Вы тут

Прадпрымальнік за свае сродкі ўладкаваў помнік загінулым на фронце


Вёска Цюрлі знаходзіцца непадалёк ад Маладзечна, на трасе Р56, якая злучае райцэнтр з Валожынам. Дарога даволі ажыўленая, па ёй праходзіць у дзень дзясяткі, а можа, і сотні машын. У населенага пункта даволі багатая гісторыя. Упершыню ён згадваецца ў XVІІІ стагоддзі. У пачатку XX мястэчка ўвайшло ў Маладзечанскую воласць Вілейскага павета Віленскай губерні. Да 1939 года было пад панскай Польшчай. З 1939-га — у складзе БССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з канца чэрвеня 1941-га да пачатку ліпеня 1944-га — пад нямецкай акупацыяй. Фашысты спалілі тут 27 двароў, а 42 жыхары вёскі, якіх забралі на фронт пасля вызвалення Беларусі, не вярнуліся дадому.


У 1965 годзе загінулым землякам быў усталяваны помнік у скверы насупраць калгаснай канторы. У 1990 гадах гаспадарку далучылі да суседняй. А будынкі былога праўлення прыходзілі ў заняпад, разбураўся і помнік. Збудаванні на аўкцыёне набыў Сяргей Мінкоўскі. У адным будынку Сяргей Мікалаевіч пасля рамонту і рэстаўрацыі ўладкаваў невялікі камфартабельны гатэль. У другім адвёў месца для паштовага аддзялення. Работнікі яго сядзелі ў непрыстасаваным памяшканні, без зручнасцяў, не было каналізацыі, водаправода. Цяпер аддзяленне абсталявана ўсёй неабходнай тэхнікай для аказання разнастайных паслуг. Мясцовыя жыхары вельмі ўдзячныя Сяргею Мінкоўскаму: не трэба ехаць у Маладзечна, каб адправіць пасылку, адксеракапіраваць дакумент, заплаціць за камунальныя паслугі. Усё на месцы, у крокавай даступнасці.

— Давялося шмат папрацаваць і ўкласці нямала сродкаў, каб прывесці выкупленыя будынкі ў прыстойны выгляд, — кажа Сяргей Мікалавевіч. — Падвёў газ, каналізацыю, электрычнасць, зрабіў сваю кацельню. Вы б пабачылі, у якім стане быў сквер. Зрэзалі там старыя аварыйныя дрэвы, на іх месца пасадзілі маладыя, ачысцілі яго ад смецця, непатрэбных кустоў, цалкам правялі добраўпарадкванне прылеглай тэрыторыі, заасфальтавалі, выклалі тратуарнай пліткай.

І, вядома ж, не мог прадпрымальнік пакінуць помнік загінулым на фронце жыхарам Цюрляў у такім непрыглядным стане. Але, зрэшты, укладваць грошы ў яго рамонт было немэтазгодна. Прасцей было паставіць новы. Сяргей Мінкоўскі звярнуўся да мясцовых улад, каб знесці і ўсталяваць яго ў іншым месцы. Сельвыканкам сабраў актыў, на ім прысутнічалі і два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія на той час былі жывыя. Ідэю Сяргея Мікалаевіча падтрымалі, і мясцовая ўлада адвяла месца для ўстаноўкі помніка насупраць былой канторы, па другі бок дарогі.

Мы з Сяргеем Мікалаевічам падыходзім да шасціметровага помніка. Да яго выкладзена дарожка, абапал — тратуарная плітка, высаджаны туі, кветкі. На гранітнай пліце выбіты прозвішчы 42 загінулых на фронце землякоў узростам ад 17 да 40 гадоў.

Заказваў мой суразмоўнік помнік у Мінску. На той час, а гэта быў 2014 год, ён абышоўся недзе каля васьмі тысяч долараў у эквіваленце. Помнік знаходзіцца на балансе сельскага Савета. Тут ладзяцца мітынгі ў дзень Перамогі, Дзень вызвалення Беларусі. Каля пастамента заўсёды кветкі. Словам, сцяжынка да яго ніколі не зарастае.

— Сяргей Мікалаевіч, у вас, як прадстаўніка старэйшага пакалення, вельмі трапяткія адносіны да светлай памяці тых, хто ваяваў за свабоду, аддаў сваё жыццё за будучыню дзяцей і ўнукаў...

— На долю нашых бацькоў і дзядоў выпала шмат нягод, па сутнасці, яны не бачылі добрага жыцця. Працавалі, ваявалі, пасля вайны падымалі з руін гаспадарку. І ўсё гэта дзеля будучых пакаленняў, нас з вамі. Ваеннае ліхалецце не абышло бокам і маіх родных, сваякоў. Мой бацька вучыўся ў Слоніме на кінамеханіка, калі пачалася вайна. У ліпені 1941 года яму споўнілася б 18 гадоў. Ён пайшоў паказваць дарогу чырвонаармейцам, якія адступалі, і не вярнуўся назад. Ён падаўся разам з байцамі і аказаўся пад Вязьмай, дзе яго залічылі ў артылерыю. Трапіў у палон да немцаў — збег. Яго злавілі — зноў збег. І так паўтаралася некалькі разоў. Зімой 1942-га лясамі ён дабраўся дадому. Яго, брата і бацьку немцы адправілі ў Германію. Брат загінуў, а яны з татам вярнуліся ў родную вёску. Яшчэ адзін мой сваяк загінуў у Германіі, там жа і пахаваны. Мы ездзілі на яго магілу. Толькі пазайздросціць: усё чыста і акуратна прыбрана, дагледжаная магіла з шыльдачкай і з прозвішчам.

Тэма мінулай вайны для майго суразмоўніка сапраўды балючая.

— Многія ўдзельнікі вайны жывымі вярнуліся дамоў, працавалі ў калгасе. Пахаваныя яны на простых вясковых могілках.

Ніхто не прыйдзе схіліцца іх магілам на Дзень Перамогі. І гэта, лічу, вялікая несправядлівасць, — выказвае шкадаванне Сяргей Мінкоўскі. — Варта было б і іх прозвішчы выбіць на помніку.

Сяргей Мікалаевіч нарадзіўся ў Лебедзеве. Гэта адна з найстарэйшых і самых вялікіх вёсак Маладзечанскага раёна. Калісьці гэта было яўрэйскае мястэчка. Тут гітлераўцы знішчылі 950 яўрэяў. На месцы іх гібелі ўсталяваны нядрэнны помнік. Але, на думку майго суразмоўніка, варта добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яго, пакласці плітку, пасадзіць алею.

— А вы часам не дэпутат сельскага Савета? Ваша неўтаймаваная энергія, неабыякавасць да праблем людзей спатрэбілася б у грамадскай дзейнасці, — спытала напрыканцы ў мужчыны.

— Я пабываў у ролі дэпутата яшчэ зусім маладым. Даводзілася займацца шмат якімі справамі. Аднойчы паскардзілася жанчына на свайго мужа. І я, зялёны юнак, ездзіў іх мірыць, — усміхаецца Сяргей Мікалаевіч. — А што датычыцца сельвыканкама, то мы падтрымліваем цесныя стасункі. І я ніколі не атрымліваў адмовы ў дапамозе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Не зарасце народная сцяжынка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.