Вялікая Айчынная скончылася 76 гадоў таму, але дагэтуль па ўсім свеце ўсё яшчэ знаходзяць і судзяць непакараных нацыстаў. Велізарная колькасць ваенных злачынцаў у 1945-м здолела пазбегнуць правасуддзя і схавацца ў розных краінах. Маштабная сусветная аперацыя па пошуку і пакаранні доўжыцца дасюль. Куды ж разбегліся нацысты?
«Рай» для злачынцаў
«Пацучыныя сцежкі» — тэрмін, які прымяняўся амерыканскімі спецслужбамі для абазначэння сістэмы маршрутаў уцёкаў нацыстаў і фашыстаў з Еўропы напрыканцы Другой сусветнай вайны. Яны вялі галоўным чынам у Паўднёвую Амерыку, у прыватнасці, у Аргенціну, Парагвай, Бразілію, Чылі. Было два асноўныя маршруты: першы накіроўваўся з Германіі ў Іспанію, затым у Паўднёвую Амерыку, другі — з Германіі ў Рым і Геную, пасля ў Паўднёвую Амерыку. Абодва маршруты ствараліся незалежна адзін ад аднаго, але ў выніку маглі перасякацца. Адна з «пацучыных сцежак», якая стала знакамітай пасля з'яўлення трылера Фрэдэрыка Форсайта, была пракладзена сеткай арганізацыі ODESSA (Organіsatіon der ehemalіgen SS-Angehorіgen — «Арганізацыя былых членаў СС»).
Геаграфія месцаў пасляваеннага прытулку злачынцаў была шырокая: Блізкі Усход, Паўночная і Цэнтральная Афрыка. А самы цёплы прыём чакаў іх у Лацінскай Амерыцы — у Мексіцы, Бразіліі, Балівіі, Коста-Рыцы. Больш за ўсё злачынцаў прыняў Буэнас-Айрас. Хуан Перон, які стаў у 1946 годзе прэзідэнтам гэтай краіны, адкрыта спачуваў нацыстам і крытыкаваў рашэнні Нюрнбергскага суда, адзначыла russіan7.ru.
Аргенціна была для былых нацыстаў ідэальным месцам схованкі. Амаль усю вайну, аж да 27 сакавіка 1945-га, гэтая краіна захоўвала нейтралітэт. Праўда, нейтралітэт гэты быў, так бы мовіць, своеасаблівы. На тэрыторыі лацінаамерыканскай дзяржавы знаходзіліся філіялы германскіх зброевых канцэрнаў І.G. Farben, Staudt und Co., Sіemens Schuckert. У будынку нямецкага пасольства ў Буэнас-Айрасе былі аддзяленні двух банкаў Трэцяга рэйха. Цыркуляцыя грашовых сродкаў паміж гэтымі краінамі не спынялася ўсю вайну. Прадпрыемствы Аргенціны пастаўлялі Італіі і Германіі хімікаты, паладый, плаціну, лекі, знакамітае аргенцінскае мяса і пшаніцу. Не адмаўлялі ўлады Аргенціны і ў «паркоўцы» каля свайго ўзбярэжжа нямецкім субмарынам.
Ужо да пачатку Другой сусветнай вайны ў Аргенціне, насельніцтва якой тады складала 13 мільёнаў чалавек, жыло больш чым паўмільёна немцаў з аргенцінскімі пашпартамі. Вядома, не ўсе яны з'яўляліся прыхільнікамі нацызму, але лозунгі аб «Вялікай Германіі» былі сярод іх надзвычай папулярныя. Нямецкія мігранты стваралі ў сваіх кварталах і раёнах так званыя спартыўныя клубы, арганізаваныя па прынцыпе атрадаў СА і СС, выдавалі свае пранацысцкія газеты. Самай вядомай з іх была «Эль Пампера», якая выпускалася накладам каля 100 тысяч асобнікаў.
Створаная ў Аргенціне Асацыяцыя германскіх дабрачынных і культурных таварыстваў стала напаўафіцыйным філіялам НСДАП. Такім чынам, яшчэ з 1933 года тут стваралася спрыяльнае асяроддзе для пранацысцкіх настрояў. Атрымліваецца, што ўцёкі тысяч нацыстаў у гэтую краіну былі загадзя падрыхтаваныя.
