Вы тут

Прайшла сесія Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў


 

Пытанне аб прызначэнні стыпендый спартсменам Віцебскай вобласці, падтрымкі ў станаўленні патэнцыйных чэмпіёнаў і рэкардсменаў было адным з галоўных на пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Вельмі актуальная тэма напярэдадні Алімпійскіх гульняў, дэпутаты гэта разумелі.


Фота: pixabay.com

Паводле інфармацыі ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, сёлета вартыя атрымліваць грашовую падтрымку 89 спартсменаў, якія дабіліся найбольш значных вынікаў у 24 відах спорту, у тым ліку 21 — алімпійскіх.

Цікава, што толькі 49 з іх жывуць у абласным цэнтры. Астатнія — у правінцыі, у тым ліку і ў глыбінцы. У прыватнасці, у Оршы — 13, Наваполацку — 12, Полацку — 6, у Браславе, Сянно і Чашніках — па двое, у Шуміліне, Лепелі і Глыбокім — па адным.

На выплату стыпендый з абласнога бюджэту на гэты год спатрэбіцца прыблізна 250 тысяч рублёў.

Для параўнання: летась атрымальнікамі стыпендый былі 97 чалавек. Таму карэкціровак у бок павелічэння фінансавання не спатрэбіцца.

У згаданым упраўленні падкрэсліваюць, што фактаў, каб нехта паскардзіўся, чаму не ён стыпендыят, не было. Усё справядліва, бо ўлічваюцца дасягненні, перспектывы, напрыклад, ці з'яўляецца спартсмен кандыдатам для ўдзелу ў Алімпіядзе?

У 2020 годзе спартсменамі Прыдзвінскага краю на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах заваявана 10 медалёў: тры — залатыя, два — сярэбраныя і пяць — бронзавых. З агульнай колькасці заваяваных медалёў сем — па алімпійскіх відах спорту.

Поўнач краіны стабільна ў прызавой тройцы па пераможных месцах сярод абласцей.

Народным выбраннікам агучылі сёлетнюю алімпійскую статыстыку. 27 прадстаўнікоў Віцебскай вобласці ў дзевяці відах спорту прэтэндуюць на права змагацца за медалі на XXXІІ летніх Алімпійскіх гульнях у сталіцы Японіі.

Між іншым, цікавы факт: у спісе алімпійцаў-пераможцаў з Віцебшчыны пад нумарам адзін — лёгкаатлет Рамуальд Клім, які ў Токіа ў 1964 годзе заваяваў залаты медаль на XVІІІ Алімпійскіх гульнях. Хочацца верыць, што ў Японіі пашанцуе нашым не толькі з Віцебшчыны і не толькі з «золатам» няхай вернуцца. Пабольш медалёў розных!

Робіцца многае, каб своечасова выявіць схільнасць хлопчыкаў і дзяўчынак да спорту, дапамагчы раскрыць спартыўны талент. Летась у спецыялізаваных па спорце класах займалася 649 спартсменаў па 23 відах.

А ўсяго спартыўную падрыхтоўку ў вобласці праходзяць больш чым 21 тысяча чалавек пад кіраўніцтвам каля тысячы трэнераў-выкладчыкаў.

Падрыхтоўку спартыўнага рэзерву і спартсменаў высокага класа забяспечваюць каля шасцідзесяці спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і два вучылішчы алімпійскага рэзерву. У іх за кошт бюджэтных сродкаў культывуецца прыкладна пяцьдзясят відаў спорту.

Стварэнне добрых умоў для заняткаў фізкультурай і спортам, будаўніцтва новых аб'ектаў — гэтыя тэмы пад пільнай увагай дэпутатаў розных узроўняў. Дарэчы, у вобласці для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай работы і турызму функцыянуе каля чатырох тысяч фізкультурна-спартыўных збудаванняў.

Некалькі гадоў таму ў абласным цэнтры пабудавалі цудоўны цэнтр для трэніровак і спаборніцтваў батутыстаў. Між іншым, праз некалькі дзён пасля сесіі прадстаўнікі вялікага спорту Віцебшчыны Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў выйгралі «золата» чэмпіянату Еўропы па скачках на батуце ў Сочы.

У 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю паветраапорны футбольны манеж у Віцебску, адкрылі восем пляцовак са штучным пакрыццём у рамках сацыяльнага праекта «Bonfesto-дзецям» (у Дубровенскім, Талачынскім, Лепельскім, Пастаўскім, Глыбоцкім, Шумілінскім, Лёзненскім, Віцебскім раёнах).

Зрабілі капітальныя рамонты з элементамі мадэрнізацыі: стадыёна Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, спартыўнага комплексу горада Барань і стадыёна гарадскога пасёлка Балбасава Аршанскага раёна.

І сёлета будуць адкрывацца новыя залы, спартыўныя комплексы, палацы...

Гарадскімі і раённымі аддзеламі і сектарамі спорту і турызму летась праведзена каля трох тысяч спартыўна-масавых і турысцкіх мерапрыемстваў. У іх узялі ўдзел больш за 130 тысяч чалавек.

Сярод мноства акцый, якія рэкламуюць заняткі фізкультурай і магчымасць паказаць вялікія дасягненні ў спорце, бадай, адна з самых вядомых — штогадовая міжнародная выстаўка-кірмаш «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця». Тут юныя спартсмены бяруць удзел у паказальных выступленнях. З наведвальнікамі гутараць вядомыя спартсмены, ветэраны спорту. Яны, у прыватнасці, раяць бацькам, чым лепш заняцца іх дзецям, якія секцыі найлепш выбраць і гэтак далей.

У Віцебскай вобласці ўсё больш развіваюць спартыўны турызм: на трэніроўкі прыязджаюць аматары спорту і прафесіяналы з краін не толькі блізкага, але і далёкага замежжа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Дзеля будучых перамог!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.