Вы тут

У неабсяжны свет кнігі


Як бы ні развіваўся свет, важнае месца ў ім заўсёды будзе займаць кніга. Гэта чарговы раз засведчылі ўжо ХVII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Здаецца, чым хутчэй развіваецца прагрэс, тым глыбей даследчыкі сягаюць у мінулае, каб засяродзіцца на схаваных кніжных таямніцах. Тэмпы сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу такія, што не паспавяеш азірнуцца, як заўтрашні дзень навукі становіцца ўжо ўчарашнім. Адметнасць сёлетніх кнігазнаўчых чытанняў — выкарыстанне розных фарматаў: выступленне жывое, з дапамогай відэаканферэнц-сувязі, відэапаведамленне.


З дакладам выступае Марыя Міцкевіч.

Пасяджэнні нон-стоп

— Складаны этап каранавіруса прымушае да пошуку новых форм камунікацыі і нярэдка дае новыя магчымасці, — адзначыў Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, мадэратар чытанняў. — У гэтай зале сабралася каля 40 удзельнікаў ужывую, і вялікая колькасць гледачоў далучаецца ў віртуальным фармаце праз трансляцыю, хтосьці пазнаёміцца з матэрыяламі канферэнцыі ў запісе. Прадугледжаны розныя фарматы, і гэта, будзем лічыць, на карысць.

Дыстанцыйная камунікацыя — прыкмета сучаснасці. Пад трансляцыяй на канале YouTube можна было задаваць пытанні, а выступоўца даваў адказы. Такім чынам, дыялог у розных фарматах, але з адной мэтай — абмеркаваць актуальныя пытанні кніжнай культуры, падзяліцца досведам, вынікамі навуковых даследаванняў.

Не спыняюцца ініцыятывы па вяртанні помнікаў кніжнай культуры на радзіму.

— Значная частка нявыяўленых нацыянальных дакументаў знаходзіцца па-за межамі нашай краіны, — канстатаваў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. — Так, толькі за апошнія некалькі гадоў супрацоўнікамі НББ выяўлена каля 20 000 раней невядомых нацыянальных дакументаў, якія папоўнілі нацыянальную бібліяграфію. Толькі ў мінулым годзе бібліятэкай было набыта 91 рэдкае выданне, і найбольш каштоўныя — за сродкі фонду падтрымкі культуры Прэзідэнта нашай краіны.

Усё яшчэ застаецца шмат маладаследаваных калекцый. Адна з такіх, — перакананы Раман Матульскі, — Віленская публічная бібліятэка, якая была адной з найбуйнейшых на тэрыторыі Расійскай імперыі і саступала па сваіх фондах толькі Імператарскай публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу і бібліятэцы Румянцаўскага музея ў Маскве. Побач з найкаштоўнейшымі еўрапейскімі выданнямі там захоўваліся такія помнікі культуры, як Тураўскае евангелле, Статуты ВКЛ, кнігі Ф. Скарыны, выданні, якія пабачылі свет у беларускіх друкарнях, адзначае Р. Матульскі: «Фонды Віленскай публічнай бібліятэкі ніколі не былі прадметам спецыяльнага даследавання беларускіх бібліятэказнаўцаў, тым больш на прадмет выўлення ў іх нацыянальных дакументаў. Разам з тым апублікаваныя каталогі, якія цяпер знаходзяцца ў адкрытым доступе, з’яўляюцца добрай крыніцай для работы ў гэтым кірунку. З больш чым двухмільённага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна засталося каля 300 тысяч. Многае было вывезена, і мы не ведаем яго лёс». Але работы па вяртанні кніжнай спадчыны працягваюцца.

Ініцыял «Ю» з пляцёнкай —  вобразам муміі. З рукапіса 1830-х гг.

Неразгаданы Скарына

Больш чым 80 дакладаў агучылі за два дні падчас кнігазнаўчых чытанняў выступоўцы з 8 краін свету. Тэмы, звязаныя з асобай і спадчынай Ф. Скарыны, не губляюць актуальнасці. Асаблівасці мастацкага афармлення Бібліі рускай Францыска Скарыны — у фокусе даследавання Вольгі Шутавай, дырэктара лабараторыі скарыназнаўства і валарызацыі даследаванняў гісторыі і культуры Беларусі з Ва-сюр-Сен (Францыя). Даследчыца спыняецца на своеасаблівых візуальных маркерах Бібліі рускай, па якіх можна пазнаць Рэнесанс. Звяртаючыся да мастацкага афармлення скарынаўскай Бібліі, Вольга Шутава адзначае ўмоўнасць яго класіфікацыі: «Гаворачы пра функцыянальнасць гравюр Бібліі рускай у цэлым, трэба памятаць, што ўсе яны з’яўляюцца ілюстрацыямі, прызначанымі для візуальнай прэзентацыі тэксту. Гэта прадмова Скарыны, і ўласна Біблія». Яна разглядае гравюру бічавання Іава, якая навукоўцамі абыдзена ўвагай праз яе недасканаласць. Тлумачэнне гэтай гравюры Вольга Шутава бачыць так: тры мужчынскія постаці аказваюцца сябрамі Іава: Еліфаз, Вілдад, Сафар, жанчына ў сукенцы — жонка Іава.

