Вы тут

Як выбраць кватэру на другасным рынку


Па словах спецыялістаў, за апошнія некалькі месяцаў рынак другаснага жылля прыкметна ажывіўся. Колькасць прапаноў з розных крыніц можа заблытаць любога: які район выбраць, якую планіроўку, як набыць кватэру без праблем з папярэднімі гаспадарамі. Пра асноўныя фактары, на якія трэба звярнуць увагу пры выбары аб'екта на другасным рынку, распавяла дырэктар аднаго са сталічных агенцтваў нерухомасці Кацярына Філончык.


pixabay.com

Вызначце ваш бюджет. Устанавіце суму, якую вы гатовыя вылажыць за кватэру. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца жыллё без адстройвання. Такія кватэры звычайна называюць «каробка». Жыць там да поўнага рамонту нельга, затое кошт будзе меншы — і на першасным, і на другасным рынках. Гатоўнасць кватэры да жыцця для многіх можа быць як мінусам, так і плюсам. Не забывайцеся, што ўсё можна перарабіць «пад сябе». У інтэрнэце хапае прыкладаў, дзе на аснове бабуліных хрушчоўскіх пакояў стварылі ўльтрасучасную кватэру-студыю.

Падбярыце месцазнаходжанне. Кошт будзе залежаць і ад раёна горада. Цяпер актыўна будуюцца вялікія жылыя комплексы. Кватэры там карыстаюцца попытам, таму што разам з жылым кварталам ствараецца і неабходная інфраструктура: дзіцячыя ўстановы, магазіны, офісы, гандлёвыя цэнтры. Увогуле, з плюсоў новых дамоў можна вылучыць прасторныя і чыстыя пад'езды, ахову дома вартаўніком, відэаназіранне, закрытую тэрыторыю двара і паркоўкі. Прадаюць кватэры ў новых дамах пераважна забудоўшчыкі, аднак прапановы ад фізічных асоб таксама сустракаюцца.

Упэўніцеся, што не будзе праблем з дарогай дамоў. Зразумела, кватэры побач з метро могуць быць выстаўлены па больш высокай цане. У выпадку, калі ў вас ёсць аўтамабіль і фактар метро не будзе вырашальным, зону пошукаў можна пашырыць. Калі асабістага транспарту ўсё ж няма, правярайце даступнасць па напрамках, важных менавіта для вас. Напрыклад, ці зможаце вы хутка дабрацца да работы.

Звяртайце ўвагу на паверх. Кватэра на першым паверсе будзе больш танная. Прычыны зразумелыя — шум з вуліцы, дапытлівыя людзі, якія могуць зазіраць у вокны... Калі ўсё ж выбар выпадае на такі варыянт, даведайцеся пра стан падвала. Праблемы адтуль могуць «перайсці» і ў кватэру. Апартаменты на самых высокіх паверхах — таксама пытанне спрэчнае. Вялікае значэнне мае сам дом. Калі ён новы, асаблівых праблем звычайна не ўзнікае. Калі дах дома ўжо «знасіўся», разам з пакупкай вы можаце атрымаць падцёкі на столі падчас дажджу.

Паглядзіце сваімі вачыма. Адна з пераваг пакупкі на другасным рынку — магчымасць паглядзець жыллё. Купляючы «метры», дзе новы дом толькі будуецца, вы атрымліваеце схему-планіроўку. Калі кватэра гатовая, а тым больш калі знаходзіцца ў старым доме, не пазбягайце магчымасці паглядзець жыллё. Стан кватэры можа выклікаць пытанні, аднак калі гаспадару няма чаго ўтойваць, ён пагодзіцца на паказ. У самой кватэры абавязкова праверце стан сцен, падлогі і столяў. Памятайце, што свежае адстройванне ў кватэры, асабліва ў старым доме, можа быць спробай схаваць відавочныя дэфекты, у тым ліку сляды затаплення або пажару, што можа значна паўплываць на кошт пакупкі. Запытаць суседзяў наконт кватэры і яе гаспадара таксама будзе карысна. Пры належным падыходзе ад трэціх асоб можна даведацца самыя нечаканыя факты.

Падрыхтуйце дакументы. Прыналежнасць нерухомасці прадаўцу, а таксама наяўнасць у яе абмежаванняў або абцяжарванняў правяраецца натарыусам або рэгістратарам пры засведчанні дагавора куплі-продажу і пры яго дзяржаўнай рэгістрацыі. Для зделак выкарыстоўваюцца толькі арыгіналы дакументаў на аб'ект нерухомасці. Калі ў жылля некалькі ўласнікаў, спатрэбіцца згода на продаж ад кожнага з іх. У выпадках, калі кватэра або дом знаходзяцца ў сумеснай уласнасці мужа і жонкі, продаж адным з іх магчымы толькі са згоды іншага. Агенцтвы нерухомасці могуць запатрабаваць пашыраны пакет дакументаў ад прадаўца. Напрыклад, даведкі аб адсутнасці псіхалагічных захворванняў, якія могуць пацягнуць адсутнасць адказнасці за свае дзеянні, а таксама небяспечных інфекцыйных захворванняў ва ўласніка і членаў яго сям'і, што пражываюць у аб'екце нерухомасці. Пералік усіх афіцыйных дакументаў, якія неабходны рэгістратару для пацвярджэння здзелкі, змешчаны ва Указе Прэзідзента Рэспублікі Беларусь № 200 ад 26 красавіка 2010 года з апошнімі яго змяненнямі і дапаўненнямі. Дагавор куплі-продажу дапаўняецца двума актамі — актам перадачы аб'екта і актам аплаты. Пасля падпісання кожным з удзельнікаў здзелкі дагавор абавязкова рэгіструецца ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Уволгуле, для бяспечнага набыцця кватэры лепш за ўсё будзе звярнуцца да спецыялістаў па нерухомасці, якія правядуць пільны аналіз неабходных дакументаў, якасна аформяць дагавор куплі-продажу і абмяркуюць з удзелам двух бакоў усе важныя для вас моманты.

Марыя ТАРНАЛІЦКАЯ

Загаловак у газеце: Жыллё — у добрыя рукі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.