Вы тут

Па ўсёй Беларусі прайшлі забегі ў гонар Дня Перамогі


Сёння па ўсёй краіне адбыліся лёгкаатлетычныя забегі ў гонар Дня Перамогі 9 мая 1945 года і Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Беларусі. Пра тое, як яны праходзілі ў рэгіёнах і ў Мінску, – у матэрыялах нашых карэспандэнтаў.


«Забег адважных» прайшоў у Мінску

У сталічным парку Перамогі прайшоў «Забег адважных». На старт выйшла 2500 смелых, адважных, моцных аматараў бегу і спорту, сярод іх — 500 дзяцей. Мерапрыества, прысвечанае Дню Перамогі, праходзіць у Мінску ў пяты раз. 

Прывітаў удзельнікаў «Забегу адважных» міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук. Па яго словах, забег выдатная магчымасць сумясціць гістарычную памяць і любоў да спорту і аддаць даніну павагі героям вайны. 

«Мы абавязаны гэта рабіць, гэта даніна павагі і памяці ўсім людзям, якія загінулі ў гады Вялікай айчыннай вайны. На нашу краіну выпаў вялікі цяжар, многія страцілі блізкіх. І гэта даніна павагі людзям, якія перамаглі, якія сёння бачаць, як мы такім спосабам шануем іх. Сёння няпростыя ўмовы надвор’я, удзельнікам і дзецям, і дарослым няпроста. Але, калі падумаць аб тым, што перажылі нашы дзяды і прадзеды, то сённяшнія выпрабаванні — дробязь. 

Мне здаецца, што водная перашкода самая складаная з-за надвор’я, а так усё добра прадумана, цікавая траса. Яна традыцыйная, усе перашкоды тыя ж, што былі ў мінулыя гады. Людзі ўжо ведаюць, да чаго рыхтавацца і трэніруюцца паказаць лепшы вынік па часе», — адзначыў міністр.

Самаму малодшаму ўдзельніку забегу — чатыры гады. Першымі на старт выйшлі адважныя дзеці, усяго дзіцячых забегаў было 10. Малышы ад чатырох да васьмі гадоў пераадольвалі дыстанцыю ў 400 метраў, а старэйшыя спартсмены — 1200 метраў. Не абышлося без перашкод. Аўтамабільныя пакрышкі, лабірынты, БТР, пад якім трэба было прапаўзці — яны справілся з усім. 

Дарослыя пераадольвалі дыстанцыю ў 2100 метраў. На шляху да фінішу яны спраўляліся з аўтамабільнымі пакрышкамі, пантоннай пераправай, воднымі перашкодамі з пацяжэннем, адвеснай сцяной, БТР.

У абсалютным заліку перамаглі Андрэй Сушчэня і Марыя Гнедчык. Андрэй і Марыя — самыя адважныя, самыя моцныя і вынослівыя. Але без прызоў не застаўся ніхто. Абсалютна кожны ўдзельніка «Забегу адважных» атрымаў медаль і памятныя падарункі ад спонсараў і арганізатараў. 

Арцём Цуран, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама адзначыў, што «Збаегам адважных» пачынае шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі. І горад ужо гатовы сустрэць свята. 

Валерыя СЦЯЦКО,

МІнск,

Фота Аліны МАЗАВЕЦ, Яна ХВЕДЧЫНА


Забег пад лічбай 9

У Магілёве спаборніцтвы прайшлі пад знакам ушанавання Дня Перамогі і Дня дзяржаўных герба і сцяга. Удзел у іх прымалі болей чым 1000 прадстаўнікоў з ліку навучэнцаў і студэнцкай моладзі, а таксама арганізацый і прадпрыемстваў Магілёва і Магілёўскага раёна.

— Сёння адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца прапаганда спорту, далучэнне насельніцтва да фізічнай культуры, прыцягненне моладзі да здаровага ладу жыцця, — адзначыў у сваёй прамове начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Новікаў. Ён пажадаў удзельнікам і надалей актыўна займацца спортам, развівацца і ўдасканальвацца.

Спаборніцтвы адбыліся на правым беразе ракі Дубравенкі.Пераможцы вызначаліся на дыстанцыях 500 і 1000 метраў асобна сярод жанчын і мужчын у розных узроставых катэгорыях ад 14 да 60 гадоў і старэй.

Па словах старшага трэнера нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыкі па Магілёўскай вобласці Дзмітрыя Сівова, менавіта на такіх мерапрыемствах адчуваецца дух калектывізму і імкнення да перамогі.

У раёнах Магілёўскай вобласці сёння таксама прайшлі забегі. У Краснапольскім раёне, напрыклад, адбылася лёгкаатлетычная эстафета, маршрут якой склаў сімвалічную лічбу — 9 кіламетраў. Удзельнікі беглі ад Кургана Славы да помніка Салдату.

