Вы тут

Рэабілітацыя старасці


Цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» — ажно 93-я па ліку! — адбылася на заходнім паўшар’і 25 красавіка. На жаль, наша краіна зноў не трапіла ў так званы шорт-ліст і не была прадстаўлена ў намінацыях ніводным фільмам. Тым не менш сёлетні спіс пераможцаў можна назваць больш чым разнастайным. Ёсць што паглядзець, ёсць што абмеркаваць (і гэта тычыцца ўсіх асноўных узнагарод).


Чаму трэба сачыць за «Оскарам»?

Хтосьці з нашых паважаных чытачоў на гэтым моманце можа запытацца: «А навошта, прабачце, у «ЛіМе» матэрыял пра амерыканскую кінапрэмію?» Пасля кароткай паўзы такі чытач,  ссунуўшы бровы, абавязкова дадасць: «Там, за акіянам, гэтых прэмій, мусіць, яшчэ мільён! Што нам да іх?» Ведаеце, мільён не мільён, а ўсё адно свет не стамляецца кожны год «абсмоктваць» вынікі «Оскара», усё адно значную долю беларускага кінапракату напярэдадні ды адразу пасля складаюць фільмы-намінанты і ўсё адно перад надыходам запаветнага часу адусюль пальюцца патокамі бясконцыя навіны, рэкламы і прадказанні. Інакш кажучы, нікуды ад гэтага не падзенешся. Вось і мы, падпарадкоўваючыся інфармацыйнаму парадку дня, таксама вырашылі ўскочыць у гэты цягнік і крышачку на ім праехацца.

А калі сур’ёзна, «Оскар», безумоўна, — важная падзея для ўсяго кінематографа. Пачнём з таго, што тут без перабольшвання вырашаецца лёс кінарынку, бо, з пункту гледжання прадзюсараў, цырымонія з’яўляецца падвядзеннем вынікаў мінулага сезона. Як апошняя значная прэмія ў годзе, «Оскар» замыкае сабой кола і адначасова пачынае адлік новага цыкла. Акрамя таго, нельга забываць, што, дзякуючы сфарміраванаму за гады існавання пазалочанай статуэткі аўтарытэту, многія рэжысёры (асабліва неамерыканскія), якія працуюць на ніве «вялікага» кіно, літаральна прагнуць атрымаць «Оскар». Ходзяць чуткі, нібыта шчаслівым уладальнікам фігуркі нават больш не патрабуецца вылузвацца са скуры, каб знайсці грошы для наступных праектаў. Хутчэй за ўсё, гэткі радок у партфоліа прыцягне ўвагу амаль любога патэнцыйнага спонсара.

Ды што казаць! У кінасуполцы нават намінацыя лічыцца вельмі важкім дасягненнем. Успомніце, напрыклад, эпапею з беларускімі прэтэндэнтамі. Нагадаем: у 2018 годзе, пасля вельмі працяглай спячкі, аднавіў сваю дзейнасць нацыянальны оскараўскі камітэт. «Раздражняльным фактарам» стаў выхад на экраны нашумелага фільма «Крышталь» (рэж. Дар’я Жук). Было вырашана даслаць яго ў Амерыканскую кінаакадэмію. Калі даслалі, дык раптам высветлілася, што вакол — адны фанаты. Стаіўшы дыханне, усе сталі чакаць. На жаль, надзеі тады не апраўдаліся, і ў шорт-ліст «Крышталь» не прайшоў. Але не знікаць жа зноў на дзесяцігоддзі!.. І ў 2019-м на адбор да прэміі 2020-га паляцеў ужо другі прэтэндэнт ад Беларусі — дакументальная стужка «Дэбют» (рэж. Анастасія Мірашнічэнка). Але зноў міма…

Афіша фільма «Урокі фарсі».

