За тры першыя месяцы гэтага года ў беларусаў скралі грошай праз інтэрнэт у разы больш, чым за ўвесь мінулы год. Ад ашуканства пацярпелі людзі рознага ўзросту, сацыяльнага статусу і ўзроўню адукацыі, але асабліва шмат пенсіянераў.
Як адзначаюць спецыялісты, сярод галоўных прычын — празмерная даверлівасць і ігнараванне правілаў бяспекі пры выкананні інтэрнэт-аперацый з грашыма. Пераканаўчасць у размовах, ветлівасць тэлефонных махляроў дазваляюць злачынцам атрымліваць у суразмоўцаў асабістыя даныя іх банкаўскай карткі, а затым выкарыстоўваць іх у ашуканскіх схемах. У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.
Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў крадзяжу грошай сёння — званкі ад зладзеяў, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка. Яны просяць паведаміць даныя карткі, бо… далей разыгрываюцца розныя сцэнарыі. Так, напрыклад, жыхару Маладзечанскага раёна патэлефанавалі з нумара тэлефона, што зарэгістраваны ў Марока. Прадставіліся службай бяспекі банка і паведамілі, што па яго карце заўважана падазроная аперацыя, затым «у мэтах бяспекі» вымусілі чалавека паведаміць асабістыя даныя: нумар карткі і смс-паведамленні ад банка з сакрэтным кодам. Пасля гэтага махляры аформілі анлайн-крэдыт на 8 тысяч беларускіх рублёў, грошы потым перавялі на замежны рахунак. Яшчэ адзін прыклад: жыхарка Мінскага раёна па просьбе «аператара банка» (а на самай справе махляра) устанавіла на свой мабільны тэлефон плацежны дадатак — праграму аддаленага доступу і паведаміла яе даныя. Дзякуючы гэтаму зладзеі маглі карыстацца яе тэлефонам і здзяйсняць плацяжы. У выніку спісалі з карт-рахунку 19 тысяч беларускіх рублёў.
Вельмі важны момант — гэта захаваць у тайне лагін і пароль вашага мабільнага тэлефона, а таксама інтэрнэт-банкінгу. Як правіла, гэтыя даныя трапляюць зламыснікам з вашага камп’ютара праз вірусныя праграмы. Бестурботнасць грамадзян, якія не ўстанаўліваюць антывірусы на свой камп’ютар, а пароль для інтэрнэт-банкінгу (каб «прасцей запомніць») выкарыстоўваюць той жа, што на форумах і ў сацсетках, прыводзіць да сумных вынікаў.
Нядаўна вельмі распаўсюджанай была такая схема падману: чалавек выстаўляе на продаж рэч у інтэрнэце, з ім звязваюцца «пакупнікі» — зламыснікі, якія кажуць, што гатовы купіць тавар, але аплацяць яго анлайн. І адпраўляюць чалавеку спасылку, у якой ёсць форма для ўводу даных банкаўскай карткі: нібыта так лепш і хутчэй будзе аплаціць тавар. Па гэткай схеме дзейнічалі некалькі злачынных груп. Сума скрадзеных такім чынам грошай склала больш за 190 тысяч беларускіх рублёў, колькасць заяўленых пацярпелых у Беларусі — больш чым 350 чалавек.
Нельга паведамляць любыя персанальныя даныя па тэлефоне. Калі вам тэлефануюць «з банка» і кажуць, што па вашай карце правялі аперацыю і яе трэба тэрмінова заблакіраваць, для чаго «ўдакладняюць яе даныя», адразу ж адхіляйце званок. І самі ператэлефануйце ў банк, ці сапраўды аперацыя праводзілася. Нумар кантактнага цэнтра вашага банка ёсць на банкаўскай картцы.
Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, спецыялісты раяць для анлайн-плацяжоў мець асобную картку (не зарплатную). Яшчэ адна рэкамендацыя — устанавіць сутачны ліміт па карце, больш за які банк не дазволіць спісаць за 24 гадзіны. А пенсіянерам, хто наогул не плаціць картай праз інтэрнэт, прапануецца сцерці трохзначны нумар CVV/CVC кода з адваротнага боку: гэта дапаможа захаваць грошы, калі раптам згубіцца картка або кашалёк.
Будзьце пільныя пры атрыманні электронных дакументаў. Нядаўна выяўлены новы метад ашуканства: кліенту банка накіроўваецца падроблены дакумент «Дамова на пераафармленне банкаўскага рахунку па страхавых рэквізітах». Пры ўважлівым аглядзе дадзенага «дакумента» відаць, што гэта падробка: размазана пячатка, няправільна ўказваецца назва банка. Пры атрыманні падобнага пісьма звяжыцеся па тэлефоне са сваім банкам. Не пераходзьце па спасылках, якія могуць весці на падробленыя старонкі-калькі з сайта банка, і ні ў якім разе не скачвайце адтуль ніякія электронныя дадаткі ці праграмы. Як правіла, шкодныя спасылкі з віруснымі праграмамі зламыснікі размяшчаюць у сацыяльных сетках — «УКантакце», «Аднакласнікі», «Facebook» і іншых, а таксама рассылаюць на сервісы Viber, WhatsApp, Skype, Telegram і г. д.
Адна з папулярных на сёння паслуг — дагавор страхавання банкаўскіх плацежных картак «Картка пад аховай». Гэта страхавая праграма ў выніку крадзяжу гарантуе вяртанне скрадзеных грошай, а таксама пакрывае ўсе выдаткі на перавыпуск карткі.
Алена ВАСІЛЬЕВА
Фота pixabay.com
Як да зладзеяў трапляюць асабістыя нумары тэлефонаў? Ашуканцы звычайна выкарыстоўваюць для збору нумароў два спосабы. Першы — гэта пакупка спіса тэлефонаў кліентаў абслугоўвальнай фірмы або інтэрнэт-крамы (часта такія базы даных прадаюцца «для рассылкі рэкламы»). Другі спосаб — аўтаматычны збор нумароў тэлефонаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе. Напрыклад, вы апублікавалі свае кантакты на старонцы ў сацыяльнай сетцы або нумар вашага мабільнага ёсць на сайце вашай арганізацыі. Верагоднасць таго, што вамі зацікавяцца тэлефонныя махляры, вядома, узрастае.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».