Вы тут

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?


Раней у краму хадзілі з палатнянай авоськай. Алей, сыр і нават мяса пакавалі ў ваксаваную паперу, малако налівалі ў бітон, а смятану — у слоік. Потым з'явіўся поліэтылен, і ў кожным доме з'явіўся ён — пакет з пакетамі. Але сучасны свет імкнецца пазбавіцца ад мноства пластыка і прыйсці да ўсвядомленага спажывання. Так мы вяртаемся да эканоміі і ўсвядомленага спажывання рэсурсаў — сваіх і планеты.


ДЭВІЗ ЧАСУ

Zero waste (бел.: «Нуль адходаў» — гэта прынцыпы, накіраваныя на зніжэнне колькасці смецця і захаванне рэсурсаў планеты. Людзі, якія вядуць такі лад жыцця, імкнуцца выкарыстоўваць рэчы паўторна, аднаўляць загубленае і адпраўляць матэрыялы на перапрацоўку. Для іх важна таксама не ствараць смецце і не купляць яго.

Рух набірае папулярнасць і ў Беларусі: адкрываюцца zero wast-кафэ і магазіны, ствараюцца экалагічныя тавары, праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы.

«Нуль адходаў» на кухні

Усе мы карыстаемся губкамі для мыцця посуду. Калі яны прыходзяць у непрыдатнасць, то становяцца смеццем, якое будзе раскладацца сотні гадоў. Толькі ўявіце, колькі такіх губак штодня аказваецца на сметніку. На жаль, перапрацоўцы яны не паддаюцца. Якая ёсць альтэрнатыва? Можна выкарыстоўваць люфу або драўляныя шчоткі.

Спелыя плады некаторых відаў раслін выкарыстоўваюцца для вырабу мачалак, падобных на губкі (якія, як і сама расліна, называюцца люфа).

Што тычыцца сродкаў для мыцця посуду, то тут відавочную шкоду для экалогіі прыносяць пластыкавыя бутэлькі. У Беларусі ўжо ёсць цвёрдая бытавая хімія без упакоўкі і бытавая хімія на разліў у сваю тару.

Але пакуль нам часта даводзіцца абыходзіцца звычайнымі сродкамі з крамаў. Пасля іх выкарыстання не забывайце правільна утылізаваць бутэлькі. Іх можна адправіць на перапрацоўку, выкінуўшы ў сартавальны кантэйнер з пластыкам.

Старайцеся не выкарыстоўваць папяровыя ручнікі на кухні. Часта белую туалетную паперу і ручнікі робяць з цэлюлозы. На гэта траціцца каласальная колькасць чыстай вады і электраэнергіі, высякаюцца гектары лесу (часам гэта апошнія ўчасткі дзікай прыроды). Таварны выгляд папяровых ручнікоў дасягаецца з дапамогай аддушак, фарбавальнікаў і іншых хімікатаў. Замест гэтага лепш выкарыстоўваць тканінавыя ручнікі. Яны доўга праслужаць вам і не нанясуць такой шкоды экалогіі. А замест белай туалетнай паперы старайцеся выбіраць шэрую. Яна вырабляецца з другасных матэрыялаў, здадзеных у макулатуру, і на яе стварэнне затрачваецца менш рэсурсаў.

Чай

Яго лепш купляць рассыпным або на вагу. Калі мы выкарыстоўваем чай у пакеціках, то наносім шкоду і свайму здароўю, і экалогіі. Пры вырабе такога напою выкарыстоўваюць рэшткі лісця, дадаюць фарбавальнікі для патрэбнага колеру і араматызатары для патрэбнага паху. Нічога карыснага ў гэтым няма.

Пакецікі чаю не перапрацоўваюцца і раскладаюцца дзясяткі гадоў. Многія з іх зроблены з паперы, але тут, як і ў выпадку з папяровымі ручнікамі, звярніце ўвагу на белы колер. За кошт чаго ён дасягаецца? Вядома, такая папера праходзіць хімічную апрацоўку. Існуе меркаванне, што для гэтага нярэдка выкарыстоўваецца хлор. А яшчэ ёсць чайныя пірамідкі, якія робяць з пластыку. Калі яны трапляюць у гарачую ваду, то вылучаюць таксіны. Ды і раскладаюцца яны нашмат даўжэй.

Ванная

У Беларусі пластыкавыя зубныя шчоткі не перапрацоўваюцца. Раскладаюцца яны вельмі доўга і выкідваюцца людзьмі ў вялікіх колькасцях.

У Мінску ёсць магчымасць аддаць пластык у прастору «Tinden». Тут збіраюць старыя зубныя шчоткі, пластыкавыя карты і блістары ад таблетак (усё гэта не перапрацоўваецца ў Беларусі) і адвозяць на перапрацоўку ў Расію. Лепшай альтэрнатывай пластыкавым шчоткамі пакуль выступаюць драўляныя. Пасля іх выкарыстання шчацінне трэба аддзяліць і выкінуць, а рукаяць можна закапаць у зямлю.

Пластыкавыя вяхоткі можна з лёгкасцю замяніць на люфу. Такая раслінная губка не толькі добра мые, але і забяспечвае прыемны масаж.

