Вы тут

Крокі да інклюзіі. Праз спорт да роўных магчымасцяў


Таццяна Якаўлева — музыкант, педагог і дырэктар міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Аўтызм. Дзеці. Бацькі». Трынаццаць гадоў таму яна стала шматдзетнай маці: у яе нарадзіўся сын Ілья, які змяніў яе жыццё назаўседы. У тры з паловай года яму паставілі дыагназ: аўтызм. Ёй здавалася, што гэта немагчыма. Малы нічым не адрозніваўся ад іншых дзяцей.

Хлопчык не мог утрымаць увагу надоўга, але ён быў зусім маленькі, і здавалася, што ён проста абстрагаваўся, калі яму станавілася нецікава. Былі праблемы і са сном. МДГА «Аўтызм. Дзеці. Бацькі» — адзіная арганізацыя з рэспубліканскім статусам у галіне праблем аўтызму. Яна аб'ядноўвае больш за 200 беларускіх сем'яў, мае рэгіянальных прадстаўнікоў у абласных і раённых гарадах: Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Баранавічах, Мазыры і іншых. Працуе ў партнёрстве з дзяржаўнымі структурамі і міжнароднымі дабрачыннымі фондамі.


Калі хлопчыку было два гады, ён раптам перастаў размаўляць, але такое здараецца з некаторымі дзецьмі, таму Таццяна не ўспрымала асаблівасць сына як трагедыю. Ілья не любіў хадзіць у госці, пачынаў гучна плакаць і закрываў вушкі, але тады здавалася, што гэта такая рыса характару.

Ільі ішоў чацвёрты год, калі ўчастковы педыятр звярнула ўвагу маці на асаблівасці сына. У хуткім часе яны аказаліся на прыёме ў псіхіятра, які і паставіў дыягназ. Таццяна не разумела, што значыць «аўтызм», і таму на некалькі месяцаў нырнула ў інтэрнэт, каб даведацца, што гэта такое і як дапамагчы сыну.

З часам Таццяна зразумела, што спачатку ёй трэба аб'яднаць бацькоў такіх дзяцей, каб мець магчымасць падтрымліваць адзін аднаго. Так з'явілася міжнародная дабрачынная грамадская арганізацыя «Дзеці. Аўтызм. Бацькі», якая сваёй мэтай бачыць спрыянне развіццю інклюзіўнага грамадства.

— Дзеці з расстройствам аўтыстычнага спектра (РАС) патрабуюць сацыяльнага ўключэння, — тлумачыць кіраўнік грамадскай арганізацыі. — Вельмі важна, каб яны вучыліся ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі. Калі гэтага не рабіць, то такія дзеці, стаўшы дарослымі, не змогуць жыць самастойна. Гэта гора не толькі для бацькоў і родных — дзяржава губляе будучых падаткаплацельшчыкаў. Калі стварыць інклюзіўнае асяроддзе для людзей з РАС, то яны змогуць жыць як звычайныя людзі і прыносіць карысць дзяржаве.

Сёння мы ведаем шмат вядомых людзей з РАС, якія не лічацца інвалідамі, напрыклад, рэжысёр Стэнлі Кубрык, музыкант і актрыса Кортні Лав і шмат іншых.

— Інклюзія — працэс РЭАЛЬНАГА ўключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў актыўнае грамадскае жыццё. На ваш погляд, ці можна сёння наша грамадства назваць інклюзіўным?

— Інклюзія — гэта ўключэнне ў звычайнае і звыклае для ўсіх дзяцей ці нас, дарослых, жыццё.

Каб адказаць на гэта пытанне, варта проста прааналізаваць сітуацыю аб тым, ці рэальна дзеці з асаблівасцямі здароўя ёсць усюды і побач з нашымі звычайнымі дзецьмі? Наша грамадства робіць у гэтым кірунку толькі першыя крокі. Інклюзію нельга разглядаць як асобны элемент: напрыклад, ёсць у дзіцяці або сям'і магчымасць удзелу ў тым ці іншым праекце. Трэба, каб кожнае дзіця з асаблівасцямі ў развіцці магло наведваць звычайны садок, школу, каледж або ВНУ без абмежаванняў у выбары спецыялізацыі, а пасля вучобы магло працаўладкавацца. Калі хоць бы адзін элемент з пералічаных выпадае, то і сацыялізацыя, і рэалізацыя правоў такога дзіцяці або дарослага не поўная, а значыць, гэта не ёсць інклюзія.

