Вы тут

Хто ў сям'і галоўны і што такое ктуба?


На зямлі беларускай не адно стагоддзе жывуць побач людзі розных нацыянальнасцяў. І мы заўсёды цікавыя адзін аднаму, з радасцю даведваемся больш пра ўклад жыцця і культуру сваіх суграмадзян. Сёння паразмаўляем пра яўрэйскія сямейныя традыцыі. Наш суразмоўнік — намеснік старшыні Бабруйскага іўдзейскага рэлігійнага таварыства, краязнаўца і аўтар шэрагу лекцый па яўрэйскай гісторыі Беларусі Алег КРАСНЫ.


— У яўрэйскай традыцыі няма гендарнай роўнасці. Не тое што «адзін вышэйшы, іншы ніжэйшы», а «ёсць жаночыя абавязкі, ёсць — мужчынскія». Гэта не значыць, што мужчына не памые посуд, не значыць, што жанчына не будзе працаваць. Але ёсць такі закон: мужчына — гаспадар у сям'і, а жанчына — гаспадыня ў доме. Рэлігійны мужчына ў жыцці не спытае ў сваёй жонкі, чаму шторкі на кухні ружовыя. Яна вырашыла, што лепш ружовыя — значыць, ружовыя. Ён не будзе пытацца: «Чаму ты прыгатавала мне такі суп?» Таму што яна так вырашыла. Можна, вядома, папрасіць: «Вельмі хочацца дранікаў», але яна можа адказаць: «Яны па плане праз два тыдні».

Задача мужа — зарабляць, утрымліваць сям'ю, даваць дзецям адукацыю, вучыць іх маліцца і чытаць Тору. Задача жанчыны — трымаць дом, дапамагаць свайму мужу і выхоўваць дзяцей. Калі хлопчык раптам аказаўся невукам, яго маме ніхто і слова не скажа, прэтэнзіі будуць да бацькі. Але вось калі хлопчык дрэнна паводзіў сябе на вуліцы, маці даведаецца першай. Шмат што з гэтага захавалася і сёння. Муж можа быць вялікі начальнік ці равін, але дома ён падпарадкоўваецца правілам жонкі. Так, прылюдна яна не будзе рабіць яму заўвагі. Але гэта зусім не значыць, што дома ён не ўбачыць позу рукі ў бокі, як у показцы: «Мне пляваць, на якім баку ў цябе цюбяцейка!» І мужы не спрачаюцца з жонкамі. Ёсць такі жарт: «Кажуць, яўрэйскія сем'і лічацца больш моцнымі. Чыя гэта заслуга? Вядома, гэта заслуга яўрэйскага мужчыны. Таму што як мама яму ў дзяцінстве патлумачыла, хто ў доме галоўны, так ён жонку і слухаецца». Насамрэч гэта велізарная мудрасць. Мужчына не глядзіць на дом так, як жанчына. А яна бачыць не проста жыллё — ачаг. Не трэба лезці ў яе справы.

Вядома, жанчына можа працаваць, але сямейныя абавязкі ніхто з яе не здыме. Пры гэтым хатняя гаспадыня — гэта вельмі паважаная прафесія для яўрэйскай сям'і. Калі дом у парадку, дзеці і муж добра дагледжаны, ніхто не спытае: «Чаму ты не працуеш?» А вось у адваротнай сітуацыі мужчыну дакладна не зразумеюць.

— А як выбудоўваюцца адносіны паміж дзецьмі і бацькамі?

— У яўрэйскай сям'і высока ставяць шанаванне старэйшых. Але асабліва моцна — шанаванне маці. Ёсць такі жарт: «Апошняе, што можа зрабіць яўрэйская жонка, — гэта спаборнічаць з яўрэйскай маці». А ўжо прыхільнасць жанчын да дзяцей перарастае ў жарты накшталт: «Яўрэйская мама так любіць сваё дзіця, што ў яе абдымках можна задыхнуцца» або «Чым адрозніваецца яўрэйская мама ад тэрарыста? З ім у прынцыпе можна дамовіцца» і г. д.

