Вы тут

«Фестываль адбудзецца ў любым выпадку»


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў учора адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі пасля таго, як павіншаваў іх з Днём друку. Упершыню на традыцыйнай прэс-канферэнцыі да кіраўніка рэгіёна звярнуліся не толькі журналісты. Праз відэазапіс свае пытанні задалі і звычайныя жыхары паўночнай вобласці.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама падчас прэс-канферэнцыі расказаў пра юбілейны «Базар», спадарожнікавае земляробства, будучы праспект і іншае, што хвалюе многіх землякоў і не толькі.


Фота: БЕЛТА.

У прыватнасці, што датычыцца шуміхі вакол трыццатага «Славянскага базару ў Віцебску», Мікалай Шарснёў сказаў, што гэты праект навучыў праводзіць любыя маштабныя мерапрыемствы, гэта важна і для горада, і для вобласці. Прадстаўнікі каля васьмідзесяці краін свету прыязджалі ў Віцебск — такая геаграфія фестывалю. Мясцовая ўлада імкнецца паказаць усю прыгажосць абласной сталіцы. За дзесяцігоддзі «Базару» ў Віцебску адкрылі нямала гатэляў, кавярняў, музеяў і іншых аб'ектаў. Кіраўнік выканаўчай вертыкалі ўпэўнены, што свята павышае культуру ва ўсіх сэнсах: ад паводзін гараджан да віцебскіх артыстаў, якія выступаюць разам з зоркамі. Нагадаў, што летась афіцыйная праграма фестывалю доўжылася толькі тры дні, і сёлета ён будзе параўнальна непрацяглым, але ад гэтага яго якасць не пагоршыцца. Фестываль адбудзецца ў любым выпадку, канстатаваў губернатар. Істэрыя вакол «Базару» не перашкодзіць планам арганізатараў. Многія вядомыя артысты шчаслівыя сюды прыехаць. Пастаянныя ўдзельнікі ганарацца тым, што іх запрашаюць зноў у Віцебск.

Некалькі пытанняў датычылася сельскагаспадарчай галіны. Напрыклад, наконт сучасных метадаў апрацоўкі зямлі. Мікалай Шарснёў нагадаў, што многае зроблена для скарачэння стратных гаспадарак. Стварэнне сямі аграрных холдынгаў на Віцебшчыне было правільным рашэннем, упэўнены ён. У выніку цэнтралізавана можна закупляць магутную сельскагаспадарчую тэхніку, вырашаць кадравыя праблемы, арганізоўваць вытворчасць па прынцыпе «ад поля да прылаўка». І для такіх структур ужо не будзе цудам, калі камбайн кіруецца пры дапамозе спадарожнікавага штурмана. Падрыхтоўчая работа для кропкавага земляробства — задача не танная, але яна дазволіць максімальна эфектыўна праводзіць сяўбу і жніво. У выніку можна аптымізаваць выдаткі, эканомія паліва складзе 15-20 %. Губернатар лічыць, што падчас бягучай пяцігодкі ўжо будзе нямала прыкладаў такой эфектыўнай працы на зямлі. І сёння ў Віцебскім раёне адна з гаспадарак ужо можа падзяліцца падобным вопытам.

Пацікавіліся журналісты і тэмай вакцынацыі. Вакцынацыя неабходная, упэўнены кіраўнік рэгіёна.

Ад жыхароў Віцебшчыны было тры пытанні. У прыватнасці, віцяблянка прапанавала перайменаваць вуліцу Гагарына, дзе да пачатку фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» будзе завершана маштабная рэканструкцыя, у праспект імя першага касманаўта Савецкага Саюза Ю. А. Гагарына. Папрасіла зрабіць на будучым праспекце міні-поле для гульняў у футбол, дзіцячыя пляцоўкі і іншыя аб'екты грамадскага прызначэння. Мікалай Шарснёў расказаў, што пасля рэканструкцыі праезнай часткі праект прывядзення ў парадак вуліцы будзе рэалізаваны на працягу некалькіх гадоў. Тады ўжо можна будзе весці гутарку наконт новай назвы.

Адказваючы на пытанне жыхаркі Бешанковіцкага раёна, кіраўнік рэгіёна растлумачыў, чаму закрываюцца малакамплектныя школы: гэта дазваляе сканцэнтраваць фінансавыя сродкі і добрыя кадры, каб забяспечыць дзяцей больш якаснымі паслугамі.

Старшыня аблвыканкама пракаментаваў пытанне жыхаркі вобласці наконт работы сістэмы ЖКГ. Ён лічыць, што прыватнікі маглі б узяць на сябе частку камунальных паслуг, напрыклад, прыбіранне смецця.

Наконт асабістага блога ў сацыяльных сетках, у прыватнасці ў Іnstagram, каб быць на сувязі з народам, Мікалай Шарснёў адказаў, што фізічна не паспее якасна падаваць матэрыял, адказваць на пытанні і чытаць каментарыі. Па электроннай пошце ў аблвыканкам могуць звяртацца ўсе ахвотныя, нагадаў ён і запэўніў, што трымае на асабістым кантролі ўсе лісты са слушнымі заўвагамі.

Кіраўнікам раённага, сельскага ўзроўняў ён параіў выкарыстоўваць сучасныя магчымасці інтэрнэт-стасункаў з людзьмі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».