Праблемай застаюцца аднаразовыя станкі для галення і пластыкавыя станкі са зменнымі касетамі. Гэта не эканамічна і не экалагічна. Бо іх лёзы зробленыя так, што хутка выходзяць з ладу, а корпус будзе раскладацца сотні гадоў. Паспрабуйце замяніць іх на металічныя станкі Т-падобнай формы. Якасць галення застанецца добрай, адно лязо можна выкарыстоўваць да 6 месяцаў, ды і каштуе набор такіх лёзаў танней. Велізарны плюс у тым, што сталёвы станок можа служыць свайму гаспадару ўсё жыццё.

Альтэрнатыва пластыкавай ватовай палачцы — драўляная або металічная. Лепш, вядома, апошняя. Яна, як і станок, можа служыць гаспадару вечна. Такія вухачысткі называюцца «мімікакі». Іх прыдумалі ў Японіі задоўга да вынаходніцтва вушных палачак. З аднаго боку, у мімікакі маленькая лыжачка для выдалення серы з вуха, з другога — насечкі, на якія можна наматаць ватку.

Ватовыя дыскі можна замяніць на баваўняныя тканінавыя. Яны не горш спраўляюцца са сваёй задачай. Пасля выкарыстання іх можна памыць, і яны зноў будуць як новенькія.

Замест вадкага шампуню і вадкага кандыцыянера можна выкарыстоўваць цвёрдыя аналагі. Гэта выдатны спосаб скараціць колькасць упакоўкі ў ванным пакоі. Многія цвёрдыя шампуні адрозніваюцца таксама добрым складам і доўга служаць.

Паход у краму

Вазьміце з сабой авоську або шопер: гэта будзе экалагічна, зручна і модна. Зараз у крамах ёсць шоперы на любы густ, а яшчэ такую сумку лёгка пашыць самому.

Замест фасовачных пакуначкаў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе, зручна браць мяшэчкі для круп і сетачкі для гародніны і садавіны.

Ёгурты і іншую «малочку» старайцеся купляць у бутэльках — іх у нашай краіне перапрацоўваюць, у адрозненне ад пластыкавых шкляначак.

Напоі, вядома, лепш купляць у шкле. Гэта вельмі каштоўны матэрыял для перапрацоўкі.

Старайцеся не купляць ваду ў бутэльках — лепш набыць фільтр. Таксама можна купіць сабе прыгожую шматразовую бутэлечку, якая заўсёды будзе пад рукой, калі захочацца піць. А калі вада скончыцца, можна папоўніць запасы ў бліжэйшай аптэцы або ў банку.

Кавярня

Многія да гэтага часу вераць міфу, што папяровы кубачак з кавай не прынясе шкоды, бо папера раскладаецца і перапрацоўваецца. Аднак усе папяровыя кубачкі знутры пакрытыя тонкім слоем пластыку, каб не прапускаць вільгаць. На жаль, аддзяліць гэты пластык ад паперы ў нашых умовах немагчыма.

Тое ж тычыцца і іншага «папяровага» посуду. Таму старайцеся піць каву ва ўстановах, якія прапануюць шматразовы посуд. А калі вы любіце браць каву навынас, папрасіце прыгатаваць яе ў ваш тэрмакубак. Многія кавярні робяць зніжкі для тых, хто прыходзіць са сваёй тарай. Яшчэ для зручнасці можна купіць складны кубак з вечкам — ён лёгка змяшчаецца нават у самую маленькую сумачку.

Адмоўцеся ад пластыкавых трубачак. Часцяком яны проста непатрэбныя і ствараюць лішняе смецце. Але калі ў іх усё ж ёсць неабходнасць, можна карыстацца шматразовай металічнай. Гэта датычыцца і мяшалак — старайцеся размешваць цукар лыжкай, а не пластыкам.

Балючай тэмай для экалогіі застаецца дастаўка ежы. Кожны раз кур'еры прыносяць вялікаю колькасць непатрэбных пакетаў і кантэйнераў. Калі пакет-майка яшчэ можа адправіцца ў перапрацоўку, то пластыкавыя кантэйнеры — не. На шчасце, беларусы ўжо працуюць над экалагічнасцю дастаўкі. Многія неабыякавыя ўстановы прывозяць ежу ў шматразовых кантэйнерах, аддаюць прадукты ў зваротнай тары або прыдумляюць зусім ужо новыя фарматы. Напрыклад, праект «Шпаркія вілкі» прывозіць кліентам беларускія стравы ў гліняных збанках. За кожныя сем збанкоў, якія вярнуліся, вы атрымаеце смачную бабку ў падарунак. А ўстанова «Супкультура», налівае супы ў ядомыя хлебныя кубачкі. Піцэрыя «Домінас» збірае скрынкі ад піцы на перапрацоўку.

Будзьце ўважлівыя, калі выкідваеце скрынку ад піцы ў макулатуру. Калі на ёй ёсць тлустыя плямы, выражыце іх. Інакш тлушч са скрынак не дазволіць папяровым валокнам аддзяліцца ад алею ў працэсе перапрацоўкі. Гэта прывядзе да таго, што ўся партыя паперы стане нягоднай.

Прыемна, што ў Беларусі з'яўляецца трэнд на ўсвядомленае спажыванне і экалагічнасць. Робячы маленькія крокі, мы ідзем да вялікай мэты. Спадзяемся, нашы парады дапамогуць і вам, дарагія чытачы, зрабіць побыт бясшкодным для прыроды.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.