Вы тут

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца


У краіне на 11 % знізілася агульная колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прааналізаваўшы звароты за 2020 год.


pixabay.com

Усяго МАРГам і мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі (выканкамамі) разгледжана 9707 зваротаў грамадзян (у 2019 годзе — 10 908), звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. Нягледзячы на некаторае зніжэнне агульнай колькасці зваротаў, адзначаецца павелічэнне колькасці скаргаў, разгледжаных МАРГам і выканкамамі Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Найбольшая ж колькасць зваротаў разгледжана Мінскім гарвыканкамам і адміністрацыямі раёнаў г. Мінска (39 % ад агульнай колькасці разгледжаных), выканкамамі Брэсцкай вобласці — 17 %, Магілёўскай — 12 %, Мінскай — 11 %, МАРГ — 10 %, астатнімі — менш за 8 %.

Структура зваротаў у галіне абароны правоў спажыўцоў на працягу апошніх некалькіх гадоў не мяняецца: звароты па пытаннях парушэння правоў спажыўцоў у сферы рознічнага гандлю, у тым ліку праз інтэрнэт-крамы, складаюць 34 % ад агульнай колькасці, па паслугах — 64 %, па іншых пытаннях — 2 %.

Па выніках разгляду пісьмовых і электронных зваротаў у дасудовым парадку спажыўцам кампенсаваны матэрыяльны ўрон на суму 813,23 тыс. рублёў (рост на 12 % да 2019 года); па нявырашаных у дасудовым парадку пытаннях выканкамамі было пададзена 175 іскаў у суд аб ахове правоў спажыўцоў (у 2019 годзе — 214 такіх іскавых заяў).

У мэтах аховы правоў спажыўцоў складзена 460 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, вынесена 283 прадпісанні аб спыненні парушэнняў правоў спажыўцоў. Для іх папярэджання вытворцам, прадаўцам, выканаўцам паслуг накіроўваліся рэкамендацыі, праводзілася растлумачальная работа.

У 2020 годзе ў МАРГ і выканкамы грамадзяне найбольш часта звярталіся па пытаннях, звязаных з набыццём тавараў неналежнай якасці, даваннем недакладнай інфармацыі пра тавары (у тым ліку на сайтах інтэрнэт-крамаў), немагчымасцю вяртання тавараў, набытых падчас правядзення прэзентацый і рэкламных акцый, павышэннем інтэрнэт-крамамі цэн на тавар пасля пацвярджэння заказу на куплю або адмовай у дастаўцы заказанага тавару па заяўленай у інтэрнэт-краме цане (г. зн. пасля заключэння дагавора куплі-продажу), парушэннем прадаўцамі інтэрнэт-крамаў устаноўленых заканадаўствам тэрмінаў вяртання грашовых сродкаў за тавар належнай або неналежнай якасці, недаванне спажыўцам права выбару формы аплаты (наяўная, безнаяўная) за заказаныя ў інтэрнэт-краме тавары, навязваннем спажыўцам «пашыранай» гарантыі пры набыцці тэхнічна складаных тавараў бытавога прызначэння, парушэннем тэрмінаў і парадку вяртання грашовых сродкаў у сувязі з адмовай (адменай) турыстычных тураў, немагчымасцю вяртання грошай за ўваходныя білеты на адмененыя культурна-відовішчныя мерапрыемствы і іншае.

Актуальнымі застаюцца звароты спажыўцоў, звязаныя з набыццём тавараў у сацыяльных сетках і ў групах, якія ствараюцца ў папулярных месенджарах. Спажыўцам неабходна ведаць, што ў гэтых выпадках адпраўшчыкамі тавараў, як правіла, з'яўляюцца фізічныя асобы, і на набыццё ў іх тавараў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове правоў спажыўцоў не распаўсюджваецца. У такіх выпадках спрэчкі, якія ўзнікаюць, могуць вырашацца толькі ў судовым парадку.

Для павышэння прававой адукаванасці спажыўцоў праводзяцца кансультацыі па тэлефоне, падчас якіх спецыялісты аддзела па ахове правоў спажыўцоў тлумачаць грамадзянам іх правы, парадак дасудовага ўрэгулявання спрэчак з прадаўцамі (вытворцамі, выканаўцамі паслуг) і пытанні падачы іскавых заяў у суд. Часта такога кансультавання дастаткова для вырашэння спрэчнага пытання, якое ўзнікла паміж спажыўцом і прадаўцом, вытворцам ці выканаўцам паслугі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.