«База» паспяхова дзейнічала дзесяцігоддзямі. І злачынцы пачувалі сябе вольна. У 1994-м, амаль праз паўстагоддзя пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, былы гаўптштурмфюрар СС, які жыў у Аргенціне, даў інтэрв'ю журналісту ABC Сэму Доналдсану. Эрых Прыбке спакойна жыў у аргенцінскім мястэчку Сан-Карлас-дэ-Барылочэ. У Аргенціну ён прыбыў па адной з «пацучыных сцежак» з Генуі, з пашпартам Чырвонага Крыжа на імя латыша Ота Папе Прыбке. У нямецкай суполцы Барылочэ, былы нацысцкі злачынец, быў паважаным чалавекам, яго абралі старшынёй апякунскага таварыства нямецкай школы. Пасля аднаўлення дыпламатычных адносін з Германіяй у 1952-м Эрых Прыбке нават атрымаў нямецкі пашпарт.
У сваім інтэрв'ю былы гаўптштурмфюрар СС разгаварыўся: «У тыя дні Аргенціна была для нас чымсьці накшталт раю...» Праўда, «рай» для Прыбке хутка скончыўся. Убачыўшы інтэрв'ю з нацыстам, чыя сувязь з масавымі расстрэламі людзей у Ардэатынскіх пячорах была да таго часу даказаная, у Італіі адразу накіравалі ў Аргенціну запыт аб экстрадыцыі эсэсаўца.
Варыянты легалізацыі
Як стала вядома, пэўную дапамогу ў арганізацыі ўцёкаў нацыстаў аказаў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, заўважыла russіan7.ru. Апублікаваныя ў брытанскім выданні The Guardіan даследаванні навуковага супрацоўніка Гарвардскага ўніверсітэта аўстрыйца Геральда Штэйнахера сведчаць аб тым, што Чырвоны Крыж выдаў, па меншай меры, 120 тысяч выязных дакументаў колішнім нацыстам. Большая іх частка здолела збегчы ў Іспанію і краіны Лацінскай Амерыкі праз Італію.
Для атрымання падробленых дакументаў былыя эсэсаўцы імкнуліся змяшацца з сапраўднымі бежанцамі, а часам і прадстаўляліся яўрэямі, каб з'ехаць праз Італію нібыта ў Палесціну. Штэйнахер адзначыў, што прадстаўніцтвы Чырвонага Крыжа выдавалі выязныя дакументы ваенным злачынцам з-за перагружанасці работай, а таксама зыходзячы з палітычных і асабістых прыхільнасцяў.
Выкарыстоўвалі нацысты і крадзеныя дакументы. Па падліках Геральда Штэйнахера, толькі Вялікабрытанія і Канада ў 1947 годзе памылкова прынялі прыкладна 8000 былых ваеннаслужачых войскаў СС. Цікава, што многія з іх карысталіся легальнымі дакументамі. Па выніках сваёй працы Штэйнахер напісаў кнігу «Нацысты ў бягах: як памагатыя Гітлера здолелі пазбегнуць правасуддзя».
Зрэшты, бегчы даводзілася не ўсім. Частка былых нацыстаў здолела прапанаваць свае паслугі новым уладам. Так адбылося, напрыклад, з Вільгельмам Хетлем, які быў кіраўніком разведкі і контрразведкі Трэцяга рэйха ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Апынуўшыся ў амерыканскім палоне, каб выкруціцца, Хетль пачаў акцэнтаваць увагу на сваіх антыкамуністычных поглядах. Але ён мог прапанаваць сёе-тое акрамя слоў: сетка агентуры ва Усходняй Еўропе і на Балканах. Нядзіўна, што спачатку Хетль быў прыцягнуты да Нюрнбергскага працэсу, на ім ён апынуўся не ў якасці падсуднага, а важнай сведкі абвінавачвання. Ён дажыў да 1999 года.
Гісторыя Хетля не выключэнне. Былых нацыстаў і калабарантаў, якім удалося ўтаіць мінулае, у пасляваенным свеце было нямала. Сярод іх — Курт Вальдхайм (між іншым, кіраўнік ААН з 1971 да 1982 года, а пасля канцлер Аўстрыі), Морыс Папон (у гады вайны ён быў калабарацыяністам і садзейнічаў знішчэнню французскіх яўрэяў, а пасля вайны даслужыўся да кіраўніка французскай паліцыі). Саветнікам першага пасляваеннага канцлера ФРГ Адэнаўэра быў Ганс Глобке — юрыст, які ў свой час рабіў заканадаўчае афармленне Нюрнбергскім расавым законам. Тэадор Оберлэндэр, палітычны кіраўнік батальёна «Нахцігаль», займаў розныя пасады ў заходнегерманскім урадзе да 1960 года.
Шлях Візенталя
Адзін з самых вядомых сімвалаў «палявання» на нацыстаў — Сымон Візенталь. Да вайны ён быў паспяховым архітэктарам у Львове. Пасля ў ліхалецце цудам выжыў у лагеры, страціў многіх родных і блізкіх. Калі яго вызвалілі з Маўтхаўзена, Сымон быў поўны жадання адпомсціць. Ужо праз тры тыдні ў Візенталя быў гатовы спіс з 300 імёнаў нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых — ахоўнікаў лагераў, катаў, добраахвотных памочнікаў, адзначыла takіedela.ru.
