Вы тут

Як падарожнічаць, не выходзячы з дому?


Калі абставіны ўносяць карэктывы ў ваша жыццё і планы, то замест таго, каб засмучацца, лепш падумаць, як выкарыстаць сітуацыю на сваю карысць. Вось, напрыклад, вандроўкі — гэта для многіх з нас магчымасць здабываць новыя ўражанні, веды і паралельна адпачываць. Але, калі планы на будучы водпуск пакуль пад пытаннем, то можна падарожнічаць, не выходзячы з дому. І адна з такіх магчымасцяў — прагляд тэлевізійных праектаў, якія распавядаюць пра новыя мясціны, адкрываюць нязведанае і даюць падказкі для будучых маршрутаў. Распавядаем пра тры праграмы, на якія варта звярнуць увагу аматарам падарожжаў.


На тэлеканале АНТ з'явіўся праект «Раніца за вечар мудрэйшая». Ён, як адзначаюць стваральнікі, будзе цікавы для многіх, асабліва для тых, хто шукае адказы на пытанні «як гэта працуе?» і «дзе гэта знаходзіцца?». У тэлеаўдыторыі цяпер ёсць магчымасць не толькі даведацца нешта, што іх даўно цікавіць, але і зрабіць гэта ў кампаніі вядучых праграмы — дзяўчынкі Міланы і яе дзядулі. Яны, дарэчы людзі многім вядомыя... Васьмігадовая Мілана Хатулёва з Віцебска была ўдзельніцай тэлепраекта «Талент краіны — 3» у 2018 годзе, дзе заявіла пра сябе ў арыгінальным жанры дэкламацыі і перамагла, а акцёр Уладзімір Варанкоў наогул у рэкамендацыі не мае патрэбы, але самыя маленькія могуць пазнаць яго па голасе мядзведзіка Топы з «Калыханкі». І вось цяпер гэты дуэт вядучых, узброіўшыся камерай і пісьмамі гледачоў, штосуботу накіроўваецца ў вандроўкі па краіне, шукае адказы на самыя неверагодныя пытанні. У выніку тэлеаўдыторыя адкрывае для сябе шмат цікавых старонак з гісторыі і сучаснасці Беларусі, дзе чакае знаёмства з выдатнымі людзьмі, геніяльнымі вынаходніцтвамі, важнымі дасягненнямі, містычнымі гісторыямі і легендамі, сакрэтамі вытворчасці і многае іншае. Папярэднія выпускі, калі прапусцілі, можна знайсці ў сеціве, а новыя глядзіце па суботах у 10.25.

Не менш цікавая і пазнавальная турыстычная праграма «Маршрут пабудаваны» на тэлеканале «Беларусь 1». Яна дае магчымасць разам з вядучымі Марыяй Багатыр і Антонам Бяляўскім апынуцца ў самых цікавых кутках Беларусі і можа стаць сапраўдным «навігатарам» для прыхільнікаў падарожнічаць незалежна ад фінансавых магчымасцяў. Праект — гэта своеасаблівая тэлевізійная экскурсія, дзе гледачы разам са здымачнай групай адкрываюць неверагодныя мясціны нашай краіны. Ужо атрымалі сваю порцыю ўвагі Бабруйск, Заслаўль, Слуцк, Маладзечна і многія іншыя гарады. Але ж колькі яшчэ населеных пунктаў на карце! Таму наперадзе нас чакаюць новыя гісторыі і незвычайныя маршруты. Не прапусціце чарговы выпуск праграмы «Маршрут пабудаваны» ў пятніцу ў 17.30.

Калі ж вас больш цікавяць замежныя вандроўкі, то можна звярнуцца да варыянту, які ў многіх з нас на слыху. Так, я пра трэвэл-шоу «Арол і рэшка», якое трансліруюць у эфіры канала «Беларусь 2». У нядзелю 16 мая ў 20.10 тут распачнецца «Марскі сезон — 3», дзе тэлегледачоў чакаюць вандроўкі па самых прыгожых курортах. Вядучыя праекта Мікалай Сярга і Аліна Астроўская працягнуць знаёміць аўдыторыю не толькі з найлепшымі пляжнымі мясцінамі Зямлі, але і з малавядомымі куточкамі мацерыкоў, куды яшчэ не дабраліся бізнесмены і сеткавыя гатэлі. Разам са стваральнікамі праекта мы пазнаёмімся з дваццаццю прыгожымі пунктамі свету, дзе разліліся моры і акіяны. А вось тое, па якім сцэнарыі пройдзе адпачынак кожнага з вядучых — гэта традыцыйна вызначыць манетка. Адзін атрымае неабмежаваныя магчымасці з «залатой» карткай, а іншаму трэба будзе пражыць у незнаёмым месцы на бюджэт у сто долараў. Аднак пры любым раскладзе ўсе застануцца з багажом новых уражанняў і адкрыццяў.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.