Іклюзіўнае грамадства — гэта калі на ўсіх узроўнях ёсць прапановы, веды і дасканаласць практыкі. Мы пакуль толькі кажам, хочам і думаем, як гэта зрабіць. Я яшчэ б дадала, што мы павінны ўмець сёння гаварыць пра гэта натуральна і адкрыта. Нельга саромецца абмяркоўваць праблему. Чым раней мы зразумеем, што ёсць дыскрымінацыя ў адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, тым хутчэй мы знойдзем выйсці і рашэнні.

— У чым выяўляецца дыскрымінацыя?

— У краіне ёсць інтэграцыя і «спецыяльныя» ўмовы, інклюзіі пакуль няма. Напрыклад, для рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі трэба, каб педагогі валодалі метадамі інклюзіўнай практыкі. Інклюзія ў адукацыі — гэта перш за ўсё пераход на агульную праграму і навучанне побач з аднагодкамі. Роля інклюзіі не толькі ў ведах, але і ў магчымасці штодзённага ўдзелу ў мерапрыемствах, у магчымасці камунікацыі. Камунікатыўныя навыкі, напрыклад, для дзяцей з аўтызмам — гэта практычна першая задача для педагога, аснова ўсіх асноў. А гэтаму трэба вучыцца, той жа альтэрнатыўнай камунікацыі, калі «невербальныя дзеці» могуць мець зносіны і з іншымі дзецьмі, настаўнікамі, і іх разумеюць. І вучыцца такому дзіцяці важна не ў іншым раёне, дзе ёсць інтэграцыйны клас, а ў сваім, дзе шмат суседзяў-сяброў, з якімі малы будзе разам хадзіць у школу і назад. Сяброўства паміж дзецьмі і ёсць аснова будучага інклюзіўнага грамадства. На самай справе прыкладаў інклюзіі можна ў свеце знайсці шмат. Хацелася б укараняць іх у жыццё і ў нашай краіне.

Што датычыцца дыскрымінацыі ў нашым выпадку, то гэта сацыяльныя абмежаванні па прыкмеце інваліднасці, якіх быць не павінна. Надомнае навучанне дзяцей-інвалідаў або ў інтэграцыі па спецыяльнай праграме без наведвання агульнага класа, або частковае наведванне і ёсць дыскрымінацыя. Спецыяльныя школы без магчымасцяў вучыцца навыкам камунікацыі ў звычайных умовах — таксама абмежаванне. Адсутнасць педагагічнай практыкі, вопыту і ведаў у педагогаў — таксама дыскрымінацыя.

Гэты спіс можна падоўжыць. Ці шмат інвалідаў у нас на вуліцах? Ці ёсць для іх абавязковыя сэрвісы? Камусьці трэба каляска з поўнай тэхнічнай падтрымкай, каб мець магчымасць быць побач з людзьмі, камусьці — гаджэт з праграмай набору тэксту і перакладу ў словы, каб выказаць сваё пажаданне. Ці даступныя гэтыя тэхнічныя магчымасці? Ці лёгка знайсці людзям з абмежаванымі магчымасцямі работу? Адказваючы на гэтыя пытанні, разумееш, што наша грамадства рухаецца да інклюзіі вельмі няспешна.

Таццяна ЯКАЎЛЕВА з мужам і дзецьмі. Фота Яна ХВЕДЧЫНА

— І ў чым, на ваш погляд, прычына?