За некалькі гадоў працы Сымону і яго паплечнікам удалося сабраць вялізную колькасць інфармацыі аб ваенных злачынцах. Самая вядомая справа Візенталя — «паляванне» на Адольфа Эйхмана. Злавіць чалавека, адказнага за транспарціроўку і знішчэнне мільёнаў яўрэяў, было для яго галоўным жаданнем. Агенты «Масада» захапілі Эйхмана ў маі 1960-га, па падробленых дакументах вывезлі яго і даставілі ў Ізраіль. Толькі тады прэм'ер-міністр Бэн-Гурыён абвясціў аб узяцці нацысцкага злачынцы. Пасля знакавага працэсу Эйхман быў павешаны, а прах яго развеялі над морам.
У Візенталя было нямала іншых перамог і здзяйсненняў. Але, безумоўна, пошукам былых нацыстаў займаўся не толькі ён — яшчэ некалькі дзясяткаў актывістаў па ўсім свеце. Напрыклад, пара журналістаў Кларсфельдаў — Беата і Серж. Беата праславілася тым, што дала публічную аплявуху канцлеру ФРГ Курту Кізінгеру, абвінаваціўшы яго ва ўтойванні нацысцкага мінулага. Кларсфельды высачылі многіх нацысцкіх злачынцаў, самым вядомым з іх, напэўна, быў Клаус Барб'е — член СС, кат французскага супраціву.
Займаліся пошукам, няхай і неахвотна, і дзяржаўныя органы. У ЗША пасля гісторыі з Гермінай Браўнштайнер стварылі Офіс спецыяльных расследаванняў. Супрацоўнікі гэтага падраздзялення амерыканскага мінюста расследуюць дачыненне грамадзян краіны да ваенных злачынстваў і ўтойвання мінулага.
У ФРГ, дзе ўрад пасля вайны ўсяляк імкнуўся прыглушыць і замаўчаць праблему свайго мінулага, у 1958 годзе было створана Цэнтральнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў нацыянал-сацыялістаў. Яно з'явілася пад ціскам нямецкай грамадскасці. Ствараючы ведамства, улады спадзяваліся, што яно будзе хутчэй намінальным і існаваць толькі на паперы. Агалоска зусім не цешыла заходнегерманскае міністэрства юстыцыі. У гэтым няма нічога дзіўнага: у 2016-м стала вядома, што паміж 1949-м і 1973-м гадамі больш за палову нямецкіх суддзяў (90 са 173) былі ў мінулым членамі НСДАП, а 34 чалавекі — і ўвогуле членамі СА — штурмавікамі.
У СССР публічныя працэсы над нацыстамі і іх памагатымі пачаліся яшчэ ў 1943 годзе — неўзабаве пасля вызвалення Курска, Арла і Белгарада. Яны прайшлі ў час вайны і ў першыя гады пасля яе ў 21 горадзе. Паводле ацэнак нямецкага гісторыка Тані Пентэра, толькі ў 1943—1953 гадах у СССР за дапамогу акупантам асудзілі каля 320 тысяч чалавек. Пасля распаду саюза сітуацыя пачала змяняцца: у асобных колішніх савецкіх рэспубліках і краінах сацблока пачалася пераацэнка вынікаў Другой сусветнай вайны. У Латвіі, нягледзячы на шматлікія пратэсты, пачалі адзначаць дзень памяці латышскіх легіянераў. У Эстоніі такой жа традыцыяй стаў штогадовы злёт ветэранаў войскаў СС.
Тым часам
Не дапусціць рэабілітацыі нацызму
Канстытуцыйны суд прызнаў Закон Беларусі «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» адпаведным Канстытуцыі. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні суда, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведаміла БелТА.
У ім адзначаецца, што ўстаноўленае нормамі закона прававое рэгуляванне грамадскіх адносін па недапушчэнні рэабілітацыі нацызму забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, палажэнняў Асноўнага закона аб абароне канстытуцыйнага ладу, аб забеспячэнні законнасці і правапарадку, нацыянальнай бяспекі, грамадзянскай згоды, аб гарантаванні правоў, свабод і аховы інтарэсаў кожнага.
Законам вызначаны, у прыватнасці, прававая аснова дзейнасці і асноўныя прынцыпы недапушчэння рэабілітацыі нацызму, суб'екты процідзеяння, асноўныя напрамкі прафілактыкі і меры процідзеяння. Таксама ўстанаўліваюцца кантроль і нагляд за дзейнасцю ў гэтай галіне, адказнасць.
Захар БУРАК
Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.