Цар, бог і воінскі начальнік у сям'і — гэта дзіця. Як яўрэй песціць сваіх дзяцей, ужо стала пагалоскай. У сям'і не прынята сварыцца з дзіцем, мама ніколі не скажа сыну: «Додзік, ты дурань». Нават калі Додзік «адмачыў» поўнае глупства, яўрэйская мама скажа нешта накшталт: «Додзечка, сыночак, ты такі разумны хлопчык. Нават дзіўна, што такі разумны хлопчык зрабіў такое глупства». Дзяцей песцяць і вельмі любяць, але пры гэтым яўрэйскае паўналецце надыходзіць у дзяўчынак у 12, а ў хлопчыкаў у 13 гадоў. Пасля гэтага яны лічацца дарослымі і павінны цалкам адказваць за свае ўчынкі.

— Якія рэлігійныя правілы паводзін ёсць у сям'і?

— Паводзіць сябе ў сям'і трэба стрымана. Яўрэйскі мужчына павінен быць спакойным, удумлівым і сціплым. Нават калі ён вельмі заможны. У Талмудзе ёсць такое правіла: муж абавязаны ўтрымліваць сябе ніжэй за свае магчымасці, дзяцей — нароўні са сваімі магчымасцямі, а жонку — вышэй за свае магчымасці.

Але жанчына не абвешвае сябе каштоўнасцямі, апранаецца таксама проста. Пры гэтым яе сукенка можа быць пашытая з кітайскага шоўку, які каштуе даражэй, чым сабалінае футра. Таксама замужнія жанчыны ходзяць з пакрытай галавой.

— Раскажыце пра асаблівасці яўрэйскіх вяселляў.

— На традыцыйным яўрэйскім вяселлі ёсць заручыны і абрады. Напрыклад, маладыя знаходзяцца пад балдахінам, які абавязкова павінен стаяць на вуліцы. Гэта трэба для таго, каб Усявышні ўдзельнічаў у імпрэзе. Маці і свякроў сем разоў абводзяць нявесту вакол жаніха, чытаючы спецыяльныя малітвы. Сам шлюб — гэта прачытанне пэўнай малітвы, пасля чаго маладыя становяцца мужам і жонкай.

Муж надзявае пярсцёнак на ўказальны палец жонкі. Сэнс у тым, што калі яна будзе ўказваць яму гэтым пальцам, то ўспомніць, што яна замужам, і падумае, каму тыцкае. Можа, часам, гэтага рабіць не варта? Дарэчы, заручыцца можна было не толькі пярсцёнкам, але і любой рэччу, якая мае кошт. Хоць традыцыйна гэта пярсцёнак. Раней мужчыны не насілі іх, але цяпер усё змянілася.

Гуляюць вяселле мужчыны і жанчыны ў розных памяшканнях. Гэта зроблена для таго, каб добра павесяліцца, але не выглядаць нясціпла. Мужчына заўсёды павінен глядзець на сваю жонку, калі тая танцуе, а не на чужую. Дома можна танцаваць перад мужам, братам або бацькам. А на свяце трэба, каб дрэнныя думкі не лезлі ў галаву іншаму мужчыну, асабліва калі ўсе выпілі. Усявышні не сумняваецца ў прыстойнасці жанчын, тут хутчэй трэба адгарадзіць мужчын ад спакусы.

Ёсць цікавая традыцыя — насіць маладых на крэслах, як цара і царыцу. Нявесту носяць жанчыны, а жаніха — мужчыны. Лічыцца вельмі добрай справай у дзень вяселля атрымаць благаславенне ад маладых. Асабліва калі людзі хочуць ажаніцца або завесці дзяцей. У гэты дзень жаніх і нявеста ўспрымаюцца як пасланцы Усявышняга.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— Што такое ктуба?

