Вы тут

Пачаўся збор ахвяраванняў для касцёла Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі


Раніцай 11 мая загарэўся дах адной з самых галоўных каталіцкіх святынь Беларусі — касцёла Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі ў Будславе.

Трагедыя глыбока ўзрушыла жыхароў Будслава, якія дружна кінуліся ратаваць касцёльныя святыні. Яшчэ да прыезду пажарных яны шмат чаго вынеслі з памяшкання — абразы, прылады для правядзення набажэнстваў, кнігі і галоўную каштоўнасць храма — Будслаўскую ікону Божай Маці. Гэта адзін з самых ушанаваных католікамі абразоў. Нягледзячы на моцнае задымленне, людзі дзейнічалі дружна і зладжана.


Так званы стары касцёл, які знаходзіцца за алтаром, агонь не закрануў. Але ў самім касцёле пры тушэнні пажару вада заліла арган, жывапіс. Улічваючы абставіны, што храм застаўся без даху, усё і далей будзе мокнуць і разбурацца пад дажджом. Вядома, гэтага дапусціць нельга. Пры першай магчымасці вернікі пачнуць прыводзіць храм у парадак. Арган хутчэй за ўсё трэба дэманціраваць для абследавання і аднаўлення.

Колькі спатрэбіцца часу на аднаўленне касцёла, ніхто не можа сказаць, паведаміў «Звяздзе» старшыня Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Пакуль на месцы працуе следча-аператыўная брыгада, а Мядзельскі следчы камітэт распачаў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 304 Крымінальнага кодэкса Беларусі — парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, якое пацягнула ўзнікненне пажару па неасцярожнасці, прычыненне матэрыяльнага ўрону ў буйным памеры. Для ўстанаўлення прычыны будзе праведзена комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.

Сітуацыя па аднаўленні храма ўскладняецца тым, што пры ўсталяванні даху павінны быць выкарыстаны спецыяльныя матэрыялы. Кроквы тут былі даўжынёй 14 метраў, у сячэнні 40 на 40 сантыметраў. Каб знайсці такія дрэвы, спатрэбіцца час.

Май для католікаў з'яўляецца месяцам, прысвечаным уганараванню Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму ўвечары 11 мая, калі на месцы яшчэ працавалі пажарныя, вернікі правялі каля касцёла малебен. У сераду, 12 мая, набажэнствы адбыліся а 18-й гадзіне ў Доме пілігрыма, які знаходзіцца паміж храмам і плябаніяй. Святая імша ў гэты час пройдзе тут жа і 13 мая.

Пасля дазволу адпаведных службаў набажэнствы будуць праходзіць у старым касцёле, куды змесцяць абраз Маці Божай Будслаўскай.

Да ўсіх людзей добрай волі звярнуўся і апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец з просьбай аб дапамозе ў аднаўленні храма. Пачаўся збор сродкаў для рамонту касцёла.

Нацыянальны санктуарый у Будславе з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі і мае агульнанацыянальнае значэнне для Беларусі. Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Штогод тут збіраюцца тысячы паломнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Славеніі, Італіі. Большасць прыходзяць на фэст пешшу групамі. Часам дарога займае некалькі дзён. Сёлета было аб'яўлена, што ўрачыстасці пройдуць 2 і 3 ліпеня без пілігрымкі. Усе ахвотныя змогуць здзейсніць паломніцтва ў індывідуальным парадку ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Кампетэнтна

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ:

— Паведамленне аб задымленні ў будынку касцёла ў Будславе ў Мядзельскім раёне паступіла ратавальнікам 11 мая ў 7.47. Аб здарэнні паведаміў ксёндз. На момант узгарання ў касцёле прыхаджан не было. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі, выявілі задымленне на верхніх паверхах касцёла. На месцы пажару працавалі 12 аўтацыстэрнаў, 4 аўталесвіцы, 2 аўтакаленчатыя пад'ёмнікі, паветразапраўшчык і помпава-рукаўны аўтамабіль. У ліквідацыі пажару ўдзельнічалі ратавальнікі Мядзельскага, Вілейскага, Докшыцкага і Астравецкага раёнаў, Мінска, а таксама ратавальнікі пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада Мінскай вобласці. Пажар быў лакалізаваны ў 11.24. Лакалізацыя ўскладнялася тым, што першапачаткова гарэлі драўляныя канструкцыі ў схаваных пустотах паміж элементамі перакрыцця і пакрыцця. У 15.21 пажар ліквідавалі.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.