Вы тут

Дом, які пабудаваў Васіль Быкаў


Зусім недалёка ад шумнай сталіцы, у межах аграгарадка Ждановічы, на зялёнай вуліцы 6-я Дачная з мая да верасня чакае гасцей утульны куточак, з любоўю пабудаваны рукамі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.


З Алесем Адамовічам.

Бярозы і ружы

Ён прыязджаў сюды з сям’ёй і сябрамі, слухаў, як шумяць высока над галавою стромкія бярозы — таемна перамаўляюцца з ветрам ды аблокамі, любаваўся на ружоўнік, клапатліва ўзгадаваны ім разам з жонкай Ірынай, падкормліваў навакольных чатырохногіх сяброў, якія плацілі свайму абаронцу адданасцю... Усё ў Музеі-дачы Васіля Быкава прасякнута мемарыялізмам: зроблена так, быццам гаспадар толькі што выйшаў і неўзабаве вернецца: пакінуты кубачак з-пад кавы, у куце — кіёчак, на стале працоўнага кабінета — гатовая да працы друкарка. Немалая заслуга ў тым аўтара навуковай канцэпцыі музея Вольгі Гулевай.

Раней мясцовыя дачы ўваходзілі ў склад садовага таварыства пісьменніцкай арганізацыі. Шмат у каго з творцаў і сёння там лецішчы. Васіль Быкаў будаваў сваё з 1983 да 1985 года. Пасля ўдава Ірына Міхайлаўна перадала дачу з надзелам дзяржаве — цяпер гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. Адмысловасць музея ў тым, што гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі музей-дача.

Садовае таварыства ўжо рэарганізавана, інфраструктура разрастаецца — магчыма, калісьці ў музеі будзе праведзена ацяпленне — тады ўстанова пачне працаваць круглы год, а пакуль узімку тут вельмі холадна. На адным з дачных здымкаў сям’я пісьменніка падчас святкавання Новага года: пакуль у печы разгараецца, усе сядзяць у шапках і футрах, ціснуцца бліжэй да агню…

Скрозь далікатныя кроны

Музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў у 2014 годзе, да 90-годдзя народнага пісьменніка. У экспазіцыі — рэчы, якімі сям’я карысталася падчас прыездаў сюды. Такім чынам, у музеі можна не толькі паглыбіць веды пра творцу, але і скласці ўяўленне, як адпачывала інтэлігенцыя напрыканцы мінулага стагоддзя.

У глыбіні ўчастка — невялікая ўтульная альтанка, дзе збіраліся гаспадар і яго госці, смажылі шашлык на мангале: гэта праілюстравана на фотаздымках, якія багата прадстаўлены ў экспазіцыі. Нягледзячы на тое, што з аднаго боку высяцца цагляныя сцены дома, з іншага — бярозы і кустоўе, промні сонца трапляюць паўсюль скрозь далікатныя кроны дрэў з разнымі лісточкамі — веерам разыходзяцца ў розныя бакі, дораць цеплыню і святло… Для гасцей зрабілі іншую альтанку — пасля экскурсіі тут абавязкова пачастуюць белым налівам і алычой.

Дызайнерская і мастацкая смеласць

З гледзішча дачнай архітэктуры, дом пабудаваны не так, як было прынята на той час: пасля ўвахода трапляеш не ў сенцы, дзе зазвычай гаспадары захоўваюць рознае начынне, а адразу ў гасцёўню з высокай — 5 метраў — столлю. Сюды ж зроблены ўваход і з гаража. Драўляная лесвіца вядзе на балюстраду, а там — сціплы кабінет пісьменніка і іншыя пакоі.

Працэс абжывання дачы пісьменнік замалёўваў. Так, калі ўпершыню распалілі комін, што праходзіць праз усе пакоі, на адпаведным малюнку рукой Васіля Быкава пазначана: «Ура! Ёсць цяга!»

Малюнкі, зробленыя пісьменнікам, паўсюль. Каб жонцы было весялей гатаваць на кухні ежу, сцены пакойчыка ён аздобіў фрэскамі — алеем намаляваў садавіну і гародніну: кавуны, грушы, яблыкі, цыбулю, вінаград. Ёсць на кухні і калекцыя сіфонаў з балончыкамі для прыгатавання напояў, што заўжды з вялікім здзіўленнем успрымаецца маладымі наведвальнікамі.

