Вы тут

Фарбы вайны. Пяць карцін мастакоў-відавочцаў


Вайна — адна з тых тэм, якія нікога не пакідаюць абыякавымі. З аднаго боку, размовы пра яе дапамагаюць вызваліцца ад болю ўспамінаў тым, хто быў яе непасрэдным удзельнікам, з іншага — усе творы ў літаратуры, кіно, выяўленчым мастацтве даюць магчымасць захаваць памяць пра герояў, падзеі, якія нельга забываць. Калі звярнуцца да творчасці беларускіх мастакоў, то яны гавораць пра Вялікую Айчынную вайну праўдзіва, з пазіцыі цаны, якой дасталася нашаму народу Перамога.

Разам з загадчыкам аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХІ ст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Кацярынай Ізафатавай мы згадалі работы і імёны творцаў, якія з'яўляліся наватарамі свайго часу ў ваеннай тэме і распавядалі пра яе так, як падказвала сэрца і сумленне, нават калі даводзілася ісці супраць правіл і канонаў.


1. Май Данцыг «Аб вялікай Айчыннай...», 1968 год

 

— Кампазіцыя карціны дазваляе нам апынуцца ў працоўным кабінеце чалавека, якога мы не ведаем, аднак адчуваем яго прысутнасць і гісторыю ў дэталях... Будучы мастак, якому было адзінаццаць гадоў, са сваёй сям'ёй эвакуіраваўся ў 1941 годзе. Аднак удалося гэта толькі дзякуючы аўтарытэту яго бацькі. Калі прыйшлі на чыгунку, то цягнікі ўжо не забіралі людзей. І тыя проста клаліся на рэйкі, каб спыніць лакаматывы. І тады адзін з вучняў, убачыўшы на станцыі свайго настаўніка (бацька мастака быў настаўнікам фізкультуры), гукнуў яго з вагона, і Данцыгі забраліся туды. Калі б гэтага не адбылося, то невядома, што было б з будучым мастаком, які з'яўляўся яўрэем па нацыянальнасці, магчыма, як і многія, загінуў бы ў Мінскім гета... Таму тэма вайны стала адной са знакавых у яго творчасці. І карціна «Пра Вялікую Айчынную...» перадае нам асаблівае ўспрыманне гэтай тэмы. Мы бачым працоўнае месца, дзе друкарская машынка з чыстым аркушам паперы, а побач тлее цыгарэта. На падлозе скамечаныя лісты, быццам бы чалавек хоча распавесці нешта, але думкі не складваюцца, і яго гэта непакоіць. А ўверсе заўважаем вазу, якая насамрэч з'яўляецца разарванай артылерыйскай гільзай, што нагадвае яму аб мінулым. І ў ёй галінка рабіны, а за акном — дамы, укрытыя снегам, — зусім іншае жыццё. Мінаюць дзесяцігоддзі, а памяць застаецца і па-ранейшаму баліць... Калі падысці зусім блізка да карціны, то атрымліваецца адчуць сябе на месцы героя. Асаблівым акцэнтам, які звяртае на сябе ўвагу, з'яўляецца чырвоная падлога і фіранкі з чырвонымі квадратамі — яны нібы гавораць, як цяжка чалавеку жыць са сваімі ўспамінамі, як яны трымаюць яго. То-бок няма канкрэтных падзей, але ва ўсім адчуваецца боль, смутак, пакуты і зашыфраваны пасыл пра тое, што час не лечыць. Магчыма, гэтае палатно можна лічыць і своеасаблівым прысвячэннем мастака ўсім нашым беларускім пісьменікам, якія пісалі пра вайну.


2. Міхаіл Савіцкі «Віцебскія вароты», 1967 год

— Міхаіл Савіцкі як ніхто іншы ўмеў перадаваць жах фашысцкіх лагераў, бо сам быў вязнем у некалькіх з іх. Яго работа «Віцебскія вароты», з якой ён увайшоў у беларускае мастацтва як яскравая персона, напісана на аснове рэальных падзей. Такі калідор існаваў па лініі фронту паміж Суражам, Веліжам і Асвятамі ў 1942 годзе. Там людзі мелі магчымасць уратаваць сваё жыццё, пакінуўшы родныя мясціны. І мастак у сваёй рабоце паказвае два патокі на фоне амаль што чырвонага зарыва. Яно якраз і сімвалізуе зону баявых дзеянняў, зямлю і краіну, якая гарыць. Да нас выходзяць жанчыны з дзецьмі, старыя і параненыя, а туды накіроўваюцца новыя байцы з медыкаментамі і боепрыпасамі. Гэтая карціна — своеасаблівая даніна часу. Па ўспамінах сына мастака, на першай экспазіцыі работа была заклеена газетамі, бо лічылася, што дае занадта сімвалічнае прачытанне тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Варта звярнуць увагу на жанчыну ў цэнтры палатна ў чырвонай хустцы і са стрэльбай за плячыма. Гэта розніцца з уяўленнем пра тое, што прызначэнне жаночае ў тым, каб гадаваць дзяцей і берагчы дом. Простая сялянка, нібы сама Беларусь, здолела выстаяць у той вайне і выратавацца. Разам з тым зямля, па якой ідуць людзі, мае шэры колер, яна спаленая дашчэнту, што таксама сімвалічна. Таму твор сёння ўспрымаецца як класіка, якую павінен ведаць кожны.


