Вы тут

«Любіце свет такім, які ён ёсць…»


29 красавіка Дзмітрыю Пятровічу было б 50… І ўжо шосты месяц, як яго няма… А здаецца, што толькі ўчора прыйшоў працаваць вядучым рэдактарам у выдавецтва «Мастацкая літаратура»… Было гэта на пачатку 2015 года…


Дзмітрый Леанідавіч адразу ж праявіў сябе прынцыповым рэдактарам, для якога твор, які прэтэндуе на выданне ў кнізе, павінен быць не толькі таленавіты, але і пісьменны, такі, як патрабуюць школьныя правілы. І ніякіх табе вольнасцяў і зніжак на тое, што аўтар ужо амаль класік.

Дзмітрый Пятровіч. Фота Кастуся Дробава.

Дзмітрый быў патрабавальным і да сваіх аўтараў, і да сябе. Гэтая рыса праявілася ў ім яшчэ тады, калі пасля 9 класа (СШ № 73 г. Мінска) ён паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча № 2, якое на выдатна скончыў у 1991 годзе. Пад канец 4 курса ўдзельнічаў у рэспубліканскай алімпіядзе па музыцы (у рамках рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства), дзе заняў 1-е месца, дзякуючы чаму стаў студэнтам музычна-педагагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага аўтаматычна, без экзаменаў. У 1996 годзе паспяхова скончыў музычна-педагагічны факультэт, а ў 2009-м (паступіў адразу на 2 курс у 2005 г.) — факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя Максіма Танка. У 2009—2011 гг. вучыўся ў магістратуры, пасля заканчэння якой абараніў магістарскую дысертацыю па тэме «Аказіянальныя словы ў беларускай паэзіі канца ХХ — пачатку ХХІ стст.» і атрымаў ступень магістра філалагічных навук.

Дзмітрый Пятровіч ганарыўся сваімі ўніверсітэтамі. Для яго было вельмі важна, каб, гаворачы пра яго жыццё і творчасць, нічога не прапускалася. Таму і я не прапускаю і не скарачаю.

Мы з Дзмітрыем апошніх шэсць гадоў яго жыцця не толькі працавалі ў адным выдавецтве, але і сябравалі. Амаль кожны дзень абмяркоўвалі працоўныя пытанні, а ў вольны час гаварылі пра ўсё на свеце. Задавалі адзін аднаму адвечнае пытанне: «Чаго нам не стае?» Дзмітрый адказваў радкамі:

Сыпле верасень сонны

                   лістоту на раны мае —

Нават золата-срэбра

                   ніколі ужо не залечыць

Раны тыя…

Чаго цяпер мне не стае?

Адчування —

                ў душы

                        ззяе новай любові агеньчык.

Разарве ён цямрэчу

               халоднага жалю душы.

Нават холад зімы

        мне падасца нямым ратаваннем…

А на сэрцы —

                   засечкі крывавыя,

                              быццам крыжы,

Што паўстануць

                як вехі жыцця

                       сонным восеньскім раннем…

З Дзмітрыем Пятровічам пазнаёміліся на свяце паэзіі ў Вязынцы гадоў пятнаццаць таму. Мы землякі. Ад яго Заслаўя да маіх Пугачоў — кіламетраў 30—35. У Маладзечанскім напрамку ў Дзімы і яго маці Вольгі Міхайлаўны было лецішча. Пасля выхадных, прыходзячы на працу, Дзіма нярэдка казаў: «З тваіх Пугачоў зноў не прапусцілі хмары, і нам давялося самім паліваць агарод. Будзеш у вёсцы, папрасі там, каб хоць зрэдку прапускалі да нас дождж».

Дзіма быў кампанейскім. Ён разумеў жарты і жартаваў сам. У час працоўных перапынкаў мы, бывала, прыдумлялі працяг бясконцай жартаўлівай гісторыі пра падводную лодку, якая каля Траецкага прадмесця стаіць на дне Свіслачы. На той лодцы я служыў адміралам падводнага флоту, часта там начаваў, ходзячы на работу ў выдавецтва. Пятровіч быў боцманам. Прыдумлялі і смяяліся, часам да слёз. Нас слухала рэдактар Наталля Філіповіч, якая сядзела ў адным кабінеце з Пятровічам. І яна смяялася, аж заходзілася. Шкада, што не запісвалі. Атрымаўся б немалы прыгодніцка-фантастычны твор.

Яшчэ задоўга да свайго 50-годдзя Дзмітрый Пятровіч думаў, як адзначыць юбілей. Рыхтаваўся сур’ёзна. Пісаў новыя вершы, апавяданні, песні. Як адна з першых рэпетыцый перад юбілеем, 31 студзеня 2018 года ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы адбылася яго творчая вечарына «Пакуль баліць душа паэта…». Дзмітрый Леанідавіч назваў гэтае мерапрыемства «споведдзю душы» і падчас імпрэзы імкнуўся прадэманстраваць творчасць не толькі сваю, але і сяброў-паэтаў.

Вядучым вечарыны быў паэт Міхась Башлакоў. Тады ж цёплымі словамі пра свайго сябра, калегу і вучня падзяліўся дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка паэт Мікола Шабовіч. На яго вершы Дзмітрый стварыў больш чым 30 песень. Дзмітрый Пятровіч быў любімым студэнтам Міколы Шабовіча, пісаў дыктоўкі без памылак і абараніў пад яго кіраўніцтвам магістарскую дысертацыю. З цягам часу выкладчык стаў для маладзейшага калегі па пяры мудрым настаўнікам па жыцці, надзейным сябрам. І нярэдка, сустракаючы разам Міколу Шабовіча і Дзмітрыя Пятровіча, я жартаваў: «Прывітанне, браты друкары Мамонічы!» Сябры ўсміхаліся і не адмахваліся ад маёй характарыстыкі.

