Вы тут

Амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць помнік падзеям вайны


Не так даўно давялося пісаць пра помнікі, што стаяць у лясах, палях, пры дарогах. Часта іх устанаўлівалі на месцы расстрэлаў, на месцы спаленых вёсак, на брацкіх магілах. Яны вельмі розныя: ад сучасных велічных да старэнькіх, прымітыўных, якія ўзводзілі самі вяскоўцы. Нярэдка гэтыя манументы знаходзяцца даволі далёка ад населеных пунктаў, наведваюць іх найбольш пад святы. А вось у вёсках, уладкаваных аграгарадках, сярэдніх па велічыні, маленькіх населеных пунктах звычайна ёсць памятныя мясціны, дзе ўвекавечана памяць землякоў. Падчас нядаўняй паездкі ў Пружанскі раён давялося пабываць каля такіх помнікаў.


Сцяна з таблічкамі

Памятны комплекс у Сухопалі.

У Сухопалі, у самым цэнтры вёскі, уладкаваны цэлы памятны комплекс побач з брацкай магілай. Там знайшлі спачын франтавікі, якія загінулі ў баях з захопнікамі. Толькі тры прозвішчы ўдалося ўстанавіць, астатнія лічацца невядомымі. Усяго пад абеліскам пахаваны 21 чалавек. Помнік тут стаяў даўно. Да пачатку 90-х гадоў ён стаў разбурацца. За аднаўленне яго ўзялося тагачаснае сельгаспрадпрыемства. Тады гэта быў калгас «Іскра».

Былы яго старшыня Уладзімір Астапчык згадаў, што ў пачатку 90-х праўленне прыняло рашэнне не толькі паставіць новы помнік на брацкай магіле, але і ўвекавечыць памяць усіх землякоў, хто не вярнуўся з вайны. Эскіз мемарыяла намаляваў не прафесійны мастак ці архітэктар, а калгасны спецыяліст Ірына Прытульчык. Менавіта Ірына Уладзіміраўна з вялікім жаданнем узялася за гэту работу. Падключыўся сельскі Савет: удакладнялі спісы загінулых землякоў, апытвалі старажылаў, звяралі са звесткамі, якія рыхтаваліся для кнігі «Памяць».

У выніку вырабілі 12 мемарыяльных пліт, якія размясцілі на бетоннай сцяне. На плітах напісаны прозвішчы землякоў з кожнай вёскі. Для Хвалава, напрыклад, спатрэбіліся аж чатыры пліты. З гэтай, некалі адной з самых вялікіх вёсак у акрузе з вайны не вярнуліся 42 чалавекі. У Сухопалі жонкі і маці не дачакаліся 23 франтавікоў, з Гален загінула 20 мужчын, з Клятнога — 17.

Помнік у Мураве.

На месцы брацкай магілы ўстанавілі асобны абеліск у адным стылі з памятнай сцяной. Усё аб'ядналі ў адзіны комплекс з клумбамі для кветак, плітачнымі дарожкамі, малымі архітэктурнымі формамі. Урачыста адкрылі яго 9 мая 1995 года.

З сімвалам міру

У суседняй Мураве паглядзелі на Сухопаль і вырашылі не адставаць. І ўжо праз два гады, у 1997-м, у цэнтры вёскі паставілі высокі абеліск з буслам наверсе — сімвалам міру і дабрабыту. На стэле гэтага абеліска размясцілі мемарыяльныя пліты з прозвішчамі загінулых таксама па вёсках. Фінансаваннем і арганізацыяй вырабу помніка займаўся тагачасны калгас імя Калініна, цяпер ААТ «Мурава». Намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр Маркечка гаворыць:

— Тады я ў школе вучыўся, памятаю, як абеліск устанаўлівалі, якую работу перад гэтым праводзілі. Школа таксама прымала ўдзел у пошуку звестак, запісвалі сведчанні ветэранаў і старажылаў. У нас ёсць яшчэ адзін помнік на могілках. Гэта брацкая магіла расстраляных жыхароў Муравы. Расказвалі, нехта з вяскоўцаў стрэліў у напрамку нямецкай калоны. За гэта правялі паказальную «выхавальную» аперацыю — расстралялі 11 жыхароў вёскі. Кожнае 9 Мая нясём туды вянок, як і да помніка ўсім загінулым землякам у цэнтры вёскі.

