Вы тут

Не ў грошах шчасце? Чым адрозніваецца мысленне багатых і бедных?


Напэўна, сцвярджэнне аб тым, што грошы — зло, любому сучаснаму чалавеку падасца абсурдным. Але, калі верыць псіхолагам, часта людзі падсвядома супраціўляюцца магчымасці выбрацца з галечы. Адкуль бяруцца «бяскрыўдныя» звычкі, якія прыводзяць да матэрыяльнай нястачы, і як пазбавіцца ад негатыўных установак, звязаных з фінансавым дабрабытам?


Нам засталася спадчына...

«Я ўпэўнены, што галеча і багацце — якасці прыроджаныя. Адзін нараджаецца жабраком, другі — багатым. І грошы тут фактычна ні пры чым. Беднякі пры любых абставінах церпяць страты. Беднякоў пастаянна штрафуюць нават за тое, што іх сабака аправіўся ў неналежным месцы. Калі бядняк выпадкова губляе дробязь, то грошы абавязкова правальваюцца ў люк. А ў багатых усё наадварот. Яны знаходзяць грошы ў старых пінжаках. Выйграюць па латарэі. Атрымліваюць у спадчыну дачы ад малазнаёмых сваякоў. Іх сабакі ўдастойваюцца на выставах грашовых прэмій», — пісаў Сяргей Даўлатаў. Псіхолагі згодныя са знакамітым пісьменнікам: стаўленне да грошай сапраўды фарміруецца ў дзяцінстве. Багацце і беднасць можна лічыць якасцямі чалавека — праўда, не прыроджанымі, а набытымі, выхаванымі ў бацькоўскай сям'і.

І вось тут цытата, якую мы ўспомнілі, цалкам правамерная. Беднасць у першую чаргу ў галовах, а не ў абставінах, кажа псіхолаг і бізнес-коўч Вікторыя Кім. І часам дастаткова зірнуць на сям'ю, каб яшчэ да нараджэння дзіцяці прадказаць, будзе яно жыць у дастатку або ў пастаяннай матэрыяльнай неўладкаванасці.

Эканоміка павінна быць эканомнай

Калі вам злёгку за сорак, вы, напэўна, чулі гэту фразу, хоць, магчыма, ужо не ўспомніце, што яе аўтарства належыць Леаніду Ільічу Брэжневу. Фраза пайшла ў народ, і ў няпростыя перабудовачныя часы яе жартам і ўсур'ёз прамаўлялі ў самых розных абставінах. Гэтая фраза-ўстаноўка ілюструе адну з распаўсюджаных падсвядомых перашкод на шляху да матэрыяльнага дабрабыту.

— Калі ў вас мысленне беднага чалавека, то, сутыкнуўшыся з матэрыяльнымі цяжкасцямі, вы будзеце шукаць магчымасці скараціць свае выдаткі, адмовіць сабе ў яшчэ большай колькасці патрэб, «зацягнуць паясок». Калі ж у вас мысленне багатага чалавека, вы будзеце шукаць варыянты павышэння сваіх даходаў (дадатковыя крыніцы заробку ці, напрыклад, пасіўнага даходу), пашыраць свае прафесійныя кампетэнцыі або спрабаваць навучыцца таму, што запатрабавана больш, чым ваша спецыяльнасць.

Жаданне сэканоміць спараджае імкненне купляць па зніжцы. І вось вы імчыцеся на іншы канец горада, таму што «там зніжка». І зніжка невялікая, калі дадаць да кошту рэчы кошт праезду і змарнаваны час — на пошукі ў інтэрнэце зніжкі і падарожжа праз увесь горад.

— Тут можна ўспомніць і такія спосабы «эканоміць», як непатрэбныя пакупкі «па суперцане», і гарачы водгук на акцыю «дзве рэчы па цане адной», асабліва калі вам не патрэбна нават адна такая рэч, — адзначае суразмоўца. — І набыццё лішняй колькасці прадуктаў, якія ваша сям'я не паспявае з'ядаць да таго, як яны сапсуюцца, і купля круп або туалетнай паперы «на чорны дзень».

Для патэнцыяльна багатага чалавека найбольш каштоўны рэсурс — гэта час. Час такі чалавек выдаткоўвае на працу або вучобу, павышэнне кваліфікацыі, пошук новых крыніц даходу.

Што не з'ем, тое пакусаю

Мысленне беднасці мае і іншую грань, кажа псіхолаг. Гэта звычка жыць не па сродках. Такія людзі наогул адмаўляюцца ствараць хоць бы тоненькую фінансавую «падушку бяспекі» і жывуць нібы адным днём. Між тым, падкрэслівае спецыяліст, адкладаць усё ж трэба 10 % ад усіх паступленняў, нягледзячы ні на што.

