Вы тут

Узвышанае і зямное, або Малітоўныя спевы ў абрамленні року


23 красавіка ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм’ера легендарнай рок-оперы «Юнона і Авось» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Міхаіла Кавальчыка. Нагадаем, што гэта другі зварот нашага Музычнага тэатра да знакамітага твора. Першы раз ён быў пастаўлены на гэтай сцэне ў 2002 годзе пры дапамозе расійскіх тэатральных дзеячаў.


Перш чым разважаць аб уласнай версіі гэтага спектакля, варта нагадаць гісторыю стварэння самога твора «Юнона і Авось» і яго першае ўвасабленне на сцэне маскоўскага тэатра «Ленком» у 1981 годзе. Гэты сцэнічны твор у прамым сэнсе слова ствараўся тады ў названым тэатры, калі знакаміты рэжысёр Марк Захараў звёў для творчага супрацоўніцтва не менш знакамітых аўтараў — паэта Андрэя Вазнясенскага і кампазітара Аляксея Рыбнікава.

Літаратурнай асновай будучай рок-оперы, якая стала класікай жанру, паслужыла паэма Вазнясенскага «Авось», паводле якой паэт сам напісаў лібрэта. А інакш і быць не магло, бо ніякі лібрэтыст з гэтай задачай не справіўся б. Справа ў тым, што паэма Вазнясенскага вельмі своеасаблівая па форме і кампазіцыйнай пабудове, і выкрышталізаваць з яе стройную сюжэтную лінію мог толькі сам аўтар. У выніку тэкст лібрэта атрымаўся больш даступным для успрымання і значна большым, чым тэкст паэмы. І што яшчэ важна адзначыць: у афішы спектакля расійскага тэатра з самага пачатку і да сённяшняга дня на першым месцы стаіць імя паэта, а не кампазітара. Відаць, гэта тлумачыцца тым, што «Ленком» — тэатр драматычны, і хоць ён узяўся за пастаноўку музычнага спектакля, галоўным для яго застаецца літаратурная аснова (лібрэта ў аўтарстве Вазнясенскага выглядае як паўнавартасная п’еса). Зразумела, што і акцёры ў гэтым спектаклі перш за ўсё карыстаюцца выразнымі сродкамі драматычнага тэатра, спалучаючы пры гэтым даступныя ім музычныя сродкі. Але ў цэлым музычны бок пастаноўкі падтрымліваўся прафесійнымі музыкантамі і вакалістамі: разам з акцёрамі у спектаклі былі заняты рок-група «Аракс», запрошаны хор і кардэбалет.

«Юнона і Авось» да сённяшняга дня з’яўляецца візітоўкай «Ленкома». У той жа час гэты спектакль уваходзіць ў рэпертуар многіх музычных тэатраў Расіі і былога Саюза. На рубяжы вякоў і тысячагоддзяў Андрэю Вазнясенскаму нават давялося памяняць першыя радкі фінальнай песні «Жители двадцатого столетья! // Ваш к концу идет двадцатый век» на новыя: «Дети двадцать первого столетья! // Начался ваш новый век».

Пасля «Ленкома» адным з першых у сярэдзіне 1980-х гэтую рок-оперу паставіў Растоўскі тэатр музычнай камедыі. І менавіта з Растова праз некаторы час працягнуліся нітачкі творчых стасункаў у Мінск. На пачатку 1990-х гадоў у трупе Беларускага тэатра музычнай камедыі з’явіўся новы саліст — Аляксей Ісаеў, які раней быў салістам Растоўскага тэатра. Больш таго: у спектаклі «Юнона і Авось» ён выконваў галоўную ролю — графа Разанава. Праз дзесяць гадоў пасля прыезду ў Мінск Аляксей Ісаеў быў ужо не толькі вядучым салістам, але і дырэктарам нашага тэатра, які на той час змяніў свой статус і назву.

І ўжо будучы дырэктарам, Ісаеў змог ажыццявіць сваю даўнюю задумку — паставіць на нашай сцэне «Юнону і Авось», для чаго запрасіў з Растоўскага тэатра рэжысёра Яўгена Хандака і музычнага кіраўніка Міхаіла Радзінскага. Іншыя члены пастановачнай групы былі з нашага тэатра: дырыжор і кіраўнік рок-групы Леў Карпенка, хормайстар Святлана Пятрова, балетмайстар Наталля Фурман. А Аляксей Ісаеў стаў мастацкім кіраўніком пастаноўкі і адзіным выканаўцам ролі Разанава.