На сценах гасцёўні прадстаўлены падораныя работы мастакоў, у тым ліку краявіды Гродзеншчыны, якую пісьменнік вельмі любіў (хоць і казаў: «Праклятая і блаславёная»). Упрыгожвае гасцёўню гарнітур: ён вырабляўся па індывідуальнай замове — змайстраваў сябра і калега па пяры Ганад Чарказян, які зрабіў і мансарду над гаражом. Потым яе інакш, як «пакоем Ганада», і не называлі. Быкаву вельмі падабалася знаходзіцца там — пісьменнік хварэў на астму, а ў пакойчыку былі вялізныя вокны, за кошт чаго — шмат цеплыні, сонца і паветра.

Пакой, які Быкаў зрабіў для сябе, сведчыць аб яго сціпласці: уся мэбля тут — маленькая канапа і столік з друкаркай. Думаў, што будзе пісаць пад шум бяроз, якія высіліся над дахам… Дарэчы, менавіта з-за іх — стромкіх беластволых прыгажунь — пісьменнік і ўзяў гэты надзел. Аднойчы пры будаўніцтве была пашкоджана адна з бяроз, і Васіль Уладзіміравіч яе вылекаваў — дрэва загаілася і радуе вока й цяпер…

Але пісаў на дачы ён мала — увесь час нешта перашкаджала: то радыё з вуліцы, то суседзі, то дзеці. Удаваліся ў асноўным публіцыстычныя артыкулы, тэмай якіх была «перабудова», што тады праводзілася, і аварыя на ЧАЭС. Дый заўжды было трэба нешта рабіць па гаспадарцы, часу для творчасці заставалася вобмаль…

Аўтамабіліст

Для наведвальніка экскурсія пачынаецца з гаража. Быкаў быў заўзятым аўтамабілістам (пра што куратар філіяла «Музей-дача Васіля Быкава» Ірына Князева зняла відэаэкскурс «Справы аўтамабільныя»). Пісьменнік не давяраў станцыям тэхнічнага абслугоўвання, па кнігах вывучыў усе хітрасці рамонту. Як згадваў Віктар Казько, Васіль Быкаў быў адзіным у Саюзе пісьменнікаў чалавекам, які ведаў пра аўтамабіль нешта большае, чым тое, што ў яго рухаюцца колы. Шматлікая тэхнічная літаратура, што захавалася на палічках гаража, — кнігі, якія гарталі рукі пісьменніка. Сярод іх — шмат розных часопісаў па тэхніцы, у тым ліку «За рулём». Сцены памяшкання ўпрыгожваюць малюнкі, прысвечаныя падарожжам і рамонту аўтамабіляў. На адным — надпіс з тыповым быкаўскім гумарам: «Зарегулированный ручник или Уродующий тормоза»…

Музейныя прадметы, якія экспануюцца ў гаражы, сведчаць пра гаспадарча-практычныя прыхільнасці пісьменніка, нагадваюць, што любы пісьменнік — перш за ўсё чалавек. Тут няма нічога лішняга: ручны трымер, шэзлонгі і ўсялякае начынне для рамонту. З юнацтва пісьменнік умеў шмат чаго рабіць рукамі. Яго сястра згадвала, як ён у падлеткавым узросце зрабіў ёй з непатрэбных лапікаў ляльку. Цацка атрымалася настолькі ўдалай, што неўзабаве яе скралі.

Адзіны транспартны сродак, які застаўся ў гаражы, — трохколавы ровар. «Магчыма, ён зроблены пісьменнікам ці з яго ўдзелам — у гаражы ўсталяваны спецыяльны стол і прылады для падобных работ», — разважае падчас экскурсіі Ірына Князева. Быкаў, дарэчы, не лічыў сябе добрым кіроўцам. Быў перакананы, што акрамя навыкаў язды трэба мець яшчэ і «вераўнічыя», то-бок канатныя, нервы.

А вось па свеце паездзіў шмат, аб чым сведчыць прымацаваная на сцяне карта пад назвай «Дарогі Васіля Быкава». Тут пазначаны мясціны, якія наведваў пісьменнік, пачынаючы з вёскі Бычкі, дзе нарадзіўся. Пракладзены і дарогі вайны… Адзначаны Нью-Ёрк і Куба.