— Тыя з людзей з мысленнем беднякоў, хто схільны жыць не па сродках, імкнуцца дэманстраваць знаёмым і незнаёмым сваю паспяховасць і заможнасць, — кажа псіхолаг. — Таму што больш за ўсё яны баяцца, што нехта вырашыць, быццам яны... бедныя. Гэта яны ў шкоду ўласнаму рацыёну харчавання купляюць «яблычны» айфон самай апошняй версіі. Гэта яны ладзяць вяселле «не горш, чым у людзей» (на сто пяцьдзясят чалавек у шыкоўным рэстаране) — зразумела, у крэдыт, хоць працэнтная стаўка сёння наўрад ці здольная парадаваць, а сумы пераплат выклікаюць здзіўленне. Гэта яны купляюць шыкоўную машыну, якую пасля выплат па крэдыце няма грошай запраўляць. Зразумела, ёсць рэчы першай неабходнасці, без якіх не абысціся. Калі ў вас зламаўся халадзільнік і на дадзеным этапе купіць яго вы можаце толькі ў крэдыт — нічога не зробіш. Але купля ў крэдыт, дапусцім, велізарнай «плазмы» ці іншых прадметаў не першай неабходнасці — пагадзіцеся, не самае разумнае рашэнне. Асабліва ўлічваючы, што падобныя рэчы не ліквідныя: ператварыць іх назад у грошы ў выпадку неабходнасці можна будзе толькі са значнымі стратамі.

Перш чым узяць крэдыт, адзначае суразмоўца, задайцеся пытаннем: калі вам не хапае матэрыяльных сродкаў сёння, адкуль яны возьмуцца заўтра, калі прыйдзецца рабіць выплаты банку?

Любоў да «халявы» — яшчэ адна грань мыслення бедняка. Гэтае імкненне ўзнікае ад падсвядомай упэўненасці, што ўсе навокал «павінны» вам за тое, што вам не шанцуе ў жыцці. Бясплатныя семінары, кнігі, трэнінгі — такі чалавек спампуе іх толькі за слова «бясплатна», але наўрад ці пацікавіцца зместам: мысленню беднасці дастаткова ілюзіі самаразвіцця замест рэальнага навучання. Імкненне да «халявы» прымушае такіх людзей усё рабіць «па знаёмстве», што атрымліваецца часта няўдала, а нярэдка і не танней за прафесійныя паслугі з пэўнай аплатай. І гэта яны ў атэлях Турцыі і Егіпта накладаюць велізарныя горы ежы на свае талеркі па прынцыпе «што не з'ем, тое пакусаю» і вязуць дадому атэльныя мыла і шампунь.

Выйсці з зоны камфорту

Чалавек, асуджаны сваёй падсвядомасцю на беднасць, заўсёды адчувае страх страты таго, што ў яго ёсць, нават калі, па сутнасці, у яго нічога няма. Фетыш такіх людзей — «стабільнасць», хай нават гэта стабільна нізкія даходы і стабільная няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Яны гатовыя ўсё жыццё працаваць на нелюбімай, нізкааплатнай рабоце і жыць ад палучкі да палучкі. Але паспрабаваць выйсці з зоны камфорту, рашыцца знайсці іншую работу, а тым больш змяніць сферу дзейнасці — не гатовыя. Бо рызыка прадугледжвае магчымасць пройгрышу, мяняць нешта страшна, а сініца — вось яна: хай дробная, але ў руцэ.

— Нават мінімальнай абароненасці чалавек з мысленнем беднасці аддае перавагу перад дзеяннем. Дзеянне звязана з рызыкай («Ці прыжывуся ў новым калектыве, ці спраўлюся з абавязкамі на новым працоўным месцы, ці здолею асвоіць новую сферу? Бо мне ўжо за 30, 40, 50»). І хай гэтая рызыка можа быць прыступкай на шляху да большай фінансавай свабоды — «разумней» пакінуць усё як ёсць. Аснова падобнай філасофіі — няўпэўненасць у сваіх сілах і нізкая самаацэнка. Плюс, зразумела, лянота і жаль да сябе.

Мысленне забяспечанага чалавека прымушае свайго «гаспадара» пастаянна шукаць шляхі росту дабрабыту, развівацца ў сваёй справе, шмат працаваць і трымаць руку на пульсе жыцця. Псіхолагі кажуць, што паспяховыя бізнесмены ўспрымаюць грошы не як мэту, а як сродак. Ім цікава зарабляць, пашыраючы з іх дапамогай свае магчымасці. Чалавек з мысленнем бедняка (для якога грошы — мэта) аддае перавагу нарміраванаму працоўнаму дню — з дзевяці да шасці, а вечары папросту забівае, утаропіўшыся ў экран тэлевізара і ад нуды едучы шкодную высокакаларыйную ежу.

Дарэчы, пра ежу... Здавалася б, якое дачыненне гэта мае да мыслення багацця ці беднасці?

— Самае прамое, — кажа псіхолаг. — Вы заўважылі, што забяспечаныя людзі эканомяць на сваім здароўі — у правільным сэнсе. Яны імкнуцца захоўваць здароўе, у тым ліку з меркаванняў эканоміі. Хвароба цягне за сабой страту працаздольнасці, а аднаўляць страчанае здароўе або проста падтрымліваць тое, што засталося, — гэта патрабуе сур'ёзных укладанняў, у тым ліку фінансавых. Лячыцца даражэй, чым надаваць час фізічнай актыўнасці і звяртаць увагу на тое, што вы ўжываеце ў ежу.

