Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Вяртаўся ўчора вечарам дадому ў раёне пл. Перамогі. Гляджу: каля ўвахода ў метро адкрыўся вялікі кніжны «OZ.by» (там, дзе раней «Кристалл» быў). Я ў «Кристалл» звычайна не заходзіў, але ў кніжны вырашыў зайсці.


Заходжу, а там ужо процьма народу: папулярны брэнд, ну! Некаторыя наведвальнікі, як мне здалося, паглядзелі на мяне са здзіўленнем. (Пэўна, і сапраўды падалося.)

Карацей, прайшоў я метраў пяць углыб крамы, падышоў да прылаўка з кнігамі. І адчуваю патыліцай нейкую напружаную атмасферу.

Павярнуўся — а ў краме ўсе стаяць і глядзяць у мой бок. Я спачатку злёгку збянтэжыўся, але тут на выручку прыйшла дзяўчына, якая стаяла побач:

— Прывітанне! Запрашаем вас заўтра на адкрыццё нашай крамы!

(Вось чаму, думаю, нейкая дзіўная ў іх тут атмасфера!)

Кажу дзяўчыне:

— Але ж я ўжо прыйшоў.

— Сёння мы, на жаль, не працуем.

Вось гэта сапраўды «шкада». Можна, вядома, і заўтра зайсці (то-бок ужо сёння), але неяк няёмка два разы запар адкрываць адну і тую ж краму...

* * *

Брат расказаў гісторыю, якая адбылася пару гадоў таму: некалькі дзён запар у яго пад вокнамі ноччу спрацоўвала аўтасігналізацыя. Раўла доўга, не даючы спаць людзям. У адзін цудоўны дзень, дакладней у адну цудоўную ноч, брат не вытрымаў і спусціўся ўніз.

Пад вокнамі ён выявіў старадаўні «корчваген», які, не змаўкаючы, роў на ўвесь двор. Пашукаўшы і не знайшоўшы паперку з нумарам тэлефона, каб пазваніць уладальніку, ён тузануў за ручку дзверцаў. Яны нечакана адчыніліся (лагічна: навошта зачыняць дзверы, калі ёсць такая крутая сігналізацыя?).

Далей брат успомніў, што калісьці ў маладосці быў нядрэнным аўтамеханікам: карацей, ён адкрыў капот, знайшоў сірэну, якая дзіка выла, вырваў яе разам з правадамі і кінуў у багажнік аўто.

На рэзоннае пытанне наконт магчымых адбіткаў пальцаў брат сказаў: «Дык я ж у пальчатках быў». Ну што тут скажаш? Прафесіянал!

Да чаго гэта я? Калі пад вашымі вокнамі рэгулярна вые чыясьці сігналізацыя, ёсць чалавек, які вырашыць гэту праблему раз і назаўсёды. І нават не факт, што возьме за гэта грошы.

* * *

Старэйшая дачка зрабіла сабе на сняданак аладкі з варэннем. Малодшая ўбачыла і выпрасіла ў яе некалькі аладак. Атрымаўшы тое, што прасіла, уселася побач з сястрой за стол, мачае аладку ў варэнне і кажа:

— Класна, Марта, што мы з табой сяброўкі!

Дзіўна, чалавеку толькі два з паловай гады, а ўжо кеміць: у сям'і, дзе ёсць ажно чатыры сястры, быць проста сястрой недастаткова, каб атрымаць запаветную аладку. Трэба яшчэ абавязкова быць сяброўкай.

P. S. А я на ўсё гэта гляджу і думаю: ці тое яшчэ будзе...

* * *

Успомніўся забаўны выпадак, які адбыўся ў маёй школе гадоў трыццаць таму.

Тыя, хто вучыўся ў савецкай школе, вядома ж, памятаюць такія незразумелыя ўрокі, якія называліся «Палітінфармацыя». Падчас гэтых заняткаў савецкім школьнікам расказвалі пра палітычную абстаноўку ў свеце, падкопы праклятых імперыялістаў і вялікія дасягненні Краіны Саветаў. Адным словам, пускалі пыл у вочы. Прычым мы гэта цудоўна разумелі, але ўспрымалі тыя заняткі як данасць, прыкладна як партрэты Леніна на сцяне.

Аднойчы, калі мы вучыліся ў класе пятым, праводзіць «Палітінфармацыю» для малодшых класаў даручылі старшакласнікам. І вось яны, расказваючы нам пра чарговы Пленум ЦК КПСС, працытавалі прамову таварыша Шэварднадзэ. Пасля чаго вядучы важным голасам спытаў:

— Дзеці, а вы ведаеце, хто такі таварыш Шэварднадзэ?

І вось гэты момант я запомніў вельмі добра. Спачатку ў класе павісла цішыня, таму што ніхто ўяўлення не меў, хто такі гэты самы Шэварднадзэ, а потым пачуўся гучны голас майго сябра Філіпа (пасля чаго цішыня стала ўжо магільнай):

— Грузін!

У вядучага «Палітінфармацыі» літаральна адняло мову. Астатнія старшакласнікі таксама пабялелі. Я хоць і не ведаў, хто такі Шэварднадзэ, але хутка зразумеў, што цяпер у Філіпа будуць праблемы, можа, нават выклічуць да дырэктара бацькоў.

Калі старшакласнікі адышлі ад шоку, той, хто вёў урок, абражана сказаў:

— Запомніце, дзеці, таварыш Шэварднадзэ — гэта член Палітбюро ЦК КПСС!

(І тут я зразумеў, што Філіпа цяпер выключаць са школы.)

Але, на шчасце, даволі хутка таварыш Шэварднадзэ пакінуў Палітбюро, а неўзабаве пасля гэтага разваліўся і Савецкі Саюз, і Філіп застаўся ў нашай школе.

Да таго ж высветлілася, што мой сябар меў рацыю: таварыш Шэварднадзэ сапраўды аказаўся грузінам.

P. S. Гэта было адзінае, што я запомніў за доўгія гады наведвання цудоўных урокаў пад назвай «Палітінфармацыя».

Павел ХОЛАД

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.