Вы тут

Лічба як люстэрка культуры


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла ІX навукова-практычная канферэнцыя «Электронная культура». Тэма яе сёлета — «Рэальнасць і віртуальнасць ва ўмовах пандэміі».


Фота: pixabay.com

— За апошнія дзесяць гадоў канферэнцыя стала важнай пляцоўкай для абмену вопытам і пошуку новых напрамкаў развіцця лічбавых тэхналогій у сферы культуры. Лічбавае асяроддзе імкліва змяняецца, і мы павінны ўлічваць гэта ў сваёй рабоце, — адзначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. — Віртуальныя экскурсіі ў музеях, вэб-канферэнцыі ва ўстановах адукацыі, 3D-рэканструкцыі гістарычных помнікаў, электронныя калекцыі бібліятэк — усё гэта даўно ўжо стала нормай для сучаснай Беларусі. Таму сёння адной з задач з'яўляецца стварэнне ўмоў для адкрытага дыялогу прафесіяналаў.

Кожны з дакладчыкаў, а іх было больш за 20, падзяліўся сваім бачаннем праблем і рашэнняў у культурным асяродку лічбавай рэальнасці, што існуюць у іх сферах, і разам з тым распавёў пра свой вопыт рэалізацыі праектаў, выбудоўвання стасункаў з аўдыторыяй, у прыватнасці ў сацыяльных сетках, і г. д.

Шырокая палітра выступоўцаў і агучаных імі тэм дазваляе глядзець на культуру з новых ракурсаў. Напрыклад, разгледзелі рэсурсы, якія дазваляюць захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну і яе герояў, рэсурсы, якія захоўваюць і дэманструюць гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны. Так, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк распавёў пра новыя кірункі навуковага выкарыстання дакументаў перыяду ВАВ, прадэманстраваўшы гэта на прыкладзе інтэрнэт-партала «Партызаны Беларусі», дзе ствараюцца мультымедыйныя дакументальныя зборнікі і праводзяцца віртуальныя выставы. Трэба адзначыць, што важная роля ў захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны адводзіцца і дзяржаўным ініцыятывам, якія ўяўляюць сабой стварэнне рэестраў, буйных рэсурсаў, што маюць агульнарэспубліканскае значэнне. Намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Суша распавёў пра адзін з важных інфармацыйных рэсурсаў, які быў нядаўна прэзентаваны шырокай грамадскасці, — Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь. А вось дырэктар Гомельскай абласной бібліятэкі Марына Рафеева распавядала пра патэнцыял электроннага кантэнта бібліятэкі ў развіцці і мемарыялізацыі гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна. Загадчык Музея беларускага кнігадрукавання Славіна Гаўрылава з Полацка прадставіла вопыт іх установы — самапрэзентацыю ў фармаце відэаінтэрв'ю.

Таксама прадэманстравалі анлайн і віртуальныя праекты ад устаноў культуры, засяродзіўшы ўвагу на тым, як рэалізоўваць такія ідэі ва ўмовах пандэміі. У прыватнасці, рэгіянальны сацыяльны праект «Тата побач. Мама, давай паразмаўляем», які рэалізоўваецца Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай, дазваляе дзецям, чые бацькі знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, мець кантакт з імі ў фармаце відэасустрэч. А дарослым у сваю чаргу гэта дае магчымасць падтрымліваць грамадска карысныя сувязі, паляпшаецца іх сацыялізацыя і рэабілітацыя пасля вяртання дадому, і, самае галоўнае, такія сустрэчы і ёсць тая самая нітачка, дзякуючы якой удаецца зменшыць альбо пазбегнуць разрыву ў стасунках бацькоў і дзяцей. Асобным блокам прагучалі даклады, у якіх разглядалі самыя сучасныя тэхналагічныя і тэхнічныя рашэнні, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў дзейнасці ўстаноў культуры ці проста ў культурнай сферы. Абмеркавалі таксама пытанні, звязаныя з камунікацыяй і пазіцыянаваннем сябе ў сацыяльных сетках, разгледзеўшы гэта на вопыце музейшчыкаў, архівістаў і іншых прафесіяналаў. Адметна, што ў сёлетняй канферэнцыі, хоць мерапрыемства і мае рэспубліканскі фармат, узялі ўдзел таксама і прадстаўнікі Расіі і Узбекістана.

Як адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, развіццю і папулярызацыі айчыннай культуры зараз удзяляецца асаблівая ўвага, што знайшло адлюстраванне і ў Дзяржаўнай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў:

— Гэтая навукова-практычная канферэнцыя дае магчымасць аб'яднаць напрацоўкі ва ўсіх сферах дзейнасці ў галіне культуры, што датычацца развіцця электроннага асяроддзя. Віртуальныя экспазіцыі, алічбоўка не толькі дакументаў, але і розных твораў мастацтва, стварэнне лічбавых копій матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый, фота-, відэа-, кінаматэрыялаў — цяпер наша рэальнасць. Зараз на першы план выходзіць не столькі работа ў рамках асобнай установы культуры ці асобнай сферы, бо спецыфіка ў кожнага свая, колькі канвергенцыя створаных намі рэсурсаў, каб карыстальнік змог атрымаць доступ да патрэбнай яму інфармацыі, не пераймаючыся тым, ці патрэбна яму ісці ў бібліятэку, музей і г. д., а ў адным пункце доступу і з дапамогай адной пошукавай сістэмы. Гэта няпростая задача, якая прымушае нас усіх працаваць у адзіных фарматах, з адзінай методыкай. Разам з тым развіццё інфармацыйных тэхналогій стварае і пэўныя праблемы, дзе інфармацыйная бяспека створаных рэсурсаў, праблемы гарантый іх захоўвання і карэктнага выкарыстання (аўтарскае права, права інтэлектуальнай уласнасці) і многія іншыя, цяпер выходзяць на першы план і патрабуюць змены падыходаў у арганізацыі работы кожнай установы культуры.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.