— Форму эстафеты мы выбралі таму, што яна больш дапамагае адчуць дух таварыскасці, — адзначыла намеснік старшыні Краснапольскага раёна Алена Чаюкова. — Падставіць плячо сябру, дапамагчы, падхапіць — гэта тыя высокія маральныя каштоўнасці, якія ўласныя сапраўдным патрыётам.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка ў размове з карэспандэнтам «Звязды» таксама адзначыў, што такія сімвалічныя мерапрыемствы не толькі аб’ядноўваюць, але і настройваюць на калектыўнае разуменне неабходнасці быць разам, разам пераадольваць складанасці, выхоўваць волю. 

Сёння ў Магілёве таксама адбыўся гарадскі велапрабег «Веласіпедная вясна-2021 «Пераможная», маршрут якога пралягаў ад плошчы Славы да вёскі Канстанцінаўка.

Аматараў квэстаў запрасілі ў парк Падніколле, дзе прайшла ваенна-патрыятычная квэст-гульня «Мы—патрыёты». Паўсюдна ў Магілёве і іншых населеных пунктах вобласці арганізаваны канцэрты на адкрытых і закрытых пляцоўках, праходзяць акцыі і выставы, прысвечаныя дзяржаўным сімвалам і героям вайны, ушаноўваюцца месцы воінскіх пахаванняў. А вечарам у цэнтры Магілёва на плошчы каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум» адбудзецца кінаканцэрт «Успомнім фільмы пра вайну» з удзелам духавога аркестра.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

Магілёўская вобласць

Фота аўтара


Лунінецкая раённая арганізацыя прафсаюзаў рашыла далучыцца да рэспубліканскай акцыі забегам пад назвай «Марафон адзінства»

На стадыёне «Палессе» ў 8 мая сабраліся прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый цэнтральнай раённай бальніцы, райспажыўсаюза, аддзела адукацыі, АПК, каб правесці забег, прысвечаны Вялікай Перамозе.

«Гэтым забегам мы найперш прадэманстравалі павагу і пашану да тых людзей, якія на сваіх плячах вынеслі цяжар вайны, а таксама нагадалі ўсім гараджанам пра яшчэ адно свята — Дзень дзяржаўных сімвалаў, — сказаў старшыня Лунінецкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Ігар ГАПОН. — Несумненна, што прабег сам па сабе стаў найлепшай агітацыяй за здаровы лад жыцця, заняткі спортам, наогул, за жыццёвы пазітыў. Думаю, што традыцыю забегаў мы прадоўжым і налета збяром яшчэ больш удзельнікаў».

На фінішы ўдзельнікаў чакалі невялікія прызы. Найбольш парадавалі ўсіх усмешкі гледачоў, іх падтрымка і прыязнасць. Пасля лунінецкія марафонцы ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыялу ўдзельнікам вайны.


У Ляхавічах марафон «За Беларусь» сабраў на стадыёне «Колас» усіх ахвотных

Узрост удзельнікаў не быў абмежаваны, паспрабаваць свае сілы змаглі спартсмены і аматары ад 6 гадоў. Для розных узроставых катэгорый былі прадугледжаны розныя дыстанцыі. Дзеці беглі 500 метраў, дарослыя — 1000 метраў, людзі старэйшыя за 58 гадоў, паводле іх жадання, маглі выбраць для сябе 200-метровую прабежку. На фінішы пераможцы атрымалі прызы.

«Заяўкі на ўдзел паступілі ад працоўных калектываў, устаноў адукацыі, ветэранаў працы і ветэранаў спорту, — расказала галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна ШЧУКА. — Адразу стала зразумела, што адбудзецца масавае мерапрыемства, прысвечанае святу Перамогі. Так яно і атрымалася. Мы вельмі рады, што адгукнуліся людзі ўсіх узростаў і сацыяльных слаёў, апошняе сведчыць аб прыхільнасці жыхароў нашага райцэнтра да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай на свежым паветры і наогул — да пазітыву».

Святлана ЯСКЕВІЧ,

Брэсцкая вобласць


1418 метраў — у памяць аб кожных сутках вайны

Месцам правядзення рэспубліканскага лёгкаатлетычнага забегу ў Віцебску вызначылі Парк Пераможцаў, на беразе ракі Заходняя Дзвіна. Мерапрыемства пачалося а дзесятай гадзіне раніцы. Надвор’е не падвяло: абышлося без дажджу, хаця, як кажуць у народзе, збіраўся. 

