Вы тут

Плашчаніца над Чарнобылем. Арт-блог Наталлі Шаранговіч


Трыццаць пяць гадоў прайшло пасля чарнобыльскай катастрофы. З тых мастакоў, што першымі паехалі ў 1987 годзе ў забруджаную зону, стваралі дакументальныя, рэпартажныя работы, малявалі закінутыя вёскі, дзікоў на вуліцах, раскіданыя рэчы, амаль нікога сёння не засталося ў жывых. Выпадковасць? Не, Чарнобыльская зона паказала і тут, што яна, нібы вайна, забірае найлепшых.


 Віктар Барабанцаў. З цыкла «Зона», 2021 год.

А сярод іх — такія знакамітыя творцы, як Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. Віктар Шматаў, які ратаваў для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся, збіраў экспанаты для Музея старажытнабеларускай культуры. Гаўрыіл Вашчанка... Памятаю горкія кадры дакументальнага фільма, знятага яшчэ пры яго жыцці, з раскіданымі па траве радыяцыйнымі яблыкамі ў роднай, памерлай ужо вёсцы. Толькі Віктар Барабанцаў, адзіны з той кагорты, і сёння згадвае свае паездкі па забруджаных мясцінах у канцы 1980-х. І штораз звяртаецца ў новых работах да тэмы чарнобыльскай катастрофы. Бо ўсё яшчэ баліць...

Ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на да і пасля... Чарнобыльская катастрофа для многіх пакаленняў людзей з забруджаных тэрыторый парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала ідэю вяртання ў бацькоўскую хату, ідэал увасаблення малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека.

Кацярына Сумарава. «Чарнобыльская плашчаніца», 2021 год.

З гэтага пачаўся ў беларускім мастацтве пошук новай канцэпцыі чалавека. Мастацтва пасля Чарнобыля не столькі спавядае пра разбуранае выбухам рэактара жыццё людзей — яно прымушае да філасофскіх разваг: пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў, шчырасць, духоўнасць, пра малую радзіму і Бацькаўшчыну... Яно прымушае засяродзіцца на праблемах унутранага свету, і гэта стала своеасаблівай адзнакай апошніх трох дзесяцігоддзяў.

Сённяшняе мастацтва — гэта сапраўды мастацтва ў паслячарнобыльскую эпоху. Калі ты разумееш уласную безабароннасць. Калі надыходзіць разуменне таго, што Чарнобыль — гэта надоўга, хутчэй за ўсё, на некалькі будучых пакаленняў. І з такой думкай давядзецца жыць. А значыць, асэнсоўваць трагедыю штораз наноў. І ўсё гэта абвастрае выказванні творцаў і рэакцыю гледачоў.

Так, наша асаблівая беларуская ментальнасць не дапускае любавання паламанымі лёсамі і смакавання пакут. Гэта датычыцца дзвюх балючых для нацыі тэм — вайна і Чарнобыль. Да іх мы ставімся асабліва асцярожна. Але выказвацца, тым не менш, патрэба ёсць, і вельмі вялікая. Аднак сёння — ужо іншай моваю... Асабліва калі гэта датычыцца мастацтва маладзейшага пакалення.

Сяргей Белавокі. «Ёд-131/Чорны дождж», 2017 год.

На выставе ў Гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў чарнобыльская тэматыка загучала нечакана — праз асацыятыўную жывапісную «Чарнобыльскую плашчаніцу» Кацярыны Сумаравай і сюррэалістычны «Сон» Аляксандра Некрашэвіча. Не менш алегарычным выглядае лабірынт чорных квадратаў у мінімалістычнай графіцы Андрэя Басалыгі, супрэматычны чорна-чырвоны «Чацвёрты блок» Ірыны Кузняцовай або мутацыя жывых істот на фоне рэнтгенаўскіх здымкаў Васіля Зянько. А вось у работах Глеба Отчыка (на выставе ў Хойніцкім краязнаўчым музеі) плот, паляніца, дошчачкі, так клапатліва складзеныя ў прыгожы ўзор на фасадзе вясковай хаты, акно з драўлянай разьбяной ліштвою, вялікае кола ад воза — гэтыя сімвалы хатняй утульнасці і чалавечага дабрабыту становяцца адзнакамі скалечанай прыроды, зламанага жыцця, трагедыі, калі людзі ў мірны час пакінулі мясціны, дзе нарадзіліся.

А яшчэ згадаю інсталяцыю «Ёд-131/Чорны дождж» з сотні бутэлечак з-пад ёднага раствору з лямпачкамі ўнутры, за якую тры гады таму манументаліст Сяргей Белавокі атрымаў І Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва (дарэчы, у намінацыі «Актуальнае мастацтва»).

Аляксандр Сакалоў. «П'ета», 2021 год.

У Мемарыяльным музеі-майстэрні З. Азгура нядаўна адкрылася экспазіцыя адной работы, прысвечанай Чарнобылю. Малады скульптар Аляксандр Сакалоў прадставіў кампазіцыю «П'ета». Вытанчаная постаць жанчыны са сляпымі вачыма завострана выразная, трагічная, напружаная і пранікнёная. З сімваламі, якія трэба «прачытаць». З трапяткой лепкай. Ззяючая ў цемры, у пакоі з мінімалістычнай аксамітава-чорнай афарбоўкай сцен. Без пафаснасці і без дакументальнай дэталёвасці.

Магчыма, вось яна — новая канцэпцыя чалавека пасля Чарнобыля? Калі мастацтва спрабуе засяродзіцца на развагах біблейскага маштабу: хто мы, адкуль прыйшлі і куды маем права ісці далей. Ці маем права?

Наталля ШАРАНГОВІЧ, мастацтвазнаўца, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.