Вы тут

У крымінальны працэс уводзіцца медыяцыя, а грамадскія працы скасуюцца


На пасяджэнні чарговай сесіі Савета Рэспублікі сенатары адобрылі асноўныя новаўвядзенні, якія датычацца змянення кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці. У прыватнасці, карэктуюцца тры кодэксы - Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы.


З акцэнтам на лібералізацыю

Сутнасць змен у законапраекты па крымінальнай адказнасці прадставіў міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ.

- З аднаго боку, ідзе лібералізацыя крымінальнай адказнасці, калі гэта датычыцца непаўналетніх. З іншага - узмацняецца адказнасць за тыя дзеянні, якія ўяўляюць грамадскую небяспеку, звязаную з парушэннямі персанальных дадзеных, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, з замахам на жыццё супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых асоб, якія выконваюць грамадскія і службовыя абавязкі. Шэраг новаўвядзенняў з’явяцца ў сферы кібербяспекі, - патлумачыў ён сутнасць навэл у гутарцы з журналістамі.

Міністр паведаміў членам Савета Рэспублікі, прэзентуючы законапраект, што карэкціроўкі агульнай часткі Крымінальнага кодэксу ўключаюць у сябе пашырэнне учынкаў, з якіх вынікае крымінальная адказнасць па патрабаванні пацярпелага (арт.33 КК); удасканаленне інстытута неабходнай абароны (арт.34 КК); змяняюцца падыходы да пакарання за злоснае ўхіленне асуджаных ад пакарання, не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства (арт.49-52, 55 КК) з адначасовай дэкрыміналізацыяй артыкулаў 415-419 КК, а таксама выключэннем грамадскіх работ як дадатковага віду пакарання па прычыне невыкарыстання яго на практыцы.

       Акрамя таго, унесены змены, якія даюць магчымасць растэрміноўкі і адтэрміноўкі аплаты штрафу (арт.50 КК), перагляду правіл заліку тэрмінаў утрымання пад вартай і дамашняга арышту (арт.75 КК), удасканалення інстытута выкарыстання прымусовых мер бяспекі і лячэння асоб, якія пакутуюць ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі ці таксікаманіі (арт.107 КК).

У асаблівай частцы Крымінальнага кодэксу выключаюцца 10 артыкулаў ці 24 складаў злачынстваў, санкцыі па 70 складах зменены, павялічаны колькасць складаў, у санкцыях якіх у якасці аднаго з відаў крымінальнага пакарання прадугледжваецца абмежаванне волі.   

      Асаблівую ўвагу пры падрыхтоўцы законапраекта яго распрацоўшчыкі надалі лібералізацыі крымінальнага заканадаўства ў частцы прыцягнення да крымінальнай адказнасці непаўналетніх. Напрыклад, карэкціроўка артыкулаў 114 і 121 КК накіравана на рэалізацыю міжнародных стандартаў пры прызначэнні такога пакарання як арышт непаўналетняга, а таксама абумоўлена лібералізацыяй падыходаў па пагашэнні судзімасці непаўналетняга.  

Крымінальная адказнасць за дэманстрацыю свастыкі

У той жа час адказнасць і узмацняецца.

- З улікам грамадска-палітычнага становішча і падрыхтаваных у гэтай сувязі змен заканадаўства у сферы нацыянальнай бяспекі законапраектам прапануецца прадугледзець крымінальную адказнасць за шэраг супрацьпраўных дзеянняў, накіраваных на забеспячэнне аховы грамадскага парадку, - звярнуў увагу Алег Сліжэўскі.

У прыватнасці, уводзяцца новыя склады злачынстваў, якія прадугледжваюць адказнасць за рэабілітацыю нацызму, паўторнае на працягу года распаўсюджванне забароненай інфармацыі на інтэрнет-рэсурсах, незаконныя дзеянні ў адносінах інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных, у тым ліку ў адносінах да асобы і яго сваякоў у сувязі з выкананнем імі службовай дзейнасці ці грамадскага доўга. Да ліку новых складаў адносяцца таксама неаднаразовая (больш за два разы) прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.  

Адзначым, што адказнасць у асобным артыкуле Крымінальнага кодэкса за дзеянні па рэабілітацыі нацызму была ўведзена па прапанове Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

- Гэта новаўвядзенне будзе спрыяць больш выразнаму і адназначнаму рэгуляванню грамадскіх адносін у сферы папярэджання і барацьбы з рэабілітацыяй нацызму, а таксама адыграе важную ролю ў захаванні гістарычнай памяці і недапушчэнні супрацьпраўнай дзейнасці, накіраванай на фальсіфікацыю гісторыі, - падкрэсліў старшыня профільнай камісіі Сяргей СІВЕЦ.