Азнаёміцца з мінскай пастаноўкай тады прыязджаў сам Аляксей Рыбнікаў, які адзначыў, што яе можна лічыць другім нараджэннем рок-оперы, бо яна гучала менавіта так, як была напісана, і пастаўлена ў адпаведнасці з законамі музычнага тэатра. Вельмі высока кампазітар ацаніў, у прыватнасці, работу хора, на які ўскладвалася каласальная нагрузка — у партытуры шмат харавых партый, прытым большасць з іх заснаваны на кананічных малітоўных спевах. І асабліва яго ўразіла выкананне партыі, якая пазначана як Голас Божай Маці, якую вельмі дастойна ўвасобіла Леся Лют. Асабліва кампазітар адзначыў, што ў мінскай пастаноўцы гэтая надзвычай складаная партыя гучыць ужывую, у той час як у «Ленкоме» — заўсёды ў запісе.

Варта нагадаць яшчэ адзін тонкі нюанс той пастаноўкі. З улікам таго, што ў спектаклі гучаць кананічныя малітоўныя спевы і шмат царкоўнай сімволікі, у пастаноўшчыкаў і артыстаў узнікла патрэба разумення і засваення дэталей праваслаўнай этыкі. Па благаславенню мітрапаліта Філарэта трупу тэатра кансультаваў дыякан Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Максім Логвінаў.

Гэты спектакль пратрымаўся ў рэпертуары 15 гадоў. Пасля таго, як у пачатку 2010 года тэатр пакінуў Аляксей Ісаеў, спектакль яшчэ 7 гадоў існаваў без яго. Новыя выканаўцы ўводзіліся і на ролю Разанава, і на іншыя ролі. Але ж бясконцыя ўводы не ідуць на карысць любому спектаклю. Таму па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах у 2017 годзе спектакль быў зняты з пракату. Але, улічваючы вялікую папулярность гэтага твора, у тэатры ў хуткім часе пачалі думаць аб яго новай пастаноўцы.

На гэты раз ўся пастановачная група новага спектакля на чале з галоўным рэжысёрам тэатра была беларускай. Дырыжорам-пастаноўшчыкам стала Марына Траццякова, якая вяла папярэдні спектакль пасля Льва Карпенкі. Дырыжор расказала, што тэатрам закуплены новыя электронныя музычныя інструменты, у прыватнасці, клавішныя сучаснай мадыфікацыі. А гэта — новыя тэмбры, новыя фарбы гукавой палітры. Вакальны кіраўнік пастаноўкі Святлана Пятрова была хормайстрам-пастаноўшчыкам папярэдняга спектакля. Тады склад хору адпавядаў сваёй назве і налічваў каля сарака чалавек. Але ўжо даўно ў выніку так званай аптымізацыі хор ператварыўся ў вакальны ансамбль, у складзе якога няма нават і дваццаці чалавек. (І гэта — у акадэмічным музычным тэатры, дзе ёсць дзве балетныя трупы.) Таму прафесіяналізм Святланы Пятровай і кіраўніка вакальнага ансамбля Ігара Баканава заслугоўвае асаблівай пахвалы, улічваючы колькасць і складанасць харавых партый і іх выдатнае ўвасабленне ў адпаведнасці з партытурай невялікім складам харыстаў. Балетмайстраў-пастаноўшчыкаў у новым спектаклі двое — Юлія і Мікалай Міхайлавы, якія працуюць у напрамку сучаснай харэаграфіі, што кардынальна адрознівае іх харэаграфічна-пластычнае вырашэнне спектакля ад папярэдняга. І гэта не толькі сучасная пастаноўка танцавальных нумароў, але і арыгінальныя пластычныя кампазіцыі, якія падтрымліваюць сцэнічнае дзеянне і прыўносяць ў яго дадатковыя сэнсы, што асабліва выразна праяўляецца ў музычных маналогах Разанава.