Ілюстрацыйны характар скарынаўскай Бібліі даследчыца даказвае на прыкладзе гравюры, дзе царыца Эсфір прыйшла да цара Артаксеркса. Выява Эсфір у Бібліі рускай адрозніваецца ад нямецкага, чэшскага, італьянскага варыянтаў не толькі па стылістыцы, але і сюжэтна. Звычайна Эсфір паказана на каленях перад царом, а ў Бібліі рускай яна стаіць. Усведамляючы ўсю небяспеку свайго з’яўлення, яна ўсё ж прыйшла да Артаксеркса, каб заступіцца за Мардахея і ўсіх іўдзеяў. А цар працягнуў да яе залаты жэзл. Ілюстрацыя ў Скарыны дакладная, супадае з тэкставым апісаннем. Тое, што Скарына выкарыстоўваў карцінкі для ілюстрацыі тэксту, дае падставу задаць пытанне: з дапамогай якіх вобразаў ён ствараў гэтыя ілюстрацыі? Гравюры Скарыны характарызуюцца аб’ёмнасцю персанажаў і наяўнасцю перспектывы (гравюры ж іншых аўтараў плоскія). Даследчыца робіць выснову, што вобразы і асацыяцыі да ініцыялаў Бібліі рускай прыдумваў чалавек, які свабодна валодаў некалькімі мовамі. Верагодна, гэта быў сам Францыск Скарына. Так сама, як ён стаяў не толькі за ідэйным афармленнем, але і фармальным напаўненнем біблейскага тэксту.

Асветнік Зізаній

Значная фігура ў беларускай гісторыі — Лаўрэнцій Зізаній. Яму прысвяціла сваё даследаванне Юлія Шустава, дацэнт кафедры дапаможных і спецыяльных гістарычных дысцыплін Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта, старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела рэдкіх кніг Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Даследчыца звяртаецца да той часткі педагагічнай спадчыны Зізанія, якая часта застаецца ў цені, а менавіта яго прыродазнаўчанавуковых ведаў і асветніцтва ў гэтай галіне. Педагагічную спадчыну Зізанія складаюць філалагічныя, лексікаграфічныя працы. Гэта Буквар, напісаны разам з братам Стэфанам Зізаніем (Вільня, 1596), Граматыка Лаўрэнція Зізанія — першая друкаваная граматыка славянскай мовы (Вільня, 1596). Аднак не ўсе працы пабачылі свет. Многія застаюцца неапублікаванымі да гэтага часу, пераканана даследчыца. У рукапіснай традыцыі вядомы яго пропаведзі, але цэлы шэраг твораў Зізанія не захаваўся да нашых дзён, і пра іх мы ведаем па ўскосных крыніцах. Рэдагаваў і перакладаў з грэчаскай мовы «Гутаркі на 14 пасланняў святога апостала Паўла» Іаана Златавуста (1623) і тлумачэнні на апакаліпсіс Андрэя Кесарыйскага (1625). Працаваў над Вялікім катэхізісам (1627). Кнігу надрукавалі, а пасля тыраж быў амаль цалкам знішчаны. Але некалькі экзэмпляраў захавалася. Даследчыца адзначае, што на сёння вядома пра 5 экзэмпляраў Вялікага катэхізіса Зізанія. 4 з іх — у Маскве (3 — у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, 1 — у аддзеле рукапісаў гістарычнага музея) і 1 — у навуковай біблітэцы Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая ў Алматы.

Тайна веткаўскай пляцёнкі

Багатую спадчыну мінулых стагоддзяў захоўвае Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Шклярава. Увагі заслугоўвае адмысловы плецены арнамент у рукапісах XVI—XIX стст. На аналізе ранніх беларускіх рукапісаў з калекцыі веткаўскага музея спынілася намеснік дырэктара па навуковай рабоце гэтай установы Галіна Нячаева: «Веткаўскі збор старадрукаў маецца ў навуковай бібліятэцы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, трапіў туды ў выніку экспедыцыі 1970 гг. І там сярод кніг, якія мы разам з калегай вывучалі ў 2019 годзе, тыя, якія разглядаем сёння. Вось Апостал першай паловы XVII ст. Кніга паходзіць з тэрыторыі ВКЛ: мяжа Беларусі і Украіны». Цікавасць уяўляе рукапіс з калекцыі Гомельскага музея (1830-я гады), дзе паказана літара «Ю» ў адмысловым арнаменце: частка літары ў асацыятыўным выглядзе ўяўляе мумію. Гэта таксама прыклад плеценага арнаменту. Чырвоным евангеллем называюць супрацоўнікі выданне са сваёй калекцыі XVI ст: там спалучаецца старадрукаўскі арнамент з пляцёнкай. «Яна падверглася гравітацыі — крыжоваму паходу готыкі, паколькі балканская пляцёнка са свабодных петляў тут ужо малюе крыжы прамаканцовыя», — каментуе дзіўную з’яву Галіна Нячаева. Адно Евангелле з веткаўскага музея супрацоўнікі назвалі Евангеллем з драконамі, бо там ёсць мініяцюра драконаў (першая палова XVII ст.) і заўважныя гатычныя рысы ў пляцёнцы. Гэта гравюрны стыль. Тут можна ўбачыць кірыліцу, якая роднасная скарынаўскім шрыфтам, — антыкву — еўрапейская з’ява.