— Гэта шлюбны дагавор, дзе прапісаны абавязацельствы жонкі і мужа адно перад адным. Тэкст ктубы старадаўні, у яго толькі ўпісваюць імёны жаніха, нявесты і рабіна. А таксама адступныя грошы. Гэта сума, якую муж абавязаны выплаціць жонцы ў выпадку разводу, калі разрыў адбываецца не па яе віне. Яе віной можа быць, напрыклад, здрада. Або калі ў сям'і 7 гадоў няма дзяцей. Дапусцім, муж не хоча разводзіцца з-за адсутнасці дзяцей. Тады сям'я захоўваецца. А вось калі адбылася здрада, ёсць цікавае правіла. Калі муж здрадзіў жонцы і яна гатовая яму дараваць, сям'я захоўваецца. А калі жонка здрадзіла мужу і ён гатовы ёй дараваць — у яго такога права няма, ён абавязаны развесціся. У гэтым ёсць глыбокі філасофскі сэнс. Нашы мудрацы добра ведалі людзей і разумелі, што мужчыны нясталыя. Вось яму стрэльнула нешта ў галаву, ён пагуляў, а потым будзе ўсё жыццё раскайвацца і маліць дараваць яму. Але калі жанчына здрадзіла мужу, то адбылося нешта страшнае, у аснове ляжыць нейкая вялізная праблема, і сям'я не адновіцца. Нашы мудрацы лічаць, што калі жонка здрадзіла мужу, ні яна, ні ён не змогуць з гэтым змірыцца.

Лічба разводных грошай у дамове можа павышацца, калі нявеста прыйшла з багатым пасагам. Ктубу звычайна захоўваюць дома ў рамцы над ложкам. І калі мужу нешта не падабаецца, некаторыя жонкі кажуць: «Ідзі сюды, пачытай гэтую лічбу». У дакуменце прапісаны і абавязацельствы. У жонкі іх тры: паважаць мужа, утрымліваць дом у парадку і клапаціцца пра дзяцей. А абавязацельствы мужа перад жонкай — гэта велізарны тэкст, які абараняе жанчыну маральна і матэрыяльна. Людзі раней разумелі, што, калі жанчына няшчасная, сям'і не будзе.

— Чаму нацыянальнасць перадаецца па жаночай лініі?

— На гэтую тэму ёсць шмат думак і анекдотаў. Звычайна крытыкі іудаізму ўспамінаюць народную версію: хто нарадзіў дзіця — дакладна вядома, а бацька і тата могуць быць рознымі людзьмі. У рэчаіснасці гэта проста гумар. Хоць верай у гэта грашаць нават многія гісторыкі. Яны спасылаюцца на часы рымскага валадарства, калі жанчыны падвяргаліся гвалту.

На самай справе закон ідзе з Торы. Яшчэ ад Абрагама і Сары. Усявышні абяцаў ім дзяцей, хоць яны былі пажылыя людзі. У Сары дзетародны ўзрост скончыўся, як яна сама казала: «У мяне спынілася звычайнае жаночае», гэта значыць, яна ніяк не магла мець дзіця. Але, разумеючы, як муж хоча дзяцей, дала яму ў наложніцы сваю служанку. І тая нарадзіла Абрагаму сына Ісмаіла, які стаў прабацькам арабскага народа (таму арабы заўсёды кажуць: «Мы для яўрэяў старэйшыя браты»). Абрагам яго песціў, таму што доўга чакаў наследніка (Абрагаму было амаль сто гадоў, калі гэта адбылося). Але тут пачынаюцца сямейныя разборкі. Жанчына, што нарадзіла дзіця, лічыць, што яна важнейшая за гаспадыню. Абрагам пакрысе прыгнятае Сару. І тут яму з'яўляецца анёл і кажа: «Не будзе Ісмаіл табе наследнікам, праз жонку сваю атрымаеш патомства сваё». Праз некаторы час Сара нараджае Ісака, ён становіцца прабацькам яўрэйскага народа. Па законах таго часу наследнікам быў старэйшы сын. Але тое, што Ісаак быў народжаны ад Сары (гэта значыць, ад першай яўрэйскай жанчыны), робіць наследнікам яго. З таго часу традыцыя такая, што маёмасць і прозвішча перадаюцца па бацьку, а яўрэйства — па маці.

Калі бацька яўрэй, а маці — не, то ў дзіцяці ёсць магчымасць прайсці гіюр. Гэта пэўны рэлігійны абрад пераходу ў яўрэйскі народ. Ён складаны і працяглы, можа займаць 2–4 гады, а можа — і 10 гадоў. Цікава, што, з пункту гледжання Галахі (яўрэйскага закона), чалавек, у якога 3/4 яўрэйскай крыві, такі ж неяўрэй, як любы рускі, казах ці туркмен. А вось калі ў яго ўсе сваякі не яўрэі, акрамя мамы (гэта значыць, захавана жаночая ніць), то дзіця яўрэй на 100 %.

Валянціна Быстрымовіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.