Вы тут

У Магілёве спрабавалі зацікавіць дзяцей цыганскай дыяспары інавацыйнымі падыходамі


Праект «Адукацыя рома — новы погляд у будучыню» быў заяўлены пяць гадоў таму Гомельскім грамадскім аб'яднаннем «Сацыяльныя праекты». Яго мэта — сацыялізацыя дзяцей рома праз новыя падыходы ў адукацыйным працэсе і забеспячэнне ўзаемадзеяння паміж педагогамі і бацькамі гэтых дзяцей. Летась партнёрам «Сацыяльных праектаў» стала Майстэрня інавацыйных тэхналогій, і ва ўсіх рэгіёнах былі створаны рэсурсныя цэнтры па адукацыі цыганоў. У Магілёве такі цэнтр з'явіўся на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі. А нядаўна ў абласным цэнтры прайшоў вялікі рэспубліканскі семінар на гэтую тэму.


Цыганская школа

Вучоба адбылася на базе школы № 13, якая лічыцца ў Магілёве цыганскай. З болей чым 500 школьнікаў, якія тут вучацца, — 78 — дзеці рома. Наогул, у вобласці ўжо шэсць школ, дзе ёсць такія вучні, далучыліся да праекта. Настаўнікі не хаваюць, што пэўныя цяжкасці ў рабоце з дзецьмі існуюць. Цыганскія дзеці размаўляюць паміж сабой выключна на сваёй мове, яны амаль не наведваюць дзіцячыя садкі і цяжэй адаптуюцца да школы, такія дзеці трымаюцца адасоблена ад іншых, а пасля школы наогул выпадаюць з грамадскага жыцця. Дзе яны працуюць і за конт чаго жывуць, часцей заўсё застаецца таямніцай.

— Вельмі спадзяюся, што праект дапаможа сацыялізаваць нашых цыганоў і гэта ім спатрэбіцца ў жыцці, — кажа дырэктар школы № 13 Наталля Смародская. — Ёсць сярод іх і медалісты, і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Гулец БАТЭ Уладзімір Юрчанка, адзін з вядучых беларускіх футбалістаў, — наш выпускнік. Але гэта не тыповыя прыклады — часцей за ўсё нават выключэнні з правіл.

Наколькі тэма актуальная і патрэбная, можна было меркаваць па ўдзельніках сустрэчы. На ёй прысутнічалі начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Рыбакова, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прарэктар МДУ імя А. Куляшова Алег Дзячэнка, эліта магілёўскай ромскай дыяспары на чале з іх лідарам Яфімам Казіміравым. Цыганы, дарэчы, дагэтуль добрым словам згадваюць старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлю Качанаву, якая прыязджала да іх, калі ўзнік канфлікт у адносінах да прадстаўнікоў дыяспары з боку міліцыі.

— Мы за тое, каб жыць у міры і згодзе, каб нашы дзеці развіваліся і рэалізоўваліся, — заявіў Яфім Казіміраў. — Шмат прыкладаў, калі яны вельмі цесна сябруюць з беларускімі дзецьмі. І вучацца не горш.

Бар'еры, вядома, ёсць, і іх трэба вучыцца пераадольваць. Цыганы мяркуюць, што вельмі можа ў гэтым дапамагчы культурны складнік. Можна, напрыклад, аднавіць дзіцячы ансамбль цыганскай песні і танца, які быў раней. Праз мастацкую самадзейнасць прасцей наладзіць стасункі, лічаць прадстаўнікі рома.

— У Гомелі мы таксама пачыналі складана. Але потым колькасць рома, якія жадалі далучыцца да праекта, зашкальвала, — кажа дырэктар установы адукацыі «Рамана дром» Вольга Нячаева. — Яны чакалі ад нас ужо не матэрыяльнай дапамогі (хоць спачатку мы і партфелі збіралі іх дзецям да школы), а прагнулі ведаў, каб сацыялізаваць сваіх нашчадкаў. Быў усталяваны моцны міжасобасны кантакт «бацькі — дзеці — настаўнік». І гэта цудоўна. Рома зразумелі, што толькі ўзаемадзейнічаючы можна пераадолець усе бар'еры. І дзецям прасцей стала рэалізаваць свае магчымасці.

Інавацыйны і беспрэцэдэнтны

Пра тое, што цыганы таксама імкнуцца мяняцца, гаварыла ініцыятар і кіраўнік праекта, дырэктар Гомельскага абласнога грамадскага аб'яднання «Сацыяльныя праекты» Ніна Кекух.

