Вы тут

У другім чытанні прыняты праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці»


На пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў другім чытанні прыняты праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». У першым чытанні дэпутаты прынялі законапраекты «Аб змяненні законаў» (кампенсаванне банкаўскіх укладаў) і «Аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці».


Фота БелТА.

Крымінальная адказнасць за ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў

Законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» накіраваны на ўдасканаленне крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і крымінальна-выканаўчага кодэксаў. Падчас падрыхтоўкі праекта да другога чытання ў яго былі ўнесены некаторыя змены, у прыватнасці замацаванне крымінальнай адказнасці за рэабілітацыю нацызму, увядзенне крымінальнай адказнасці за прапаганду нацысцкай сімволікі, здзейсненую неаднаразова, канкрэтызаваны спосабы ўхілення ад няплаты падаткаў, унесены палажэнні, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўхіленне ад платы страхавых узносаў. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Дубаў. Дарэчы, падчас абмеркавання дэпутаты пацікавіліся ў яго, ці не прывядзе ўвядзенне крымінальнай адказнасці за няплату страхавых узносаў да крымінальнай адказнасці кіраўнікоў арганізацый, якія з-за цяжкага фінансавага становішча не могуць здзейсніць гэтыя выплаты. Аляксандр Дубаў патлумачыў, што законапраект прадугледжвае крымінальную адказнасць не за няплату, а за ўхіленне ад яе, а гэта найперш неналічэнне страхавых узносаў. Калі налічэнні былі здзейснены, але маецца няплата з-за цяжкага фінансавага становішча, крымінальная адказнасць не наступае, растлумачыў парламентарый.

Таксама ў новым законапраекце прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за наўмыснае незаконнае даванне інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных іншай асобы без яе згоды, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды; за распаўсюджванне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена, здзейсненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне; удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненае асобай, якая на працягу аднаго года пасля накладання двух адміністрацыйных спагнанняў за такія дзеянні зноў парушыла парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў; за невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненні яе дзейнасці; кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання гэтым сродкам, здзейсненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання; падатковае махлярства.

Мяняюцца тэрміны кампенсацыі банкаўскіх укладаў

Пра навацыі, якія прапануе законапраект «Аб змяненні законаў» (кампенсаванне банкаўскіх укладаў) расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Віталь Васюкоў. У прыватнасці, мяняюцца тэрміны кампенсацыі ўкладаў для фізічных асоб.

— Законапраект датычыцца гарантаванага кампенсавання банкаўскіх укладаў. Уносяцца змяненні ў парадак звароту па выплату і кампенсацыю, а таксама непасрэдна самі кампенсацыі. Напрыклад, павялічваецца тэрмін з двух да пяці гадоў — гэта тэрмін магчымага звароту ў павераны банк або ў Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў. Скарачаецца з аднаго месяца да сямі дзён пасля падачы заявы сам тэрмін выплаты і кампенсацыі па ўкладах па заявах, якія не патрабуюць дадатковага вывучэння. Для фізічных асоб, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, вызначаецца непасрэдна спосаб кампенсацыі: або наяўныя сродкі, або безнаяўным шляхам. У мэтах падтрымкі фінансавага рынку ўзмацняецца роля Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў, пашыраюцца яго паўнамоцтвы. Але асноўнае новаўвядзенне прадугледжвае магчымасць гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў індывідуальным прадпрымальнікам, — патлумачыў Віталь Васюкоў.

Падрыхтавана новая рэдакцыя Кодэкса ад адукацыі

Парламенцкія слуханні на тэму «Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення» плануецца правесці 10 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў. У абмеркаванні прымуць удзел прадстаўнікі дашкольнай, сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Па выніках слуханняў выпрацуюць рэкамендацыі, якія будуць улічаны ў Кодэксе аб адукацыі. Пра гэта расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

— Падрыхтавана новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, у адпаведнасці з якой дакумент істотна дапрацаваны, у яго ўключаны новыя палажэнні, якія датычацца выкарыстання дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйнай практыцы, сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, распрацоўкі сумесна з рынкам працы механізмаў фарміравання дзяржаўнага заказу падрыхтоўкі кадраў, падрыхтоўкі педагагічных кадраў для нацыянальнай сістэмы адукацыі і выпрацоўкі комплексу мер, накіраваных на павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці яе работнікаў, стварэння сістэмы знешняй незалежнай дзяржаўнай атэстацыі вучняў, ацэнкі дзейнасці ўстаноў адукацыі паводле вынікаў, развіцця індустрыі вытворцаў сучасных сродкаў навучання, а таксама іншых праблем, рашэнне якіх дасць новы імпульс для развіцця сістэмы адукацыі", — адзначыў парламентарый.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».