Вы тут

Чарнобыльская тэма ў кіно: эфект сепіі


З 26 сакавіка да 2 мая ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праходзіла выстаўка, прысвечаная трагедыі на ЧАЭС, — «Чарнобыль. Эфект спячага». Апроч іншага, дэманстравалася чатыры стужкі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», якія прама або ўскосна закранаюць гэтую тэму. Расказваем пра іх, а таксама пра іншыя прыкметныя беларускія фільмы, у якіх асэнсоўваецца жудасная катастрофа.


1986 год у беларускім мастацтве

Чарнобыль — вызначальная тэма не толькі для нацыянальнага кінематографа, але і для ўсяго мастацтва. Добрае таму пацвярджэнне — мінулы нумар газеты і асобныя яго матэрыялы. Як можна пабачыць, новыя выстаўкі і творы з’яўляюцца рэгулярна і сёння, праз 35 гадоў пасля трагедыі. Аднак, паколькі да канца зразумець, што здарылася вясной 1986 года, не ўяўляецца магчымым, канчатковая кропка ў чарнобыльскай гісторыі і дагэтуль не пастаўлена.

Недасказанасць і таямнічасць натуральным чынам адкрываюць вялікую прастору для мастацкіх спекуляцый і ўвесь час прывабліваюць гэтым новых аўтараў. Акрамя таго, нават сама лексема «чарнобыль» мае неверагодную семантычную напоўненасць і проста невычарпальны патэнцыял для метафарызацыі. Асацыятыўны рад, што паўстае ў свядомасці, бясконцы. Дарэчы, гэтым не прамінаюць карыстацца розныя творцы.

Так сама, як слова «чарнобыль» мае шырокія канатацыйныя здольнасці, так і рознага роду арт-праекты з гэтым словам у назве (у тым ліку кіна-, тэлеі відэапрадукцыя) неабмежаваны па сваіх жанравых і ідэйных характарыстыках. У выпадку з кінематографам за назвай «Чарнобыль» лёгка можа хавацца і містычны трылер, і філасофская прытча, і прыгодніцкі фільм, і нават меладрама. Гэта нягледзячы на тое, што сама падзея ў калектыўнай свядомасці, здаецца, расцэньваецца адназначна як трагедыя.

Суправаджэннем да выстаўкі «Чарнобыль. Эфект спячага» ў НЦСМ сталі наступныя чатыры карціны: ігравыя «Чорны бусел» (1993, рэж. Віктар Тураў) і «Душа мая Марыя» (1993, рэж. Вячаслаў Нікіфараў), а таксама дакументальныя «Чарнобыль. Попел» (1996, рэж. Сяргей Лук’янчыкаў) і «Невядомы рай» (2020, рэж. Дар’я Юркевіч).

«Чорны бусел»

(1993, рэж. Віктар Тураў)

Бадай, пачаць трэба з самай старой у прыведзеным спісе — з поўнаметражнай работы рэжысёра-класіка Віктара Турава. Не самая лепшая ў фільмаграфіі мэтра, але вартая ўвагі, тым не менш.

Экранізацыя аповесці Віктара Казько «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» стала адной з першых у нацыянальным кінематографе спроб ігравымі сродкамі асэнсаваць катастрофу і яе наступствы. Галоўны герой Янка Каганец (Лазар), жыхар «спісанай» вёскі на мяжы ахоўнай зоны, увесь фільм змагаецца з унутранымі дэманамі, ходзячы туды-сюды па забруджанай мясцовасці і спавядаючыся чорнаму буслу. Хай акцэнты ў фільме расстаўлены на тых месцах, сэнс якіх, мякка кажучы, мала датычыцца менавіта чарнобыльскай праблематыкі, спробу ўсё ж залічваем.

Самыя дасведчаныя чытачы маглі заўважыць, што ў матэрыяле быў прапушчаны іншы поўнаметражны ігравы фільм — «Ваўкі ў зоне» рэжысёра Віктара Дзяругіна. Стужку 1990 года мы не ўлічылі наўмысна, бо, знятая ў капрадукцыі яшчэ да развалу Савецкага Саюза, яна выкарыстоўвае Чарнобыль і забароненую зону хутчэй як характэрнае месца дзеяння, а не як глебу для разваг. Такі падыход цалкам правамерны (сёння і пагатоў), але давайце пагаворым пра яго крыху пазней на больш выразных прыкладах… Хаця сёе-тое каштоўнае ёсць і ў «Ваўкоў…» (напрыклад, сапраўдныя кадры з радыяцыйнай зоны).

