанні будуць прапрацаваны. Кухню можна ўладкаваць з захаваннем супрацьпажарнай бяспекі. А стварэнне безбар'ернага асяроддзя — справа мясцовых улад.

— Такія сустрэчы і зносіны заўсёды ўзбагачаюць. Мы можам вучыцца ў іншых людзей. У кожнага чалавека, які знаходзіцца тут, свая гісторыя жыцця. Хваробы, цяжкасці, смутак і адзінота прывялі іх сюды. Але мы бачым, які аптымізм у гэтых людзей. Яны ўсё пераадольваюць і выказваюць радасць да жыцця. З іншага боку, тых, хто мае значна больш магчымасцяў, такое знаёмства абавязвае да большага. У гэтым сутнасць хрысціянства, залог гарманічнага развіцця грамадства. Хочацца, каб гэтае добрае пачынанне распаўсюдзілася як мага шырэй, на ўсе рэгіёны краіны, — пажадаў мітрапаліт Веніямін.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

г. Лагойск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».