Вы тут

Аляксандр Лукашэнка правёў нефармальную сустрэчу з Ігарам Дадонам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння праводзіць сустрэчу са старшынёй партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова, экс-прэзідэнтам гэтай краіны Ігарам Дадонам, паведамляе БЕЛТА.


Telegram-канал «Пул Першага» ўдакладняе, што сустрэча праходзіць за горадам. Апублікаваны некалькі сумесных фатаграфій беларускага лідара з Ігарам Дадонам.

Цікава, што з 5 па 7 мая праходзіць візіт дэлегацыі парламента Малдовы ў Беларусь. Запланаваны сустрэчы ў Нацыянальным сходзе і ўрадзе. Адбудзецца таксама афіцыйнае адкрыццё бюста-помніка малдаўскаму воіну, Герою Савецкага Саюза Іону Солтысу, устаноўленага ў Мінску на скрыжаванні вуліц Солтыса і Ваўпшасава. Дэлегацыя таксама наведае мемарыяльны комплекс «Хатынь», прыме ўдзел у закладцы капсулы з зямлёй з месцаў пахавання малдаўскіх воінаў, загінулых пры вызваленні Беларусі, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Пагаварылі шчыра, абмеркавалі санкцыі, палітыку і не толькі

Кіраўнік дзяржавы з цеплынёй вітаў Ігара Дадона, адзначыўшы, што яго прыезд якраз прыпаў на светлыя святочныя дні: «Малайчына, што прыехаў! Не прыехаць не мог. Таму што, сапраўды, у свой час ты ўжо настолькі завязаўся тут з добрымі агульнымі беларуска-малдаўскімі справамі. Асабліва ў гуманітарным плане».

«Дзякуй, што ёсць магчымасць сустрэцца, паразмаўляць, абмяняцца вопытам і думкамі аб тым, што адбываецца ў свеце. Мы бачым, што вельмі няпроста і ў нашым рэгіёне. У вас было няпроста, але ў вас ужо як быццам бы супакоілася», — сказаў у адказ Ігар Дадон.

Ён адзначыў, што гэтымі днямі ў Беларусі праходзіць афіцыйны візіт спікера малдаўскага парламента, у праграме — сустрэчы ў Нацыянальным сходзе, урадзе, шэраг знакавых памятных мерапрыемстваў.

Сустрэча праходзіла за горадам. «Я тут у вас першы раз», — падкрэсліў Ігар Дадон.

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што нячаста запрашае замежных гасцей да сябе дадому. «У мяне не прынята запрашаць дадому. Думаю, можа, не спадабаецца», — сказаў ён. Тым не менш кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам прымае тут гасцей. У іх ліку, напрыклад, былі лідары Расіі і Кітая.

«Ты ж чытаў, напэўна, пра маё «залатое дно» і палацы... Табе, думаю, пакажу «залатое дно» — з гумарам заўважыў беларускі лідар.

«Я гэта глупства не чытаю», — адзначыў Ігар Дадон.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў госця ў даволі сціплы па памерах, але з густам зроблены і ўладкаваны драўляны дом. «Гэта мой любімы палац», — сказаў ён.

Прэзідэнт расказаў і пра сваю падсобную гаспадарку. Як вядома, кіраўнік беларускай дзяржавы захапляецца сельскай гаспадаркай і часта асабіста эксперыментуе, правяраючы тыя ці іншыя напрацоўкі айчынных вучоных-аграрыяў. «Там у мяне цэлая ферма — коні, трусы, страусы... І сельскагаспадарчая тэхніка. У мяне цераз дарогу 37 га зямлі. Не мае, а мясцовага кааператыва», — правёў невялікую экскурсію Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што ў свой час яго натхніла прырода гэтых мясцін. «Цяпер мы з табой сфатаграфуемся каля майго дуба. Адзін, другі і там тры. Яны ўжо старэнькія і неяк хварэлі. Я іх ратую. Гадоў 20, колькі тут жыву, я іх увесь час ратую. Калі пачалі іх даглядаць — адгукнулася прырода», — падзяліўся асабістай гісторыяй кіраўнік дзяржавы.

У 2020 годзе тавараабарот Беларусі і Молдовы склаў $204,1 млн, скараціўшыся на фоне пандэміі на 9,4 працэнта ў параўнанні з 2019 годам. Сальда дадатнае — $61,1 млн. У студзені-лютым 2021-га тавараабмен вырас да $33,8 млн, што склала 123,5 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2020 года. Асноўныя экспартныя пазіцыі — нафтапрадукты, тралейбусы, трактары, лекавыя сродкі, шкловалакно, пліты і плёнкі з пластмас. З Малдовы імпартуюцца вінаградныя віны, моцныя спіртныя напіткі, кукуруза, свежыя і кансерваваныя фрукты і агародніна, дываны і падлогавыя пакрыцці.

У Беларусі дзейнічаюць 23 прадпрыемствы з малдаўскім капіталам, у тым ліку 7 сумесных і 16 замежных арганізацый. У Малдове працуюць больш за 60 прадстаўніцтваў, суб’ектаў ТПС дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў, 3 зборачныя вытворчасці (збіраюцца тралейбусы «Белкамунмаш», трактары Смаргонскага агрэгатнага завода і Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў).

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.