Мастаком-пастаноўшчыкам з’яўляецца Андрэй Меранкоў, які ствараў эскізы мастацкага афармлення да першага спектакля. Але адразу трэба адзначыць, што менавіта сваім сцэнаграфічным вырашэннем другая пастаноўка кардынальна адрозніваецца ад першай. Галоўнае адрозненне заключаецца ў тым, што ў папярэднім спектаклі сцэнаграфія была жывапіснай і статычнай, а ў новым — прадметная і дынамічная. Калі раней крытычна настроеныя гледачы казалі, што пустата сцэны запаўнялася клубамі дыму, то цяпер для спасціжэння мастацкай думкі сцэнографа ім давядзецца задзейнічаць свае інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасці. Складаныя па сваёй пабудове элементы дэкарацый рухомыя і шматфункцыянальныя — перад гледачом паўстае то інтэр’ер царквы з унушальным іканастасам, то борт шхуны, то каталіцкі касцёл... Усе гэтыя трансфармацыі суправаджаюцца вельмі прадуманай пастаноўкай святла, калі патрэбныя дэталі высвечваюцца, а непатрэбныя прыцямняюцца ці наогул знікаюць з поля зроку.

Як адзначае Міхаіл Кавальчык, у новай пастаноўцы і музычны матэрыял, і лібрэта засталіся ў тым жа выглядзе, без нейкіх карэкціровак. Іншай была пастановачная канцэпцыя. А таксама трактоўка вобраза галоўнага героя — не кардынальна новая, але з іншай расстаноўкай акцэнтаў у яго характарных рысах.

У аснове сюжэту «Юноны і Авось» ляжаць сапраўдныя гістарычныя падзеі і сапраўдныя гістарычныя асобы. Галоўны герой твора — граф Мікалай Пятровіч Разанаў, вядомы дзяржаўны дзеяч і дыпламат, адзін з заснавальнікаў Расійска-Амерыканскай кампаніі. Усе свае намаганні ён скіраваў на арганізацыю гругасветнага плавання да берагоў Каліфорніі, якое ажыццявіў у 1806 годзе. Андрэй Вазнясенскі дае вось такі ўступ да сваёй паэмы: «Описание в сентиментальных документах, стихах и молитвах славных злоключений Действительного Камер-Герра Николая Резанова, доблестных офицеров флота Хвастова и Довыдова, их быстрых парусников „Юнона“ и „Авось“, сан-францисского коменданта Дон Хосе Дарио Аргуэльо, любезной дочери его Кончи с приложением карты странствий необычайных»

Але па сваёй структуры лібрэта менш за ўсё нагадвае дакументальную хроніку, няма ў ім і лінейнага развіцця сюжэту. Аўтар проста выпукла прадстаўляе чараду карцін, у якіх адлюстроўваюцца найбольш яркія і значныя падзеі з жыцця героя. Твор складаецца з трох частак: Расія, Амерыка, Вяртанне. Першая з іх падаецца найбольш насычанай, але не ў сэнсе дэманстрацыі фабулы, а паказу ўнутранага канфлікту героя.

У пачатку спектакля паралельна адбываюцца два дзеянні: адпяванне ў царкве пакойнай жонкі Разанава і дыялог Разанава з міністрам камерцыі графам Румянцавым. Але пры гэтым упор робіцца на разгорнутыя маналогі Разанава, праз якія і раскрываецца уся яго чалавечая сутнасць: «Милостливый государь!.. Необходимо вдохнуть жизнь в дела нашей Русско-Американской компании. Западный берег Америки — богатейшая житница, земной рай гешпанской Калифорнии — вот наш первый компаньон... Здесь найдём мы сбыт сибирских пушных богатств, отсюда потянутся дороги морские в Нагасаки и Кантон, через Южную Америку, Атлантический океан и Лондон».

Пасля смерці жонкі Разанаў быў проста апантаны ідэяй гругасветнага плавання, у якім бачыў сваю місію служэння Айчыне. Атрымліваючы адмову за адмовай, ён у адчаі моліцца перад іконай Казанскай Божай Маці і ў малітоўным экстазе нават чуе Яе Голас... Яго адчайны маналог пранікнуты шчырай спавядальнасцю:

Я путь ищу как воин и мужчина,

Но буду честен, есть еще причина...

Меня по свету гонит страшный бред,

Душой я болен с отроческих лет,

Когда на мне остановился взгляд

Казанской Божьей Матери!

Увидел в Ней не Вседержительницу Деву,

А женщину с вишневыми глазами.

Хотелось защитить ее, спасти.

Мне не помог ни врач, ни богослов,

Я посягнул на Божию любовь!..

Праз маналогі Разанава Вазнясенскі сумеў нават правесці паралелі паміж пакаленнем патрыётаў Расіі пачатку XIX стагоддзя і пакаленнем паэтаў-шасцідзесятнікаў, да якога сам належаў: «Расформированное поколение, // Мы в одиночку к истине бредем».