Гэтым разам вылучэнцам ад нашай краіны стаў фільм «Урокі фарсі» (рэж. Вадзім Перэльман) — вынік капрадукцыі Расіі, Германіі і Беларусі. Ігравая карціна расказвае гісторыю яўрэя Жыля, вязня фашысцкага канцлагера. Вайна, 1942 год, і ён, каб захаваць жыццё, вымушаны прыкідвацца персам, носьбітам мовы фарсі, на якой ані слова не ведае. Хаця ўсе дзеянні былі зняты на тэрыторыі Беларусі, творчы калектыў склалі ў асноўным іншаземцы. Каманда прадзюсараў карціны пагадзілася з вылучэннем, але акадэмія ўсё роўна адмовіла ў разглядзе заяўкі. Матывавалі гэта малой творчай прысутнасцю краіны-заяўніка.

А маглі ж даслаць і што-небудзь іншае… Дзякуй богу, зараз ёсць з чаго выбіраць. Напрыклад, у «Беларусьфільма» дагэтуль ляжыць амаль некрануты «Купала». Але калі так ужо не ахвота торгаць нацыянальную кінастудыю, дык на такі выпадак ёсць незалежнае кіно. Вунь, год таму выйшаў цікавы фільм «II» (рэж. Улада Сянькова). Цяпер жа нічога не застаецца, акрамя як чакаць наступнага разу і глядзець добрыя, але чужыя фільмы. То і раскажам, на якія карціны са спісаў намінантаў і лаўрэатаў «Оскар-2021» трэба асобна звярнуць увагу.

Найлепшы фільм. Найлепшая рэжысура. Найлепшая актрыса

Ува ўсіх трох намінацыях перамагла стужка «Зямля качэўнікаў» амерыканскай рэжысёркі кітайскага паходжання Хлоі Чжаа. Цудоўны фільм, які цалкам заслужана атрымаў галоўную ўзнагароду. Пяшчотнае, акуратнае незалежнае кіно на цікавую тэму, заснаваную на важнай сацыяльнай праблеме (эканамічны крызіс ламае чалавечыя лёсы). Яно паспяхова перадае тыя ўнутраны неспакой і непрыкаянасць, што перажывае чалавек у складанай жыццёвай сітуацыі, чалавек, які застаўся без жытла і без будучыні. Але ў той жа час кіно прапануе сумешчаныя з такімі нягодамі свабоду і качэўніцкую вольнасць.

Афіша фільма «Зямля качэўнікаў».

Цікава, што ў фільме амаль не прасочваецца цвёрдага аўтарскага бачання (стрыжня любога аўтарскага кіно), і ў цэлым ён вельмі просты. Гэта стужка, якой не сорамна часам цешыцца прыгажосцю заходаў і ўсходаў сонца альбо гіпнатычнай прывабнасцю гарызонту і нябеснай глыбіні. Рамантыка дарогі, кадры, знятыя праз бакавое шкло, і ўсё ў такім духу — тое, што суправаджае гледача ад самага пачатку. І ведаеце… Яно добра працуе ў гэтым няхітрым і сапраўды выдатным фільме, яно тут да месца.

Як відавочна да месца тут і выканаўца галоўнай ролі — Фрэнсіс Макдорманд. Артыстка трэці раз атрымала акцёрскую статуэтку.

Найлепшы акцёр

Пераможцам намінацыі стаў паважаны, любмы многімі галівудскі акцёр Энтані Хопкінс. У 83 гады зрабіць тое, што здолеў Хопкінс у фільме «Бацька», — гэта, як мінімум, творчы подзвіг. Неверагоднае віртуознае акцёрскае сола, якое дэманструецца артыстам у карціне, проста не паддаецца апісанню. Нават успамінаць страшна: ажно мурашкі па спіне бегаюць. Каб стварыць такі дасканалы вобраз старога чалавека з дэменцыяй, трэба ж, напэўна, самому разважаць вельмі цвяроза.

Афіша фільма «Бацька».

Рэч у тым, што Хопкінс у фільме іграе пажылога бацьку, які паступова (а дзе і рэзка) страчвае памяць і розум. Да такой ступені, што пачынае забываць сваю дачку (актрыса Алівія Колман), адзінага блізкага чалавека, а ў канцы ўвогуле не памятае ўласнае імя. Найдрабнейшыя дэталі гэткіх метамарфоз здолеў паказаць галівудскі мэтр, а асабліва выразнымі атрымаліся моманты так бы мовіць прыступаў памутнення, калі глеба літаральна сыходзіць з-пад ног героя ды, адпаведна, гледача, і не застаецца нічога. Тут важная рэмарка, што ўсё абстаўлена менавіта так, нібыта глядач знаходзіцца побач з героем, а не назірае з камфортнай дыстанцыі.

