Вы тут

Чараўніцтва экслібрысаў


Імя Мікалая Веліканава, збіральніка экслібрысаў, арганізатара выставак кніжных знакаў у Магілёве, аўтара 12 выданняў, складальніка выставачных каталогаў, на слыху ў мастакоў, мастацтвазнаўцаў, калекцыянераў.


Кніжны знак беларускага бібліяфіла і гісторыка Лявонція Клока.

Свой першы экслібрыс ён стварыў у 1963 г. Менавіта тады і пачаў збіраць кніжныя знакі. І занятак гэты так яго захапіў, што стаў справай усяго жыцця. У калекцыі — больш як 10 000 экслібрысаў. Прынамсі, каля 500 з іх — кніжныя знакі беларускіх графікаў, больш за 420 — Аляксандра Юпатава і больш за 350 — Ота Медніса, мастакоў з Рыгі. Ад рускіх майстроў — 176 экслібрысаў Якава Галяхоўскага і 188 — Аляксандра Калашнікава, абодва з Масквы, а 394 экслібрысы належаць кіеўскаму мастаку Канстанціну Казлоўскаму.

У 1980-х гадах М. Веліканаў перадаў асноўную частку калекцыі ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Невялікая частка яго збору захоўваецца ў асабістым архіўным фондзе № 64 «Веліканаў Мікалай Якаўлевіч — калекцыянер экслібрыса» Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці, дзе сабраны каталогі выставак, публікацыі ў прэсе, асабістая перапіска і шмат іншых дакументаў, якія датычаць жыцця і творчасці.

У выданні «Кніжныя знакі ў Магілёве», якое пабачыла свет у 2005 годзе, Мікалай Веліканаў дзяліўся ўспамінамі: «Мастацтва экслібрыса мне пашчасціла пазнаць у другой палове 40-х гадоў мінулага стагоддзя падчас марской службы на Балтыйскім флоце ў гарадах Таліне і Рызе. У рэдкія гадзіны звальненняў наведваў мясцовыя крамы, і тутэйшыя аматары чытання распавядалі мне пра кніжныя знакі і паказвалі іх. Уразіў гэты цуд вялікага мастацтва. Чараўніцтва экслібрыса запомнілася назаўжды. Усур’ёз калекцыяніраваць пачаў з 1963 года, пасля таго, як зрабіў экслібрыс для ўласнай бібліятэкі, захацелася ўбачыць кніжныя знакі іншых збіральнікаў. Праз старшыню Маскоўскага клуба экслібрысістаў даведаўся адрасы іншых калекцыянераў, у тым ліку і беларускіх. Пісалі пісьмы і адпраўлялі бандэролі з Уладзівастока, Ташкента, Баку, Кемерава, Варонежа і інш. Калекцыя расла з кожным днём. Калі сабралася больш як 2000, я вырашыў зрабіць выстаўку, каб многія змаглі ўбачыць і даведацца, што такое экслібрыс».

Калекцыянер арганізаваў у Магілёве сем выставак і падрыхтаваў да іх каталогі. Дэманстраваліся пераважна кніжныя знакі з асабістай калекцыі. Па яго ініцыятыве праходзілі выстаўкі экслібрысаў Яўгена Ціхановіча, Анатоля Калашнікава. Выходзілі каталогі, друкаваліся плакаты, афішы. Запомніліся кніжныя знакі Аляксея Юпатава, прадстаўленыя публіцы ў 1971 г. Быў падрыхтаваны каталог, да якога калекцыянер даслаў М. Веліканаву аўтарскія клішэ сваіх экслібрысаў.

Аўтарскі экслібрыс Мікалая Веліканава: «Издательский знак Ивана Федорова», 1967 г.

У фондзе аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца каталогі ўсіх выставак, складзеныя М. Веліканавым, з яго аўтографам.

Першая магілёўская выстаўка экслібрысаў адбылася ў 1968 г. і была прымеркавана да 50-годдзя Беларускай ССР і Камуністычнай партыі Беларусі. Сярод экспанатаў — экслібрысы, выкананыя мастаком-аматарам Уладзімірам Мельнікавым з Кемерава (Расія), сынам збіральніка Мікалаем Веліканавым  (у сюжэце экслібрыса — індустрыяльны пейзаж Магілёва з Дняпроўскага моста, зроблены з нагоды 700-годдзя Магілёва), аўтарскі экслібрыс самога калекцыянера — «Издательский знак Ивана Федорова».