У першай пастаноўцы вобраз Разанава ў выкананні Ісаева вызначаўся пафасным, драматычна-трагедыйным тонам. Такую ж манеру пазней перанялі і наступныя выканаўцы гэтай ролі: Антон Заянчкоўскі, Віктар Цыркуновіч і Сяргей Суцько. У новым спектаклі ўсе яны зноў з’явіліся ў вобразе Разанава, але выканальніцкая манера ўжо змянілася. У Міхаіла Кавальчыка сваё рэжысёрскае бачанне гэтага вобраза: ён лічыць, што падкрэсленая пафаснасць і экспрэсіўны драматызм больш уласцівы драматычным акцёрам, а артысты музычнага тэатра павінны ствараць вобраз героя перш за ўсё сродкамі музычнай драматургіі. І сапраўды, партыя Разанава складаная і інтанацыйна багатая, у ёй ёсць і рэчытатыў, і меладэкламацыя, і арыёза, якія пераходзяць у арыю. Пры гэтым саліста падтрымліваюць і іншыя выразныя сродкі музычнага тэатра, напрыклад, балетныя кампазіцыі, якія «ілюструюць» унутраны стан героя. Такім чынам, ў размоўных дыялогах Разанава цяпер больш натуральных жыццёвых інтанацый, што асабліва праяўляецца ў прашэннях падтрымаць яго «дерзновенный прожект».

У першай частцы перад гледачом паўстае і чацвёрка марскіх афіцэраў, з якімі Разанаў пазней адправіцца ў кругасветнае плаванне. Менавіта ў іх ансамблевым выкананні упершыню гучыць са сцэны знакаміты раманс «Я тебя никогда не забуду, // Я тебя никогда не увижу», які лейтматывам праходзіць праз увесь спектакль. Гэтая чацвёрка ў пэўным сэнсе дапамагае руху сцэнічнага дзеяння, выступаючы то персанажамі, то каментатарамі падзей. Цікава, што і ў архіўных матэрыялах, і ў дарожных нататках Разанава, якія вывучаў Вазнясенскі, упамінаюцца прозвішчы толькі двух афіцэраў — капітанаў шхун «Юнона» і «Авось». Паэт пісаў: «В поэму забрели два флотских офицера. Имена их слегка измененные. Автор не столь снедаем самомнением и легкомыслием, чтобы изображать лиц реальных по скудным сведениям о них и оскорблять их приблизительностью». Такім чынам у лібрэта з’явіліся афіцэры Хвостов і Давыдов, чые прозвішчы трохі адрозніваюцца ад рэальных. А паколькі ў спектаклі побач з імі дзейнічаюць яшчэ два афіцэры, то пастаноўшчыкі вырашылі, што яны не могуць быць безымяннымі — так з’явіліся Белоусов і Макаров, хоць ні ў адной з рэплік яны не ўпамінаюцца.

Нарэшце Разанаў атрымлівае дазвол імператара на ажыццяўленне экспедыцыі. Перад гледачом разгортваецца дынамічная карціна «Плаванне» з удзелам афіцэраў і матросаў (артыстаў хору і балета), пранікнутая рызыкоўна-рамантычнай экспрэсіяй: «Наша вера вернее расчета, // Нас вывозит Авось!» Уражвае сцэнаграфічнае вырашэнне гэтай карціны: нібыта з марскіх пучын выплываюць абрысы корпуса карабля і разгортваюцца элементы яго паруснай аснасткі. Асабліва ўражвае насавая фігура — залацістая скульптура Юноны.

І вось — доўгачаканыя берагі Каліфорніі. Другая частка твора пачынаецца з узнёсла-рамантычнай карціны: дачка каменданта Сан-Францыска Канчыта ў акружэнні сябровак (усе як на падбор — Кармэн) спрабуе разгадаць свой сон: «Мне привиделся флотоводец, // На мундире заморский крест». Потым з’яўляецца яе жаніх Федэрыка — абое шчаслівыя, яны жывуць у чаканні хуткіх заручын. Уся сцэна пранізана іспанскай музыкай, іспанскімі танцамі і іспанскай палкасцю. У хуткім тэмпарытме карціна змяняецца на афіцыйны прыём рускіх пасланцаў, пасля чаго камендант Сан-Францыска запрашае іх на баль у гонар 16-годдзя сваёй дачкі. Адзін толькі погляд, і 42-гадовы Разанаў бачыць у вачах сан-францыскага анёла «Все тот же взгляд лиловый неземной». Нібыта скрозь сон да Канчыты даносяцца словы: «Иностранец Вас ангажирует на танец...» У прадчуванні чагосьці страшнага і незваротнага Федэрыка спявае самотную баладу «Белый шиповник» пра трагічны лёс закаханых — яшчэ адзін хіт рок-оперы.