Што сказаць, здымаем капялюш перад спадаром Энтані!

Найлепшая аператарская работа. Найлепшая работа мастака-пастаноўшчыка

Тут адназначнае першынство за фільмам «Манк» рэжысёра Дэвіда Фінчэра. Кінатвор распавядае гісторыю стварэння драматургам Генрыкам Манкевічам сцэнарыя да знакамітага фільма «Грамадзянін Кейн» 1941 года. Адпаведна, час дзеяння — 1930-я — 1940-я, месца — чорна-белы Галівуд. З такіх зыходных і вынікае фармальнае рашэнне карціны. Чорна-белая стужка прафесійна капіруе эстэтыку старога Галівуда. Так, што часам і адрозніць складана (напрыклад, ад таго ж «Грамадзяніна Кейна»). Рух камеры, якой кіруе Эрык Мэсершміт, ракурсы, кампазіцыя і святло выбудоўваюцца такім чынам, каб у кожным кадры ў гледача не заставалася сумненняў, што гэта той час, менавіта тады. Канешне, уражанне вельмі ўзмацняе работа мастакоў Дональда Грэхэма-Бёрта і Джэны Паскаль, якія змаглі дабіцца вялікай праўдападобнасці ў стварэнні дэкарацый і бутафорыі.

Афіша фільма «Манк».

Найлепшы міжнародны фільм

Для нас — галоўная намінацыя. Хаця б таму, што, калі нацыянальныя оскараўскія камітэты вылучаюць сваіх прэтэндэнтаў на ўзнагароду, яны цэляць менавіта сюды. Часам, бывае, стужка прэтэндуе і на іншыя намінацыі, але гэта датычыцца пераважна неігравых карцін. Так сталася, напрыклад, з беларускім «Дэбютам» летась: дакументалка адначасова прэтэндавала на два званні («Найлепшы фільм на замежнай мове» і «Найлепшы дакументальны фільм»). Але, як мы ўжо казалі, яна не трапіла ў шорт-ліст. Сёлета сітуацыя падобная, але з румынскім «Калектывам»: дакументальная стужка рэальна прэтэндавала на абедзве пералічаныя ўзнагароды (хай і не ўзяла ніводнай).

Афіша фільма «Найлепшыя дні».

Як бы там ні было, «Найлепшы міжнародны фільм» (ці «Найлепшы фільм на замежнай мове», як намінацыя называлася да 2021 года) — гэта кінематаграфічны зрэз, канцэнтраваная вытрымка сусветнага кінематографа. І вельмі дзіўна, што сёлета тут перамог апошні фільм дацкага рэжысёра Томаса Вінтэрберга, аднаго з родапачынальнікаў нараўне з Ларсам фон Трыерам радыкальнага руху «Догма 95». Фільм-пераможца ідзе ў беларускім пракаце пад рускай назвай «Ещё по одной», хаця больш слушным перакладам дацкага «Druk» быў бы «Запой». На наш сціплы погляд, зусім не найлепшая карціна са спіса.

Таму звярніце ўвагу на самабытную кітайскую стужку рэжысёра Дэрэка Цана «Найлепшыя дні» (з кітайскай мовы назва перакладаецца як «Ты — падлетак»). Прыгожая, незвычайная, пранізлівая драма аб падлеткавым узросце. Акрамя таго, нячаста ж з Кітая даходзіць хаця б штосьці, акрамя прыгодніцкіх фільмаў ды анімацыі. Дарэчы, «Найлепшыя дні» — прыклад адной з нямногіх заўважных работ на гэтай цырымоніі, якія расказваюць пра маладых. Падумайце самі: што «Зямля качэўнікаў», што «Бацька», што «Манк», што «Запой», што дакументальны «Агент-крот», што нават найлепшы мультфільм «Душа» ад студыі Pixar — усе пра пажылых альбо па меншай меры перажыўшых «сярэдні ўзрост» людзей з іх спецыфічнымі праблемамі! Відаць, з’явіўся трэнд на зварот да старасці як да ўшчэмленай меншасці.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.