Тэрмін – за пагрозу і спецпадрыхтоўку  

Адначасова законапраектам уносяцца змены ў шэраг дзеючых складаў у частцы павелічэння тэрмінаў пакарання за злачынствы, звязаныя з арганізацыяй і падрыхтоўкай дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі спакой, або актыўны ўдзел у іх. Напрыклад, узмацняюцца санкцыі артыкулаў “Забойства супрацоўніка ўнутраных спраў” (ар.362), “Супраціўленне супрацоўніку ўнутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак” (арт.363), “Гвалт або пагроза выкарыстання гвалту ў адносінах супрацоўніка ўнутраных спраў” (ар.364), “Гвалт або пагроза гвалтам ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг” (арт.366).

Як паведаміў Сяргей Сівец, Пастаяннай камісіяй быў падрыхтаваны шырокі пералік прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства праваахоўнага блока. Падрыхтаваныя ініцыятывы абмяркоўваліся з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і былі імі падтрыманы, у тым ліку падчас нарад у Савеце Рэспублікі.

Старшыня профільнай камісіі звярнуў увагу калег-сенатараў на аптымізацыю асобных складаў злачынстваў і іх санкцыі з улікам актуальнага грамадска-палітычнага становішча.

- У прыватнасці, былі падтрыманы прапановы Савета Рэспублікі аб узмацненні адказнасці за паклёп у дачыненні да кіраўніка дзяржавы; абразу кіраўніка дзяржавы, а таксама прадстаўніка ўлады; наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый; публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных масавых мерапрыемствах або ўцягванне асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах; арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь; знявагу дзяржаўных сімвалаў і іншыя правапарушэнні, - патлумачыў ён.

Дапоўнены Крымінальны кодэкс складамі, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за экстрэмісцкую дзейнасць. Напрыклад, прапануецца крыміналізаваць садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

За нявыплату падаткаў - ад 7 да 12-ці

 Міністр юстыцыі расказаў, што законапраект прадугледжвае і ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства ў супрацьдзеянні злачынствам у сферы эканамічнай дзейнасці і камп’тарнай бяспекі.

Так, артыкул 243 КК выкладаецца ў новай рэдакцыі, якая прадугледжвае павелічэнне санкцыі за ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы, ухілення ад прадастаўлення падатковай дэкларацыі (разліку) ці ўнясення ў яе наўмысна ілжывых звестак, якія нанеслі шкоду ў асабліва буйным памеры, - з сямі да дванаццаці год.

     Што датычыцца ўдасканалення Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, міністр юстыцыі спыніўся на некалькіх момантах.

     Так, прапануецца ўвесці інстытут медыяцыі ў крымінальны працэс і дапоўніць КПК паняццямі “медыяцыя”, “медаяцыйнае пагадненне”, “медыятар”, а таксама асобным артыкулам вызначыць парадак прымірэння абвінавачанага з пацярпелым.

     Прапануецца таксама ўдасканаленне інстытута абскарджання дзеянняў і рашэнняў аргана, які вядзе крымінальны працэс. У законапраекце замацаваны падыход, пры якім далейшае абскарджанне рашэнняў, з якімі не пагадзіўся пракурор, магчыма праз вышэйшага пракурора і вышэйшы суд.   

Абарона ад унутраных і вонкавых пагроз

       Што датычыцца карэкціроўкі Крымінальна-выканаўчага кодэкса, у сваю чаргу, яны абумоўлены рэалізацыяй падыходаў, якія вынікаюць з новаўвядзенняў, прапанаваных у крымінальным і крымінальна-працэсуальным законах. Такім чынам, перакананы Алег Сліжэўскі, законапраектам прадугледжана комплексная рэгламентацыя шырокага кола пытанняў, якія маюць важнае значэнне для грамадства і дзяржавы.  

      У сваю чаргу, Сяргей Сівец выказаў упэўненасць, што прыняцце Закона будзе садзейнічаць умацаванню законнасці і правапарадку ў грамадстве:

    - Ён адыграе важную ролю ў папярэджанні здзяйснення злачынстваў, а таксама ўзмоцніць абароненасць грамадзян і дзяржавы ад розных пагроз ўнутранага і вонкавага характару, - падкрэсліў ён і рэкамендаваў сенатарам ухваліць законапраект, з чым яны і пагадзіліся.  

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.