Вы тут

У Беларусі ў кожнай сям’і ёсць гісторыя, звязаная з вайной


Сёння, 6 мая, напярэдадні Дня Перамогі «звяздоўцы» разам з калегамі-журналістамі, кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі, аддалі даніну памяці і павагі ўсім тым, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, коштам свайго жыцця набліжаў Перамогу і падараваў нам магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам Беларусі.


«Звяздоўцы» разам з калегамі ўсклалі кветкі да падножжа 45-метровай стэлы «Мінск — горад-герой» у памяць аб усіх ахвярах той жахлівай і страшэннай вайны, якая пазбавіла жыцця кожнага трэцяга беларуса...

Адказваючы на пытанне журналістаў аб гісторыі, звязанай з вайной, у сваёй сям’і, міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір ПЯРЦОЎ акцэнтаваў увагу на тым, што не ведае ніводнай беларускай сям’і, у якой няма гісторыі, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной.

— І калі чуеш такія гісторыі, разумееш, што вайна і чалавек — гэта два несумяшчальныя паняцці, — падкрэсліў ён, — і тыя, хто зараз імкнецца бравіраваць, перапісаць гісторыю, расказаць, што ўсё было не так жахліва, і гэта не была агрэсія фашысцкай Германіі, а проціборства нейкіх дзвюх таталітарных сістэм, — гэта сапраўдная хлусня!

Міністр нагадаў, што па задуме агрэсараў з фашысцкай Германіі нас не павінна было тут быць наогул: ні як краіны, ні як нацыі, ні як народа.

— І перагляд вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, спроба перапісвання гісторыі — гэта, верагодна, самае страшэннае, што зараз можа адбыцца, — перакананы Уладзімір Пярцоў. — У нас, дзякуй богу, за найноўшую гісторыю Беларусі такіх спроб не было.

Ён падкрэсліў, што ў нашай краіне ўсё, што датычыцца ўвекавечвання памяці (у кінадакументалістыцы, у доглядзе за помнікамі ды абеліскамі, у рабоце школ з маладым пакаленнем), — усё гэта выконваецца на дастаткова высокім узроўні.

— Але, бачыце, другі бок працягвае спрабаваць (і апошнім часам дастаткова агрэсіўна) па змене нашага гістарычнага коду: па прыпісванні нейкіх не адпаведных нам рыс, па гераізацыі тых людзей, якія ўжо прызнаны (у тым ліку і судом) злачынцамі, — звярнуў увагу міністр. — І мне падаецца, што кожны раз, не толькі 9 Мая (хоць гэта адно з самых галоўных свят нашай краіны) мы — журналісты — павінны ўзгадваць і рабіць усё магчымае для таго, каб гэтая памяць захавалася і каб тыя, хто будзе супраць нас, ведалі гэтую адзіную гістарычную праўду.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара


Помніць і шанаваць герояў

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК узяў удзел у акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечанай 76-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

6 мая Андрэй Худык разам з прадстаўнікамі падначаленых арганізацый Мінпрыроды ўсклаў да манумента Перамогі на аднайменнай сталічнай плошчы букет з 76 чырвоных ружаў.

— Памяць — гэта і клопат пра будучыню, — адзначыў міністр. — І хто, як не мы, тыя, хто цяпер жыве на гэтай зямлі, павінны, проста абавязаны памятаць і шанаваць нашых герояў Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто даў нам мір і магчымасць жыць на гэтай цудоўнай беларускай зямлі ўжо многа дзесяцігоддзяў пад мірным сонцам і небам. Мы сустракаем свята з цвёрдай упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Мы ўпэўнены, што сваёй працай — ратнай, прафесійнай, сумленнай, мірнай працай, перш за ўсё, — не дадзім нікому перапісаць гісторыю і забяспечым годную будучыню наступным пакаленням.

Міністр таксама расказаў, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ў яго загінулі два дзядулі, дзядзькі і цёткі. «Наша сям’я, як і многія іншыя беларускія, украінскія і расійскія сем’і пацярпела ад гэтай «карычневай чумы». І таму я сёння імкнуся сваім дзецям, унукам пастаянна нагадваць пра гэты жах, гора, пра спаленую зямлю, пра трагічныя гісторыі людзей, каб яны ведалі гэта і памяталі доўга, вечна, можна сказаць, перадаючы з пакалення ў пакаленне, і не дапусцілі гэтага ніколі больш на нашай зямлі.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.