«Душа мая Марыя»

(1993, рэж. Вячаслаў Нікіфараў)

Што вылучае амаль усе стужкі на чарнобыльскую тэму (як фільмы Дзяругіна і Турава, так і ў прыватнасці твор Вячаслава Нікіфарава, пра які пойдзе далей гаворка) — дык гэта нерэальная натура ў кадры. Каб зняць новы чарнобыльскі фільм, аўтары звычайна шмат часу аддаюць на падрыхтоўку і пошук фантастычных лакацый. Усё ж такі забароненая зона ў глухім Палессі ўспрымаецца большасцю як нешта незвычайнае і нават казачнае. Гэта такое месца, дзе патэнцыйна магчымы і, больш за тое, пастаянна адбываюцца розныя паранармальныя здарэнні.

«Душа мая Марыя» — адзін з нешматлікіх прыкладаў яркага аўтарскага ды нават паэтычнага кіно ў гісторыі нацыянальнай кінавытворчасці. Няхай кінематограф «аўтарскі» і кінематограф «паэтычны» — катэгорыі крыху рознага кшталту, але другі ў прынцыпе можна лічыць ідэалам, канечнай кропкай эвалюцыі адносна першага. Бо, як і ў літаратурнай лірыцы, вызначальным складнікам экраннай паэзіі з’яўляецца надзвычайная суб’ектыўнасць. Нават логіка развіцця сюжэта ў такіх фільмах будуецца на аснове аўтарскіх асацыяцый, у адрыве ад бытавога кантэксту.

Стварэнню падобнай метафарычнай прасторы ў стужцы «Душа мая Марыя» спрыяе якраз удала знойдзеная здымачная пляцоўка і таленавітая работа мастака Леаніда Яршова. Уражвае наваколле: і закінуты млын на беразе густа парослага чаротам става, і ўзгорыстыя пашы, і пакінутая вёска — усё гэта тоіць у сабе нейкі першабытны пафас. Пейзажы і тое, як яны зняты, пасуюць абранай містычнай інтанацыі. Дзіву даешся, як толькі стваральнікі ўмудрыліся знайсці такія каларытныя таямнічыя месцы!

«Рэйнджар з атамнай зоны»

(1999, рэж. Вячаслаў Нікіфараў)

Яшчэ адзін фільм Вячаслава Нікіфарава пра Чарнобыль у падборцы, але гэтым разам прынцыпова іншага жанру і стылістыкі. «Рэйнджар з атамнай зоны» — гэта крымінальны баявік у «сэцінгу» халоднага постапакаліптычнага вестэрна. Адзін з тых, што выкарыстоўваюць радыяцыйную зону выключна як характэрныя месца і час (гэтыя катэгорыі, у прынцыпе, і складаюць паняцце «сэцінгу»). Тым жа шляхам ідуць і ўжо згаданы фільм «Ваўкі ў зоне», і, што асабліва цікава, многія сучасныя творы на тэму.

Стужка «Рэйнджар з атамнай зоны», знятая, як прынята, за невялікія грошы, імкнецца падарыць гледачу забаўляльны вопыт пры дапамозе захапляльнага сюжэта і няхітрых баявых сцэн. Аўтары прапануюць новага героя-выратавальніка, прататыпам для якога (можа, і падсвядома) дакладна паслужыў культавы персанаж Сяргея Бадрова з расійскага фільма «Брат» рэжысёра Аляксея Балабанава. Гэты архетыпічны вобраз моцнага героя, які заўсёды ведае, што рабіць далей, і ніколі не памыляецца, быў патрэбны людзям у той складаны час. Адпаведна, зона, куды «змяшчаецца» герой-«чысцільшчык», сімвалізуе ўвесь бруд і хаос дзевяностых на постсавецкай прасторы.

«Забароненая зона»

(2020, рэж. Мітрый СямёнаўАлейнікаў)

Малады рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, які гучна заявіў аб сабе ў 2015 годзе відовішчным кароткаметражным фільмам «Адной крыві» і пасля здымаў музычныя кліпы папулярным артыстам, летась дэбютаваў у поўным метры вострасюжэтным трылерам на чарнобыльскую тэму. Карціна папоўніўла рады забаўляльнага кіно ў гэтым «сэцінгу» і атрымалася, як здаецца, цалкам канкурэнтаздольнай.

