Вы тут

Марына Рафеева: Анлайн пашырае геаграфію прысутнасці на сустрэчах


Кніжная калекцыя Івана Паскевіча, літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны з асобнай мемарыяльнай залай народнага пісьменніка БССР Андрэя Макаёнка, бібліятэчны тэатр «Гракі», а галоўнае, непаўторны будынак, што з’яўляецца помнікам архітэктуры, — усё гэта Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна, якая мае больш чым 90-гадовую гісторыю. На працягу гэтага часу тут гаспадарыць кніга: старажытная, навуковая, дзіцячая... Але ёсць адна асаблівая — рукапісная кніга гісторый, прысвечаная сямейным парам, адлік жыцця і кахання якіх пачаўся менавіта ў Гомельскай абласной бібліятэцы. Паказальны ў гэтай кнізе і аповед сям’і Рафеевых. Марына Рафеева, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна, пераканана: кніга і вечная любоў непарыўныя і, як пачуцці не падуладныя часу, так непадуладная часу сама сутнасць бібліятэкі. Пра перспектывы кнігі і кніжніцы — наша гутарка.


— Ці складана бібліятэцы ў наш няпросты час?

— Бібліятэкары пастаянна вучацца адказваць на запатрабаванні часу. Не варта думаць аб бібліятэцы як пастаяннай, нязменнай велічыні. Як прыклад — сярод бібліятэк Гомельскай вобласці вось ужо на працягу 26 гадоў праходзіць штогадовы агляд-конкурс на творчую індывідуальнасць у рабоце з чытачамі «Бібліятэка, патрэбная грамадству». Дарэчы, конкурс адзін з самых старэйшых у нашай галіне. Яго гісторыя не скончылася да гэтага часу менавіта таму, што бібліятэкары ловяць дух часу. Увага бібліятэкараў да інтарэсаў і патрэб розных карыстальніцкіх груп, сістэмнасць і рэгулярнасць сустрэч у кніжніцах, зручны час правядзення мерапрыемстваў, камфортная, прыхільная прастора, яркія асобы і падзеі, — вось тое, што сёння павышае запатрабаванасць бібліятэкі.

Так, Гомельская абласная бібліятэка — месца, куды прыходзяць не толькі атрымаць веды, але і прыемна правесці вечар ва ўтульным арт-кафэ, атрымаць асалоду ад выдатнай паэзіі, музыкі і жывапісу, паслухаць лекцыю масцітых і маладых навукоўцаў рэгіёна, дакрануцца да гісторыі, застылай на кніжных старонках XVI—XIX стагоддзяў, пабачыць новую трактоўку класічнай п’есы або аўтарскія імпрэзы ў выкананні акцёраў бібліятэчнага тэатра, падзяліцца прачытаным і ўбачаным, дазнацца пра новае, сустрэцца з аднадумцамі, паўдзельнічаць у валанцёрскіх ініцыятывах, атрымаць прававую інфармацыю альбо юрыдычныю кансультацыю... Усяго проста не пералічыць!

Будуць мяняцца абставіны — будзем мяняцца і мы, каб заставацца патрэбнымі грамадству. Прытым сёння і прадуманае камплектаванне бібліятэчнага фонду, і абслугоўванне чытачоў кваліфікаванымі спецыялістамі, і арганізацыя цікавых імпрэз — усё гэта неад’емныя, важныя часткі нашай штодзённай працы. І калі хоць адно звяно будзе слабым, то разарвецца ўвесь ланцуг наладжанай бібліятэчнай работы. Вось чаму важна захоўваць разумны баланс бібліятэчнага трыадзінства: камплектаванне фонду — абслугоўванне чытачоў — правядзенне мерапрыемстваў.

— Сёння бібліятэкар, пэўна, больш выратавальнік ад інфармацыйнага шуму, пасрэднік паміж рэсурсам і карыстальнікам, хаця раней ён выконваў асветніцкую місію...