3. Валянцін Волкаў «3 жніўня 1944 года...», 1946—1955 гады

— Карціну заказвалі для Дома ўрада, дзе яна павінна была стаць упрыгожваннем, аднак тагачасны дырэктар мастацкага музея Алена Аладава зрабіла ўсё магчымае, каб твор застаўся ў музейных фондах. На карціне мы бачым разбураны Мінск, плошчу Свабоды. Над ёй мастак працаваў каля дзесяці гадоў, прычым ужо тады ён быў у сталым узросце. На палатне можна ўбачыць больш за сто персанажаў. Волкаў быў з тых беларускіх мастакоў, што знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі, таму з максімальнай праўдзівасцю і ў танальнасці таго часу адлюстроўваў падзеі. Перад намі ўезд танкістаў, якія вызвалілі Мінск, і іх радасная сустрэча. Палатно многімі ўжо даследавалася, але дагэтуль мы працягваем даведвацца, хто з'яўляецца рэальнымі прататыпамі людзей, якіх можна ўбачыць на карціне. Сам мастак распавядаў, што пісаў там і сваіх родзічаў, і сяброў, а наша супрацоўніца там нават сваю бабулю прызнала. Некалькі гадоў таму нам таксама патэлефанаваў чалавек, які ўспомніў і свой вопыт пазіравання для гэтай работы. Яму тады было гадоў 5-6, але мастак здолеў угаварыць яго маці, каб малы пазіраваў. Думаю, карціна ўвогуле заслугоўвае таго, каб займаць асобную залу, паколькі з'яўляецца вельмі маштабным творам. У нас у музеі захоўваюцца эскізы, дзе можна прасачыць і пошук кампазіцыі, і накіды персанажаў карціны. Цікавым фактам, што датычыцца гэтага палатна, з'яўляецца тое, што замежны мастак Сэндоў Бірк скапіраваў яго кампазіцыю ў сваёй рабоце «Вызваленне Багдада».


4. Віктар Грамыка «1941 год. Над Прыпяццю», 1970 год

— Гэта прыклад суровага стылю ва ўсіх сэнсах. На карціне адлюстраваны ўвесь трагізм вайны. Плюс перад намі абсалютна новая кампазіцыя. Каля самага краю палатна — забіты салдат. Каля яго схілілася маці, а ззаду ў немым крыку дзяўчына, яго нявеста, глядзіць у неба. Абсалютна нязвыклы ракурс у асвятленні Вялікай Айчыннай вайны, які ў пасляваенны час быў пад забаронай. Але ж вось яна, цана вайны — загінулы чалавек, яго маці, якая тужыць па ім, і дзяўчына, якая страціла каханага. Кампазіцыйна тут прынцыповы лаканізм і мінімалізм, калі ёсць толькі тры фігуры і водная прастора (праўда, з колерам вады, якая нагадвае кроў), але ў гэтай нешматслоўнасці ўся праўда жыцця, дзе адны паміраюць, а іншыя застаюцца ў жывых, але са зруйнаванымі лёсамі і з болем страты...

5. Аляксандр Салаўёў Серыя «Памяці загінулых», 1980—1990-я гады

— Ёсць сярод нашых мастакоў і тыя, хто выказваўся на ваенную тэму з дапамогай абстракцыі. І, калі гаварыць, напрыклад, пра еўрапейскую традыцыю, то там ваенная траўма якраз пражывалася ў такой форме. Кампазітар Тэадор Адорна нават сказаў неяк: «Пісаць вершы пасля Асвенцыма — гэта варварства», бо існуе такі погляд, што, перажыўшы падобнае, тварыць балюча і немагчыма. Аляксандр Салаўёў трапіў на вайну 15-гадовым хлопцам. І яго аповеды пра вайну жудасныя, пра гэта ён увогуле не любіць гаварыць. Яго вайна абсалютна іншая. Памятаю, калі курыравала яго выстаўку, то дала ёй назву «Рэальнасць без падабенства», таму што пасля знаёмства з яго апавяданнямі пра тыя драматычныя падзеі ты адчуваеш рэчаіснасць, якую ён паказвае на палатне. Так, ён згадваў, як яны ішлі праз балота і натрапілі на масавае пахаванне людзей, а зусім нядаўна гэта былі 200 жывых чалавек. Салаўёў як мастак адносіцца да кірунку нонканфармізму, і пра вайну ён распавядае так, як адчувае. У нашай калекцыі ёсць некалькі яго графічных і жывапісных работ дадзенай тэматыкі. Работы «Метамарфозы» — гэта той самы прыклад усемагчымага змешвання тэхнікі, што ў выніку дае новы, нязвыклы погляд мастака. І яго задумы кожны адчувае і тлумачыць на ўзроўні інтуіцыі.

Запісала Алена ДРАПКО

Фота з архіва Нацыянальнага мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.