Рэжысёр ад самага старту сваёй кар’еры настойваў, што ён у першую чаргу пастаноўшчык (візуалізатар) і толькі потым апавядальнік. «Забароненая зона» стала найлепшай таму ілюстрацыяй. Кажуць, што жанр фільмаў жахаў — адзін з найскладанейшых для кінематаграфістаў… Але ў той жа час, каб зняць добры жахлівік, па вялікім рахунку, патрэбны толькі адзін навык — уменне паказваць (ці хутчэй не паказваць). У СямёнаваАлейнікава гэта атрымліваецца выдатна.

Можна не хвалявацца за мантаж, каларыстыку, музычнае рашэнне і ўсе падобныя рэчы, бо за штурвалам — прафесійны відэамэйкер. Беларускі фільм дастойна вытрымлівае канкурэнцыю побач з такімі замежнымі праектамі, як аднайменны амерыканскі хорар «Забароненая зона» (рэж. Брэдлі Паркер) 2012 года, расійскі хорар-серыял «Чарнобыль: Зона адчужэння» 2014 года, расійскі «супергеройскі» фільм «Чарнобыль» (рэж. Даніла Казлоўскі) 2021 года і жахлівік, але гэтым разам у фармаце «fi nd footage» (знойдзеная плёнка), расійска-амерыканскага паходжання «Пасля Чарнобыля» (рэж. Ігар Кінько) 2021 года.

«Чарнобыль. Попел»

(1996, рэж. Сяргей Лук’янчыкаў)

Акрамя вышэйпералічаных забаўляльных карцін, апошнім часам шмат здымаецца і выходзіць, так бы мовіць, сур’ёзнага кіно пра Чарнобыль. Сярод такога — расійская драма «У суботу» (рэж. Аляксандр Міндадзэ) 2011 года, міжнародная драма «Галасы з Чарнобыля» (рэж. Пол Крухтэн) 2016 года паводле Святланы Алексіевіч і, канешне, хітовы амерыканскі мінісерыял «Чарнобыль» 2019 года, аўтары якога таксама натхняліся тэкстам беларускай пісьменніцы.

Найбольш жа сур’ёзнай танальнасці можна дасягнуць метадамі дакументальнага кінематографа. Чарнобыльскай тэме прысвечаны нашумелыя дакфільмы: правакацыйны ўкраінска-амерыканскі «Рускі дзяцел» (рэж. Чад Грацыя) 2015 года і амерыканскі «Чарнобыльскія бабулі» (рэж. Холі Морыс, Эн Богарт) 2015 года. Таксама да ліку апошніх адносяцца і шматлікія беларускія стужкі — напрыклад, фільмы дакументаліста Сяргея Лук’янчыкава. У 1993—1996 гадах ён зрабіў цэлы цыкл экспрэсіянісцкіх кінаэсэ, з якіх вылучаецца стужка «Чарнобыль. Попел».

Дваццаціхвілінны відэарад пад акампанемент неверагоднай, касмічнай музыкі кампазітара Віктара Капыцькі — гэта хутчэй аўдыявізуальны арт-аб’ект (хай і з выяўленай драматургіяй), чым кіно. Лёгка ўявіць сабе гэты твор на бясконцым паўторы дзе-небудзь на выстаўцы ў якасці экспаната. Ён трансліруе тую «эстэтыку Чарнобыля», якая выклікана выглядам сапраўднай чарнобыльскай кінаі фотахронікі. Гэтае спецыфічнае карычняватазеленавата-жаўтаватае адценне ў сваю чаргу, відаць, выклікана асаблівасцямі плёнкі перабудовачнага часу, а таксама няправільным яе захоўваннем.

Процілеглым фільму «Чарнобыль. Попел» па мастацкім рашэнні з’яўляецца поўнаметражная стужка «Невядомы рай» рэжысёркі Дар’і Юркевіч. Як і Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, яе згадваюць у ліку тых маладых аўтараў, хто ў 2014—2015 гадах распачаў «новую хвалю» беларускага кіно. Для Дар’і Юркевіч карціна «Невядомы рай» стала поўнаметражным дэбютам у дакументалістыцы. Тэхнічны фільм-назіранне, зроблены па ўсіх канонах гэтага жанру, без лішняга эстэцтва паказвае, як сёння жывуць беларусы пад цяжарам радыяцыі.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.