Вы тут

Эрнэст Літвіновіч: Фокусы — гэта мастацтва


Многім свет магіі знаёмы з кніг пра Гары Потара. І нават уявіць цяжка, што чараўніцтва існуе ў нашай звыклай рэальнасці. Фокуснік — гэта асобная незвычайная прафесія, у цэнтры якой стаяць яркія эмоцыі гледачоў. Што азначае быць яе прадстаўніком, «Чырвонцы. Чырвонай змене» распавёў ілюзіяніст Эрнэст Літвіновіч.


— Раскажы, калі ласка, як магія прыйшла ў тваё жыццё?

— Мне было восем гадоў, калі стрыечная сястра паказала фокус — нібыта прасоўвала вяроўку скрозь цела. Ён насамрэч элементарны, але я захапіўся і доўга ўпрошваў яе раскрыць, як тое робіцца. Калі даведаўся, у галаве нібыта штосьці пстрыкнула: «Гэта так лёгка, а выклікае столькі эмоцый!» — і мяне ўжо было не спыніць. А ў 12 гадоў зарабіў свае першыя грошы, паказваючы фокусы супрацоўнікам дзіцячай кавярні ў Баранавічах. Мама сказала захаваць іх у кашальку, каб яны прыцягвалі сродкі. Але дзе ж там, на ўсю суму купіў марожанага і зразумеў, што фокусамі можна займацца не толькі дзеля свайго задавальнення.

— Як у тваёй біяграфіі спалучыліся фокусы і вучоба ў абласным кадэцкім вучылішчы?

— Калі штукарствы ўварваліся ў маё жыццё, я забыўся пра ўсё, у тым ліку пра вучобу. Мама сказала, што калі я не вазьмуся за розум і не выпраўлю адзнакі, яны аддадуць мяне ў кадэцкае вучылішча. Бацькі пажартавалі, а я загарэўся і захацеў туды паступіць. У нас была ўмова — калі мне не спадабаецца, праз месяц забіраем дакументы. А праз згаданы тэрмін мяне назначылі камандзірам узвода. Але часта потым хацелі зняць з пасады, бо фокусы я не кінуў і рэгулярна ад'язджаў на выступленні. Праз чатыры гады вучобы ў кадэцкім вучылішчы зразумеў, што ваенная справа — гэта не маё. Але трэба было атрымаць вышэйшую адукацыю, каб бацькі былі спакойныя, і адслужыць у арміі. І я паступіў на факультэт тэхнасфернай бяспекі ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС. Аднак праблемы са здароўем не дазволілі працягваць вучобу, і я забраў дакументы. Пачаўся цяжкі перыяд — трэба было аддаць доўг ВНУ, займацца здароўем, дзесьці працаваць. А ўсё, што я ўмеў, — гэта фокусы. Менавіта дзякуючы ім вырашыў і матэрыяльныя, і душэўныя праблемы.

— Было такое, што бацькі казалі табе кінуць гэты занятак і знайсці «нармальную работу»?

— На жаль, бывае, у нас здараюцца непаразуменні. Магчыма, у іх ёсць страх, што ўсё гэта часова, мне надакучыць, і людзі перастануць цікавіцца і захапляцца тым, што я раблю. Проста ў мамы няма асабістага вопыту ў дадзенай сферы і ёй цяжка зразумець, што гэта вялікая праца. Нядаўна мы ўсёй сям'ёй хварэлі на каранавірус, у яе быў дрэнны настрой і я паказваў новыя фокусы. А потым спрабаваў яе навучыць. Калі некалькі разоў не атрымлівалася, і яна ўсё кідала, я ўбачыў — зразумела, што гэта не так проста, як здаецца.

— Паколькі ілюзіяніст — гэта прафесія, дзе ёй можна навучыцца?

— У першую чаргу, праз самаадукацыю — кнігі, інтэрнэт. Праводзяцца фестывалі, канферэнцыі. У 2013 годзе я ўдзельнічаў у міжнародным ілюзійным фэсце ва Украіне, дзе заняў трэцяе месца ў намінацыі «Мікрамагія» — гэта фокусы з прадметамі, якія змяшчаюцца ў кішэню. Тады людзі мала ведалі пра фокуснікаў. А з выхадам фільма «Ілюзія падману» цікавасці да нашай прафесіі стала больш. Сёння ў Беларусі рэгулярна праходзяць розныя фестывалі, канферэнцыі, я некалі займаў там прызавыя месцы. Але потым зразумеў, што для перамогі трэба здзіўляць журы тэхнічнымі прыёмамі ці экстраардынарнай падачай. Для таго каб атрымаць дыплом і аўтарытэт сярод калег, трэба затраціць шмат грошай і сіл. А звычайная публіка не ўспрыме гэты фокус, для яе ён будзе вельмі зацягнуты. Таму цяпер я езджу на канферэнцыі і фестывалі з мэтай паслухаць лекцыі, паглядзець выступленні калег, каб натхніцца на стварэнне фокусаў для публікі, а не для журы. Калегі кажуць, што я іду больш камерцыйным шляхам, але мне хочацца здзіўляць і дарыць эмоцыі людзям, якія не так часта бачаць фокусы.

— Увогуле, як твая індустрыя развіваецца ў Беларусі?

