Вы тут

Вятрак, які вышэй за піраміду Хеопса


Паблізу вёскі Капачы ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці з'явілася новая ветраэнергетычная ўстаноўка. Яна з'яўляецца самай высокай не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй прасторы СНД. Праект рэалізаваны дзякуючы партнёрству Белінвестбанка і ЗАТ «РЭАГ Магілёў». Днямі адбыўся запуск і ўвод у эксплуатацыю гэтай энергетычнай устаноўкі.


Фота: pixabay.com

Каб зразумець маштаб аб'екта, дастаткова ўявіць 70-павярховы дом. Вышыня ветраэнергетычнай устаноўкі складае 142 метры, а з улікам лопасцяў — каля 210 метраў. Нават усім вядомая піраміда Хеопса менш, бо яе вышыня ўсяго 138 метраў. Не саступае і дыяметр мачты ветрака — 5 метраў.

Крыху больш за паўгода спатрэбілася для рэалізацыі праекта. Будаўніцтву ветраэнергетычнай устаноўкі папярэднічала прыцягненне знешніх рэсурсаў банка з выкарыстаннем інструментаў гандлёвага фінансавання.

«Кампаніям мы даем магчымасць рэалізоўваць іх знешнеэканамічныя праекты, накіраваныя на ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій. Усё гэта спрыяе скарачэнню выкідаў вугляроду і аказвае добры ўплыў на змяненне клімату. Найбуйнейшая ветраэнергетычная ўстаноўка — гэта знакавы праект. Ён безумоўна ўнясе ўклад у захаванне прыроды, экалогіі і ўстойлівага развіцця», — адзначыў старшыня праўлення ААТ «Белінвестбанк» Андрэй Брышцялёў.

Месца будаўніцтва ветраэнергетычнай устаноўкі — Магілёўская вобласць — было абрана невыпадкова. У дадзеным раёне размешчана зона актыўнага руху паветраных мас. У выніку больш за палову ўсіх ветракоў краіны прыпадае менавіта на гэтую мясцовасць. Для ўзвядзення найбуйнейшай ветраэнергетычнай устаноўкі была абраная ўзгорыстая мясцовасць з мноствам натуральных узвышшаў, якая не перасякаецца са шляхамі міграцыі пералётных птушак.

«За альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі — наша будучыня, — лічыць Максім Харытон, дырэктар ЗАТ «РЭАГ Магілёў», даччынай структуры швейцарскай кампаніі Terravolt AG. — Так, у цеплавых электрастанцый ёсць перавага, якая заключаецца ў пастаяннай выпрацоўцы электраэнергіі. Аднак у выпадку сур'ёзнага збою альбо непаладак на такіх буйных аб'ектах паралізаванай можа аказацца ўся інфраструктура населенага пункта. „Зялёная“ энергетыка дазваляе пазбегнуць такога сцэнару і становіцца па-сапраўднаму незаменнай. Галоўная перавага ветрака — высокая стабільнасць і мінімальная залежнасць ад сезоннасці або часу сутак. Да таго ж, альтэрнатыўная крыніца энергіі скарачае шкодныя выкіды ў атмасферу планеты. У 2021 годзе мы плануем і далей развіваць падобныя праекты, выкарыстоўваючы зручныя інструменты, якія дае нам партнёр».

Магутнасць ветраэнергетычнай устаноўкі — 3,4 МВт·г. Ужо сёння выпрацаваная электраэнергія паступае ў аб'яднаную энергетычную сістэму. Яе галоўнымі спажыўцамі становяцца жылыя дамы і прадпрыемствы бліжэйшых гарадоў — Крычава, Клімавіч і Мсціслава. Энергіі, атрыманай за адну гадзіну працы ветраэнергетычнай устаноўкі, хапае для таго, каб цэлы месяц забяспечваць электраэнергіяй 10 жылых кватэр або на працягу 4 дзён увесь Мсціслаўскі раён.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».