Вы тут

Кніжныя навінкі — «Пад сузор'ем веры і надзеі»


І хоць толькі дзве кнігі, якія знітаваны адной назвай, уяўляюць двухтомны Збор твораў аднаго аўтара і выдадзены невялікім накладам у выдавецтве «Кнігазбор», іх сустрэчу з беларускім чытачом можна смела лічыць знакавай.


Маладзечанскі краязнаўца, дасведчаны гісторык беларускай літаратуры, ініцыятар многіх асветніцкіх праектаў, чалавек, які актыўна спрыяў і спрыяе ўзнаўленню многіх старонак літаратурна-мастацкай спадчыны Беларусі, Міхась Казлоўскі сабраў разам найлепшае з напісанага за гады творчай працы.

У першую кнігу (першы том) увайшлі артыкулы, эсэ, літаратурныя партрэты, аб'яднаныя ў раздзеле «Забытае рэха вяртаю», а таксама раздзел ці фактычна асобная кніга «Нашчадак слаўных крывічоў: эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна». Другую кнігу склалі бібліяфільскія нататкі «Да кніжных скарбаў дакрануся...» і раздзел «Цяпло айчынных камянёў: старонкі мінулага». Завяршае том адмысловае «Замест пасляслоўя» «Дыхнула ветрам дзён», куды ўвайшлі вершы, прысвечаныя Міхасю Казлоўскаму. Іх аўтары — Ніл Гілевіч, Сяргей Панізнік, Васіль жуковіч, Віктар Шніп, Станіслаў Валодзька, Алесь Квяткоўскі, Мар'ян Дукса, Галіна Асіповіч, Лідзія Гардынец, Ала Клемянок. Ужо сам падбор паэтаў ёсць сведчанне надзвычайнай характарыстыкі асобы беларусазнаўца, чалавека, які рэальнымі справамі паказвае прыклад служэння Бацькаўшчыне.

І вось што, дарэчы, напісаў пра свайго сябра, таварыша па многіх супольных ініцыятывах вядомы беларускі паэт Віктар Шніп: «Адны гавораць, а другія робяць / Спакойна, не чакаючы, што іх / Пахваляць сёння і нашчадкі ўспомняць... / <...> І сыплецца пясок на нас штохвілі, / Самотных, ды яшчэ, як свет, жывых, / Каб мы свой край павек не разлюбілі, / Нібы дарогу да старой царквы...» (З кнігі «Балада камянёў», 2006).

Несумненным падаецца пасля знаёмства з двухтомнікам Міхася Казлоўскага і тое, што гэтае выданне павінны мець хоць б самыя галоўныя кніжніцы краіны: і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, і тыя, якія маюць дачыненне да выхавання, адукацыі гісторыкаў, філолагаў, нават філосафаў і сацыёлагаў. «Пад сузор'ем веры і надзеі» — гаваркія, шматзначныя старонкі пра Беларусь і беларускую культуру, гісторыю.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.