Кошт рацыёну — важны, але другарадны фактар, адзначае суразмоўца. І з бюджэтных прадуктаў можна скласці як здаровае, так і шкоднае меню.

— Лішняя вага негатыўна ўплывае не толькі на нашу знешнасць, але і на псіхалагічны стан. Уладальнік лішніх кілаграмаў часта становіцца непаваротлівым не толькі фізічна, але і псіхалагічна. І вось вы панура плывяце па цячэнні, а каб «дадаць жыццю фарбаў», радуеце сябе салодкім і фаст-фудам.

Пачым фунт ліха

Задайце сабе пытанне: ці сапраўды вы хочаце жыць у дастатку? Здавалася б, адказ відавочны. Але тут і крыецца праблема.

— Грошы прыходзяць да тых, хто іх не баіцца. Многія нашы суграмадзяне цягнуць гэтую боязь з савецкага мінулага: наша падсвядомасць памятае пра расстраляных буржуяў, рэпрэсіраваных нэпманаў, сасланых у Сібір «кулакоў»... І многія людзі падсвядома баяцца і не жадаюць грошай, хоць быццам бы менавіта пра іх і мараць. Такі вось парадокс.

У краінах Усходняй Еўропы, адзначаюць псіхолагі, многія дзесяцігоддзі культывавалася лжывае ўяўленне аб матэрыяльным дастатку, і мы прыцягнулі яго з сабой ужо ў трэцяе тысячагоддзе. У Англіі фунтамі мераюць стэрлінгі, у нас — ліха.

— Вось абмежавальныя ўстаноўкі, якія вызначаюць мысленне беднага чалавека: «Ніколі не змагу добра зарабляць: я недастаткова ведаю і ўмею для гэтага», «Усім цяжка жыць», «Нічога ў мяне не атрымаецца», «Усё гэта не для такіх, як я», «Сумленна грошай не заробіш», «Багатыя людзі — без сораму і сумлення», «Не шанцуе мне». Сюды ж адносім «перлы» народнай мудрасці: «Лішнія грошы — лішні клопат»; «Багатаму не спіцца: злодзея баіцца»; «Багатаму чэрці грошы куюць», «Кожны павінен несці свой крыж». Гэтыя негатыўныя праграмы не даюць чалавеку дамагчыся поспеху, каб выбрацца з фінансавай ямы, колькі б сіл ён ні прыкладваў.

Законы прыцягнення

Калі доўгія гады вашымі ўчынкамі кіравала мысленне беднага чалавека, змяніць устаноўкі на больш правільныя складана, але магчыма.

— Пачніце з прыняцця думкі, што самі па сабе грошы — не зло, як і не дабро. Зло або дабро — у стаўленні да іх чалавека і ў тых мэтах, якіх ён з іх дапамогай дабіваецца, — кажа Вікторыя. — І цяпер цалкам лагічна будзе дакладна вырашыць, на якія мэты вам патрэбны сродкі. Маючы канкрэтную мэту (а не расплыўчатае жаданне «...а вось было б класна...»), вы падсвядома шукаеце магчымасці для яе ўвасаблення, у тым ліку матэрыяльныя.

Наступная думка, якую важна ўсвядоміць: калі вы цярпець не можаце тых, хто жыве ў дастатку, вам ніколі не трапіць у іх лік. Ваша падсвядомасць не дасць вам дасягнуць фінансавай стабільнасці — бо тады і вы апыняцеся сярод тых, у каго «ні сораму, ні сумлення».

— Псіхіка сфармулюе наступныя ўстаноўкі, якія вызначаюць ваша жыццё: «Калі я стану фінансава забяспечанным, наўрад ці змагу сябе паважаць. А я гэтага не хачу. Людзі адвярнуцца ад мяне, а я гэтага не хачу. У багатых мноства праблем. Яны павінны кіраваць сваімі грашыма, а я не ведаю, як гэта рабіць. Яны — аб'ект зайздрасці. У іх бываюць праблемы з законам. Навошта мне праблемы? Пакуль у мяне няма грошай, я жыву спакойна». Гэты механізм працуе на здзіўленне выразна, не дазваляючы выйсці з зоны камфорту: вы «па аб'ектыўных прычынах» прапускаеце сумоўе для працаўладкавання, якое магло б адкрыць вам новыя прафесійныя і фінансавыя магчымасці, хварэеце на грып якраз падчас важнага жыццёвага этапу, губляеце выйгрышны латарэйны білет... Памяняйце ўстаноўкі — зменіцца жыццё. І, нарэшце, галоўнае, што трэба ўсвядоміць: матэрыяльны дастатак прыходзіць толькі да тых, хто гатовы працаваць для яго дасягнення. Прадумайце свае рэсурсы, крокі і канчатковую мэту. Складзіце канкрэтны план — на найбліжэйшы год, месяц, тыдзень і дзень. І штодня рабіце крок у вызначаным кірунку.

Дзіяна Роніна

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».