Падзеі развіваюцца імкліва: вось ужо Разанаў у пакоях Канчыты, гучыць яго арыя «Ангел, стань человеком!» Пастар парушае тайну споведзі, на якой Канчыта ва ўсім прызнаецца. Разгараецца скандал. Даведзены да адчаю Федэрыка прагне помсты і выклікае Разанава на дуэль, а потым просіць яго злучыцца з Канчытай законным шлюбам, інакш яна загіне...

У новай пастаноўцы, як і ў папярэдняй, ролі Канчыты і Федэрыка выконваюць Вольга Жалезкая і Дзяніс Нямцоў. Ніякіх кардынальных змяненняў у трактоўцы гэтых вобразаў няма, але ёсць адчуванне пастановачнай навізны і стылю. Нельга не адзначыць драматычную насычанасць і выразнасць вобраза Федэрыка і шматграннасць яго музычнага ўвасаблення акцёрам. Цікава, што ў паэме Вазнясенскага такога персанажа наогул не было, бо на самай справе ніхто паміж Разанавым і Канчытай не стаяў. Але ж вядома, наколькі рэжысёры любяць любоўныя трохкутнікі, з дапамогай якіх ствараецца вастрыня інтрыгі. Вось пры падрыхтоўцы пастаноўкі ў «Ленкоме» і быў прыдуманы гэты персанаж. І калі ўявіць, што раптам са спектакля ён знікне, то наколькі збяднее ўся гэтая гісторыя і колькі яркіх уражанняў страцяць гледачы.

Трэцяя частка (Вяртанне) у многім пераклікаецца з першай — у ёй працягваецца раскрыццё унутранага свету героя. Патаемна заручыўшыся з Канчытай, Разанаў адпраўляецца у зваротнае плаванне, каб прасіць хадайніцтва імператара перад папам Рымскім на шлюб з каталічкай. Дабраўшыся морам да Ахоцка, яму трэба было праз усю Сібір дабірацца да еўрапейскай часткі Расіі. Восеньскую бездараж Разанаў спрабаваў пераадолець верхавой яздою, але па дарозе моцна прастыў. У гарачцы і бяспамяцтве яго давезлі да Краснаярска, дзе ён і памёр.

Гледачу не расказваецца са сцэны пра ўсе гэтыя перыпетыі, а толькі паказваецца унутраны стан героя перад смерцю. «Мы — дети полдорог, нам имя — полдорожье, — гучыць у перадсмяротнай арыі Разанава. — Прости меня, свобода и Россия, не одолел я целого пути!..» Праз гэты спавядальны маналог выяўляецца жыццёвая трагедыя чалавека, які ні ў чым не паспеў знайсці заспакаення — ні ў служэнні Айчыне, ні ў веры, ні ў каханні: «С престолами шутил, а умер от простуды». І нібыта аказаўшыся ўжо ў іншым вымярэнні, ён не толькі чуе Голас Божай Маці, але і бачыць Яе ўжо іншым, не зямным зрокам: «Я — Твой погибший замысел, прости...»

Такога персанажа, як Божая Маці, у спектаклі няма. Ёсць толькі Яе Голас, які ў моманты малітоўнага экстазу чуе Разанаў. Ёсць ікона Казанскай Божай Маці, а Яе постаць з’яўляецца толькі падчас перадсмяротнай арыі героя. Голас Божай Маці — надзвычай складаная партыя, яе дыяпазон — тры актавы, у той час як дыяпазон прафесійнага вакаліста звычайна складае дзве. Гэтая партыя вызначаецца яшчэ і вельмі складанай меладычнай лініяй. Нездарма ж Аляксей Рыбнікаў так хваліў Лесю Лют за яе бездакорнае выкананне, якое можна назваць творчым подзвігам, бо далёка не кожная салістка на гэта здольная. У новай пастаноўцы Леся Лют застаецца ў той жа іпастасі. Але з’явілася яшчэ адна выканаўца гэтай партыі — Наталля Дзяменцьева. Яна прыйшла ў тэатр у 2002 годзе і якраз трапіла на пастаноўку «Юноны і Авось».

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Аляксея МОЛЧАНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.