Да першай выстаўкі быў надрукаваны каталог «Што такое экслібрыс?». На экзэмпляры з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў змешчаны аўтаэкслібрыс Мікалая Якаўлевіча: «Из книг Н|В | Из изданий Н. Великанова по экслибрису». У сюжэце — разгорнутая кніга, апраўленая з аднаго боку пальмавай галінай, з другога — чашай з факелам, сімвалам жыцця, святла, ісціны, розуму і духоўнасці. На тытульным лісце каталога — аўтограф М. Веліканава з яго дарчым надпісам: «Милому моему другу Гене Кулешову на добрую память».

Другая выстаўка, арганізаваная калекцыянерам, праходзіла ў 1969 годзе і была прысвечана экслібрысістам Сібіры і Урала. Дэманстраваліся кніжныя знакі М. Панькова, В. Зверава, Р. Капылова, П. Асінцава, краснаярскіх мастакоў графікі М. Сальнікава, У. Свалава і інш. Трэцяя і чацвёртая выстаўкі адбыліся ў 1970 годзе зноў жа ў Магілёве. Трэцяя была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна. Да гэтай выстаўкі мастакі-графікі з усяго былога Савецкага Саюза даслалі М. Веліканаву кніжныя знакі са сваіх калекцый на тэму «Ленініана».

Адметнай атрымалася чацвёртая выстаўка, прымеркаваная да 25-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Дэманстраваліся работы беларускіх мастакоў, якія змешчаны ў кнігазборах удзельнікаў вайны. Сярод экспанатаў — цікавы экслібрыс, выкананы мінскім мастаком-графікам Уладзімірам Абаніцкім для беларускага бібліяфіла і гісторыка Лявонція Клока. Сюжэт знака прысвечаны разгрому рускімі войскамі шведаў каля вёскі Лясная на Магілёўшчыне ў 1708 г. На экслібрысе — партрэт Пятра I, мемарыял, дзве пушкі, кнігі, світак.

У фондзе аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў захоўваецца экзэмпляр каталога шостай выстаўкі — «Сто экслібрысаў Яўгена Ціхановіча» (1972). Экспазіцыя была прысвечана 60-годдзю Я. Ціхановіча і 40-годдзю яго творчай дзейнасці. Усе кніжныя знакі — з асабістай калекцыі М. Веліканава, у тым ліку экслібрыс, які для алекцыянера маляваў знакаміты графік Яўген Ціхановіч. У сюжэце — партрэт Мікалая Някрасава на фоне вёскі.

Экслібрыс сына калекцыянера Мікалая Веліканава.

Каталог да шостай выстаўкі, складзены М. Веліканавым, быў надрукаваны ў выдавецтве «Полымя» і выйшаў тыражом 1000 экзэмпляраў. Выданне з дарчым надпісам: «Дорогому Геннадию Георгиевичу Кулешову с наилучшими пожеланиями от составителя. Н. Великанов, г. Могилев. 18.2.72 г.» захоўваецца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі.

Мікалай Веліканаў пачаў збіраць экслібрысы якраз тады, калі пачалося адраджэнне мастацтва кніжнага знака ў Беларусі. З’явіўся шэраг майстроў-графікаў у Мінску, Віцебску, Гродне, Брэсце і іншых гарадах Беларусі. Міхаіл Веліканаў — з плеяды калекцыянераў, якія зрабілі значны ўнёсак у справу папулярызацыі і захавання айчыннага кніжнага знака.

Цяпер экслібрыс страціў ранейшую папулярнасць. На жаль, электроннай бібліятэцы не патрэбны традыцыйны кніжны знак. Але, нягледзячы на гэта, у Беларусі засталіся мастакі і калекцыянеры, якія захоўваюць і памнажаюць высокую рэпутацыю нашага кніжнага знака.

Алена ДЗЕНІСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».