— А можа, асветніцтва сёння мае на ўвазе, у тым ліку, і пасрэдніцтва паміж кнігай і чытачом, з’яўляецца яго важнай часткай? Быць можа, у сучасным свеце бібліятэкар — гэта і асветнік, і правадыр у бязмежны свет інфармацыі, і пасрэднік паміж інфармацыяй і карыстальнікам?

Да сучаснага бібліятэкара прад’яўляюцца самыя высокія патрабаванні, бо значна ўскладніліся запыты і патрэбы чытачоў, асабліва маладых. І вельмі прыемна, што маладыя супрацоўнікі гэта добра ўсведамляюць. Працуе прынцып «роўны навучае роўнага». Бібліятэчная моладзь сама вельмі шмат чытае, развіваецца і далучае да гэтага тых маладых людзей, якія, можа быць, упершыню прыходзяць у бібліятэку па кнігу. Маладыя супрацоўнікі самі кажуць пра гэта так: «Зразумела, што складана разабрацца ў шматлікіх і разнастайных літаратурных сусветах. І калі я адчуваю, што маладому чалавеку падабаецца той ці іншы жанр, я яго вяду, падказваю, рэкамендую з таго, што прачытаў сам, што мяне зачапіла, што дакладна ляжа чытачу на душу». Можа быць, гэта і ёсць аналаг асветніцтва ў яго сучасным разуменні...

— Але ў лічбавую эру лягчэй стала здабываць інфармацыю. Ці азначае гэта, што роля кнігі зніжаецца?

— Нельга не пагадзіцца, што сёння, у час бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій, росквіту і масавага распаўсюджвання інтэрнэту, стала вельмі проста здабываць любую інфармацыю. Але ж трэба разумець, што гэта за інфармацыя, наколькі яна дакладная, з якіх аўтарытэтных (ці не зусім) крыніц. І менавіта ў гэтай сітуацыі кніга як найважнейшая першакрыніца адыгрывае галоўную ролю. І тут ужо выбар за карыстальнікам: кіравацца сумніўнымі інтэрнэт-крыніцамі або праверанымі часам друкаванымі выданнямі, аўтарства і дакладнасць якіх не выклікае сумнення.

На наш погляд, погляд людзей, якія штодня абслугоўваюць чытачоў, кнігі былі, ёсць і застануцца адзінымі вернымі падказчыкамі, дакладнымі крыніцамі, правільнымі арыенцірамі ў бязмежным акіяне інфармацыі. І кнізе ў выкананні гэтай важнай задачы адводзіцца галоўная роля.

— Асяроддзе, у якім функцыянавалі бібліятэкі, радыкальна змянілася. Няўжо прагрэс не пахіснуў каштоўнасць кнігі?

— Тэндэнцыі сучаснасці — пазбаўленне ад дамашніх бібліятэк. Кнігі, падпісныя выданні, якія дзесяцігоддзямі збіраліся ў сем’ях, сёння здаюцца ў макулатуру, вывозяцца на сметнік… Гэта боль для бібліяфіла, для бібліятэкара. І гэта вынік якраз глабальнай праблемы нечытання. Але вечныя каштоўнасці таму так і называюцца, што застаюцца непарушнымі духоўна-маральнымі арыенцірамі развіцця грамадства і чалавецтва ў цэлым. А што можа адбыцца з намі без гэтых каштоўнасцей, вельмі вобразна апісаў Рэй Брэдберы.

Бібліятэка даўно навучылася выкарыстоўваць дасягненні тэхнічнага прагрэсу на карысць чытачам. Хто б мог падумаць: яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму мы маглі толькі марыць аб алічбаваных копіях рарытэтных кніжных выданняў, паўнатэкставых базах даных з найкаштоўнейшай навуковай і краязнаўчай інфармацыяй у адкрытым доступе, аб тэлемостах з сучаснымі аўтарамі, аб неверагодных магчымасцях сучаснай бібліятэчнай тэхнікі, якая дапамагае чытаць тым, хто слаба бачыць альбо з’яўляецца інвалідам па зроку. Электронныя каталогі на сайтах бібліятэчных устаноў дазваляюць эканоміць час карыстальнікаў пры складанні запытаў. Электронная дастаўка дакументаў з фондаў буйных бібліятэк — ужо даўно прывычная з’ява. Апошнім часам мы ўвялі новы сэрвіс — анлайн-аплата паслуг бібліятэкі.