— Калі разглядаць сітуацыю з псіхалагічнага пункту гледжання, думаю, справа ў стэрэатыпе паводзінаў. Для людзей інклюзіўная мадэль грамадства пакуль нязвыклая. У нас склалася культура, дзе больш зразумелым лічыцца «пашкадаваць» і пакінуць дзіця з асаблівасцямі ў развіцці дома, каб не даць яму лішняй нагрузкі. У школах у дзяцей з інваліднасцю свая праграма, свае «кнігі», не такія, як у іншых дзяцей. Гэта вельмі перашкаджае аб'яднацца на старце.

— А што можа зрабіць у гэтым кірунку звычайны абывацель: кіроўца, прадавец, менеджар?

— Навучыцца рэагаваць на дзяцей спакойна, даць ім права на капрызы і асаблівыя паводзіны. Тут формула сацыяльнага шчасця адна на ўсіх. Мы ўсе розныя, і трэба нам разам неяк ужывацца. Зразумець і прыняць для сябе тое, што бацькам асаблівых дзяцей вельмі складана з людзьмі, якія не разумеюць, як можна ім дапамагчы. А дапамога патрэбна проста ўсмешкай, эмпатыяй. Здолець проста не павысіць голас і не абурыцца, калі здаецца, што дзіця гучна крычыць. Я са сваім сынам пабывала ў многіх краінах свету, і першае, што кідаецца ў вочы ў інклюзіўных грамадствах, — адчуванне камфорту, пазітыўнасць і натуральнасць знаходжання побач розных людзей.

Магчыма, нашым людзям патрэбна больш часу для прыняцця дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, але я веру, што з часам і прадавец, і ахоўнік у гадлёвым цэнтры ці проста спадарожнікі ў метро навучацца гэтаму. Важна пачаць. Нешта падобнае на інклюзію можна сёння ўбачыць у нашым праекце «Спорт-інклюзія», накіраваным на інтэграцыю дзяцей з аўтызмам у калектыве іх аднагодкаў. Праект запушчаны некалькі гадоў таму, і вельмі ўдалы. Нас падтрымала Міністэрства спорту і турызму, і таму сёння мы ўжо ідзём у рэгіёны.

— Чаму вы лічыце, што праект удалы?

— Спорт я разглядаю як адзін з інструментаў інклюзіі, бо гэта тое, што аб'ядноўвае і дзяцей, і дарослых. Гэта мова эмоцый і праява сябе, гэта каманда і адчуванне чалавека часткай цэлага, гэта сябры і асаблівы спосаб быць паспяховым.

Вядома, як і для любога іншага дзіцяці, спорт для дзяцей з аўтызмам — гэта перш за ўсё ўласны выбар «свайго» віду спорту, але мы пачалі першыя крокі з плавання.

Вада мае рэабілітацыйныя ўласцівасці. Яна кампенсуе стан сэнсарнай нестабільнасці, а для дзяцей з аўтызмам гэта вельмі важна. Мы стварылі інклюзіўныя групы плавання, якія на 10—15 % складаюцца з дзяцей з РАС. Малыя з аўтызмам на занятках даволі хутка ўключаюцца ў работу і камунікацыю з іншымі дзецьмі. У групах працуюць псіхолаг і два трэнеры, а гэта гарант паспяховасці не толькі для дзіцяці з аўтызмам — гэта дапамога ўсім дзецям у іх фізічнай і псіхалагічнай рэалізацыі. Вельмі частая з'ява для звычайнага дзіцяці — баяцца вады, не ўключацца ў інструкцыі трэнера: усім цяжка ўтрымліваць увагу на працягу ўрока. Новыя педагагічныя метады, усе дасягненні сучаснай педагогікі дазваляюць дапамагаць усім дзецям у групе, а не толькі малым з аўтызмам. Мы хочам, каб такія гурткі з'яўляліся не толькі ў Мінску. Таму як мінімум адзін-два рэгіёны ў нас з верасня ў планах на запуск заняткаў. Упэўнена, што спорт валодае неверагоднай сілай аб'ядноўваць усіх разам, незалежна ад фізічных або інтэлектуальных здольнасцяў. Мы ганарымся гэтым праектам, і я думаю, што дзякуючы яму мы здолеем даказаць, што інклюзіўнае грамадства ў краіне магчыма.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.