Вы тут

Камедыя? Фарс? Хутчэй меладрама


П’есу «Філумена Мартурана» знакамітага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа, чыё імя трывала асацыіруецца з такой мастацкай з’явай, як неарэалізм, прапанавала тэатру заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна да свайго юбілею і, адпаведна, бенефісу. З прыцэлам, вядома, на цэнтральную ролю. Некалі, а дакладней, трыццаць шэсць гадоў таму, гэты твор ужо ўпрыгожваў афішу тэатра імя Якуба Коласа, прычым не толькі п’еса, але і незабыўны дуэт зорак беларускай сцэны — народных артыстаў Беларусі Галіны Маркінай (Філумена) і Уладзіміра Куляшова (Даменік). А ў ролі Дзіяны выступала на той час пачынаючая актрыса Галіна Букаціна. Той, колішні, спектакль ставіў выдатны беларускі і расійскі рэжысёр Барыс Эрын, новы — заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў, які ўжо многія гады супрацоўнічае з коласаўцамі. Спектакль называецца «Шлюб па-італьянску», гэтак жа, як і фільм Віторыё дэ Сіка — знакамітая экранізацыя п’есы з Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні ў галоўных ролях. Наўрад ці мае тут сэнс шукаць нейкія аналогіі.


Уласцівасць добрай літаратуры і асабліва драматургіі палягае ў тым, што час калі і ўздзейнічае на яе, то толькі ў лепшы бок. Як добрае віно, працяглая вытрымка толькі выклікае ўсё большую цікавасць да яе, як з боку тэатраў, так і з боку гледачоў. П’еса пра тое, як былая прастытутка забяспечвала сваіх незаконна народжаных дзяцей, а потым, ужо ў сталым узросце, вырашыла ўзаконіць свой шлюб з заможным сужыцелем, вельмі папулярная і цяпер, не менш чым у 40-я—50-я гады. Яна ідзе ў многіх расійскіх і беларускіх тэатрах, сярод самых вядомых пастановак — у Ленкаме з Інай Чурыкавай і Генадзем Хазанавым. Звяртае ўвагу і тое, што з цягам часу мяняецца жанравае прачытанне п’есы. Калі раней яна ставілася выключна як драма (так яе жанр вызначыў сам аўтар), то цяпер усё часцей мы высвятляем, што нам прапаноўваюць камедыю (відаць, вынікаючы са змененых патрэб публікі), акцэнтуючы ўвагу на фарсавых эпізодах і патрабуючы ад акцёраў адпаведнага спосабу існавання. Згодна з гэтым, кананічны тэкст п’есы перaпісваецца і дапісваецца. Коласаўская пастаноўка спалучае гэтыя супрацьлеглыя жанравыя плыні, рэжысёр імкнецца стварыць, так бы мовіць, мастацкі баланс. Жанр абазначаецца як драматычная камедыя. Камедыйную сітуацыю яшчэ да пачатку спектакля стварае сама гераіня, калі прыкідваецца смяротна хворай, дамагаючыся ад Даменіка Сарыяна (так завуць яе сужыцеля, у яго ролі выступіў заслужаны артыст Беларусі Георгій Лойка) шлюбу. І вось калі гэтая падзея адбываецца, можна скінуць маску, чым поўнасцю агаломшыць новаспечанага мужа. Філумена (так падае гэтую сцэну Галіна Букаціна) адчувае сябе поўнай гаспадыняй становішча, насміхаючыся з Даменіка ды іранізуючы з яго дарэмнай сумятні. Чым больш ён абураецца, тым больш яна стараецца быць спакойнай і непарушнай. Пэўна ж, не заб’е, хоць трымае ў руках сталёвую статуэтку і марна шукае пісталет. Яна ж ведае ўсе яго моцныя і слабыя месцы, і лаянка Даменіка не выводзіць яе з раўнавагі. Трэба яшчэ дадаць, што большую частку яго пачатковага раз’юшанага маналогу Філумена выслухоўвае, седзячы спінай да гледача, што падкрэслівaе яе вытрымку. Але яго выпад наконт подкупу ўрача ўсё ж такі выводзіць і яе з раўнавагі. (Ці не губляецца тут логіка сцэны?) Паступова падводзіць яго да галоўнай навіны, якую хавала чвэрць стагоддзя, да галоўнай прычыны яе махлярства. Гэта яе дзеці, яе сыны, якім яна мае намер даць яго прозвішча. Тут трэба заўважыць, што ўсе эпізоды, дзе Філумена пра іх згадвае ці тым больш кантактуе з імі непасрэдна, гучаць у спектаклі найбольш праўдзіва і шчымліва.