Дзмітрый Пятровіч сябраваць умеў. І цаніў сяброўства. І ён заўсёды, калі яго запрашалі выступіць, не адмаўляўся. Ішоў з гітарай і ў мароз, і ў дождж, і ў спёку. І назаўтра, пасля выступлення, будучы на рабоце, распавядаў, як усё было добра. І чытаў:

Мелодыя дажджу

            гучыць ратоўча ў цемры:

Я думаў, што аглух

            ад болю і трывог…

Мо страціўшы любоў,

            мы можам страціць веру

Ў таго, з кім ты дзяліў

            жыццёвы пыл дарог…

Шчаслівы чалавек,

            адчуў я смак кахання.

Яно, як Божы дар,

            даецца не усім…

Выпрабаванне злом,

            пакутамі расстання —

На жаль, мая любоў

             растала, быццам дым…

Зноў стукае ў акно

             бадзяга вольны — вецер.

Мелодыя дажджу сціхае уначы.

Больш не шукаю я адзіную на свеце —

Цяпер мая душа, аглухлая, маўчыць…

Дзмітрый быў шчаслівым. Ён зведаў каханне. І, расстаўшыся з каханай, больш не шукаў адзіную. І душа яго не была аглухлай. Ён любіў маму і сваіх сыноў. Перажываў за іх. Хваліўся іх поспехамі, дзяліўся навінамі. І верыў:

Калісь у бязмроі

                    азяблых сумненняў

Мы зноў пабудуем

                   між мной і табой

Вясёлкавы мост,

                   што падорыць надзею

Сустрэцца ізноў

                   у эдэме-раі.

Я веру: любоў

                   нашы сэрцы сагрэе.

Каб раны душэўныя

                   нам загаіць…

Першая вечарына Дзмітрыя Пятровіча была ў яго родным Заслаўі 17 студзеня 2014 года ў Школе мастацтваў. У мяне ў дзённіку застаўся запіс: «Пра Дзмітрыя Пятровіча гаварылі як пра класіка. Думаю, што Дзіма не загунурыцца…» І Дзіма не «гунурыўся». Заставаўся шчырым, працалюбівым і кампанейскім. Памятаю, як рыхтавалася да друку кніга «Сэрцам і думамі…», прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Дзмітрый Пятровіч як рэдактар выдання разам са стваральніцай кнігі Людмілай Крушынскай цэлы тыдзень заставаўся на рабоце амаль да васьмі гадзін вечара, каб паспець выдаць кнігу да юбілею Песняра.

І паспелі. І потым на кніжнай выстаўцы прэзентавалі. І Дзмітрый Пятровіч радаваўся, як хлапчук, знаёмячыся з героямі кнігі «Сэрцам і думамі», якія прыйшлі на прэзентацыю.

Вялікае задавальненне як рэдактар атрымаў ён ад працы над кнігай Ірыны Цвятковай, прысвечанай жыццю і творчасці Васіля Раінчыка. Такіх кніг на працоўным стале Дзмітрыя Леанідавіча было нямала. Сярод іх і кніга «Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю». У маім дзённіку ёсць запіс: «2.06.2017. У Маладзечна, дзе ў Палацы культуры адбылася прэзентацыя кнігі “Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю”, прыехалі незаўважна хутка. Усю дарогу Мікола Шабовіч і Дзмітрый Пятровіч спявалі. Я падпяваў, як мог. Марыя Захарэвіч, Анатоль Бутэвіч, Зіновій Прыгодзіч і Соф’я Жыбулеўская слухалі і час ад часу выказвалі сваё захапленне спевамі…»

А потым у Маладзечне мы чыталі вершы. І Дзмітрый чытаў:

Адцвітае язмін —

Як туман растае прад вачыма.

Дзе мае летуценні?

Для чаго выспявалі ў душы?

Незабыўных хвілін

Непаўторнасць адчуць немагчыма,

Бо мінулае — цені,

А наперадзе — сонца. Каб жыць…

Пісаць вершы і прозу Дзмітрый Пятровіч пачаў у 1985 годзе, а музыку (першая песня — «Вішня», на верш М. Ісакоўскага) — на год раней. Нотную грамату вывучыў самастойна. Публікавацца пачаў значна пазней. У 2005 годзе ў газеце «Настаўнік» апублікаваў верш «Гукаў начных слізгаценне…» і эсэ «Горад майго сэрца» ў «Краязнаўчай газеце».

Дзмітрый Пятровіч за свой кароткі творчы час паспеў выдаць кнігі: «Белая квецень кахання», «Белая жанчына», «Адзіноты пажоўклыя дні», «Анёлы», «Святло адвечнай песні» і «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды і паданні». Напісаў больш за 100 песень. Актыўна выступаў як перакладчык з рускай і нямецкай моў.

Усе жывём пад купалам нябесным...

Пасля зімы чакаем мы прадвесня,

І першы гром з маланкай-бліскавіцай,

І смак вады — гаючае жывіцы,

Якая дорыць людзям маладосць...

Любіце свет такім, які ён ёсць!

Радкі, якія пакінуў нам Дзмітрый Пятровіч, — як запавет.

Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.