— Гэта звязана ў тым ліку і з пандэміяй?

— Прайшоўшы, як кажуць у псіхалогіі, усе стадыі працэсу — ад адмаўлення сітуацыі да яе прыняцця і адаптацыі, — мы прыстасаваліся жыць і працаваць у новых умовах абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каранавіруса.

Сталі магчымы дадатковыя тэрміны карыстання выданнямі, дазволена неаднаразовае падаўжэнне гэтых тэрмінаў па тэлефоне ці віртуальна, уведзены дыстанцыйныя заказы кніг і бескантактавае іх вяртанне. Пашырыліся сэрвісы анлайн-абслугоўвання: кансультацыі, навучанне, віртуальныя майстар-класы, выстаўкі. Прапанаваны аддалены доступ да падпісных рэсурсаў бібліятэкі, узрасла інтэнсіўнасць работы віртуальнай даведачнай службы і запытаў на электронную дастаўку дакументаў.

Работа бібліятэкі з мэтавымі чытацкімі групамі таксама атрымала новыя задачы. Многія пасяджэнні клубаў па інтарэсах і цыклы мерапрыемстваў былі пераведзены ў рэжым анлайн-зносін або відэатрансляцыі. Так, напрыклад, Гомельская абласная бібліятэка адкрыла новую старонку супрацоўніцтва з упраўленнем дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці ў сумесным праекце «Крок насустрач». Праект, пачаты ў 2019 годзе, раней прадугледжваў культурна-асветніцкія мерапрыемствы ў сценах папраўчых устаноў закрытага тыпу, якія праводзяцца супрацоўнікамі бібліятэкі, і зносіны ў бібліятэцы асобных сем’яў, адзін з бацькоў якіх знаходзіцца ў такіх установах. У гэтым жа годзе двойчы на месяц у бібліятэцы ладзяцца тэматычныя мерапрыемствы анлайн у рэжыме рэальнага часу, прымеркаваныя да пэўных дат. Для асуджаных прадугледжаны прэзентацыі кніг, гутаркіінтэрв’ю з цікавымі людзьмі — «жывымі кнігамі», экскурсіі і інтэлектуальныя гульні, два творчыя конкурсы: «Чытанне ў маім жыцці» і «Казка на ноч».

З маладзёжнай аўдыторыяй Гомельская абласная бібліятэка паспяхова апрабавала фармат чытацкіх відэамарафонаў, прысвечаных знакавым датам календара. У перыяд з красавіка да снежаня 2020 года на сайце нашай бібліятэкі і YouTubeканале было размешчана 116 мерапрыемстваў рознай тэматыкі, якія аддаленыя карыстальнікі прагледзелі больш за 9 тысяч разоў. Згадзіцеся, гэтыя лічбы кажуць самі за сябе!

Акрамя таго, хочацца адзначыць, што, нягледзячы на адток часткі карыстальнікаў і адмену многіх масавых мерапрыемстваў, публічныя бібліятэкі ў 2020 годзе, у першую хвалю пандэміі, заставаліся адзінымі сярод устаноў культуры краіны, куды штодня ішлі людзі, нашы чытачы. Па выніках года мы страцілі частку рэальных чытачоў, наведванняў. Але набылі іх у віртуальнай прасторы. Прырост па Гомельскай вобласці склаў 34 %. Па краіне ў цэлым сярод публічных бібліятэк — 21,4 %.

— Такім чынам, бібліятэка ўпэўнена замацавалася анлайн?