Выклікаюць пэўныя пярэчанні сцэна з Дзіянай (Вікторыя Шамардзіна), медсястрой і палюбоўніцай Сарыяна, з якой ён мае намер уступіць у законны шлюб, і крыху пазнейшы эпізод — з адвакатам Начэла (ролю якога бліскуча сыграў Яўген Бераснеў). Філумене (такой, якой яе падае выканаўца), відаць, нічога не каштуе сыграць яшчэ адно прадстаўленне, як яна ўжо гэта зрабіла да пачатку дзеі і потым, калі на папрок у адсутнасці пачуццяў раптам пачынае ўяўна рыдаць, а потым нечакана рагатаць (па-сапраўднаму яна дасць волю слязам толькі ў фінале спектакля). А тут ёй трэба напалохаць Дзіяну. Але сцэна з нажом праходзіць вельмі ўжо спакойна з абодвух бакоў. То тады чаму ж так нервуецца (і гэта яшчэ мякка сказана, хутчэй трасецца, як асінавы ліст) адвакат у наступным эпізодзе? Выканаўца вядзе амаль усю сцэну ў гратэскавай манеры, робіць гэта бліскуча, нават віртуозна, але тым самым выпадае з агульнай стылістыкі спектакля, зусім не фарсавай. Хоць у фінале сцэны герой спраўляецца з сабой і даволі спакойна ўваходзіць у сваю звыклую прафесійную каляіну.

Да апошняга Філумена не хоча паверыць, што закон можа аказацца такім негуманным, і ёй давядзецца саступіць, пайсці з гэтага дому ні з чым. Але яна сустракае добрыя, зычлівыя адносіны да сябе з боку дзяцей, і гэта дае ёй унутраную моц. Вельмі шчымліва і эмацыянальна прамаўляе актрыса свой знакаміты маналог-успамін пра Мадонну, якая «падказала» ёй адзінае правільнае рашэнне. «Дзеці ёсць дзеці», — неаднаразова паўтарае яна як заклінанне. Чалавек робіцца моцным, калі ён здольны, нягледзячы на ўсе перашкоды, рабіць праведныя ўчынкі, жыць сумленна, — быццам даводзіць выканаўца. А ўвогуле ў вобразе Філумены ў спектаклі коласаўцаў спалучаюцца і моц характару, і жаноцкасць, і абаяльнасць, і прыгажосць, найперш чалавечая. На мой погляд, вельмі цэльная работа актрысы. І калі ў вобразе Філумены нічога, па вялікім рахунку, не мяняецца, хоць актрыса добра апраўдвае і камедыйныя, і драматычныя калізіі, то ў вобразе яе візаві падзеі змяняюць яго светапогляд, адносіны да блізкіх людзей, уласную самаацэнку. Спачатку гэта шляхетны, заможны фат, ганарлівы эгаіст, састарэлы кавалер, лавелас з адпаведным досведам, які так і не змог набрацца жыццёвай мудрасці. Але ўсведамленне свайго бацькоўства і разрыў з Філуменай прымушаюць яго па-іншаму зірнуць на мінулае і прыслухацца больш уважліва да сябе. Адбываецца маральная пераацэнка героя. Такія змены не так проста паказаць. Акцёр ва ўсякім выпадку спрабуе гэта спасцігнуць, таму вобраз атрымліваецца, нягледзячы на ўсе камедыйныя і нават фарсавыя сітуацыі першай дзеі спектакля, даволі супярэчлівы, але хутчэй драматычны. Адчуваецца, што для яго не так проста зрабіць гэты крок — прызнаць усіх дзяцей Філумены сваімі. Штуршком для гэтага прызнання з’яўляецца момант, калі яны хорам абвяшчаюць яго татам.

