Вы тут

У Беларусі пражывае больш за 3,3 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны


У Беларусі пражывае больш за 3,3 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 11,5 тысячы грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Самым узроставым удзельнікам і інвалідам вайны сёння ўжо больш за 100 гадоў, а самым маладым — каля 90.

«З улікам асаблівага статусу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і пацярпелых асоб да іх пенсій у адпаведнасці з пенсійным заканадаўствам выплачваецца штомесячная даплата ў выглядзе павышэння пенсіі ад 50 да 500 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, — сказала начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна ФЁДАРАВА. — Такія выплаты да пенсій Герояў Савецкага Саюза складаюць 342 рублі, а ў краіне сёння пражываюць два Героі Савецкага Саюза — Іван Кустаў і Васіль Мічурын».

Інваліды вайны І і ІІ групы атрымліваюць каля 273 рублі ў дадатак да пенсіі, інваліды ІІІ групы — 171 рубель.

Удзельнікі вайны, а таксама тыя, хто прымаў удзел у размініраванні тэрыторый у 1943—1945 гадах, атрымліваюць па 171 рублі, блакаднікі Ленінграда і былыя вязні фашысцкіх канцлагераў — па 68 рублёў, па 34 рублі выплачваецца да пенсій тым, хто ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную службу ў тыле, і інвалідам з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, звязаных з вайной.

Членам сем'яў, якія страцілі сваіх мужа ці жонку на вайне і не ўступілі ў паўторны шлюб, выплачваецца надбаўка ў памеры ад 68 да 123 рублёў.

Гэта не адзіныя даплаты да пенсій, якія атрымліваюць ветэраны вайны і асобы, якія пацярпелі ад яе наступстваў. Тыя, хто дасягнуў 75-гадовага ўзросту (а гэта ўжо ўсе, хто нарадзіўся ў гады вайны), атрымліваюць штомесячную ўзроставую даплату. З 1 мая яе памер складае 51 рубель для тых, хто ва ўзросце 75—79 гадоў, ва ўзросце 80 гадоў і старэй — 68 рублёў.

«Акрамя даплаты па ўзросце, дадаткова да пенсій тых, хто дасягнуў 80 гадоў, штомесяц выплачваецца надбаўка на догляд — гэта яшчэ 34 рублі. Тым, хто дасягнуў 80-гадовага ўзросту і з'яўляецца інвалідам І групы, гэтая надбаўка вышэйшая ў два разы — 68 рублёў. Такім чынам, асобам, якія засталі гады вайны, удзельнікам вайны, асобам, якія пацярпелі ад яе наступстваў, выплачваецца тры віды надбавак, дадатковых выплат да пенсіі», — канстатавала прадстаўнік міністэрства.

Такім чынам, сумарны памер штомесячнай даплаты да пенсіі ветэранам вайны на 1 мая бягучага года складае 410 рублёў — інвалідам вайны І групы, 376 — інвалідам вайны ІІ групы, 273 — інвалідам вайны ІІІ групы і ўдзельнікам вайны.

У выніку ў маі 2021 года сярэдняя пенсія па ўзросце інвалідаў вайны складае 832 рублі: для інвалідаў І групы — 985 рублёў, для інвалідаў ІІ групы — 940 рублёў, для інвалідаў ІІІ групы — 690 рублёў.

Cярэдняя пенсія па ўзросце ўдзельнікам вайны складае 690 рублёў.

У 2021 годзе расходы на пенсійныя выплаты для ветэранаў вайны і грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, складуць каля 104 млн рублёў (у тым ліку вышэйназваныя надбаўкі і павышэнні).

Ветэраны вайны і пацярпелыя ад яе наступстваў — катэгорыі асаблівыя. Таму ў дачыненні да іх прымяняецца выяўляльны прынцып дадатковай сацыяльнай падтрымкі.

Для гэтага штогод праводзяцца абследаванні матэрыяльна-бытавых умоў іх пражывання. Традыцыйна абследаванне праходзіць у першым квартале, каб да майскіх свят выканаць усе заяўкі. Сёлета абследаваны 14, 7 тысячы прадстаўнікоў гэтых катэгорый. Дапамогу атрымалі каля 850 чалавек. Гэта прыбіранне жылых памяшканняў, прыдомавай тэрыторыі, забеспячэнне дровамі, а таксама мерапрыемствы, якія накіраваны на падтрымку бяспекі пражывання пажылых людзей: рамонт жылых памяшканняў, печаў, электраправодкі, газавага абсталявання і гэтак далей. Дадаткова на працягу года ўсе заяўкі будуць аператыўна выконвацца. Да гэтага падключаюцца валанцёры, арганізацыі, прадпрыемствы.

Тыя, хто мае патрэбу ў дадатковай падтрымцы, карыстаюцца сацабслугоўваннем, якое аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і дамы-інтэрнаты.

Нагадаем, што ў краіне 146 тэрытарыяльных цэнтраў (яны размяшчаюцца ў кожным адміністрацыйным раёне рэспублікі) і 83 дамы-інтэрнаты для дарослых.

З ліку ветэранаў вайны і пацярпелых больш за дзве тысячы карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі на доме. Такія паслугі па заканадаўстве аказваюцца на ўмовах аплаты гэтым катэгорыям, але па рашэнні мясцовых органаў улады ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны вызвалены ад аплаты за хатняе сацыяльнае абслугоўванне.

У дамах-інтэрнатах кругласутачную сацыяльную медыцынскую дапамогу атрымліваюць 132 чалавекі названых катэгорый. Акрамя таго, за 711 ветэранамі і пацярпелымі грамадзянамі ажыццяўляецца індывідуальны догляд членамі сям'і з выплатай тым, хто іх даглядае. Памер гэтай дапамогі складае бюджэт пражытковага мінімуму — крыху больш за Br273.

Таксама ветэранам вайны і асобам, якія пацярпелі ад яе наступстваў, аказваецца шырокі спектр сацыяльных ільгот. Ветэраны атрымліваюць ільготы ў сферы аховы здароўя і санаторна-курортнага лячэння, на праезд у грамадскім транспарце, на аплату жыллёва-камунальных паслуг. А гэта і бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, бясплатнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, першачарговае забеспячэнне бясплатным санаторна-курортным лячэннем. Калі ж Героі Савецкага Саюза альбо інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны не скарысталіся сваім правам, то ім выплачваецца грашовая дапамога на аздараўленне — 10 базавых велічынь.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: БелТА

Загаловак у газеце: Асаблівая ўвага — ветэранам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».