Вы тут

Сухая Міля — вёска з лёсам Хатыні. Трагічнай старонкай ваеннай гісторыі сваёй сям’і дзеліцца тэлевядучая Кацярына Цішкевіч


Сухая Міля — вёска, якая ўжо амаль 79 гадоў не існуе на карце Беларусі. Знаходзілася на тэрыторыі Старобінскага раёна. Падчас вайны ў гэтых краях разгарнулася маштабнае народнае супраціўленне, таму і аперацыі нямецкіх карнікаў па знішчэнні мірнага насельніцтва, якое дапамагала партызанам у барацьбе з акупантамі, ў гэтай частцы Беларусі былі вельмі жорсткімі і масавымі.


Усяго на тэрыторыі сучаснага Салігорскага раёна была спалена 51 вёска, пяць з іх назаўсёды зніклі з карты раёна: Ямное, Хадыка, Дуброўна, Сяздіба (Капацэвічскай МТС) і Сухая Міля. Адной ночы хапіла акупантам, каб абрабаваць і знішчыць населены пункт, дзе жылі і сумленна працавалі некалькі дзясяткаў мірных жыхароў. Сярод іх і мае продкі — мужчынская частка сям’і Кергет: прадзед Фёдар, яго бацька і два сыны-падлеткі. Паводле гістарычнай спраўкі ў вёсцы Сухая Міля было спалена 28 чалавек. Цяпер на гэтым месцы ўсталяваны помнік з імёнамі тых, хто загінуў ад рук карнікаў. А памяць аб спаленай вёсцы ўшанавана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Мая прабабуля Пелагея не любіла расказваць пра гэты перыяд свайго жыцця. Не любіла і ніколі не гаварыла, бо ад успамінаў на душы было вельмі цяжка і балюча. Здавалася, яна хацела забыць той жудасны час назаўсёды і, не азіраючыся, ісці па жыцці далей.

Выключэнне было зроблена аднойчы маёй бабуляй Ганнай, калі я — вучаніца 9 класа — прымала ўдзел у конкурсе па стварэнні радавода. Вось тады пад маім націскам бабуля не вытрымала і расказала гісторыю свайго ваеннага дзяцінства: суха і лаканічна. Эмацыянальныя дэталі ўжо пазней паведалі мне мая матуля і яе родныя, якіх нашай сям’і «падаравала» вайна. За гэтую памяць ім нізкі паклон!

На працягу 1942-1943 гадоў на тэрыторыі сучаснай Салігоршчыны амаль кожны дзень гарэлі населеныя пункты. Карнікі дзейнічалі аператыўна па добра адпрацаванаму сцэнарыю: урываліся ў вёску, зганялі жыхароў у вялікую адрыну, расстрэльвалі іх і спальвалі, хаты рабавалі. Такая агрэсія апраўдвалася барацьбой з партызанамі, у пошуках якіх акупантам «дапамагалі» так званыя «паліцаі з тутэйшых».

13 верасня 1942 года фашысты спалілі вёску Хадыка і 136 яе жыхароў. Чуткі пра тое, што карнікі накіроўваюцца ў бок Сухой Мілі, хутка дайшлі да вёскі. Пелагея, разам з якой на той момант жылі два сыны-падлеткі, адправіла іх у смалярню (цяпер вёска Новая Дуброва), каб схаваць ад немцаў. Дома акрамя жанчыны засталіся свёкар, муж і маленькая дачка Нюра, так у сям’і звалі шасцігадовую Ганну. Але ж юнакі не паслухаліся маці і ў хуткім часе вярнуліся дамоў.

На наступны дзень немцы апынуліся ў вёсцы. Мужчын ад мала да вяліка сагналі ў адрыну і зачынілі. Жанчын і дзяўчат сабралі ў доме. На працягу ночы акупанты рабавалі і вывозілі з дамоў жывёлу і ўсё тое, што мела хоць якую-небудзь каштоўнасць. Уранку жанчын пагналі з вёскі (як потым многія казалі «пашанцавала»), а мужчын спалілі. Разам з адрынай гарэлі і пустыя хаты. Каб неяк засланіць сваю шасцігадовую дачку ад жудаснага відовішча, Пелагея наказала ёй легчы ў разору сярод бульбы, а сама накрыла яе сваім целам. І так разам, прытуліўшыся адна да адной, маці і дачка перажылі самыя страшныя моманты свайго жыцця. Калі ўсё скончылася, акупанты пакінулі вёску. А жанчыны вярнуліся на папялішча... Мужчыны сям’і Кергет трымаліся разам да апошняга... Здарылася гэта 14 верасня 1942 года. Усіх, хто загінуў ў вогнішчы, пахавалі ў брацкай магіле.

Жыць пасля трагедыі было вельмі цяжка, але неабходна, так наканаваў лёс. Пелагея і маленькая Нюра знайшлі прытулак на Салігоршчыне ў вёсцы Застарынне. Дапамаглі знаёмыя. Там жа праз некаторы час прабабуля здабыла новую сям’ю, а маленькая бабуля — пяць дарослых братоў і сясцёр.

Здаецца, пасля такога сумнага пачатку ў гэтай гісторыі абавязкова павінен быць шчаслівы канец. Нам, сучасным беларусам, даволі складана зразумець, што такое шчасце для людзей, якія перажылі вайну: мірнае неба, магчымасць спакойна працаваць, удосталь ежы на стале? Нягледзячы на перамогу, пасляваеннае жыццё было вельмі цяжкім. Можа, менавіта таму і пакаленне пераможцаў было асаблівым: бязмерна цярплівым, працавітым і любіла сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў настолькі моцна, наколькі можа любіць чалавек.

Гэта гісторыя і сёння адклікаецца вялікім болем у маёй душы. Я матуля, і маёй малодшай дачцэ зараз шэсць гадоў. Няцяжка перанесціся ў 1942 год, каб разам з маёй прабабуляй і бабуляй віртуальна перажыць тыя цяжкія моманты іх жыцця... І цяпер, гледзячы на тое, як мая дачка весела і бесклапотна гуляе на дзіцячай пляцоўцы пад ясным блакітным небам, я адчуваю бязмернае шчасце і асалоду ад міру ды спакою навокал.

Фота з адкрытых крыніц і асабістага архіва Кацярыны ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.