Рукапіс 1806 года майстра Сімяона Кавалёва дэманструе цікавую выяву. На пляцёнцы сядзяць сава і сокал. Па заходніх слоўніках гэтыя птушкі расшыфроўваюцца як альфа і амега з усімі багаслоўскімі сэнсамі. Так пляцёнка выяўляе сэнс прамудрасці.

Евангелле Тэтр.

Колас у Лондане

За межамі нашай краіны ёсць установа, якая клапатліва зберагае спадчыну Якуба Коласа. Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане — адзін з галоўных цэнтраў беларусазнаўства за мяжой. 15 мая гэтая ўстанова адзначыць 50-гадовы юбілей. Пра рукапісную і друкаваную спадчыну Якуба Коласа ў фондах гэтай бібліятэкі расказала Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа па бацьку і Янкі Маўра — па маці: «Шмат гадоў папаўненнем калекцыі займаўся Аляксандр Надсан. Самае каштоўнае тут — рукапісы Коласа. Вось вершы “Водгулле”, “Доля батрачкі”, “Поле”. Самы цікавы рукапіс — верш “Антону Луцкевічу”, бо ёсць частка, якая ніколі не друкавалася. Вось уступ да паэмы “Сымон музыка”, аўтограф Коласа “Падумайце аб дзецях”, артыкул “Мова Лынькова па рамане «На чырвоных лядах»” (упершыню надрукаваны ў 1934 г). Яшчэ цікавы дакумент — ліст да Аляксандра Вазнясенскага ад 7 красавіка 1940 г.». Марыя Міцкевіч таксама згадала, што 15 мая — 100 гадоў з моманту вяртання Коласа на радзіму пасля Першай сусветнай вайны. У бібліятэцы ў Лондане захоўваюцца першыя выданні Коласа: «Водгулле» (1922), «У палескай глушы» (1923), «Сымон музыка» (1925), «На прасторах жыцця» (1926). Прадстаўлены і эмігранцкія выданні: напрыклад, «Новая зямля» (Мюнхен, 1952), «У палескай глушы» (Мюнхен, 1957) і іншыя. Можна прасачыць творчасць Якуба Коласа ў перыядычных эмігранцкіх выданнях: газета «Раніца» (Берлін), газета «Беларус» (ЗША), часопісы «Моладзь» (Парыж), «Барацьба» (Штутгарт), «Беларускі свет» (ЗША) і іншыя. Пра эмігранцкія выданні Якуба Коласа, у прыватнасці «Сымона музыку», падрабязна распавёў старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа Аляксандр Крыжэвіч.

Беларускія рарытэты ў Самары

Знаходкі і адкрыцці ў кніжнай спадчыне — заўсёды добрая навіна, асабліва што датычыцца помнікаў старажытнай кніжнай культуры. Агляд стараверскіх выданняў беларускіх друкарань другой паловы XVIII— пач. XIX ст. з фонду Самарскай універсальнай навуковай бібліятэкі (Расія) зрабіла Ларыса Сташанкова, галоўны бібліёграф аддзела рэдкіх кніг гэтай установы. Спіс беларускіх кніг уключае 31 выданне ў колькасці 35 экзэмпляраў. Пяць выданняў датаваны канцом XVI—XVII стст. Астатнія кнігі стараверскія. Шэсць кніг з гэтага пераліку выдадзены ў Вільні, у друкарні Троіцкага манастыра ў 1768—1802 гг. Гэта дзве Псалтыры, Евангелле вучыцельнае, Евангелле Тэтр, Шэстаднеў служэбны, Слова пра лжэпрарокаў і лжэнастаўнікаў.

Усцешна, што кніжныя зборы беларускага паходжання раскрываюць свае адрасы ў свеце. Для даследчыкаў гэта падстава для чарговага паглыблення ў неабсяжны свет кнігі і, адпаведна, нагода для новых сустрэч на кнігазнаўчых чытаннях.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».