І калі ў названых вышэй населеных пунктах, якія з'яўляюцца цэнтрамі сельсавета і гаспадаркі, помнікі ўзводзілі сельгаспрадпрыемствы, то невялікая вёска Зарэчча абавязана захаваннем памяці яе выхадцам-энтузіястам. У Зарэччы засталася жменька жыхароў, усе яны маюць узрост 80+. Вёска паступова і няўмольна знікала менавіта па прычыне паважанага ўзросту яе насельнікаў і праз некалькі гадоў знікла б, але стала вёскай-мемарыялам.

Вёска-мемарыял

Усяго з Зарэчча на вайну пайшлі 59 мужчын, 27 з іх не вярнуліся. А тыя, каму пашчасціла вярнуцца, у асноўным працавалі ў калгасе. У гаспадарцы ўдзельнікаў вайны заўсёды шанавалі. Адзін з актыўных калгасных парторгаў сабраў некалі па хатах фотаздымкі ветэранаў і размясціў іх на стэндзе пад назвай «Вечная слава героям».

Той вялікі стэнд, які ўсе ведалі, доўга вісеў у «чырвоным кутку» калгаснага двара. А потым многае змянілася, пачалася рэарганізацыя, былы калгасны двор прыйшоў у заняпад, фермы сталі закрываць, пабудовы зносіць. Стэнд выпадкова знайшоў і ўратаваў ад знішчэння выхадзец з гэтай вёскі Георгій Швед. Георгій Яраслававіч сабраў здымкі і пачаў абсталёўваць свайго роду музей у бацькоўскім доме.

Аднойчы ён паказаў матэрыялы і здымкі земляку Міхаілу Куцу. Міхаіл з'ехаў з Залесся адразу пасля школы, паступіў у ваеннае вучылішча, служыў у розных месцах былога Саюза, потым асеў у Брэсце, адкрыў сваю справу. І хоць бацькоў яго няма з сярэдзіны 80-х, у вёску прыязджаў заўсёды, як сам казаў, цягнула сюды.

Тады яны з Георгіем і задумаліся, як увекавечыць памяць землякоў. У Міхаіла Куца, дарэчы, бацька таксама ваяваў, але, на шчасце, вярнуўся. Бацька яго жонкі таксама франтавік, так што для сям'і гэтая тэма асаблівая. Паступова нарадзілася ідэя зрабіць памятную алею.

Расходы ўзяў на сябе прадпрымальнік. Былі выраблены мемарыяльныя дошкі з фотапартрэтамі загінулых землякоў. Іх выставілі ў выглядзе алеі, у канцы якой паставілі памятны знак-арку са звонам. Чыіх здымкаў не знайшлі, напісалі прозвішчы на асобнай дошцы. Пазней справа ад аркі ўзвялі капліцу. Яе купал, унутранае начынне падрыхтавалі ў Брэсце, а сюды прывезлі гатовыя кампаненты і зманціравалі. Мемарыял маюць намер развіваць далей, з часам тут будзе стаянка для машын, сквер.

Сваякі каля партрэта франтавіка ў Зарэччы.

Першая мемарыяльная дошка на алеі прысвечана Мікалаю Гуку 1926 года нараджэння. Загінуў у 1945-м, цалкам верагодна, што да сваіх дзевятнаццаці хлопец не дажыў. Партрэт яго паставілі першым нездарма, цяпер ён стаіць акурат насупраць сваёй хаты, адкуль яго праводзілі на вайну.

Кожны год з'язджаюцца выхадцы з Залесся і праводзяць свята вёскі. Прыязджаюць і тыя, чые родныя ўвекавечаны на партрэтах, паказваюць унукам-праўнукам, расказваюць пра іх продкаў, што загінулі на вайне.

З Міхаілам Куцам мы стаялі якраз каля партрэта Мікалая Гука. Міхаіл Міхайлавіч разважаў:

— Прыйдзе час, і вёскі не будзе як населенага пункта, але мы павінны захаваць яе для сябе, для сваіх дзяцей і ўнукаў. Нехта ж абавязкова і пасля нас прыйдзе-прыедзе, нехта кветку пакладзе на 9 Мая. Спадзяюся, што нашчадкі не забудуць сюды дарогу. Мы ў даўгу перад такімі, як Мікалай Гук, яго дзеці не нарадзіліся, не прыйдуць да помніка ўнукі. Значыць, мы, тыя, хто нарадзіліся, павінны захаваць памяць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і Валерыя КАРАЛЯ

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: І пасля нас прыйдуць, і кветку пакладуць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.