Падчас адпачынку.

Уверх па прыступках

На другім паверсе экспазіцыі шырока дэманструюцца выданні Васіля Быкава. Звесткі пра пісьменніка аформлены на трох тэматычных стэндах, якія прадстаўляюць яго як маладога творцу, сталага і позняга. Акрамя знакавых твораў, што характарызуюць кожны з перыядаў («Жураўліны крык», «Мёртвым не баліць» і «Знак бяды»), экспануюцца і аўтарскія замалёўкі.

Шырока прадстаўлены здымкі Васіля Быкава з сябрамі, жывапіс, так званыя маленькія аповесці (у вандроўках па ваколіцах пісьменнік заўжды меў з сабой нататнік для малюнкаў).

На адным са здымкаў гаспадар у акружэнні мноства сабак. Беспрытульныя, яны жылі ў дачных ваколіцах і былі частымі гасцямі на быкаўскім лецішчы, дзе іх падкормлівалі, лячылі. Калі нехта знікаў, сям’я вельмі хвалявалася, а калі чатырохногі сябар вяртаўся, пісьменнік радаваўся і занатоўваў у нататнік: «Рудзька прыйшоў!» ці «Усе ў зборы!»

На палічцы для кніг жончынага пакойчыка ў асноўным — выданні па ландшафтным дызайне і па здаровым ладзе жыцця: яна вельмі клапацілася, як і што трэба есці, дзе гуляць, каб добра пачувацца. Калі Быкаў сустракаўся з сябрамі і яны дазвалялі сабе застоллі, то заўжды асцерагаўся: жонцы гэта не спадабаецца. Але ад вясёлых пасядзелак не адмаўляўся, даваў грошы і казаў: «Купляйце ўсё, што трэба».

У «пакоі Ганада» экспануецца эцюднік, пэндзаль і фарбы, а таксама невялікая замалёўка — алейны жывапіс, дзве невялікія карціны з Вушаччыны, малюнкі сяброў.

Вельветавы піжонскі пінжачок французскай вытворчасці, пакінуты на спінцы крэсла, нагадвае пра тое, што апранацца Васіль Уладзіміравіч любіў з густам.

Лецішча чакае ў госці

Наведвальнікаў вабіць у музей магчымасць сямейнага інтэлектуальнага адпачынку. Прыязджаюць невялікімі групамі на роварах ці аўто, бяруць і дзяцей, у тым ліку немаўлят.

З 19 чэрвеня, дня нараджэння пісьменніка, да 22 чэрвеня, калі ён пайшоў у іншы свет, у музеі святкуюцца быкаўскія дні, ладзяцца пленэры, куды запрашаюць дзяцей. Арганізоўвае мерапрыемствы Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і куратар філіяла «Музей-дача Васіля Быкава» Ірына Князева, якая з’яўляецца і аўтарам двух праектаў.

Адзін з іх рэалізаваны на старонцы музея ў Facebook. Ён называецца «Я раскажу вам пра вайну». На інфармацыйным рэсурсе выкладзены спасылкі амаль на ўсе фільмы па творах Быкава, прыводзяцца і падрабязныя звесткі пра іх. 

Работа над праектам «Выявы Васіля Быкава ў творчасці мастакоў» яшчэ не завершана. Ірына Князева збірае звесткі пра карціны з выявамі пісьменніка, успаміны мастакоў, якія яго малявалі. Мастачка, яна з’яўляецца і аўтарам артыкулаў па тэматыцы праекта.

Да юбілею пісьменніка плануецца выстаўка, якая будзе экспанавацца ў музеі-дачы. Згода некаторых мастакоў даць карціны ўжо ёсць. Да адкрыцця часовай экспазіцыі плануецца зладзіць пленэр: натхнёныя краявідамі і творчасцю пісьменніка, дзеці будуць яго маляваць.

Летась на пленэры «Райскі сад» Ірына Князева таксама малявала партрэт пісьменніка. Яна прызналася, што на работу яе натхніў верш Рыгора Барадуліна «Вяслуй у век наступны, пан Васіль…». Цяпер яе работа вандруе па выстаўках.

Яна БУДОВІЧ

Фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыіі беларускай літаратуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?