На старт выйшлі школьнікі ва ўзросце ад васьмі гадоў, выхаванцы спартыўных навучальных устаноў, навучэнцы, студэнты, прадстаўнікі працоўных калектываў, вайскоўцы — усяго прыкладна пяцьсот чалавек. 

Працягласць дыстанцый: 500, 1000 і 1418 метраў.

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця мерапрыемства старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, менавіта 1418 сутак — столькі ішла вайна. Таму і вырашылі зрабіць адну з дыстанцый такой даўжыні. Настрой ва ўдзельнікаў быў добрым. Іх прыйшлі падтрымаць сваякі, суседзі, знаёмыя. Нямала было і тых, хто проста прагульваўся ў парку і зацікавіліся марафонам. Пераможцам забегу ўручалі медалі і дыпломы. 

Як паведамілі прадстаўнікам СМІ арганізатары, у парку агульнагарадскія святы лёгкай атлетыкі могуць стаць традыцыйнымі. Гараджане добра ведаюць гэтае месца, тут любяць прагульвацца, адпачываць сем’ямі, парк прыемна з гонарам паказаць гасцям горада. Гэта — жывапісная частка Віцебска на беразе ракі Заходняя Дзвіна. Тут «прапісваюцца» канцэрты і конкурсы падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Ёсць атракцыёны для дзятвы, вулічныя кавярні, фантаны. Вельмі папулярная выстава ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Маецца нават парашутная вышка. 


Напярэдадні на поўначы краіны таксама прайшло некалькі аўтамабільных прабегаў

Самы маштабны — ва Ушаччыне, у рамках акцыі «Сыходзіць час — з намі застаецца памяць», якая прысвечана 76-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчынай вайне і 77-й гадавіне прарыву блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны на тэрыторыі Ушацкага раёна.

Аўтапрабег праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» , рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «ДТСААФ — моладзі, моладзь — Радзіме», а таксама ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 95-й гадавіны ДТСААФ.

Калонай удзельнікі аўтамабільнага прабегу адправіліся на мемарыяльны комплекс «Прарыў», дзе адбыўся мітынг з удзелам кіраўніцтва вобласці і раёна.

«Цяжка пераацаніць подзвіг герояў, якія самааддана змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі, — сказаў на мітынгу Мікалай Шарснёў. — І наш святы доўг — браць прыклад з паважаных ветэранаў. Мы павінны рабіць усё магчымае для мацавання абараназдольнасці і суверэнітэту Беларусі. Выпрабаванні ў гады вайны і Перамога прадэманстравалі, што разам народы могуць супрацьстаяць гвалту і прыгнёту». 

Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня нарадзіўся ў 1928-м годзе на Ушаччыне. На мітынгу ён распавёў, як у маі 1944-га яшчэ хлапчуком браў удзел у легендарных падзеях. Сказаў, што ніколі не забудзе тых, хто ваяваў побач з ім, імёны загінулых, сярод якіх было многа зусім маладых хлопцаў.... 

Дзям’яна Крупеню ведаюць на Віцебшчыне і паважаюць за тое, што зрабіў і ў мірны час. Больш за дваццаць гадоў ён працаваў у галіне культуры: загадчыкам Гарадзецкай хатай-чытальні і Старынкаўскага сельскага клуба, дырэктарам Глыбачанского сельскага Дома культуры. 

Ён часта сустракаецца са школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, ваеннаслужачымі, пажаданы госць не толькі на мерапрыемствах, прысвечаных ваенным падзеям. Яго добра ведаюць, як цудоўнага самадзейнага мастака, песняра малой Радзімы. Шмат гадоў ветэран удзельнічае ў народным клубе майстроў і самадзейных мастакоў «Адраджэнне» і народным клубе творчых сустрэч «Муза» Ушацкага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Увесь дзень на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу гучалі любімыя песні нашых дзядоў і прадзедаў, працавалі тэматычныя пляцоўкі «Партызанскі прывал», «Медсанбат», «Палявая пошта», «Літаратурная», Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. 

Аляксандр ПУКШАНСКІ, 

Віцебская вобласць

Фота аўтара


Звыш чатырох тысяч гамяльчан узялі ўдзел у спартыўным свяце

У Гомелі, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, дзеці і дарослыя, спартсмены і аматары сабраліся на Цэнтральнай плошчы імя Леніна. Менавіта адсюль стартаваў Усебеларускі лёгкаатлетычны забег у гонар Вялікай Перамогі 1945 года.