— Працэс сацыялізацыі ромскага грамадства нялёгкі, паколькі ў іх свае этнічныя асаблівасці і менталітэт, — тлумачыць яна. — Перад намі стаіць задача сацыялізаваць рома пры захаванні іх культуры і традыцый. Гэта няпроста, бо яны да сябе блізка не падпускаюць. І ў шырокай грамадскасці да іх ёсць пэўны недавер з-за іх жа паводзін. Але цыганская супольнасць таксама мяняецца. Яны разумеюць, што, калі няма адукацыі, прафесійных навыкаў, уладкавацца ў жыцці цяжка. Рома — людзі амбіцыйныя, але, калі яны прыходзяць на заняткі, спрацоўвае дух саперніцтва. Яны бачаць, што ёсць дзеці мацнейшыя за іх, і імкнуцца падцягнуцца да гэтай планкі. У некаторых дзяцей узровень ведаў і камунікатыўных здольнасцяў павялічваецца да 50—60 %. І калі яны прыходзяць у першы клас пасля такой падрыхтоўкі, ім не трэба тлумачыць, як сабе паводзіць, яны цалкам адаптаваныя.

Падтрымаць праект на рэспубліканскім узроўні дапамагла Майстэрня інавацыйных тэхналогій.

— Гэта наш кірунак, —заўважае дырэктар Майстэрні і менеджар праекта Уладзімір Александронец. — Тэма адукацыі і яе ўразлівых груп — а цыганская з прычыны этнічных, ментальных асаблівасцяў менавіта такой і лічыцца — для нас архіважная. Мы і арганізацыю стваралі для таго, каб садзейнічаць устойліваму развіццю мясцовых супольнасцяў праз прасоўванне ідэй адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Адукацыя здольная мяняць жыццё людзей і рабіць яе лепш. Культура цыганскай суполкі вельмі цікавая, але, паколькі гэта група дастаткова закрытая, асаблівасці цыганоў у Беларусі мала вывучаны. І працаваць з гэтай катэгорыяй непадрыхтаванаму чалавеку немагчыма. Таму праектная група робіць акцэнт на работу з педагогамі, на майстар-класы. Важна даць інструменты, методыкі, падыходы. Вялікія спадзяванні на педагогаў, што яны будуць фіксаваць інфармацыю пра танцы, песні, казкі, быт, адзенне, ежу рома. Для этымалогіі гэта вельмі важна.

У працэс па сацыялізацыі цыганоў актыўна ўключыўся Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі, на базе якога некалькі месяцаў таму запрацаваў адмысловы рэсурсны цэнтр. Ён займаецца распрацоўкай інавацыйных метадаў работы з дзецьмі рома.

— Мы ўзаемадзейнічаем з педагогамі і бацькамі, а яны потым выкарыстоўваюць гэты вопыт у рабоце і выхаванні, — кажа начальнік аддзела інстытута Святлана Селязнёва. — Да гэтай дзейнасці мы прыцягваем маладых педагогаў, пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства. Ім вельмі цікавы гэты праект.

На семінары перадавымі метадамі работы па ўцягванні дзяцей рома ў адукацыйны працэс падзяліліся з калегамі маладыя і крэатыўныя педагогі Магілёўшчыны. Настаўнік геаграфіі Мяжысецкай школы Андрэй Трэй паказаў, як можна выкарыстоўваць тэхналогію адукацыйнага падарожжа. Тэмай яго ўрока стала гісторыя цыганоў. Прызнаецца, што сам зрабіў для сябе адкрыцці пры паглыбленні ў тэматыку. А настаўнік беларускай мовы і літаратуры гэтай жа школы Антон Лабаноўскі лічыць, што матэрыял лепш засвойваецца, калі падаецца праз малюнак. І ў дзяцей рома нават не ўзнікне праблем з вывучэннем беларускай мовы, перакананы ён.

Арганізатары праекта лічаць, што сацыялізацыя дзяцей рома праз адукацыйны працэс яшчэ больш зблізіць беларускі народ і зробіць яго больш моцным і трывалым. І тое, што зацікаўленасць у рэалізацыі праекта ёсць, абяцае дастаткова хуткі вынік.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Кампетэнтна

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прарэктар МДУ імя А. Куляшова Алег Дзячэнка:

— Наша краіна шматнацыянальная, у Беларусі жыве больш чым 130 нацыянальных і этнічных груп. Па выніках перапісу насельніцтва ў 2019 годзе, колькасць цыганоў складае ўсяго 6848 чалавек, з іх 279 жывуць у Магілёўскай вобласці. Па неафіцыйных даных, цыганоў значна больш — каля 60 тысяч. Гэта сведчыць, што народ рома мала вывучаны і сацыялізаваны. Але дзяржава робіць усё для таго, каб міжнацыянальныя адносіны ў краіне развіваліся гарманічна. Наша дзяржаўная палітыка будуецца на прынцыпе роўнасці нацыянальных і этнічных груп перад законам. Правядзенне рэспубліканскага семінара па ўцягванні дзяцей рома ў адукацыйны працэс — знакавая падзея. Яна не толькі адпавядае інтарэсам нацыянальнай палітыкі, але і накіравана на забеспячэнне вялікай палітычнай задачы. Талерантнасць і міжнацыянальнае пагадненне, абарона дзяржавай інтарэсаў усіх нацыянальных і этнічных груп садзейнічае фарміраванню нацыянальнай ідэнтычнасці, грамадзянскай згоды і міру ў краіне. Гэта асабліва важна ў Год народнага адзінства.

Загаловак у газеце: Майстар-клас на мове рома

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.