— Часта людзі кажуць, што я першы ілюзіяніст, якога яны бачаць. Гэта сведчыць аб тым, што наша сфера яшчэ развіваецца. Ёсць чат у месенджары, дзе прадстаўлены ўсе фокуснікі Беларусі, і там усяго 60 чалавек. Прафесійна выступае чалавек 25-30, для астатніх гэты занятак — хобі. Мы падтрымліваем добрыя адносіны, абменьваемся вопытам, дзелімся заказамі. Калі збіраемся, вельмі цёпла праводзім час, і не толькі таму, што людзі добрыя, а таму, што нас мала.

— Эрнэст, раскажы, калі ласка, пра свой самы складаны фокус...

— У мяне ёсць два галубы — Валера і Сеня. І вось з імі самыя цяжкія фокусы, але не для мяне, а для птушак. Ім прыходзіцца доўга хавацца, потым іх усе чапаюць, фатаграфуюць. Аднак гэта іх работа...

— Чаму тваімі «калегамі» сталі менавіта галубы?

— Прыйшоў час, калі я задумаўся, куды ж мне расці. Першым крокам для гэтага была пакупка машыны, бо я змог выступаць у розных гарадах, затым — дадатковы рэквізіт. І калі стаў думаць, як яшчэ развівацца, у галаву прыйшлі жывёлы ці птушкі. І галубы ідэальна падышлі, яны — сімвал міру, іх часта выпускаюць на вяселлях. Але я сумняваўся, што куплю, бо іх трэба даглядаць, дрэсіраваць, а я вельмі лянівы. На адпачынку ў Егіпце «перазагрузіўся» і зразумеў, што галубы мне патрэбныя. Вярнуўшыся, адразу купіў. Цікава, што парода «голуб смяшлівы», з якой працуюць усе ілюзіяністы, егіпецкая. І цяпер птушкі — «зоркі» маіх выступленняў.

— У фільме «Прэстыж» часта паўтараецца, што ў кожным фокусе ёсць той самы «прэстыж» — яго галоўны элемент. Гэта праўда?

— Названая стужка — падручнік па ілюзійнаму майстэрству. Многія ілюзіяністы не разумеюць, што фокусы — гэта мастацтва. Фільм «Прэстыж» дэманструе, што ў іх павінны быць гісторыя, падача, прыцягненне ўвагі і непасрэдна сам «прэстыж». Пасля гэтай стужкі я зразумеў, што да фокусаў трэба ставіцца сур'ёзна, дзякуючы чаму падчас сваіх выступленняў я часта бачу слёзы на вачах гледачоў.

— Колькі ў тваім рэпертуары фокусаў?

— Гэта тое самае, як спытаць у спевака, колькі ён песень ведае. Як у музыцы ёсць сем нот, так і ў нас 12 асноўных базавых эфектаў. Як і ноты, іх можна камбінаваць бясконца, а зверху дадаваць жарты, гісторыю, стасункі з публікай. Тэхнічная частка фокуса называецца трук, іх абмежаваная колькасць. Увесь ілюзійны свет — гэта пераробкі старых трукаў. Вядома, з'яўляецца новы рэквізіт, на канферэнцыях праводзяцца лекцыі па новых труках. Раз на паўгода ў праграму мікрамагіі дадаецца новы фокус, але гэта менавіта для мікрамагіі. Для сцэнічнага шоу — раз на год, бо, акрамя самога фокуса, трэба распрацаваць падачу, гісторыю.

— З якімі самымі незвычайнымі рэакцыямі публікі ты сутыкаўся падчас выступленняў?

— Нядаўна на вяселлі праводзіў фокус з удзелам маладых. І жаніх быў так уражаны, што на ўсю залу закрычаў: «Мама, нясі ікону». Да гэтага госць прызнаваўся, што хацеў раскрыць мае сакрэты, але быў рады, што ў яго не атрымалася. Людзі розныя і часта прыходзіцца сутыкацца не толькі з пазітывам. На ўсіх канферэнцыях самая частая лекцыя — пра работу з негатыўна настроеным гледачом. На жаль, у многіх людзей ёсць стэрэатып, што фокуснік абавязкова іх падмане. З гэтай прычыны ў маёй сцэнічнай праграме толькі адзін картачны фокус, бо карты могуць выклікаць непрыемныя асацыяцыі. І калі я разумею, што чалавек негатыўна настроены праз свой вопыт, маёй задачай становіцца паказаць, што я адношуся да яго добразычліва і хачу падарыць яму пазітыў. А калі гледачу проста хочацца прыцягнуць да сябе ўвагу, то дастаткова лёгкага жарту накшталт «Я таксама заўтра прыйду да вас на работу і буду вам перашкаджаць». У любых выпадках я абавязаны быць на пазітыве.

— У тваім «Інстаграме» быў пост пра тое, што дзеці — самая складаная публіка. Чаму?

— Што такое фокус? Гэта парушэнне логікі, ад якога ўзнікае ваў-эфект. А дзіця не ведае законаў логікі, для яго ўсё навокал цудоўна. І калі карта ўзлятае, больш здзіўляецца дарослы, бо ведае, што яна не павінна лятаць. А ў малых няма гэтага разумення, яны больш здзіўляюцца ад нечаканасці. Дзеці не заўсёды могуць прамаўчаць, могуць залезці да мяне ў кішэню, у такіх умовах цяжка паказваць гісторыю. Але мне падабаецца працаваць з імі, яны шчырыя і даюць зусім іншыя эмоцыі, чым дарослыя. У мяне ёсць свая «Школа чараўніцтва», дзе я вучу малых паказваць фокусы. І водгукі бацькоў аб тым, што вечарамі дзеці не сядзяць у гаджэтах, а трэніруюць фокусы, для мяне даражэйшыя за любыя грошы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».