«Прыемна, што сёння праводзіцца такое значнае мерапрыемства, дзе мы можам сустрэцца з калегамі, сябрамі, пагутарыць, прабегчыся, зарадзіцца энергіяй, падняць настрой, — падзяліўся ўражаннямі старшыня каардынацыйнага савета пярвічных арганізацый БРСМ Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Максім Грыгор’еў. — Адчуваю гонар за тое, што забег праходзіць напярэдадні Дня Перамогі».
Першым фінішаваў на плошчы Паўстання Арцём Бажэнаў. Пераможца забегу — вучань 9 класа СШ№ 29, ён займаецца лёгкай атлетыкай. 


Каля 600 удзельнікаў сабраў забег на Светлагоршчыне 

Пераадолець дыстанцыю вызваліся людзі рознага ўзросту — прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацыі, моладзь, дзеці. Вядома, што самаму старэйшаму ўдзельніку прабегу — 76 гадоў, самаму малодшаму — 6. Фінішнай кропкай маршруту стала гарадская набярэжная, дзе ўсё бегуны далучыліся да флэш-мобу і запусцілі ў неба паветраныя шары.

Дажджлівае надвор’е не перашкодзіла стартаваць бегунам на цэнтральнай плошчы Мазыра 

Тут спартыўнае мерапрыемства сабрала 300 чалавек — жыхароў раёна самых розных узростаў: ад дашкалят да пенсіянераў. Першымі на старт выйшлі самыя маленькія ўдзельнікі, пасля фінішу яны атрымалі медалі і дыпломы. Сярод астатніх былі вызначаны пераможцы па ўзроставых групах. 

Маштабнае спартыўнае мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, прайшло ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА,

Гомельская вобласць


На памяць — медаль з сімволікай

Удзельнікі забега на Гродзеншчыне атрымалі памятныя сувеніры і медалі.

Фота: voran.by

Кожны раён вырабіў свае памятныя знакі. Напрыклад, у Воранаўскім падрыхтавалі арыгінальныя медалі з арганічнага шкла. У гарадскім пасёлку маршрут прабегу прайшоў па вуліцах населенага пункта. Як паведаміла загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Лілія Сідаровіч, перад пачаткам марафону адбылася цырымонія падняцця Дзяржаўнага сцяга, у якой цзялі ўдзел мясцовыя ўлады. Права падняць сцяг было даручана ветэрану Сцяпану Аксенцьевічу Жуку і пераможцу раённых і абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы Максіму Гладкевічу. Жаданне прыняць удзел ва Усебеларускім забегу выказалі каля ста жыхароў гарадскога пасёлка. Сярод іх школьнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў. Беглі таксама і прадстаўнікі раённых уладаў. У руках кожнага — невялікія флажкі. 

Для ўсіх марафонцаў падрыхтаваны спецыяльныя прызы — медалі з дзяржаўнай сімволікай. 

Памятныя сувеніры атрымаюць і навагрудскія ўдзельнікі забегу. Тут сабралася каля 200 аматараў легкаатлетычнага спорту. Нямала сярод іх школьнікаў і моладзі. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталлі Жышко, маршрут прайшоў па ўскрайку горада. І гэта невыпадкова. Удзельнікі забегу наведалі месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў падчас вайны. Да памятных знакаў ускладзены кветкі. Кожны раён падрыхтаваў сваю праграму забегу, але ёсць і агульная тэма — ушанаванне дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. 

Маргарыта УШКЕВІЧ,

Гродзенская вобласць


Прыхільніку спорту — за Беларусь

Рэгіёны Мінскай вобласці актыўна далучыліся да лёгкаатлетычнага прабегу, які прысвечаны 76-годдзю Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне і Дню Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. У ім прынялі ўдзел моладзь, школьнікі, спартсмены, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. 

8 мая 150 аматараў спорту Старадарожчыны стартавалі а дзясятай гадзіне раніцы ад сярэдняй школы № 3 райцэнтра. Маршрут пралёг праз мясціны баявой славы раёна. Удзельнікі ўшанавалі памяць камсамолак-падпольшчыц Ганны Каралевай і Соф’і Бабаковай, якіх фашысты пакаралі смерцю 22 кастрычніка 1942 года. Помнік у іх гонар знаходзіцца на ўездзе ў горад. Кветкі і вянкі ляглі і да брацкай магілы савецкім воінам і партызанам. 

Пад дзяржаўным сцягам беглі і 500 лёгкаатлетаў з усіх куткоў Мінскага раёна ў аграгарадку Сеніца. Тут у забегу ўдзельнічалі нават трохгодкі — яны беглі разам з бацькамі. Кожнаму дзіцяці ўручаны сертыфікат у колерах дзяржаўнага сцяга. 

Марафоны адбыліся таксама ў Жодзіна, Смалявіцкім і іншых раёнах вобласці. Усяго ў кросе прынялі ўдзел кал трох тысяч жыхароў Міншчыны. 

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, 

Мінская вобласць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.