Серыя «Сябрына: паэзія народаў Расіі», якую настойліва пашыраюць у Беларусі Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа, складаецца пакуль што ўсяго з некалькіх паэтычных зборнікаў. Першай з іх у агульным шэрагу стала кніга вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі «Ранішні вецер у акне». Перакладчыкам выступіў вядомы беларускі паэт Віктар Гардзей. Пасля да чытача па-беларуску прыйшлі паэтычныя творы народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна, чачэнскага паэта Адама Ахматукаева, калектыўная кніга паэзіі народаў Расіі ў перакладах Віктара Шніпа, а таксама — асобныя выданні пачынальніка чувашскай нацыянальнай літаратуры Мішы Сеспеля і зборнік вершаў народнага паэта Чувашскай Рэспублікі Валеры Тургая.
І вось — новая сустрэча з чувашскай нацыянальнай паэзіяй: увазе беларускага чытача прапануюцца вершы Юрыя Семяндэра ў перакладах лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага.
Юрый Сямёнавіч Семяндэр нарадзіўся 2 студзеня 1941 года ў вёсцы Танышы Краснаармейскага раёна Чувашскай АССР. Скончыў Чувашскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у Цывільскім райкаме камсамола, рэдакцыі раённай газеты «Путь Октября», Чувашскім кніжным выдавецтве. З 1960 па 1964 гг. служыў у Групе савецкіх войск у Германіі. Першы надрукаваны верш Ю. Семяндэра — «Ялінка» ў часопісе «Ялав» у 1958 годзе. У 1973 годзе маладога паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.
З 1974 па 2004 гады Юрый Семяндэр працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Ялав». Лічы, трыццаць гадоў ён знаходзіўся ў самым эпіцэнтры фарміравання сучаснай чувашскай літаратуры. Першыя паэтычныя кнігі чувашскага літаратара — «Прысяга», «Арбіта», якія пабачылі свет на роднай мове на пачатку 1970-х гг. Шмат творчых намаганняў Юрый Семяндэр прыкладаў і прыкладае ў справе мастацкага прыкладу. Ім перакладзены на чувашскую мову «Слова пра паход Ігаравы», творы А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Твардоўскага, Канстанціна Сіманава, многіх паэтаў Расіі і іншых краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ім перакладзены на родную мову і творы беларускіх паэтаў. На сцэне чувашскіх тэатраў пастаўлены пятнаццаць драм і камедый рускіх, украінскіх, беларускіх, башкірскіх і марыйскіх аўтараў у пераўвасабленні Юрыя Семяндэра. У супрацы з многімі кампазітарамі чувашскім паэтам напісаны болей як 300 песень, многія з якіх гучаць так шырока, што даўно ўжо лічацца народнымі.
Вершы самога рупліўца чувашскай нацыянальнай літаратуры перакладзены болей як на 20 моў народаў свету. Ведаюць Юрыя Семяндэра і ў Беларусі. Ён прыклаў у свой час вялікія намаганні для збірання, выдання ў Мінску анталогіі чувашскай нацыянальнай паэзіі. Актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі Дзён чувашскай літаратуры ў Беларусі. Напісаў цэлы шэраг вершаў на беларускую тэму. Ды і нямала пераклаў з беларускай паэзіі на чувашскую мову.
Літаратурная, грамадская праца Юрыя Семяндэра адзначана ордэнам Дружбы народаў, ордэнам «За заслугі перад Чувашскай Рэспублікай», прэміяй Нестара Янкса, прэміяй імя Фатыха Карыма (Рэспубліка Башкартастан). Паэт уганараваны званнем заслужанага дзеяча культуры Чувашскай Рэспублікі.
З выданнем зборніка паэзіі Юрыя Семяндэра ў перакладзе на беларускую мову завяршаецца стварэнне Міколам Мятліцкім беларуска-чувашскага паэтычнага трохкніжжа. Ці будуць зроблены новыя крокі па засваенні ў Беларусі чувашскай нацыянальнай паэзіі — пакажа час. Але ўжо і сёння можна сведчыць пра плённае развіццё беларуска-чувашскіх літаратурных сувязяў. І — выказаць спадзяванне, што следам за шырокім знаёмствам з творчасцю Валеры Тургая, Мішы Сеспеля, Юрыя Семяндэра беларускі чытач адкрые новыя імёны, новыя яркія творы з такой далёкай і такой блізкай старонкі Расіі, як Чувашская Рэспубліка.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.