Сярод вобразаў другога плана звяртаюць на сябе ўвагу выканаўцы роляў сыноў Філумены — Арцём Блахін (Мікеле), Цімур Жусупаў (Умберта) і Ула-
дзіслаў Жураўлёў (Рыкарда). Яны як бы ўзмацняюць гучанне галоўнай тэмы — перавагі сямейных, духоўных, агульначалавечых каштоўнасцей над усімі астатнімі.

Яны ўсе розныя, і кожны пазначае сваю адметнасць, асаблівасць характару. Калі Мікеле просты, шчыры і адкрыты, з вялікай душой, быццам расхінутай перад людзьмі, то Умберта — разумны, строгі да сябе і іншых, засяроджаны на сваім унутраным свеце, а Рыкарда лёгкі ў словах і ўчынках, лавелас і тым самым найбольш падобны да Сарыяна. У спектаклі іх спробу знайсці паміж сабой нейкую агульнасць увасабляе камедыйны эпізод, калі яны намагаюцца разам праспяваць адну вядомую неапалітанскую песню. Праўда, кожны пяе на свой лад. Атрымліваецца поўны раздрай. Зрэшты, у жыцці ўсё ж у іх атрымаецца знайсці паразуменне. І гэтым аб’яднальным пачаткам, вядома, з’яўляецца маці. Цікава назіраць, як кожны з іх успрымае неспадзяванае з’яўленне ў іх жыцці самага блізкага чалавека. Па-акцёрску гэта зроблена вельмі натуральна, і адсюль узнікае адчуванне шчымлівага болю.

Што ж датычыцца вобразаў іншых насельнікаў дома Сарыяна — прыслугі Разаліі Саламены (заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова), шафёра і садоўніка Альберта Амарозы (Юрась Цвірка) і пакаёўкі Лючыі, то яны атрымаліся хутчэй камедыйнымі. У старых слуг не хапае мудрасці альбо хітрасці, хоць па п’есе яны такія і ёсць. Калі яны будуць чыста камедыйнымі, фарсавымі персанажамі, то гэта значна спрашчае аўтарскую задуму. Найбольш цікавым атрымаўся вобраз Лючыі (дэбютная работа маладой актрысы Дар’і Французавай). Яна з таго разраду пранырлівых служанак, дасціпных, разумных, з пачуццём гумару і ўласнай годнасці, якіх мы добра ведаем з той жа італьянскай камедыі масак і твораў пазнейшых часоў. Нягледзячы на малы тэкст ролі, актрыса выдатна ўспрымае ўсё, што адбываецца вакол яе, і добра, раскавана пачувае сябе ў камедыйным жанры. Найлепшы эпізод у спектаклі.

Над сцэнаграфіяй спектакля працавала вядомая тэатральная мастачка Валянціна Праўдзіна. Гэта не першы яе вопыт супрацоўніцтва з коласаўцамі. Раней была «Вельмі простая гісторыя», за якую мастачка атрымала прэмію імя І. Ушакова. Тут звяртае на сябе ўвагу, што пляцоўка актыўна насычана рознымі дэталямі інтэр’ера (на жаль, не ўсе яны актыўна абыгрываюцца ходам спектакля, але, пэўна ж, маюць нейкае сэнсавае значэнне). Па-першае, гэта вялікі авальны стол, пакрыты зялёным сукном (магчыма, раней ён быў більярдным — сведчанне былых захапленняў яго гаспадара), вялікая шафа па левым баку сцэны, якая нагадвае хутчэй альтанку і, відаць, указвае на заможнасць гаспадара, драбіны (знак будучага рамонту?), напольны гадзіннік, вялікае рашэцістае акно. У спалучэнні з дажджавой вільгаццю драбіны і акно, відаць, указваюць на тое, што жыццё Сарыяна, як і дах, дало расколіну.

Спектакль «Шлюб па-італьянску» — недзе лёгкі, камедыйны, недзе шчымлівы, нават сентыментальны, недзе драматычны, выклікае роздум. Ён пра тое, што нам і сёння не хапае душэўнай цеплыні, мы гатовы хутчэй адштурхнуць чалавека, чым наблізіць, прытуліць да сябе. Варта цаніць тое, што маем.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.