— Анлайн-фармат дае магчымасць пашырыць геаграфію прысутнасці на многіх раней недаступных сустрэчах, год 2020-ы ўдвая павысіў актыўнасць удзелу бібліятэкараў у прафесійных мерапрыемствах. Вядучыя спецыялісты нашай бібліятэкі ў аддаленым рэжыме неаднаразова станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі аўтарытэтных прафесійных форумаў і канферэнцый міжнароднага ўзроўню, якія ладзіліся Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай мастацтваў, Расійскай нацыянальнай бібліятэкай, рэгіянальнымі бібліятэкамі Курска, Ульянаўска, Бранска (Расійская Федэрацыя), Караганды (Рэспубліка Казахстан), выступалі з дакладамі, дзяліліся вопытам работы з замежнымі калегамі. У гэты ж год наша бібліятэка ўпершыню прыняла ўдзел анлайн у ХII Міжнароднай выдавецкай выстаўцы-кірмашы «Амурские книжные берега» па запрашэнні Амурскай абласной бібліятэкі.

Акрамя таго, супрацоўнікі бібліятэк стваралі новыя актуальныя краязнаўчыя рэсурсы для карыстальнікаў. У рамках рэалізацыі двух грантаў Прэзідэнта Беларусі сфарміраваны і размешчаны на сайце бібліятэкі паўнатэкставыя базы даных. «Рэха Перамогі», створаная на аснове алічбаванага пасляваеннага газетнага масіва, дае магчымасць убачыць праз рэтраспектыву гадоў: якімі падзеямі, звязанымі з увекавечваннем памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, былі напоўнены дні, што папярэднічалі 9 Мая. Алічбаваны архіў народнага пісьменніка БССР нашага земляка А. Я. Макаёнка (больш за 1000 дакументаў), структураваны ў вэб-рэсурс «Андрэй Макаёнак: чалавек, драматург, майстар».

Сярод найбольш цікавых інфармацыйна-асветніцкіх хочацца назваць выставачныя праекты: «Восставший из руин», «Войной опалённая, трудом возрождённая. Гомельщина 1944—1961», «Песни военные — судьбы людские», падрыхтаваныя да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Наколькі важна для кніжніцы развіваць краязнаўства?

— «Мая радзіма там, дзе мая бібліятэка», — лічыў найбуйнейшы вучоны Паўднёвага Адраджэння Эразм Ратэрдамскі. Менавіта так лічу і я, бо як нельга не любіць сваю радзіму, так і нельга абыякава ставіцца да справы свайго жыцця. А вядомая ў прафесійнам асяроддзі цытата амерыканскага калегі: «Быць бібліятэкарам значыць тое ж,  што ехаць на веласіпедзе: калі вы перастаяце націскаць на педалі і рухацца наперад, вы падаеце» (D. Shumaker), вельмі дакладна вызначае маю пазіцыю актыўнага дырэктара бібліятэкі, які сілкуе сваёй энергіяй дзеяння ўвесь складаны механізм сучаснай бібліятэкі. Гэтае выказванне, на мой погляд, мае на ўвазе і стратэгію самой бібліятэчнай установы, накіраваную на яе развіццё.

— Але ж бібліятэкі закрываюць...

Для закрыцця бібліятэк існуе шмат вядомых усім аб’ектыўных перадумоў. І мясцовыя ўлады, адказныя за прыняцце гэтых непапулярных рашэнняў, дзейнічаюць з улікам неабходных узважванняў.

Бібліятэкары ж прыкладаюць усе сілы і магчымасці, каб ніхто з чытачоў не адчуў вялікіх нязручнасцей — патрэбная друкаваная кніга альбо перыядычнае выданне заўсёды трапяць да свайго чытача, нават у невялікім населеным пункце. У гэтым пытанні на дапамогу прыходзяць пазастацыянарныя формы абслугоўвання: бібліёбусы, выязныя чытальныя залы, кніганошаства, валанцёрства.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота з асабістага архіва М. Рафеевай

Выбар рэдакцыі